Раздрабленне Полацкай зямлі

Утварэнне княстваў-удзелаў.

У сувязі з пераменамі ў палітычным жыцці Полацкай зямлі XII - пачатку XIII ст. адбываліся змены ў яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры. З канца XI ст. побач з валасцямі, што падпарадкоўваюцца непасрэдна Полацку, ужо існуюць воласці-ўдзелы, якімі кіруюць старэйшыя сыны полацкага князя. Відавочна, што гэта ўпраўленне ажыццяўлялася на родавым (звычаёвым) праве, таксама як у Кіеўскай дзяржаве. Пазней, у XII ст., ужо на феадальным праве вядомы ўдзелы-княствы ("отчины"). Яны могуць складвацца з некалькіх валасцей і амаль нічым не звязвацца са сваім былым цэнтрам - Полацкам. Нарэшце зноў утвараюцца "землі", якія аб'ядноўваюць па некалькі ўдзелаў-княстваў. Існаванне гэтых структур на тэрыторыі Полаччыны адносіцца ў асноўным да XIII - пачатку XVI ст.

Структурныя перамены ў тэрытарыяльна-адміністрацыйным развіцці Полацкай зямлі прасочваюцца па матэрыялах археалогіі, пісьмовых крыніцах, "памежных" тапонімах і інш.

Сярэднявечныя княствы на тэрыторыі Беларусі
Сярэднявечныя княствы на тэрыторыі Беларусі XI-XII стст.
1 - цэнтры зямель-княстваў да распада на ўдзелы;
2 - цэнтры ўдзельных княстваў у XII-XIII стст.;
3 - гарады, якія існавалі ў XI-XII стст.;
4 - тэрыторыя, якая ў XII ст. адышла да Смаленскай зямлі;
5 - межы зямель-княстваў;
6 - тэрыторыя, з XIV ст. вядомая пад назвай "Чорная Русь", і яе паўночная мяжа;
7 - граніцы Рэспублікі Беларусь

У гады княжання Усяслава Брачыславіча (1044-1101) быў заснаваны новы цэнтр Менскай воласці - Менск на р. Свіслачы [1]. Тое, што Менская воласць першапачаткова ўваходзіла ў сферу дзяржаўных інтарэсаў Кіева, мела выключнае значэнне для яе далейшага лёсу. Відавочна, полацкі князь Усяслаў разумеў, што, трапіўшы ў склад тэрыторыі Полацкай зямлі ў выніку пагаднення з Кіевам, Менская воласць можа пры неспрыяльных абставінах ад яе адысці. Магчыма, менавіта таму сын Усяслава Глеб быў прысватаны да дачкі Яраполка Ізяславіча - Анастасіі. Шлюб павінен быў замацаваць не толькі саюз паміж нашчадкамі Яраслава і полацкімі князямі, але і Менскую воласць за Полацкай зямлёй. У той жа час Усяслаў, як гэта рабілі звычайна, калі дзеці дасягалі сталага ўзросту ці ўступалі ў шлюб, выдзеліў Глебу Менскі ўдзел. Як мяркуюць даследчыкі, гэта адбылося да 1086 г., таму што ў 1086 г. цесць Глеба быў забіты [2].

Другім пасля Менскага ўдзела (альбо побач з ім) мог быць толькі Ізяслаўскі ўдзел [3]. З узнікненнем града-крэпасці на паўднёва-заходнім рубяжы Полацкай зямлі Ізяслаўская воласць стала вотчынай полацкай княжацкай сям'і. Пазней яе, магчыма, маглі аддаваць ва ўдзел таму з князёў, хто павінен быў прыйсці на змену правіцелю ў Полацку. У Кіеўскай дзяржаве таксама былі "стартавыя" ўдзелы, куды садзілі будучых вялікіх князёў.

Як паказалі археалагічныя даследаванні, на рубяжы XI-XII стст. на тэрыторыі Ізяслаўля (Заслаўя) быў пабудаваны новы ўмацаваны цэнтр-дзядзінец, а папярэдняя крэпасць-град прыходзіць ў заняпад [4]. Месцазнахо джанне новага цэнтра было больш зручным, калі ўлічваць развіццё пасадаў вакол яго. Па памерах гарадской тэрыторыі (12-13 га), узроўню эканамічнага развіцця Ізяслаўль у XI-XII стст. займаў трэцяе месца ў Полацкай зямлі, саступаючы Полацку і Менску. Час пабудовы дзядзінца, верагодна, супадае з вылучэннем Ізяслаўскай воласці ва ўдзел [5].

На працягу XII ст. прасочваецца барацьба за гэты ўдзел паміж нашчадкамі менскай і віцебскай галін дынастыі Усяславічаў. Відавочна, з распаўсюджваннем права бацькаўшчыны на тэрыторыі Полацкай зямлі валоданне тым ці іншым удзелам становіцца больш пастаянным. Права Брачыслава Васількавіча на Ізяслаўль як на бацькаўшчыну падтрымана ў 1158 г. (у летапісе - у 1159 г.) полацкім князем Рагвалодам Барысавічам. Сам жа ён вярнуў сабе Друцкую воласць, якая дасталася яму ў спадчыну ад бацькі - Барыса Усяславіча і была захоплена ў 1151 г. менскімі Глебавічамі [6].

На мяжы XI-XII стст. Менскі і Ізяслаўскі ўдзелы ўвасаблялі тэрыторыі Менскай і Ізяслаўскай валасцей у складзе Полацкай зямлі. Яны межавалі паміж сабой, а таксама з тэрыторыямі (валасцямі), якімі ўпраўляў Полацк праз іх цэнтры (Лагожск, Друцк і інш.). Усе гэтыя цэнтры лічыліся "прыгарадамі" Полацка, залежнымі ад яго [7]. Напрамак развіцця тэрыторыі Ізяслаўскага ўдзела (паўночны захад) вызначаецца памежным горадам Лошаскам (Лоск) у вярхоўях р. Бярэзіны Нёманскай. Не пазней пачатку XI ст. тут узнікла паселішча, што дало яму пачатак. На паўночным усходзе з Ізяслаўскім удзелам межавала Лагожская воласць. Як сведчаць пісьмовыя крыніцы, яна значна пазней, чым іншыя воласці Полацкай зямлі, стала ўдзелам. Падчас паходу паўднёварускіх князёў 1127 г. на полацкія ўладанні Лагожск быў памежнай крэпасцю. Толькі пад 1180 г. (фактычна 1181 г.) Іпацьеўскі летапіс упамінае князя Усяслава Мікуліча з Лагожска, які быў у саюзе з Полацкам. А ўжо пад 1186 г. у Лаўрэнцьеўскім летапісе названы іншы князь "из Ложьска Василко Воладаревич", які выступаў супраць Полацка разам са смалянамі. Паколькі Лагожская воласць толькі ў апошнія дзесяцігоддзі XII ст. вылучылася ва ўдзел, магчыма, яе памеры былі сціплымі і адпавядалі гістарычна складзенай да XI ст. тэрыторыі воласці вакол яе цэнтра, які ўпершыню пападае на старонкі "Павучання Уладзіміра Манамаха.

Цікавасць выклікае Барысаўская воласць, якая была размешчана паміж Лагожскай (на захадзе), Лукомльскай і Друцкай (на паўночным усходзе) валасцямі. На поўдзень ад яе знаходзіліся землі Менскай воласці-ўдзела, на поўнач - тэрыторыя Полацкай воласці. Без спасылкі на крыніцу В. Тацішчаў адзначаў: "В 1102 г. Борис Всеславич полоцкий ходил на ятвяг и, победя их, возвратясь, поставил град Борисов в свое имя и людьми населил". У беларуска-літоўскіх летапісах таксама гаворыцца аб тым, што г. Барысаў на р. Бярэзіне "вчинил" полацкі князь Барыс. Археалагічныя даследаванні пацвердзілі гэтыя паведамленні. Падчас раскопак у Старым Барысаве было ўстаноўлена, што гарадскі культурны пласт датуецца XII-XIII стст. Знойдзеныя тут рэчы ўказваюць на значнасць дадзенага паселішча. Важным з'яўляецца той факт, што г. Барысаў быў заснаваны князем, які знаходзіўся на полацкім пасадзе. У пачатку XII ст. Полацкая зямля трапляе на той шлях, якім пайшла Кіеўская дзяржава пасля з'езда ў Любечы (1097). Побач з заснаванымі на родавым праве Ізяслаўскім і Менскім удзеламі пачынаюць утварацца воласці на феадальным праве. Ініцыятыва ў стварэнні такіх валасцей ("отчин") належыць тым полацкім князям, якія займалі пасад у стольным горадзе. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча працэс феадалізацыі грамадства ў Полацкай зямлі паскорыўся. Гэтаму садзейнічалі развіццё вотчыннага землеўладання, а таксама палітычны раскол у асяроддзі нашчадкаў Усяслава, фарміраванне асобных галін княжацкай сям'і - спадкаемцаў вотчын.

Як адзначаюць даследчыкі, удзелы, выдзеленыя на родавым праве (раннія), пэўны час развіваліся побач з вотчыннымі ўладаннямі, створанымі на феадальным праве (познімі), паступова таксама набываючы значэнне пастаянных вотчын. У гэтым адлюстроўвалася сутнасць усталявання феадальнага ладу. Дадзены працэс быў характэрнай рысай Кіеўскай дзяржавы ў XII ст., калі сістэма феадальных вотчын складвалася ў некаторай ступені на аснове ўдзелаў Яраславічаў [8]. Тое ж самае адбывалася ў Полацкай зямлі. Таму ўтварэнне Барысаўскай воласці ў пачатку XII ст. з цэнтрам у Барысаве магчыма разглядаць як першы крок у напрамку разгалінавання Полацкай зямлі на асобныя ўладанні - вотчыны прадстаўнікоў княжацкай сям'і. Памеры гэтай воласці былі значна большымі, чым гістарычна складзенае наваколле яе цэнтра. Як паказалі раскопкі, на месцы Барысава існавала паселішча X - пачатку XI ст. К гэтаму ж часу адносяцца і пахаванні ў навакольных курганах [9], што сведчыць аб пэўным храналагічным разрыве паміж валасным цэнтрам і яго папярэднікам. Старажытны Барысаў быў закладзены на левым беразе р. Бярэзіны, а яго воласць раскінулася ўздоўж берагоў у верхнім цячэнні ракі.

Пячатка Ізяслава Ўладзіміравіча
Пячатка полацкага князя Ізяслава Ўладзіміравіча

Межы Барысаўскай воласці на паўночным захадзе і ўсходзе, верагодна, вызначаюць "Барысавы камяні" [10].

Магчыма, утварэнне новай абшырнай воласці - вотчыны полацкага князя - падштурхнула менскага князя Глеба Усяславіча да актыўных захадаў у пашырэнні тэрыторыі яго асабістага ўдзела. Па пісьмовых крыніцах вядома, што калі ў 1116 г. паўднёварускія князі зрабілі спусташальны паход на Менскі ўдзел, то яны ўзялі гарады Копысь, Оршу, Друцк. Гэта азначае, што ў першыя дзесяцігоддзі XII ст. адбылося пашырэнне тэрыторыі Менскага ўдзела на ўсход да р. Днепр. Да Менскай воласці былі далучаны Друцкая воласць, а таксама землі, дзе паяўляюцца новыя ўмацаваныя цэнтры: Орша і Копысь. У гэты час Менскі ўдзел выступае ў якасці феадальнай вотчыны, якая самастойна намагаецца бараніць свае набыткі ад захопнікаў. Варожыя адносіны брата Давида Усяславіча, які ў 1105 г. таксама хацеў атрымаць удзел у Полацкай зямлі, а цяпер займаў полацкі пасад, абыякавасць другога брата - Барыса, былога полацкага князя, спрыялі таму, што Глеб Менскі страціў воласці, далучаныя да асноўных яго ўладанняў. Калі ў 1119 г. Менскі ўдзел адыходзіць пад уладу Манамахавічаў, то ён уключае толькі тэрыторыю Менскай воласці, як гэта было пры яе ўтварэнні. Што ж датычыць Друцкай і Аршанскай валасцей, то яны сталі падуладнымі Полацку ў выніку пагаднення з Манамахам і яго сям'ёй аб смаленска-полацкім памежжы [11]. Копысь адышла да Смаленскага княства.

Падчас паходу паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю ў 1127 г. галоўны ўдар быў скіраваны супраць Ізяслаўля і Барысава - цэнтраў удзелаў прадстаўнікоў полацкай княжацкай сям'і. Лагожск і Друцк у той час былі цэнтрамі валасцей, падпарадкаваных непасрэдна Полацку.

Калі на полацкі пасад замест Давыда Усяславіча зноў сеў Барыс Усяславіч, перад ім адкрылася магчымасць яшчэ больш пашырыць і ўзмацніць свае асабістыя ўладанні. Паколькі летапісы звязваюць нашчадкаў Барыса Усяславіча з Друцкам і яго воласцю, то падаецца слушным, што Друцкая воласць была далучана да Барысаўскай і яны абедзве склалі ўдзел (вотчыну) князя Барыса. Аналіз папярэдніх падзей, а таксама археалагічных матэрыялаў, здабытых пры раскопках гарадзішча ў Друцку, пацвярджаюць такое меркаванне. У канцы 20-х гадоў XII ст. Друцк яшчэ не быў значным горадам [12].

Лагічным будзе меркаваць, што менавіта падчас свайго другога прыходу на полацкі пасад Барыс Усяславіч звярнуў увагу на Друцк і далучыў гэту воласць да асабістых уладанняў. Нельга пагадзіцца з высновамі Л. Аляксеева, зробленымі ім у апошняй публікацыі, што князь Барыс сядзеў у Друцку ўжо ў канцы ХІст., а потым у 1102 г. пабудаваў г. Барысаў, каб умацаваць свае рубяжы супраць брата Глеба [13]. Цэнтрам удзельнага княства Друцк становіцца пры сыне Барыса - Рагвалодзе (Васілю), які разам з іншымі полацкімі князямі быў сасланы ў Візантыю (1129) кіеўскім князем Мсціславам і вярнуўся дамоў пасля 1140 г. Знешні выгляд друцкага дзядзінца гэтага часу, як і асобныя знаходкі, сведчыць аб тым, што гэта быў княжацкі цэнтр. Каля паўднёвага вала шчыльна мясціліся сядзібы рамеснікаў, якія абслугоўвалі князя і дружыну. Цэнтр займала плошча, дзе збіралася веча. У заходняй частцы была размешчана княжацкая рэзідэнцыя. На знойдзеных падчас раскопак рэчах ёсць княжацкія знакі. Адно праслачка мае надпіс "КЬНЯЖИНЬ". ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Пасля кароткага праўлення ў Полацкай зямлі кіеўскіх намеснікаў (з 1129 па 1132 г.) на полацкім пасадзе зноў з'явіўся прадстаўнік дынастыі Рагвалодавічаў. Гэта быў сын высланага ў Візантыю Святаслава Усяславіча - Васілька Святаславіч. Верагодна, ён правіў Полацкай зямлёй да 1146 г. [14] Менавіта Васількавічаў увасабляе віцебская галіна полацкіх князёў, вядомая па крыніцах XII ст. Таму цалкам верагодным з'яўляецца тое, што з Васількі Святаславіча пачынаецца існаванне ўдзела з цэнтрам у Віцебску. Гэта знаходзіць пацвярджэнне ў археалагічных матэрыялах Віцебска, дзе ў 40-я гады XII ст. узводзяцца новыя абарончыя збудаванні [15]. Плошча, абнесеная абарончым валам, павялічылася з 0,7 да 4 га. Гэта сведчыць аб тым, што значэнне Віцебска як адміністрацыйна-тэрытарыяльнага цэнтра ўзрасло і ён выступае ў дзяржаўнай структуры ў новай якасці. Першапачаткова Віцебскі ўдзел мог складвацца з Віцебскай, Усвятскай валасцей і тых частак (былых пагостаў), што размяшчаліся на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна. Магчыма, гэтыя часткі ўвайшлі ў склад дадзеных валасцей на працягу XI - першай паловы XII ст.

Выказаныя некаторымі даследчыкамі меркаванні аб тым, што "віцебскі сталец перайшоў у спадчыну да самага малодшага з сыноў Усяслава, а менавіта да Святаслава" ў пачатку XII ст. [16], грунтуюцца на распаўсюджанай верай, што ў Полацкай зямлі было столькі ўдзелаў, колькі сыноў ва Усяслава Полацкага. На самай справе ні пісьмовыя крыніцы, ні археалагічныя матэрыялы не дазваляюць падтрымліваць гэту версію.

В. Ляўко

Крыніцы:

  • [1] Загорульский Э.М. Возникновение Минска. С. 148.
  • [2] Заяц Ю.Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4. С. 10.
  • [3] Тамжа. С. 11.
  • [4] Заяц Ю.Л. Заславль в эпоху феодализма. С. 110-111.
  • [5] Заяц Ю.Л. Основные итоги археологического изучения Заславля // Заслаўскія чытанні 1995 г. Заслаўе, 1997. С. 48-49.
  • [6] ПСРЛ. Т. 1. С. 403.
  • [7] Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли. С. 29.
  • [8] Назаренко А.В. Родовой сюзеренитет Рюриковичей над Русью (X-XI вв.) // Древнейшие государства на территории СССР. М., 1985. С. 150-155.
  • [9] Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX-XIII вв.). С. 100-102; Ляўданскі А.М. Раскопкі і археолёгічныя разведкі ў Барысаўскім павеце. Навуковы зборнік Інстытуту Беларускае культуры. Мн., 1925.
  • [10] Таранович В.П. К вопросу о древних лапидарных памятниках с историческими надписями на территории Белорусской ССР // СА. Вып. VII. 1946. С. 249-260.
  • [11] Ляўко В.М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах). С. 175.
  • [12] Алексеев Л.В. Полоцкая земля. С. 152.
  • [13] Алексеев Л.В. Минск и Друцк // Славяне и их соседи (археология, нумизматика, этнология). Мн., 1998. С. 12.
  • [14] Алексеев Л.В. Полоцкая земля. С. 267.
  • [15] Колединский Л.В. Древнерусский Витебск: развитие топоструктуры в XI-XIII вв. // Гомельщина. Археология, история, памятники, Гомель, 1991. С. 78-80.
  • [16] Калядзінскі Л.У. Пра абарончы вал дзядзінца летапіснага Віцебска // Заслаўскія чытанні 1995 г. Заслаўе, 1997. С. 57.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.