Землі Панямоння

Даследаванне старажытных гарадоў.

Узнікненне гарадоў у Панямонні, як гаварылася вышэй, звязана са з'яўленнем тут славян і эвалюцыяй усходнеславянскага грамадства. Можна вылучыць тры этапы ў станаўленні і развіцці гэтых гарадоў: канец X - першая палова XI ст., сярэдзіна XI - першая палова XII ст., другая палова XII-XIII ст. Панямонне было перыферыяй усходнеславянскай каланізацыі, тут няма гарадоў, якія развіваліся з племянных цэнтраў. Усе гарады ўзніклі ў асяроддзі сельскіх паселішчаў, у месцах, дзе былі найбольш спрыяльныя ўмовы для заняткаў земляробствам. У XI ст. на аснове паселішчаў, якія ўзніклі пры асваенні славянамі Верхняга Панямоння, пачынаюць фарміравацца раннегарадскія цэнтры ў Гародні, Наваградку, Ваўкавыску, Слоніме, крыху пазней-у Турыйску. Гарады першапачаткова выконвалі функцыі адначасова і памежных крэпасцей, і адміністрацыйных цэнтраў і княжацкіх сядзіб (замкаў). Гэта звязана з актыўнай палітычнай дзейнасцю кіеўскіх і полацкіх князёў, якія імкнуліся пашырыць свой уплыў. Гарады Панямоння належаць да ліку невялікіх з агульнай умацаванай плошчай ад 1,5 да 5 га [1].

У Гародні на тэрыторыі Старога замка або Замкавай гары ўжо ў XI ст. існавала славянскае паселішча, само размяшчэнне якога сведчыць аб яго ваенным прызначэнні. Гэта была крэпасць на славяна-літоўскім памежжы, у якой побач з воінамі-дружыннікамі жылі рамеснікі. У пачатку XII ст. крэпасць стала рэзідэнцыяй (замкам) князя, дзядзінцам горада. На паўднёвым краі пляцоўкі над Нёманам быў збудаваны двухпавярховы мураваны палац (церам) князя, у цэнтры ўзведзена вялікая багата ўпрыгожаная так званая Ніжняя царква.

На ўсход ад Старога замка, за ярам размешчаны Новы замак - вакольны горад старажытнага Гродна. Першае паселішча тут таксама ўзнікла ў XI ст. Умацаванні вакольнага горада не захаваліся. Аднак на старажытных планах добра бачны роў, які аддзяляў гэту частку старажытнага горада ад астатняй тэрыторыі. Старажытны горад меў некалькі пасадаў. Цэнтральны пасад размяшчаўся на тэрыторыі, абмежаванай ракой Гараднічанкай і правым берагам Нёмана. Частка гэтай тэрыторыі была заселена ў XI-XII стст., дзе пры раскопках выяўлены рэшткі Прачысценскай царквы.

Першае летапіснае ўпамінанне пра гарадзенскага князя Усеваладка адносіцца да 1116 г. У паходзе 1127 г. (па іншай крыніцы - 1128 г.), які арганізаваў супраць Полацка кіеўскі князь Мсціслаў, прымаў удзел "Усеваладка з Гародні". У 1132 г. гарадЗенскае войска ўдзельнічае ў паходзе Мсціслава на Літву. Гарадзенскія Усеваладкавічы неаднаразова ўдзельнічалі ў паходах, якія арганізоўвалі кіеўскія князі. Сыны Усеваладка Барыс і Глеб прымалі ўдзел у паходзе 1144 г. на Галіч. У 1168,1170 і 1184 гг. гарадзенскія князі ўдзельнічалі па закліку Кіева ў паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў [2].

Наваградак з'явіўся на старонках летапісу больш чым на стагоддзе пазней за Гародню (Гродна). Пад 1235 г. (фактычна 1238 г.) у Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца князь наўгародскі Ізяслаў саюзнік або васал Міндоўга. Першае летапіснае паведамленне аб горадзе адносіцца да 1252 г. і звязана з барацьбой галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў за валоданне панёманскім краем. Цікавасць уяўляе сведчанне Іпацьеўскага летапісу аб існаванні ў Наваградку ўмацаваных частак-дзядзінца і вакольнага горада ў 1274г. (фактычна- 1275г.) [3].

Гарадзішча старажытнага Наваградка складаецца з дзвюх пляцовак - Замкавай гары і Малога замка. Мяркуючы па даных археалагічных раскопах, паселішча на Малым замку ўзнікла ў канцы X ст., а на Замкавай гары - у пачатку XI ст. Першапачаткова паселішчы былі неўмацаванымі. Затым пляцоўка Замкавай гары была абнесена валам і ператварылася ў дзядзінец. У пачатку XII ст. валам быў умацаваны пасад на Малым замку і ён стаў вакольным горадам. На ўзгорку, размешчаным на паўднёвы захад ад вакольнага горада, быў збудаваны цагляны храм (папярэднік царквы Барыса і Глеба). У XII ст. побач са звычайнымі наземнымі зрубавымі дамамі з каменнымі або глінабітнымі печамі з'явіліся багатыя плошчай да 75 м2 дамы са шклянымі вокнамі і фрэскавым роспісам сцен. Культура і быт жыхароў багатых дамоў рэзка адрозніваюцца ад культуры і быту простых людзей [4].

Размяшчэнне Наваградка мае характэрную асаблівасць - горад быў акружаны ў раннім сярэднявеччы шчыльным кальцом сельскіх паселішчаў і курганоў (Брацянка, Гарадзілаўка і інш.).

Ваўкавыск, як і Наваградак, упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г. (фактычна - каля 1249 г.). Чатыры гады пазней летапіс называў імя ваўкавыскага князя Глеба, на дачцэ якога быў жанаты сын Данілы Раманавіча, князя галіцкага, Раман, князь наўгародскі. У паходзе зімой 1255-1256 гг., арганізаваным Данілам і Васількам Раманавічамі на яцвягаў, удзельнічалі і войскі Глеба, князя ваўкавыскага [5].

Гарадзішча старажытнага Ваўкавыска складаецца з дзвюх пляцовак - Шведскай гары і Замчышча. На аснове даных раскопак устаноўлена, што паселішча на Шведскай гары было заснавана ў сярэдзіне або другой палове X ст. Пачатак жыцця на Замчышчы адносіцца да рубяжа X-XI стст. Прыкладна ў гэты час было заселена гарадзішча Муравельнік, якое размешчана за 0,5 км на ўсход ад Шведскай гары.

Паселішча на Шведскай гары першапачаткова не было ўмацавана валам. Ён быў насыпаны ў канцы X ст. Шведская гара стала дзядзінцам. У пачатку XII ст. валам было ўмацавана Замчышча (гарадскі пасад) і яно ператварылася ў вакольны горад. На Замчышчы пачалося будаўніцтва цаглянага храма, якое па нейкіх прычынах было спынена на стадыі закладкі фундамента.

Умацаванае паселішча на Шведскай гары першапачаткова з'яўлялася крэпасцю, якой кіраваў пастаўлены князем пасаднік. Пазней крэпасць стала замкам, дзе жылі сам князь, знаць, дружына.

Да сярэдзіны XII ст. канчаткова склалася тапаграфія старажытнага Ваўкавыска. На захад ад дзядзінца знаходзіцца ўмацаваны вакольны горад, заселены ў асноўным рамеснікамі, а вакол абедзвюх пляцовак размяшчаюцца неўмацаваныя паселішчы чорнага люду - бяднейшых рамеснікаў і прышлых людзей. Што датычыць Муравельніка, то жыццё на гэтым гарадзішчы спынілася.

Слонім, як і Ваўкавыск, упершыню на старонках летапісу з'яўляецца пад 1252 г. (фактычна - каля 1249 г.). Да паведамлення Т. Нарбута аб тым, што Яраслаў разбіў літоўцаў у ваколіцах Слоніма ў 1040 г., трэба ставіцца крытычна.

Месцазнаходжанне летапіснага Слоніма да нядаўняга часу заставалася няясным. Сляды гарадзішча ўдалося выявіць у 1950-я гады на невялікім узвышшы, размешчаным у цэнтры сучаснага горада, вядомым сярод старажылаў пад назвай ''Замчышча". На старых планах яго пляцоўка мае форму чатырохвугольніка, абмежаванага крутымі схіламі і ровам. Мост, які злучаў Замчышча з астатняй гарадской тэрыторыяй, размешчаны з паўночнага боку.

Паселішча на Замчышчы ўзнікла ў XI ст., хутка яго пляцоўка была абнесена валам. У другой палове XII ст. Слонім ужо з'яўляўся багатым і добраўпарадкаваным горадам: шырокія вулічныя насцілы, дыхтоўныя зрубавыя дамы, высокая матэрыяльная культура, значнае развіццё рамяства і гандлю [6]. Падобна як і Гродна, Наваградак і Ваўкавыск, Слонім таксама, відавочна, меў дзве лініі абароны: унутраную (дзядзінец) і знешнюю (вакольны горад). Паблізу гарадскіх умацаванняў знаходзіўся адкрыты пасад. Сляды апошняга зафіксаваны паміж Замчышчам і рукавом р. Шчары.

Пад назвай Турыйска ў летапісе вядомы два гарады: адзін на Валыні, другі на Нёмане. Турыйск валынскі ўпершыню ўпамінаецца пад 1097 г., Турыйск нёманскі - пад 1253 г. (фактычна 1252 г.). У запісе пад 1276 г. указана больш дакладна месцазнаходжанне пункта - "Турииск на реце на Немне и села около него" [7].

Гарадзішча летапіснага горада знаходзіцца на ўскраіне Сучаснай вёскі Турэйск у Шчучынскім раёне. Яно займае сярэдзіну выспы, выцягнутай уздоўж правага берага Нёмана. З поўдня і поўначы пляцоўка гарадзішча абмежавана крутымі схіламі, а з захаду і ўсходу адрэзана ад працягу грады дугападобнымі валамі. Уверх па цячэнні Нёмана размяшчалася неўмацаванае паселішча.

У выніку раскопак устаноўлена, што Турыйск на Нёмане ўзнік на мяжы XI-XII стст. Гэта была невялікая крэпасць на славяна-літоўскім памежжы. Горад, відавочна, уваходзіў у склад Гарадзенскага княства. Яго матэрыяльная культура вельмі блізкая да культуры іншых гарадоў Панямоння.

Пад 1256 г. у Іпацьеўскім летапісе маецца паведамленне аб удзеле Ізяслава Свіслацкага разам з іншымі князямі панёманскага краю ў паходзе на яцвягаў, арганізаваным Данілам і Васількам Раманавічамі зімой 1255- 1256 гг. Рэшткі гэтага летапіснага горада, які, як бачна з летапісу, быў цэнтрам удзельнага княства, яшчэ патрэбна знайсці. Пошукі ў басейне р. Свіслачы (левы прыток Нёмана) надзейных вынікаў не далі.

Да ліку панёманскіх гарадоў некаторыя даследчыкі адносяць Здзітаў, які побач з іншымі гарадамі краю названы ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г. (фактычна каля 1249г.). Лакалізацыя горада ўскладнялася тым, што да гэтага часу існуюць чатыры населеныя пункты з такой назвай (тры ў Брэсцкай і адзін у Гродзенскай абласцях) [8].

Найбольш верагодным з'яўляецца меркаванне, што старажытны горад размяшчаўся за 4 км на поўдзень ад сучаснай вёскі Здзітава, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельды, каля дарогі ў Хомск захаваліся рэшткі гарадзішча XI-XIII стст. Матэрыяльная культура блізкая да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Беларускага Панямоння. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

У вярхоўях р. Уша, левага прытока Нёмана, знаходзіўся сярэднявечны горад-крэпасць Нясвіж, знакаміты цэнтр ардынацыі Радзівілаў [9]. Старажытны пасад і замак у канцы XVI - пачатку XVII ст. былі поўнасцю перапланаваны, абнесены землянымі валамі і равамі, у прадмесцях створаны форты. Застаецца невядомым, ці існавалі ў гэтых месцах паселішчы XII-XIII стст. У бліжэйшым наваколлі Нясвіжа яны дагэтуль таксама не выяўлены.

Я. Звяруга

Крыніцы:

  • [1] Піваварчык С.А. Да пытання аб летапісных гарадах Панямоння // Краязнаўчыя запіскі. Зборнік артыкулаў памяці Ю.Ядкоўскага. Гродна, 1990. С. 31-34.
  • [2] Воронин Н.Н. Древнее Гродно. М„ 1954. С. 13-15,200.
  • [3] ПСРЛ. Т. 2. С. 873; Літопис Руський. С. 429.
  • [4] Гуревич Ф.Д. Древние города Белорусского Понеманья. Мн., 1982. С. 25-26.
  • [5] ПСРЛ. Т. 2. С. 816, 831.
  • [6] Зверуго Я.Г. Археологические работы в Слониме // Беларускія старажытнасці. Мн., 1972. С. 248-274.
  • [7] ПСРЛ. Т. 2. С. 819, 874-875.
  • [8] Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 2. С. 149.
  • [9] Чарняўская Л., Чарняўскі І. Нясвіж. З мінулага // ПГКБ. 1988. № 1. С. 21-24.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.