Палітычная гісторыя Полацкай зямлі

Часовае ўзвышэнне Менска.

Усяслаў Брачыславіч быў найбольш магутным і апошнім князем, які валодаў усёй Полацкай зямлёй. Пасля яго смерці з Полацкай зямлі пачалі вылучацца ўдзелы-воласці, у якіх мелі права княжыць прадстаўнікі полацкай княжацкай дынастыі.

Пісьмовыя крыніцы называюць 7 імён сыноў Усяслава Полацкага: Давыд, Глеб, Рагвалод, Барыс, Раман, Расціслаў, Святаслаў. Трэба сказаць, што ў тыя часы людзі часта мелі два імені - адно язычніцкае ("хатняе", больш прывычнае) і хрысціянскае, якое давалі чалавеку пры хрышчэнні. Сын Усяслава Брачыславіча Святаслаў меў другое імя - Георгій, унук Усяслава Рагвалод атрымаў пры хрышчэнні імя Васіль. У летапісе ў адным выпадку князь мог быць названы свецкім прывычным імем, а ў другім - хрысціянскім. Таму ў пісьмовых крыніцах колькасць імён магла мець разыходжанні. Выказваюцца меркаванні, што Барыс меў другое імя - Рагвалод. Калі гэта адпавядае сапраўднасці, то ва Усяслава было 6 сыноў.

Заблытаным з'яўляецца пытанне аб іх старшынстве. Сярод даследчыкаў дагэтуль ідуць спрэчкі пра тое, хто сеў на полацкі пасад адразу пасля смерці Усяслава. Адны называюць Давыда, другія - Барыса [1]. Больш верагодна, што гэта быў Барыс [2].

Беларуска-літоўскія хронікі прыпісваюць менавіта Барысу шэраг знамянальных спраў - будаўніцтва г. Барысава на р. Бярэзіне, узвядзенне ў Полацку каменных цэркваў. В. Тацішчаў пацвярджае, што полацкі князь Барыс сапраўды пабудаваў Барысаў і ўдакладняе дату - 1102 г.

Відаць, менавіта князем Барысам быў здзейснены паход на старажытнае латышскае племя земгалаў, якое знаходзілася ў сярэдняй частцы тэрыторыі Латвіі ў басейне р. Ліелупе. У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1106 г. паведамляецца: "Победиша зимегола Всеславичь всю братью и дружины убища 9 тысящь". Вельмі магчыма, што земгалы раней былі пакораны Полацкам, але пасля смерці Усяслава перасталі плаціць даніну і выйшлі з падначалення полацкім князям. Князі Усяславічы дзейнічалі разам усёй "братью", але пацярпелі моцнае паражэнне.

Як будзе паказана ніжэй, у канцы XI - першай палове XII ст. узніклі Менскае, Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, пазней - Друцкае, Віцебскае, Лагойскае і інш. Прастол у Полацку лічыўся галоўным, і гэты горад працягваў заставацца самым буйным палітычным цэнтрам, старшым горадам Полацкай зямлі. Магчыма, што Усяслаў Полацкі пры жыцці накіроўваў у больш значныя гарады сваіх старэйшых сыноў у якасці пасаднікаў. Пасля смерці Усяслава яго сыны станавіліся самастойнымі валадарамі асобных удзельных княстваў. Паміж князямі адбывалася міжусобная барацьба.

Менскае княства атрымаў Глеб Усяславіч. У 1073 г. Глеб быў заручаны з нованароджанай дачкой Яраполка Ізяславіча, князя валынскага і вышгарадскага. Глеб, які стаў князем у Менску, накіроўваў усю энергію на ўмацаванне і пашырэнне Менскага княства.

У 1105 г. (у Іпацьеўскім летапісе - у 1104 г.) на Менск напала аб'яднанае войска паўднёварускіх князёў. Кіеўскі князь Святаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімір Манамах - свайго сына Яраполка, чарнігаўска-северскі князь Алег Святаславіч хадзіў сам, "поемше" (узяўшы) з сабой Давыда Усяславіча. Паход на Менск не меў поспеху. Глеб Усяславіч здолеў адбіць напад.

Узнікае пытанне, чаму ў гэтым паходзе ўдзельнічаў Давыд Усяславіч, родны брат менскага князя Глеба. Верагодна, Давыд не меў удзельнага княства і разлічваў яго атрымаць з дапамогай паўднёварускіх князёў. Не выпадкова ў пераліку князёў, якія ўдзельнічалі ў паходзе на полаўцаў у 1103 г., у Лаўрэнцьеўскім летапісе Давыд названы сярод маладых князёў, большасць з якіх былі ізгоямі, пра што пісалі гісторыкі [3].

Глеб Усяславіч імкнуўся пашырыць свае ўладанні перш за ўсё ў напрамку да Дняпра, адкуль адкрываліся перспектывы шырокіх сувязяў са знешнім светам. Гэта ў сваю чаргу абяцала эканамічную моц, упэўненае палітычнае становішча ўсёй Полацкай зямлі. У Аршанскім Падняпроўі інтарэсы Глеба Усяславіча сутыкнуліся з асабістымі інтарэсамі Уладзіміра Манамаха, які ў 1097 г. зноў узяў Смаленскае княства ва ўдзел. Уладзімір Манамах і яго нашчадкі намагаліся пашырыць тэрыторыю Смаленскага княства ў першую чаргу за кошт заходніх зямель, што належалі Полацкай зямлі ці знаходзіліся ў сферы яе інтарэсаў.

Амаль адначасовае ўзвядзенне на левым беразе Дняпра на рубяжы XI-XII стст. крэпасці Копысь і будаўніцтва на правым беразе крэпасці Орша ў пачатку XII ст. сведчыць аб сутыкненні меж Полацкай зямлі і Смаленскага княства на Дняпры [4]. Як бачна з летапісных паведамленняў, пад уладай менскага князя Глеба неўзабаве апынуўся г. Копысь. У 1116 г. Глеб пашырае свае валоданні за кошт зямель дрыгавічоў (дзе таксама былі інтарэсы Манамахавічаў), спаліў г. Слуцк, захапіў у палон шмат людзей. Уладзімір Манамах, які быў на той час вялікім князем кіеўскім, накіраваў на менскія ўладанні Глеба Усяславіча шматлікае войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Манамаха, захапіў Оршу і Копысь. Другі яго сын Яраполк знішчыў Друцк, а яго жыхароў вывеў у палон у Пераяслаўскае княства. Сам Уладзімір Манамах накіраваўся на Менск і пачаў яго двухмесячную аблогу. Не дасягнуўшы поспеху, ён загадаў будаваць трывалае зімовае жыллё ў сваім стане. Толькі тады Глеб Усяславіч накіраваў паслоў да Манамаха, які згадзіўся на мірныя перагаворы. Глеб выйшаў з горада са сваімі дзецьмі і дружынаю і паабяцаў Манамаху ва ўсім яго слухацца. Пасля гэтага Уладзімір Манамах вярнуўся ў Кіеў. Сярод даследчыкаў існуе думка, што менавіта падчас аблогі Менска Манамах напісаў сваё "Павучанне", у якім паведамляў аб шматлікіх паходах, у тым ліку на Полацк і Менск

Пагром 1116 г., учынены кааліцыяй паўднёварускіх князёў, фактычна ліквідаваў ранейшыя дасягненні Глеба Менскага у Аршанскім Падняпроўі, якія былі карыснымі для ўсёй Полацкай зямлі. Зразумела, чаму ў 1119 г. Глеб Усяславіч разам з палачанамі "паки начал воевать области Владимировых детей, Новогородскую и Смоленскую" [5]. Гэта была кроўная справа ўсёй Полацкай зямлі. Тады Уладзімір Манамах наказаў свайму сыну Мсціславу асадзіць Менск і быць бязлітасным у дачыненні да Глеба. Паланенне Глеба Усяславіча, яго хуткая смерць у Кіеве, далучэнне Менска з воласцю да кіеўскіх уладанняў - такім быў вынік зацятай барацьбы. Гэтыя падзеі яшчэ больш пагоршылі адносіны паміж полацкімі і кіеўскімі князямі.

Г. Штыхаў, В. Ляўко

Крыніцы:

  • [1] Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Мн., 1990. С. 152,153.
  • [2] Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких Изяславичей. Мн., 1994. С. 6-9.
  • [3] Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896. С. 71.-72.
  • [4] Ляўко В.М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1997. № 12. С. 174-175.
  • [5] Татищев В.Н. История Российская. Т. 2. С. 133.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.