Дзяржаўны лад у землях-княствах

Дзяржаўны лад у Полацкім княстве.

Этнічная супольнасць крывічоў-палачан стварыла тэрытарыяльную аснову дзяржавы - Полацкай зямлі і вызначыла сабой яе характар. Гістарычна першае дзяржаўнае ўтварэнне крывічоў-палачан уяўляла племянное "княжанне", у якім насельніцтва было звязана ўжо не кроўнароднаснымі, а суседскімі тэрытарыяльнымі адносінамі, што склаліся ў час рассялення славян сярод балтаў. Змешванне балтаў і славян у межах полацкага княжання садзейнічала іх зліццю.

Дзяржаўнасць аказвала ўплыў на развіццё агульнасці (супольнасці) людзей. У перыяд ранняга сярэднявечча дзяржава аб'ядноўвала прымусовымі вузамі адасобленыя племянныя супольнасці і садзейнічала іх змешванню і асіміляцыі. У сярэднявеччы ў выніку асіміляцыі розных этнічных утварэнняў фарміраваліся народнасці.

Дзяржава - гэта разгалінаваная сістэма палітычнай улады, якая ажыццяўляецца ў краіне. Яна аб'ядноўвае ўсё насельніцтва ў адно тэрытарыяльнае цэлае. Але адносна адзіная ў XI ст. раннесярэднявечная дзяржава - Полацкае княства-зямля ў XII ст. распалася на асобныя княствы-воласці, якія аб'ядноўваліся ў межах Полацкай зямлі толькі слабым сюзерэнітэтам полацкага князя [1].

Полацк і яго воласць, названыя ў летапісе па Іпацьеўскім спісе пад 862 г., знаходзяцца каля вытокаў дзяржаўнасці на беларускіх землях. "Грады", сярод якіх названы Полацк у сувязі з падзеямі, што адбываліся ў IX ст., мелі не толькі ўмацаванні, за якімі хавалася насельніцтва ў час варожых нападаў, але былі цэнтрамі, дзе канцэнтравалася ўлада. У такіх пунктах ствараліся ўмовы для канцэнтрацыі таго прыбавачнага прадукту, барацьба за размеркаванне якога праходзіць праз усю гісторыю грамадства.

Напрадвесні сваёй гісторыі найбольш старажытныя гарады ўсходніх славян былі важнымі адміністрацыйна-фіскальнымі і ваеннымі цэнтрамі. Гарады і дзяржаўнасць ва ўсходніх славян узнікалі і развіваліся адначасова і ва ўзаемнай сувязі. Сведчаннем гэтаму з'яўляецца Полацк.

Менавіта ў такіх цэнтрах назапашваўся і затым пераразмяркоўваўся прыбавачны прадукт у выглядзе даніны, ваеннай здабычы, паступленняў ад суда, міжнароднага гандлю і інш.

Важная роля ў арганізацыі ўлады ў раннесярэднявечным горадзе і яго воласці належала князю. Князь у Полацкай зямлі быў неабходным прадстаўніком яе сацыяльна-палітычнай арганізацыі. Адсутнасць князя парушала нармальнае жыццё княства, рабіла яго небяспечным перад знешнім светам.

Першым гістарычна вядомым князем у Полацкай зямлі быў Рагвалод. Ён з'яўляўся зусім незалежным валадаром, што яскрава падкрэсліў летапісец. Праз працяглы час пасля забойства Рагвалода наўгародскім князем Уладзімірам Святаславічам у Полацку стаў княжыць унук Рагвалода Ізяслаў, бо ён як сын Рагнеды меў права на яе бацькаўшчыну, названую ў летапісе яе "отчиной" ("Воздвигни отчину ея, и дай ей с сыном своим"). У далейшым полацкія князі лічылі самі сябе Рагвалодавымі ўнукамі па жаночай лініі і бацькаўшчыну сваю вялі не ад падаравання Уладзіміра, тады ўжо кіеўскага князя, а па лініі спадчыны ад Рагвалода. Так была ўзноўлена мясцовая дынастыя полацкіх князёў Рагвалодавічаў. Полацкае княства існавала як самастойная дзяржава, у якой асноўным насельніцтвам была этнічная супольнасць крывічоў-палачан.

Знаходжанне Полацка ў складзе старажытнарускай дзяржавы было часовым, вельмі непрацяглым. Ды і сама Кіеўская Русь ніколі не была маналітнай дзяржавай. Шмат хто з гісторыкаў лічыць, што аб'яднанне асобных зямель у гэтай дзяржаве не мела пад сабой трывалых эканамічных падстаў і ўяўляла механічнае аб'яднанне тэрыторый пад уладай адной палітычнай сілы. Таму ў ёй акрэслілася тэндэнцыя да распаду ўжо ў другой палове XI ст. Вядома таксама слушнае параўнанне імперыі Рурыкавічаў з імперыяй Карла Вялікага, якая была кангламератам розных плямён і народаў, штучным і таму нетрывалым ваенна-адміністрацыйным аб'яднаннем, у якім адсутнічала агульная эканамічная база.

Пасля 1036 г., калі памёр чарнігаўскі і тмутараканскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч, уладу на землях усходніх славян захоўвалі толькі дзве княжацкія галіны: сын Уладзіміра - Яраслаў Мудры ў Кіеве і праўнук Рагвалода - Брачыслаў Ізяславіч у Полацку. У Ноўгарадзе сваёй княжацкай дынастыі не было ніколі. У той час, калі ўсе землі на тэрыторыі старажытнарускай дзяржавы пераходзілі да нашчадкаў Яраслава Мудрага, Полацк устойліва знаходзіўся ў руках прадстаўнікоў мясцовага княжацкагароду. У XI ст. Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці.

Княжацкі стол у Полацку, а значыць, дзяржаўная ўлада ў Полацкім княстве на працягу XI ст. пераходзілі да.старэйшых у родзе сыноў памёршага князя. Саперніцтва паміж імі не існавала, бо нашчадкі ў полацкіх князёў тады былі адзінкавыя. Пасля Ізяслава полацкі стол заняў яго старэйшы сын Усяслаў Ізяславіч. Паколькі апошні памёр у маладым узросце без дзяцей, дык яму наследаваў брат Брачыслаў Ізяславіч (1003-1044) [2]. Пасля Брачыслава доўгі час княжыў адзіны яго сын Усяслаў. Пасля смерці Усяслава Чарадзея (1101) наступіў перыяд феадальнай раздробленасці, У першай палове XII ст. на тэрыторыі Полацкай зямлі ўжо існавалі як самастойныя Менскае, Ізяслаўскае княствы. Працэс драблення працягваўся і ўзнікаюць Друцкае, Віцебскае, Лагойскае і іншыя княствы. Прынцып размеркавання ўладанняў паміж князямі павінен быў змяніцца. У полацкай дынастыі князёў з'явілася некалькі ўплывовых княжацкіх сем'яў. Старэйшы прадстаўнік кожнай сям'і звычайна займаў галоўны цэнтр сваёй вотчыны. Малодшыя яго браты і дарослыя сыны атрымлівалі часовыя ўдзелы. Той горад, у якім скончыў сваё жыццё князь, лічыўся вотчынай яго сыноў. Іх удзелы вылучаліся ўжо толькі з тых гарадоў і валасцей, што ўваходзілі ў апошні ўдзел іх бацькі [3]. Полацк працягваў лічыцца галоўным ("старшым") горадам сярод іншых гарадоў паўночнай часткі Беларусь Ён стаў аб'ектам жорсткай барацьбы паміж уладальнікамі трох удзелаў. Права на полацкі стол аспрэчвалі Рагвалод, князь друцкі, і Расціслаў, князь менскі, нарэшце ў Полацку замацаваўся сын князя віцебскага Васіля Усяслаў.

Што ж уяўляла сабой княжацкая ўлада, якія былі яе прэрагатывы ў Полацкай зямлі? Першым і важнейшым абавязкам князя былі арганізацыя войска і камандаванне ім. Гэты абавязак браў пачатак яшчэ з часоў ваеннай дэмакратыі. Князь павінен быў клапаціцца пра бяспеку і абарону Полацкай зямлі ад нападкаў знешняга ворага. Ён кіраваў знешняй палітыкай, зносінамі з іншымі князямі і дзяржавамі, мог аб'явіць вайну і заключыць мір. Другім абавязкам князя быў збор даніны і іншых пабораў з насельніцтва для ўтрымання ваеннай дружыннай арганізацыі і іншых дзяржаўных патрэб. Паводле паведамлення "Хронікі Лівоніі", лівы і латгалы плацілі даніну полацкаму князю і пастаўлялі дапаможнае войска [4].

Апорай княжацкай улады была дружына. Дружыннікі акружалі князёў, падзялялі ўсе іх інтарэсы. З імі князь раіўся па пытаннях арганізацыі паходаў, а таксама суда і адміністрацыйнага кіравання Полацкай дзяржавай. Дружына служыла князю і была яму асабіста адданая, знаходзілася пры князю на яго ўтрыманні. Калі князь пакідаў стол у адным горадзе і пераходзіў у іншы горад, дружына ішла ўслед за ім, што неаднаразова назіралася ў Полацкай зямлі. Дружыны князёў складваліся з груп узброеных людзей. На першым месцы была "старэйшая" дружына. Гэта - "баляры", "сільныя мужы", названыя нават у "Жыціі..." Ефрасінні Полацкай. Малодшая дружына - "дзецкія" - жыла пры двары князя. З яе выходзілі слугі князя, яго целаахоўнікі, малодшыя службовыя асобы. "Дзецкі" папярэдзіў полацкага князя ў 1158 г. аб падрыхтоўцы на яш замаху ("не езди княже вече ти") і параіў князю вярнуцца з паўдарогі ад Полацка назад у Бельчыцу, дзе размяшчаўся ўмацаваны княжацкі двор. Сярод дружыннікаў былі тыя, хто называўся "мужамі". Яны складалі асноўную колькасць княжацкіх дружыннікаў. Не выпадкова ў матэрыяльнай культуры Полацка і іншых гарадоў значнае месца займае зброя. Акрамя дружыны войска князя магло ўключаць наёмнікаў, якімі ў X-XI стст. былі атрады варагаў. Важнай часткай ваенных сіЛ горада было народнае апалчэнне, якое складалася з гараджан і называлася "полк". Полацкія князі ў XII - пачатку XIII ст. выкарыстоўвалі таксама дапаможныя атрады з неславянскага насельніцтва Усходняй Прыбалтыкі.

У распараджэнні князя знаходзілася ўпраўленне княствам. Ён назначаў цівуноў, мытнікаў, ключнікаў. З імем цівуноў звязаны паняцці аб судзе і няпраўдзе ("Тиунь неправду судит..."). Цівуны таксама выконвалі функцыі ў галіне фінансавай адміністрацыі, прызначаліся на волакі, дзе перавозіліся тавары з адной рэчкі на другую, што бачна з дагавору Смаленска, Полацка, Віцебска (1229) з Рыгай і Гоцкім берагам. У грамаце друцкага князя Васіля Міхайлавіча XIV ст. царкве Багародзіцы, пабудаванай у 1001 г., названы ключнік. Яму ішоў даход з мядовай даніны, якая затым была перададзена панамару [5]. Выконванне пэўных абавязкаў князь мог даручыць асобным прадстаўнікам сваёй дружыны. У крыніцы канца XIII ст. названы "дзецкі" ў Віцебску ў якасці адказнай асобы.

У Полацкай зямлі на працягу XII-XIII стст. дзейнічалі дзве галіны ўлады - улада князя і ўлада веча - сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў. У асобныя перыяды гісторыі Полацка ўлада веча была вельмі значнай. На вечы ажыццяўляўся вышэйшы суд, кантралявалася дзейнасць князя, вырашаліся пытанні вайны і міру. Ад імя полацкага веча заключаліся дагаворы з Рыгай і іншымі гарадамі. Калі веча не падтрымлівала князя, ён вымушаны быў пакінуць горад, таму што веча мела сваю ўзброеную сілу - апалчэнне гараджан. Групоўкі полацкага патрыцыяту, асабліва баярства, выкарыстоўваючы вечавыя сходы, мелі магчымасць выганяць непажаданых ім князёў. Веча істотна абмяжоўвала княжацкую ўладу. На месца выгнанага князя яно выбірала іншага прадстаўніка княжацкай дынастыі [6].

Выбранне князя патрабавала выканання пэўнай працэдуры (рытуала). Істотным яе элементам з'яўляўся дагавор, які змацоўваўся прысягай з двух бакоў - крыжацалаваннем. Пра змест дагавораў можна толькі меркаваць. Так, у 1158 г. палачане гавораць Рагвалоду: "Калі ты забудзеш на ўсё тое, што мы табе зрабілі (дрэннага)... і крыж нам пацалуеш, то мы твае, а ты ёсць наш князь. Расціслава ж, схапіўшы, аддамо табе ў рукі, і што ты захочаш, тое і зробіш з ім. I Рагвалод прысягнуў (палачанам) на крыжы". Як бачна, князь павінен прымаць умовы дагавору, які выпрацоўваўся палачанамі. Выключнай асаблівасцю ажыццяўлення прынцыпу выбарнасці князя ў Полацку было тое, што гэты выбар быў абмежаваны вузкім колам прадстаўнікоў мясцовай полацкай княжацкай дынастыі - непасрэдных нашчадкаў Усяслава Брачыславіча. Чужародны князь не мог разлічваць на тое, каб утрымацца на полацкім стале, бо звычайна такі князь больш дбаў пра сваю дружыну, чым пра інтарэсы гараджан. На вечавых сходах адбывалася барацьба паміж групоўкамі, якія выступалі супраць князя ці, наадварот, падтрымлівалі яго. Гэта не паўстанні, а хваляванні, што былі выкліканы парушэннямі дагавору з боку князя, які ён заключаў з палачанамі. Веча магло прагнаць князя, які нечым правінаваціўся, напрыклад прыняў удзел у вайне, якую не здолеў выйграць, як гэта здарылася з полацкім князем Давыдам у 1127 г.

Полацкае веча вырашала пытанні вайны і міру і, здаралася, само практычна заключала яго. Паводле паведамлення Лаўрэнцьеўскага летапісу пад 1186 г., калі Давыд Расціславіч са Смаленска, а яго сын Мсціслаў з Ноўгарада ўварваліся з войскам у межы Полацкай зямлі, палачане абмеркавалі становішча на вечы. У выніку перагавораў, якія вялі прадстаўнікі веча "на сумежжы", пытанне было вырашана [7]. Веча кантралявала дзейнасць князя і здзяйсняла вышэйшы суд. Полацкі князь Рагвалод Барысавіч, пасля таго як пацярпеў паражэнне ў сутыкненні з войскам менскага князя Валадара Глебавіча ў 1161 г., не рызыкнуў вярнуцца ў Полацк, бо, верагодна, баяўся адказнасці перад вечам за гібель многіх палачан.

Полацк. Бельчыцкі манастыр
Полацк у XII ст. На пярэднім плане пабудовы Бельчыцкага манастыра

Істотныя змены ў становішчы княжацкай улады ў сувязі з актыўнай дзейнасцю веча мела вынікам змяненне месцазнаходжання князя. У сярэдзіне XII ст. рэзідэнцыя полацкіх князёў знаходзілася не ў дзядзінцы на Верхнім замку, а ў Бельчыцы - за 2 км ад горада. Верхні замак знаходзіўся ў распараджэнні епіскапа.

Епіскап у Полацку займаў вельмі высокае грамадскае палажэнне. У перыяд раздробленасці ён быў адзіным старэйшым прадстаўніком усёй Полацкай зямлі, бо князёў было шмат па розных полацкіх удзелах. Да яго імя пісаліся дагаворы, якія заключаліся полацкім вечам, да іх прымацоўвалася яго пячатка. Прыкладам можа служыць грамата полацкага біскупа Якава ў Рыгу (каля 1300 г.) [8]. Словы гэтага дакумента "своими детми исправу дамь" пацвярджаюць важную ролю біскупа ў судзе. Полацкія біскупы адносіліся разам з князямі да вузкага кола асоб, нгго мелі віслыя пячаткі, якія прымацоўваліся да дакументаў.

У Полацку існавала купецкае аб'яднанне. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца паведамленне Іпацьеўскага летапісу пад 1159 г. аб "братчыне" ў Полацку. Братчына збіралася пры патранальнай старой Багародзіцкай царкве на Пятроў дзень - адно з буйных свят. На братчыне было частаванне, але гэта незвычайнае баляванне. На братчыне прысутнічалі ўплывовыя прадстаўнікі горада, з якімі князь мог весці перагаворы. Існаванне купецкіх аб'яднанняў сведчыць аб павелічэнні гарадскога гандлёва-рамесніцкага насельніцтва ў палітычным жыцці горада.

Наяўнасць у Полацку свабодных рамеснікаў у XII ст. пацвярджаюць даныя археалагічных раскопак, праведзеных на Вялікім пасадзе ў 1987-1988 гг. Незвычайная па памерах сядзіба XII - пачатку XIII ст. належала майстрам-ювелірам. На даследаванай вялікай сядзібе жылі і працавалі свабодныя гараджане, тыя, што называліся "вольныя мужы", якія прымалі актыўны ўдзел у вечавых сходах, дзе віравала жыццё буйнога сярэднявечнага горада [9].

На пасадзе ўсходнеславянскіх гарадоў існавала свая арганізацыя, якая нагадвала тэрытарыяльную абшчыну, але ў адрозненне ад сельскай гэта была гарадская абшчына, у якую ўваходзілі дзесятнікі, сотнікі, суд і іншыя элементы самакіравання. Магчыма, у гарадской абшчыне ў нейкай ступені рэгуляваліся пытанні рамеснай вытворчасці [10]. Пасады-абшчыны забудоўваліся галоўным чынам сядзібамі дробных вытворцаў. У выніку развіцця сацыяльнай дыферэнцыяцыі на пасадах з'явіліся сядзібы багатых людзей: прафесійных гандляроў, рамеснікаў, буйных землеўладальнікаў [11]. Такой сядзібай была вышэй названая сядзіба, раскапаная на Вялікім пасадзе ў Полацку.

З. Капыскі звярнуў увагу на асобныя месцы "Хронікі літоўскай і жамойцкай", створанай у XVI ст., і выявіў даныя аб грамадска-палітычным ладзе Полацка ў XII-XIII стст. У аповесці "Княжение Бориса в Полоцку, благочестивого князя" гаворыцца:"... полочагн... почали собь волно жити, а пана над собою не мьли". Асаблівую цікавасць выклікае аповесць "О Полоцкой свободности, або Венеции", урывак з якой прыводзіцца ў перакладзе на сучасную беларускую мову: "Потым таксама (Мікгайла - асоба міфічная) суседнічаў і межаваў з палачанамі, якія ў той час самі гаспадарылі і ніякай вышэйшай улады над сабой не мелі, толькі 30 мужоў (старцаў) з асяроддзя іх грамадства на бягучыя справы назначаліся суддзі і сенатары, а часцей па сігналу вялікага звону, які пасярод горада вісеў, дзе ўсе збіраліся, там і аб справах сваіх, і аб патрэбах рэспублікі, і аб падуладных сваіх гаварылі, бо трымалі ў той час зямлю Рускую мяшчане (гараджане) самі полацкія і на некалькі дзесяткаў міль упраўляліся. У такой жа на той час вольнасці жылі пскавяне і наўгародцы вялікія, якія атрымалі яе з-за непаладак і нязгод, унутраных войнаў, забойстваў рускіх княжат, калі адзін другога з княстваў выганялі і забівалі... Гарады багацейшыя рускія - Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Полацк - без княжат пачалі вольна самі жыць і занялі княствы сваіх князёў..."[12]

З. Капыскі прыйшоў да высновы, што веча ў Полацку выбірала выканаўчы орган з 30 мужоў, старцаў. Гэты орган павінен быў весці бягучыя справы і выконваць судзебныя функцыі. Выканаўчы орган улады кіраваў не толькі ўнутранымі, але і знешнімі справамі Полацка [13].

Полацкая зямля была суб'ектам міжнародных адносін, самастойна заключала дагаворы з замежнымі дзяржавамі [14]. Расійскі гісторык А. Рукавішнікаў на аснове разгледжаных матэрыялаў прыйшоў да высновы, што ў першай палове XIII ст. Полацк "з'яўляўся самакіруючай рэспублікай з яскрава выражанымі рысамі арыстакратычнага кіравання" [15].

Аднак да 1216 г. у Полацку княжыў Уладзімір, які ў "Хроніцы Лівоніі" Генрыха Латвійскага названы "каралём полацкім" і паказаны як сюзерэн краіны. Полацкія князі былі не толькі дэ-факта даўнімі валадарамі ліваў у Прыбалтыцы. Гэта юрыдычна прызнавалі нават праціўнікі і сапернікі палачан у тыя часы - тэўтоны. У 1239 г. полацкі князь Брачыслаў - прадстаўнік полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў - аддае сваю дачку замуж за князя наўгародскага Аляксандра Яраславіча (будучага Неўскага). У другой палове XIV ст. полацкім князем быў Андрэй, сын Альгерда і першай яго жонкі віцебскай князёўны Марыі. Гэта сведчыць аб тым, што княжацкая ўлада існавала ў Полацку доўгі час пасля XII ст. ©Матэрыял сайта "Жыве Беларусь"

Такім чынам, Полацкую зямлю ў XII-XIII стст. можна лічыць княствам з абмежаванай княжацкай уладай, якое было на шляху да ператварэння ў сярэднявечную рэспубліку, а потым карысталася значнай аўтаноміяй у складзе Вялікага княства Літоўскага [16].

Г. Штыхаў

Крыніцы:

  • [1] Штыхаў Г. Вытокі беларускай дзяржаўнасці // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 1. С. 25-33.
  • [2] Загорульский Э.М. Генеология полоцких князей Изяславичей. Мн., 1994. С. 5.
  • [3] Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў XII-XVIII стагоддзяў. Мн„ 1993. С. 6.
  • [4] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. С. 248-249.
  • [5] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі. Мн., 1998. С. 112.
  • [6] Штыхов Г.В. Древний Полоцк ІХ-ХІІІ вв. С. 17.
  • [7] ПСРЛ. Т. 1. С. 403.
  • [8] Полоцкие грамоты XIII - начала XVI в. Вып. I. М„ 1977. С. 37.
  • [9] Тарасаў С.В. Новае ў археалогіі Полацка // Полоцкий летописец. Историко-литератур¬ный журнал. 1992. № 1. С. 11.
  • [10] Штыхов Г.В. Киев и города Полоцкой земли // Киев и западные земли Руси в IX-XIII вв. -Мн., 1982. С 67.
  • [11] Тимощук Б.А. Восточные славяне: от общины к городам. М., 1995. С. 106, 110-116, 122.
  • [12] ПСРЛ. М., 1975. Т. 32. С. 20,22.
  • [13] Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 74,75.
  • [14] Полоцкие грамоты XIII - начала XVI в. М„ 1977. С. 35-41.
  • [15] Рукавишников А.В. Об организации власти в Полоцке в конце XII - середине XIII в. // Вопросы истории. 1999. № з. С. 119.
  • [16] Полоцк. Исторический очерк. Мн., 1987. С. 24-32.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.