Генезіс феадальных адносін на беларускіх землях

Ва Усходняй Еўропе ў развіцці форм уласнасці на зямлю і фарміраванні розных катэгорый феадальна-залежнага насельніцтва вылучаюцца два этапы. Першы этап ахоплівае IX-XI стст. і характарызуецца пераважна дзяржаўнай формай маёмасці. Яна была вынікам абкладання свабодных абшчыннікаў суседніх зямель данінай, якая пазней ператваралася ў феадальную рэнту [1].

Першы этап генезісу феадальных адносін даследчыкі называюць "давотчынным" і на аснове шэрагу матэрыялаў падзяляюць дзяржаўнуіо зямельную ўласнасць на княжацка-дзяржаўную і дзяржаўна-карпаратыўную [2]. У першым выпадку распараджальнікам дзяржаўнага зямельнага фонду быў князь, у другім - яго саўдзельнікамі ў гэтай справе з'яўляліся баяры. Першапачатковая сістэма збору даніны праз "палюддзе" ў сярэдзіне X ст. была заменена "павозам", г.зн. даніна дастаўлялася ў асобныя цэнтры - пагосты. Збіралі яе з асобных сялянскіх гаспадарак ("двара", "дыма", "рала"). Княжацкі суд абкладваў смердаў і даннікаў сістэмай штрафаў ("прадаж") у казну. Абшчыннікі-сяляне страчвалі магчымасць свабоднага карыстання даходамі са сваіх зямель, якія сталі вярхоўнай уласнасцю дзяржавы. Гэтыя землі - разам з сялянамі маглі па загадзе князя перадавацца ў карыстанне прадстаўнікам вярхушкі грамадства.

Знаходкі княжацкіх віслых пячатак пры археалагічных раскопках, на думку даследчыкаў, указваюць на прыярытэт князя ў размеркаванні зямельнага фонду. Гэтыя пячаткі замацоўвалі пазямельныя дакументы. Пячатка Ізяслава Уладзіміравіча, князя полацкага, датаваная канцом X ст., сведчыць аб паўнамоцтвах полацкага князя ў сферы выканаўча-распарадчай дзейнасці з моманту аднаўлення ўлады дынастыі Рагвалодавічаў. Але адначасова з князем дзейнічаў дарадчы, відаць, у пэўнай ступені заканадаўчы орган - рада, якая складалася з "мужоў". Адказ полацкага князя Брачыслава скандынаўскім наёмнікам, што, перш чым вырашыць справу аб найме дружыны, ён павінен параіцца са сваімі мужамі, сведчыць аб наяўнасці такога дарадчага органа ў Полацкай дзяржаве. Менавіта мужы даюць князю грошы, а ён іх толькі траціць. Гэты факт пацвярджае, што ў Полацкай зямлі дзяржаўная ўласнасць мела форму дзяржаўна-карпаратыўнай. Пры такім становішчы ўсе даходы былі падкантрольнымі радзе, і дзяржаўны налог, даніна (рэнта) у значнай ступені з'яўляліся прадметам падзелу паміж членамі землеўласніцкай карпарацыі.

У X-XI стст. меў распаўсюджанне так званы "васалітэт без лёнаў", калі вышэйшая знаць магла надзяляцца князем правам збору на сваю карысць даніны з той ці іншай тэрыторыі. Прадстаўнікі служылай знаці не былі землеўладальнікамі. Зямля з'яўлялася дзяржаўнай маёмасцю. Слушнай з'яўляецца думка, што баярства, якое вядзе свой пачатак з племянной знаці, магло мець уласныя зямельныя надзелы раней, чым іх атрымалі князі, якія ўзначалілі дзяржаву [3]. Верагодна, менавіта баярства, якое выйшла з племянной знаці, запрасіла на княжацкі стол у Полацк намесніка кіеўскага князя Ізяслава і склала з ім "рад". Яно дало згоду і на выдзяленне зямель з абшчыннага фонду ў якасці асабістага ўладання полацкага княжацкага роду. Гэтыя землі разам з Ізяслаўлем, пабудаваным у Полацкай зямлі па загадзе Уладзіміра Святаславіча, сталі ядром будучага дамена полацкіх нашчадкаў Рагвалода. Такім чынам, можна лічыць, што ў Полацкай зямлі як дзяржаве ішло паралельнае развіццё княжацкага і баярскага землеўладання. Пачатак яму быў пакладзены з моманту аднаўлення дынастыі Рагвалодавічаў на полацкім прастоле. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

З даменіяльных уладанняў полацкіх князёў ішло выдзяленне зямельных надзелаў царкве. Пад будаўніцтва гарадскіх храмаў магла выдзяляцца і дзяржаўная зямля. Гарадскія храмы як цэнтры хрысціянізацыі насельніцтва знаходзіліся на ўтрыманні дзяржавы за кошт "дзесяціны" ад даніны, суда і гандлю. Яны не маглі быць значнымі землеўладальнікамі не толькі ў рангам сярэднявеччы, але існавалі за кошт "дзесяціны" і ў больш позні час. Дакументы 1516 г. сведчаць аб тым, што віцебскія саборы Успення і архангела Міхаіла, таксама як і іншыя пяць храмаў, знаходзіліся на харчовым і грашовым утрыманні "гаспадарскіх" валасцей [4]. Аб царкоўным землеўладанні ў і раннім сярэднявеччы магчыма гаварыць толькі з таго часу, калі побач з княжацкай "дзесяцінай" на ўтрыманне царкоўных устаноў (епіскапій) пачалі выдзяляцца зямельныя надзелы. Перш за ўсё гэта былі землі з асабістай маёмасці князёў. Так, жонка менскага князя Глеба Усяславіча ў 1158 г. падаравала Пячэрскаму манастыру пяць сёл з чэляддзю [5]. Першы зямельны надзел гэтаму манастыру непадалёк ад сяла Берастова ў 1061-1062 гг. падараваў дзед Анастасіі - князь Ізяслаў Яраславіч [6].

Крыніцы:

  • [1] История крестьянства в Европе. Эпоха феодализма. Т. I. Формирование феодально-зависимого крестьянства. М., 1985. С. 327.
  • [2] Янин В.Л. Новгородская феодальная вотчина. М., 1981. С. 273,279.
  • [3] Ловмяньский Г.О. Происхождении русского боярства // Восточная Европа в древности и средневековье. М., 1978. С. 95.
  • [4] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. СПб., 1863. Т. I. С. 65.
  • [5] ПСРЛ. Т. 2. С. 492, 493.
  • [6] ПВЛ. Ч. 1. С. 106.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.