Эканамічныя уклады — факты і меркаванні

У навуцы даўно ўжываецца тэрмін "эканамічны ўклад". Звычайна пад ім разумеюць галіну гаспадаркі (эканомікі), уласцівай грамадству на пэўным этапе яго існавання. Эканамічны (гаспадарчы) уклад уяўляе сабой тып адносін паміж людзьмі, які мае ў сваёй аснове тую ці іншую форму ўласнасці [1]. Сукупнасць эканамічных укладаў і суадносіны паміж імі характарызуюць грамадскі лад і ступень яго развіцця [2].

У чыстым выглядзе немагчыма вылучыць рабаўладальніцкі, феадальны ці капіталістычны лад як сістэму грамадства, таму што эканоміка кожнага грамадства амаль заўсёды шматукладная. Аднак можна гаварыць пра пэўную форму грамадскіх адносін, якая з'яўляецца пераважаючай, асноўнай. Эканамічныя ўклады ўплываюць на ўстоі грамадскага ладу, у якім больш прагрэсіўны ўклад можа стаць пануючым і ў значнай ступені вызначыць сутнасць самога ладу.

Трансфармацыя родавай абшчыны ў суседскую.

Першабытнае грамадства прайшло некалькі працяглых перыядаў. Пры родавым ладзе прылады працы і зброя для палявання, розныя іншыя вырабы і прыручаная жывёла - усе багацці роду - знаходзіліся ў агульным карыстанні. Прадукты агульнай працы падзяляліся пароўну, а члены роду былі раўнапраўнымі людзьмі.

Надзвычай нізкі ўзровень вытворчых сіл абумовіў зусім простую пачатковую грамадскую арганізацыю - праабшчыну ці першабытны статак. Затым у познім палеаліце, мезаліце і неаліце існавала родавае грамадства. Роды аб'ядноўваліся ў плямёны. Асноўным вытворчым калектывам з'яўлялася ранняя родавая абшчына, якая складалася з некалькіх дзесяткаў чалавек. Людзі, якія ўваходзілі ў родавую абшчыну, былі звязаны сваёй роднасцю, сваяцтвам і з'яўляліся блізкімі родзічамі. У родавай абшчыне існавала пачуццё згуртаванасці і ўзаемнай дапамогі. Сумесная праца асноўвалася на агульнай уласнасці на большасць сродкаў вядзення гаспадаркі. Такі тып адносін паміж людзьмі з'яўляецца першабытнаабшчынным ці родаплемянным укладам. Ён быў пануючым у грамадстве на працягу многіх тысячагоддзяў.

З узнікненнем земляробства зямля вакол паселішча належала ўсяму роду і гаспадарка вялася сумесна ўсімі яго членамі. Рэгламентаваць форму ўласнасці на зямлю і ўгоддзі ў родаплемянной гаспадарцы не было неабходнасці. Усё вызначалася звычаем, агульнапрызнанымі пачаткамі. Дакладных меж племянных уладанняў не існавала. Род і племя ахоўвалі сваю тэрыторыю ад усялякага іншапляменніка.

У кожным племені карыстанне зямлёй вызначалася зробленай раней расчысткай, выкарыстаннем яе для палявання ці бортніцтва. На бортным дрэве патрабавалася зрабіць знак - прыкмету прыналежнасці яго каму-небудзь. Усе такія заімкі і знакі маглі падтрымлівацца толькі самімі супляменнікамі. Тэрыторыя паміж асобнымі родавымі паселішчамі складалася са свабоднай зямлі, якая з рознымі яе ўгоддзямі (лугі, выганы, вадаёмы) магла служыць для новых заімак - зямельных участкаў, што займаліся па праву першага валодання [3].

Важнай умовай фарміравання сельскай (суседскай) абшчыны было ўзнікненне гаспадаркі, якая вялася адной вялікай або малой сям'ёй, трансфармацыя родавай абшчыны ў новую сялянскую ячэйку і аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі. Разам з тым неабходнай перадумовай і прамым вынікам станаўлення сельскай абшчыны было з'яўленне і замацаванне ў звычаёвым праве паняцця прыватнай уласнасці на ўласную маёмасць, сельскагаспадарчы інвентар, жывёлу, прадукты земляробства. Асноўным напрамкам развіцця стаў пераход ад родавай уласнасці да ўласнасці больш дробных, магчыма, патранімічных калектываў, а потым прыватнасямейнай і індывідуальнай уласнасці.

Існуюць розныя меркаванні аб узроўні развіцця абшчыны ва ўсходніх славян. Адны даследчыкі гавораць аб наяўнасці ў другой палове 1-га тысячагоддзя н.э. суседскай (сялянскай) абшчыны, другія сцвярджаюць, што існавала родавая абшчына, трэція разглядаюць час VI-VIII стст. як пераходны ад родавай да суседскай абшчыны. 1-е тысячагоддзе н.э. было перыядам, калі ў славян у пераходных формах абшчыны перапляталіся розныя родавыя і суседскія сувязі. У працяглым і неадназначным працэсе важнае эканамічнае значэнне належала суседскай абшчыне і вялікай сям'і, у якіх на розных узроўнях ішло станаўленне прыватнаўласніцкіх пачаткаў пазнейшых класавых (саслоўных) грамадстваў [4].

У навуцы вядзецца пошук падыходаў, методык, крытэрыяў для вывучэння працэсаў пераходу славян ад родавай абшчыны да суседскай. Археолагі вылучылі тэзіс, што абшчына знайшла сваё адлюстраванне ў комплексе помнікаў - гняздзе паселішчаў. На аснове аналізу археалагічных даных вылучаюцца з пэўнай умоўнасцю тыпы ўсходнеславянскай абшчыны: вялікасямейная VI-VII стст., земляробчая (суседска-вялікасямейная) VIII-IX стст. і суседская X-XI стст. [5]

У вялікасямейнай абшчыне VI-VII стст., якая налічвала прыкладна 150-200 чалавек, спалучаліся калектыўная ўласнасць на зямлю і прыватная на жытло і гаспадарчыя пабудовы. Гэта пераходны тып ад родавай да суседскай абшчыны. Яна складалася з вялікіх патрыярхальных сем'яў, якія сумесна апрацоўвалі зямлю і збіралі ўраджай, а затым размяркоўвалі яго па сем'ях. Этнолагі прапаноўваюць называць такую абшчыну суседска-родавай. Кожная патрыярхальная сям'я мела сваю калектыўную сядзібу з агульным дваром. Структура ўсходнеславянскага грамадства была тады прыстасавана для вядзення ляднай сістэмы земляробства [6].

Уяўленне аб існаванні вялікасямейнай абшчыны ў VI-VII стст. пацвярджаюць даследаванні на тэрыторыі Беларусі. Паводле назіранняў А, Мітрафанава, знікненне патрыярхальных пасёлкаў з вялікімі абшчыннымі дамамі і хуткае распаўсюджанне паселішчаў з невялікімі жылымі збудаваннямі, якія былі разлічаны на малую індывідуальную сям'ю, - пераканаўчае таму сведчанне. Верагодна, кожная малая сям'я, якая мела асобнае жытло, уваходзіла ў вялікую сямейную абшчыну, што вяла на калектыўных пачатках сваю гаспадарку [7].

Гнёзды славянскіх паселішчаў VIII-IX стст. археолагі вызначаюць як тэрытарыяльныя (суседскія) абшчыны і адзначаюць больш складаную іх структуру ў параўнанні з вялікасямейнай абшчынай VI-VII стст. Асноўнай гаспадарчай адзінкай заставалася вялікая патрыярхальная сям'я, нягледзячы на тое што ў VIII-IX стст. пачаўся працэс вылучэння малых сем'яў. Доўгі час вялікія і малыя сем'і суіснавалі, што пацвярджаецца данымі археалагічных даследаванняў і этналогіі (этнаграфіі).

Селішчы патрыярхальных сем'яў знаходзіліся на зямлі абшчыны на значнай адлегласці адно ад другога. Гэта тлумачыцца тым, што патрыярхальныя сем'і пачалі карыстацца новаўзаранымі ўчасткамі. Праходзіў працэс фарміравання адасобленай уласнасці сем'яў. Такія сем'і мелі права спадчыннасці ўчасткаў зямлі, якія апрацоўваліся і з часам ператвараліся ў іх уласнасць. Са з'яўленнем адасобленай уласнасці сярод патрыярхальных сем'яў вылучаліся найбольш уплывовыя і багатыя.

Гісторыкі абгрунтавана лічаць, што асновай грамадства ў пераддзяржаўны час з'яўляўся не род, а вялікая сям'я, і ў абшчыне складваліся суседскія адносіны. Земляробчай (суседска-вялікасямейнай) абшчыне VIII-IX стст. адпавядае тэрмін "верв", які неаднаразова выкарыстоўваецца ў старажытных пісьмовых крыніцах. Першапачаткова гэта назва магла адносіцца да адасобленай патрыярхальнай сям'і, затым так пачалі называць сялянскую абшчыну. У тэндэнцыях развіцця земляробчай абшчыны апошняй чвэрці X ст. усё больш выяўляліся пачаткі фарміравання індывідуальных сялянскіх гаспадарак [8].

Устойлівы прыбавачны прадукт пры меншай колькасці вытворцаў дазваляў атрымліваць больш высокі ўзровень агракультуры. Такі працэс, якім адзначаецца пераход да ўласна суседскай абшчыны/ назіраўся ў канцы VIII - пачатку IX ст. "Верв", ці "мір",-гэта ўжо не патрыярхальная, а суседская абшчына, у якой паяўляюцца прыватная ўласнасць і індывідуальная гаспадарка. Такія абшчыны складаліся з асобных сем'яў - вялікіх і малых, генетычна звязаных паміж сабой, але стадыяльна розных, якія храналагічна зрэдку суіснавалі.

Эвалюцыя сельскай (суседскай) абшчыны ішла ў двух напрамках. Назіраўся працяглы працэс эканамічнай дыферэнцыяцыі абшчыннікаў, расла прыватная сялянская ўласнасць, а затым феадальная ўласнасць на зямлю, адбываліся захоп абшчыннай зямлі і падпарадкаванне свабодных абшчыннікаў дзяржаўнай уладзе. Гэтыя працэсы праходзілі адначасова і ўзаемна перапляталіся.

У X-XI стст. сяляне-земляробы, якія ўваходзілі ў склад абшчыны, вялі сваю індывідуальную гаспадарку і падпарадкоўваліся толькі дзяржаве пры выкананні павіннасцей. Ворыўная зямля абшчыны (верві) была ва ўладанні сялян і перадавалася па спадчыне. Абшчыне належала права карыстання ўгоддзямі (лясамі, вадаёмамі і інш.) і права агульнага ўласніка на ўсю зямлю. Верв, якая склалася на аснове земляробчай (суседска-вялікасямейнай) абшчыны, у многім паўтарала свой прататып, і ёй былі ўласцівыя таксама самакіраванне, кругавая парука, калектыўная адказнасць за злачынства на сваёй тэрыторыі і г.д.

Сем'і аб'ядноўваліся ў сельскія абшчыны, мелі сваёй сацыяльнай асновай калектыўную ўласнасць на зямлю. Апрацоўка зямлі праводзілася сіламі сям'і, якой належала атрыманая прадукцыя. Калектыўная ўласнасць ажыццяўлялася на раллю, поплавы, воды. Абшчына характарызавалася агульным уладаннем сродкамі вытворчасці.

Такім чынам, першым гаспадарчым укладам быў першабытнаабшчынны ці родаплемянны, заснаваны на агульнай (калектыўнай) уласнасці, які потым трансфармаваўся ў абшчынна-сялянскі ўклад.

  • [1] Краткий экономический словарь. М., 1958. С. 384.
  • [2] Беларускі тэрмін "лад" (рускі "строй") азначае сістэму грамадскага парадку, яго ўладкаванне.
  • [3] Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Мн„ 1997. Т. 1. С. 27-28.
  • [4] Бромлей Ю.В., Першиц А.И. Энгельс и проблемы первобытной истории // Проблемы эт¬нографии и антропологии в свете научного наследия Ф.Энгельса. М., 1972. С. 31.
  • [5] Тимощук Б А. Восточнославянская община VI-X вв. н.э. М., 1990. С. 141.
  • [6] Маретин Ю.В. Опыт стадиально-генетической типологии общины // Проблемы аграр¬ной истории. Мн„ 1978. Ч. 1. С. 113.
  • [7] Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII-VI вв. до н.э. - VIII в. н.э.). Мн„ 1978. С. 117.
  • [8] Тимощук Б.А. Восточнославянская община VI-X вв. н.э. С. 100,103.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.