Землі Сярэдняга Пабужжа

Насельніцтва Сярэдняга Пабужжа.

Тэрыторыя Сярэдняга або Беларускага Пабужжа ўключае ў сябе землі, якія ляжаць у басейне сярэдняга цячэння Заходняга Буга і яго прытокаў (Мухавец, Лясная, Рыта). З далёкай старажытнасці Буг з'яўляўся асноўнай воднай магістраллю рэгіёна. Важную ролю адыгрывалі таксама прытокі Бута, асабліва Мухавец. Гэты гандлёвы шлях на працягу шэрагу стагоддзяў звязваў не толькі тэрыторыю Сярэдняга Пабужжа, але і землі Старажытнай Русі з Літвой, Польшчай, Германіяй, Чэхіяй. Наяўнасць гандлёвага шляху станоўча адбілася на развіцці эканамічных адносін і грамадскага ладу Сярэдняга Пабужжа. Аб гэтым сведчаць вынікі археалагічных даследаванняў, а таксама знаходкі грашова-рэчавых скарбаў X-XII стст. з манетамі розных краін: Англіі, Германіі, Даніі, Чэхіі, Польшчы.

У сувязі з адсутнасцю пісьмовых крыніц адзінымі гістарычнымі матэрыяламі з'яўляюцца археалагічныя даныя, якія сведчаць, што славянскія плямёны паявіліся ў Сярэднім Пабужжы ў VI-VII стст. Такі вывад можна зрабіць на падставе матэрыялаў, атрыманых у 1988 г. В. Вяргей пры раскопках паселішча каля в. Блювінічы Брэсцкага раёна, дзе знойдзена ляпная раннеславянская кераміка пражскай культуры VI-VII стст. [1]

Насельніцтва Сярэдняга Пабужжа працягвала жыць у IX-X стст. на адкрытых паселішчах плошчай 1-3 га па берагах рэк. Адно з іх каля в. Дружба (раней Скорбічы) Брэсцкага раёна ў 1966 г. вывучала I. Русанава. У выніку раскопак было здабыта шмат канкрэтных звестак пра культуру насельніцтва канца 1-га тысячагоддзя н.э. у басейне р. Лясная.

З самага пачатку прыходу на тэрыторыю Сярэдняга Пабужжа ў VI-VII стст. славяне жылі ў неўмацаваных паселішчах. 3 другой паловы X ст. побач з селішчамі яны вымушаны былі будаваць умацаваныя гарадзішчы, якія служылі сховішчамі ў выпадку варожай навалы.

Група ўсходнеславянскіх археалагічных помнікаў другой паловы X ст. вывучалася каля в. Франопаль. Устаноўлена, што спачатку людзі жылі на паселішчы, а ў другой палове X ст. было пабудавана гарадзішча [2]. Аналагічны помнік выяўлены каля в. Філіпавічы.

Насельніцтва тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа другой паловы 1-га тысячагоддзя н.э. мела звычай хаваць нябожчыкаў па абрадзе трупаспалення (крэмацыя) пад насыпам кургана або ў насыпе [3]. Нябожчыка спальвалі, потым рэшткі збіралі і хавалі ў іншым месцы ў круглай яме або на гарызонце ці ў насыпе кургана. Зрэдку памерлага спальвалі на месцы насыпання кургана.

Курганы з трупаспаленнем даследаваны каля в. Шэбрын Брэсцкага, хутара Гуркі, Струга Маларыцкага, Радасць, Войская, Кусцічы Камянецкага раёнаў. Каля вёсак Лісоўчыцы і Хацінава вывучаны курганы з частковым спаленнем. Яны адносяцца да пераходнага перыяду ад абраду крэмацыі да трупапалажэння. Вывучэнне ў рэгіёне больш за 260 курганоў дае магчымасць упэўніцца, што тут замена крэмацыі трупапалажэннем адбывалася паступова ў XI ст.

Важна адзначыць, што ва ўказаны час праходзіла змена пахавальнага абраду ў аднаго і таго ж у этнічных адносінах насельніцтва. Тут разам са звычайнымі курганамі ёсць насыпы, якія ў падножжы абкладзены камянямі-валунамі. Сустракаюцца выпадкі, калі апрача абкладкі пад дзірваном кургана зроблена выкладка з больш дробных валуноў. У курганах з каменнай абкладкай, так і без яе пахаваны прадстаўнікі ўсходнеславянскіх плямён, у асноўным дрыгавічоў, як лічаць некаторыя даследчыкі. У асобных выпадках сустракаюцца пахаванні ўсходнеславянскага племя валынян.

У сувязі з тым што выкарыстанне валуноў характэрна для заходнябалцкіх плямён і ў прыватнасці яцвягаў, іншыя даследчыкі мяркуюць, што курганы з прымяненнем валуноў пакінуты тут заходнябалцкім племем яцвягаў [4]. Таксама выказана думка, што гэта пахаванні славянізаваных нашчадкаў яцвягаў [5].

Рэчы з тэрыторыі Пабужжа
Рэчы з тэрыторыі Пабужжа
Драгічын Надбужны: 1-2 - свінцовыя пячаткі; 3-5 - крыжыкі; 6 - пломба князя Усевалада Яраславіча; 7-8 - матрыца і дно гаршка з выявай кляйма; 9 - касцяная ручка нажа з надпісам; 10 - арнаментаваная касцяная накладка; 11 - грэбень.
Франапаль: 12-14 - наканечнікі стрэл; 15 - наканечнік ножнаў мяча; 16 - перакрыжаванне мяча; 17 - навясны замок

Неабходна падкрэсліць, што ў пахаваннях знойдзены толькі ўсходнеславянскі пахавальны інвентар. Пры жаночых пахаваннях выяўлены этнавызначальныя жаночыя ўпрыгожанні, якімі з'яўляюцца ажурныя металічныя пацеркі, зробленыя на каркасе з меднага дроту і з напаянымі на яго срэбранымі шарыкамі, і скроневыя кольцы, якія ўключаюць па тры такія пацеркі. Гэтыя ўпрыгожанні каштавалі вельмі дорага. На тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа знойдзена значная колькасць такіх этнавызначальных рэчаў. Так, каля в. Свішчова ў двух курганах выяўлена пяць ажурных пацерак дрыгавіцкага тыпу.

Такія пацеркі знойдзены ў курганах каля вёсак Ратайчыцы, Войская Камянецкага раёна і в. Рогаўка (былы Бельскі павет). Гэты пералік можна прадоўжыць. Матэрыялы з шырокай тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа даюць падставу адносіць курганы, а значыць, і насельніцтва да дрыгавічоў.

Вялікую колькасць курганоў налічваў могільнік каля хутара Гуркі Брэсцкага раёна - 173 насыпы вышынёй 0,4- 1 м, дыяметрам 6-14 м. Гэта самы значны па колькасці курганоў могільнік у Брэсцкай вобласці, які датуецца XI-XIII стст.

На тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа сустракаюцца так званыя "каменныя курганы", у насыпах якіх прысутнічае шмат валуноў. У некаторых курганах

назіраецца шчыльная каменная вымастка. Пахавальны абрад - трупапалажэнне на гарызонце, у пад курганных ямах, у насыпах, галавой на захад, зрэдку на ўсход. Такія курганы даследаваны каля вёсак Войская, Свішчова,. Трасцяніца, Ратайчыцы ў Камянецкім раёне і ў іншых месцах [6].

Наяўнасць у курганах валуноў лічыцца заходнябалцкімі (яцвяжскімі) звычаямі.

Аднак, на думку аўтараў, наяўнасць валуноў у курганах не з'яўляецца этнавызначальнай рысай па той прычыне, што яны сустракаюцца не толькі ў заходніх балтаў, але і ва ўсходніх. Галоўнае, што такая дэталь прасочваецца таксама ва ўсходнеславянскіх плямён, а таксама плямён Пскоўшчыны і Наўгародчыны. Насельніцтва ўказанай тэрыторыі выкарыстоўвала валуны пры збудаванні кургана не толькі ў X-XIII стст., але і пазней. У курганах Наўгародскай зямлі валуны выкарыстоўвалі значна шырэй.

У яцвяжскіх курганах Сувалкіі (Польшча) валунамі выкладалі ўсю плошчу будучага кургана, а ў асобных выпадках і магільную яму. На тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа няма нічога падобнага.

З улікам усіх навуковых даных можна сцвярджаць, што курганы Сярэдняга Пабужжа вядуць сваё паходжанне не ад заходнябалцкіх, а ад больш ранніх усходнеславянскіх помнікаў з пахаваннямі па абрадзе трупаспалення. Пацвярджэннем гэтаму служаць раннія курганы з трупаспаленнем на могільніках тэрыторыі Пабужжа.

У кургане № 20 каля в. Ратайчыцы з трупаспаленнем зафіксавана абкладка з валуноў на падэшве. У ім выяўлены рэшткі жаночага пахавання, сярод якога былі шкляныя пацеркі, у тым ліку залачоныя і пасярэбраныя, а таксама, што надзвычай істотна, металічная ажурная пацерка дрыгавіцкага тыпу. Гэтыя і іншыя прыведзеныя вышэй прыклады - яскравае сведчанне таму, што як пахаванні па абрадзе трупаспалення, так і трупапалажэння належаць аднаму ў этнічных адносінах насельніцтву. Гэтым насельніцтвам было ўсходнеславянскае племя дрыгавічоў [7].

Курганныя пахаванні Сярэдняга Пабужжа параўнальна бедныя на знаходкі, тым не менш яны даволі разнастайныя. У мужчынскіх пахаваннях прысутнічаюць кавалкі ганчарных гаршкоў (зрэдку гаршкі цэлыя), нажы, паясныя спражкі, крэсівы і зрэдку пярсцёнкі. Жаночыя пахаванні значна багацейшыя. У іх змешчаны кавалкі керамікі і цэлыя гаршкі, скроневыя кольцы розных форм, пацеркі з каляровага шкла і металічныя ажурныя дрыгавіцкага тыпу, сланцавыя праслачкі, бронзавыя бразготкі, металічныя гузікі. Для параўнання можна прыгадаць рэчы, якія часта сустракаюцца ў ранніх курганах яцвягаў з абрадам трупаспалення на тэрыторыі Сувалкіі ў Польшчы. У іх часта знаходзяць зброю, прадметы рыштунку каня і конніка. На тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа ў курганах другой паловы 1-га тысячагоддзя н.э. звычайна фіксуюцца рэшткі вогнішча з перапаленымі касцямі і ляпная кераміка. Такое ж становішча і ў позніх курганах, толькі кераміка тут кругавая. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Такім чынам, курганы тэрыторыі Сярэдняга Пабужжа істотна адрозніваюцца па дэталях абраду і пахавальнаму інвентару ад курганоў Сувалкіі на тэрыторыі Польшчы. Аб гэтым пасля дэталёвага вывучэння адпаведных помнікаў можна сцвярджаць з упэўненасцю. Інвентар у каменных курганах Пабужжа пацвярджае, што насельніцтва, якое ў іх пахавана, у этнічных адносінах мае дачыненне да славян.

Т. Каробушкіна

Крыніцы:

  • [1] Вяргей В.С., Кудрашоў ВЯ. Раскопкі паселішча Блювінічы на р. Лясной // Весці АНБ. Сер. грамад. навук. 1994. № 4. С. 119,120.
  • [2] Іоў А. Этнічны склад насельніцтва Заходняга Палесся ў X-XIII стст. (па матэрыялах сельскіх паселішчаў) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992. С. 27-30.
  • [3] Коробушкина Т.Л. Курганы Белорусского Побужья X-XIII вв. Мн., 1993. С. 21.
  • [4] Квятпковская АЛ. Курганы ятвягов конца I - начала II тысячелетия н.э. (устройство и типология) // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1996. № 10. С. 58-61.
  • [5] Седов В.В. Восточные славяне в VI-XIII вв. С. 120.
  • [6] Археалогія і нумізматыка Беларусі. С. 301.
  • [7] Коробушкйна Т.Н. Курганы Белорусского Побужья. С. 109; Яна ж. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X-XIII стст. Мн., 1999. С. 56.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.