Палітычная гісторыя Полацкай зямлі

Любецкі з'езд князёў і яго асноўны вынік.

У сярэднявеччы былі распаўсюджаны з'езды князёў. Ва ўсходніх славян з'езд абазначаўся словам "снем". Тэрмін гэты мае некалькі значэнняў. Звычайна так называлася ваенная сустрэча саюзных войскаў. Зрэдку слова "снем" азначала сустрэчу для размовы, Лёсавызначальнымі маглі стаць з'езды, калі сустракаліся князі для вырашэння карэнных пытанняў, якія адносіліся да грамадскай арганізацыі, дзяржаўнага ладу і знешняй палітыкі.

Пастановы знакамітага Любецкага з'езда вырашылі лёс Кіеўскай Русі на некалькі стагоддзяў. Шэсць найбольш уплывовых князёў Русі сабраліся разам каб спыніць міжусобіцы і ўмацаваць паміж сабой мір. "Навошта, - гаварылі яны, - нішчым мы Рускую зямлю, самі задумваем адзін на аднаго крамолу (змову), а полаўцы раздзіраюць нашу зямлю і рады, што мы ваюем паміж сабою. З гэтага часу будзем усе аднадушнымі" [1].

На з'ездзе князям удалося дамовіцца аб сумесных дзеяннях па абароне Рускай зямлі ад полаўцаў. Усе князі цалавалі крыж і раз'ехаліся задаволеныя. І толькі пазней стала зразумела, што на Любецкім з'ездзе 1097 г. было юрыдычна замацавана раздрабленне старажытнарускай дзяржавы Рурыкавічаў. Любецкі з'езд стаў паваротным пунктам у гісторыі ўсходняга славянства. Ён адлюстроўваў пералом у размеркаванні зямельнай уласнасці і тым самым садзейнічаў усталяванню феадальных адносін.

У Кіеўскай Русі не было адзінай сістэмы наследавання княжацкага пасада (прастола). Крывавыя сутыкненні паміж князямі, якія адбываліся ў час княжацкіх міжусобіц, ускладняліся частымі набегамі стэпавых качэўнікаў - полаўцаў. Здаралася так, што князі самі бралі цюркскіх качэўнікаў у саюзнікі і прыводзілі іх на Русь [2].

На з'ездзе было вырашана, каб кожны з князёў "держал свою отчину", г. зн. атрыманую ад бацькі зямлю, і не прэтэндаваў на ўладанні іншых князёў. Удзельнікі з'езда дамовіліся аб тым, што калі хто-небудзь з князёў паднімаецца на другога, то яны павінны выступіць супраць пачынальніка міжусобіц. Такім чынам, на Любецкім з'ездзе быў санкцыяніраваны новы палітычны лад. З'ездам было прызнана: "кождо держить очъчину свою" (няхай кожны трымае зямлю свайго бацькі) [3].

Руская зямля з гэтага часу больш не лічылася адзіным уладаннем усяго княжацкага дому Рурыкавічаў, а была сукупнасцю асобных "отчин", спадчынных уладанняў розных галін княжацкага дому. Устанаўленне гэтага прынцыпу юрыдычна замацоўвала ўжо пачатае з 1054 г. (пасля смерці Яраслава Мудрага) раздзяленне Рускай зямлі на асобныя княствы-вотчыны і феадальную раздробленасць. Спыніць усобіцы на Русі не ўдалося. Хутка ваеннымі дзеяннямі была ахоплена ўся Руская зямля. Князі запрашалі на дапамогу іншаземнае войска: палякаў, полаўцаў, венграў.

У 1101 г. у Віцічаве на Дняпры быў скліканы другі з'езд князёў. Яшчэ адна спроба захаваць выгляд адзінства Кіеўскай Русі як дзяржавы была зроблена на з'ездзе ў 1103 г. на Далобскім возеры, дзе князі прынялі рашэнне аб сумесным паходзе супраць полаўцаў. На гэтых з'ездах-снемах не ўдалося захаваць адзінства краіны, хаця яны і адыгрывалі прыкметную ролю ў паспяховай барацьбе Русі з качэўнікамі.

Мячы Полацкай зямлі
Мячы Полацкай зямлі (X-XII стст.)

Полацкі князь Усяслаў не ўдзельнічаў у Любецкім з'ездзе. І гэта зусім зразумела: ён быў незалежным правіцелем свайго княства. Полацкія князі з'яўляліся сюзерэнамі тэрыторыі, дзе ажыццяўлялася іх улада, як гэта назіраецца ў іншых сярэднявечных дзяржавах. Фарміраванне меж уладанняў полацкага князя ў якасці сюзерэна краіны адбывалася ў X-XI стст.

Перыядычныя спробы паўднёварускіх князёў прымусіць Полацк і Менск падпарадкавацца ўладзе Кіева прыводзілі да ваенных сутычак. Так часта здаралася ў XI ст. У пачатку XII ст. Уладзімір Манамах і іншыя рускія князі мелі значныя поспехі ў барацьбе з качэўнікамі-полаўцамі. Заняўшы кіеўскі прастол, Уладзімір Манамах (1113-1125) імкнуўся ўмацаваць Старажытную Русь у шырокім сэнсе і прымусіць іншых князёў падпарадкавацца яму. Гэтыя спробы прывялі толькі да часовага поспеху. Уладзімір Манамах нярэдка жорстка душыў любое праяўленне мясцовай самастойнасці, парушаючы гэтым самым права кожнага асобнага княства на незалежнае развіццё і існаванне, што лагічна выцякала з дамоўленасцей 1097 г. у Любечы. Традыцыі жорсткай палітыкі свайго бацькі працягваў сын Манамаха вялікі князь кіеўскі Мсціслаў (1125-1132). Пасля смерці Мсціслава Уладзіміравіча Старажытная Русь раскалолася назаўсёды. Гэта значыць, што яна канчаткова распалася на асобныя часткі [4]. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Г. Штыхаў, В. Ляўко

Крыніцы:

  • [1] Літопис Руський. Киів, 1989. С. 146.
  • [2] Греков Б.Д. Киевская Русь. М., 1953. С. 348,470.
  • [3] ПСРЛ. Т. 2. С. 231.
  • [4] История СССР с древнейших времен до наших дней. М., 1966. Т. 1. С. 575-577; Субтельний О. Украіна, історія. Киів, 1993. С. 61.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.