Дзяржаўны лад у землях-княствах

Асаблівасці дзяржаўнасці Тураўскай зямлі.

У сярэднявеччы грамадства асэнсоўвала гісторыю і дзяржаўнасць генеалагічна, г. зн. як гісторыю княжацкага роду, што добра прасочваецца на прыкладзе Тураўскай зямлі. Тураўскае княства склалася на аснове "княжання" дрыгавічоў у паўднёвай частцы Беларусі як гаварылася вышэй. У летапісе пад 980 г. паведамляецца, што калі Рагвалод прыйшоў з-за мора (Скандынавіі) і быў у Полацку зусім незалежным правіцелем, у гэты час Тур княжыў у Тураве. На тэрыторыі Беларусі ў другой палове X ст. існавалі адначасова дзве незалежныя дзяржавы з цэнтрамі ў Полацку і Тураве. Тураўскае княства заставалася такім і пры Святаполку Акаяннаму 988-1015 гг. Святаполк абапіраўся на падтрымку свайго цесця - польскага караля князя Баляслава і вёў у Тураве незалежную палітыку.

Пазней, з сярэдзіны XI ст., Тураўскае княства таксама мела сваіх князёў. Двое з іх пераходзілі на кіеўскі трон. Затым Тураў трапіў у поўную залежнасць ад Кіева. Пры гэтым Тураўскае княства працягвала заставацца цэлай, непадзельнай тэрыторыяй [1].

У 1157 г. князь Юрый Яраславіч дамогся незалежнасці Турава і аднавіў на тураўскім троне мясцовую дынастыю, прадстаўніком якой ён сам з'яўляўся. Тураў зноў стаў самастойным княствам, незалежным ад кіеўскіх князёў, што было істотнай з'явай у гісторыі Беларусі.

Па якім прынцыпе перадаваўся княжацкі стол у Тураве?

Нагадаем, як было ў Кіеве. Тут спачатку стол перадаваўся па старшынству ("па старэйшынству") у родзе і стол атрымлівалі не старэйшыя сыны, а старэйшыя ораты памёршага князя па формуле "во отца место". Пазней, калі князі ўжо ўмацаваліся кожны ў сваёй воласці, гэты прынцып старэйшынства пачаў замяняцца прынцыпам "вотчыны" і княжацкія сталы сталі пераходзіць да старэйшых сыноў князя. Аднак у XI-XII стст. адбывалася барацьба двух прынцыпаў і толькі ў XIII ст. вызначылася больш-менш канчатковая перамога прынцыпу "вотчыны".

Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў мелі права перайсці на велікакняжацкі трон у Кіеве, калі для гэтага надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. Адначасова Тураўскае княства працягвала падпарадкоўвацца "свайму" князю, які станавіўся вялікім князем кіеўскім. У Тураў назначаўся кіраваць княжацкі намеснік - "пасаднік".

Пасаднік працягваў дзейнічаць, калі князь зноў вяртаўся ў Тураў, як гэта было з князем Вячаславам і пасаднікам Жыраславам Іванкавічам. Знаходжанне ў горадзе адначасова князяі пасадніка - з'ява незвычайная для іншых гарадоў, акрамя Ноўгарада на Волхаве, які ў той час уяўляў сабой сярэднявечную рэспубліку.

Тэрмін "пасаднік" звязаны са словам "пасадзіць", што азначае: назначыць, выбраць, паставіць. У XI ст. з Кіева ў Ноўгарад вялікім князем назначаліся пасаднікі для кіравання горадам. Пазней у Ноўгарадзе фарміруецца пасадніцтва новага тыпу, калі пасаднікі здзяйснялі кіраванне органамі рэспубліканскай улады. Наўгародскі пасаднік стаў выбірацца на вечы з ліку баяр. Ен кантраляваў і накіроўваў дзейнасць князя, які быў побач у гэтым горадзе.

Пра выбарную пасаду пасадніка ў Тураве звестак няма. Магчыма, пасаднік тут знаходзіўся ў падпарадкаванні князя. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звесткі наогул адсутнічаюць.

У Тураве склалася свая сістэма кіравання горадам і воласцю. Тут дзейнічала веча. Паводле паведамлення "Жыція" Кірыла Тураўскага, ён стаў епіскапам па просьбе князя "и людий того горада (Турова)" [2]. З гэтага вынікае, што гараджане ў Тураве мелі права голасу нават тады, калі вырашалася пытанне пра назначэнне епіскапа. Факт цікавы тым, што ў Полацк і іншыя гарады епіскап назначаўся кіеўскім мітрапалітам. Выключэннем з гэтага правіла быў Ноўгарад, там епіскап выбіраўся вечам, а затым яго фармальна пасвячаў мітрапаліт у Кіеве.

У Тураве існавала пасада тысяцкага. Тысяцкі ўзначальваў гарадское апалчэнне. Сярод тураўскіх воінаў у крыніцах названы маладыя дружыннікі - "отракі". Тураўскі тысяцкі Іванка ўдзельнічаў у паходзе 1127 г. на Полацкую зямлю, які арганізаваў кіеўскі князь Мсціслаў.

Тураўскі князь часта са сваёй дружынай знаходзіўся ў Кіеве. У такім выпадку ў Тураве галоўнай ваеннай сілай з'яўлялася апалчэнне на чале з тысяцкім. Звычайна ў такім апалчэнні налічвалася не менш тысячы ўзброеных гараджан. ©Матэрыял сайта "Жыве Беларусь"

Такім чынам, грамадскі лад у Тураўскім княстве меў свае асаблівасці. Яны заключаліся ў наяўнасці пасадніка, ролі веча, падпарадкаванні гарадскога ваеннага апалчэння тысяцкаму.

Г. Штыхаў

Крыніцы:

  • [1] Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. Мн., 1974. С. 21-31; Лысенко П.Ф. Туровская земля ІХ-ХІІІ вв. Мн., 1999. С. 13-19.
  • [2] Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994. С. 62.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.