Полацкае княства ў IX—XI стст.

Падзеі ў Полацкім княстве ў 970-х -1003 гг.

Прыкладна ў 70-я гады X ст. у Полацку стаў княжыць Рагвалод, які, як сказана ў летапісе, "прыйшоў з-за мора". Да гэтага часу навукоўцы спрачаюцца аб яго этнічнай прыналежнасці, якая выводзіцца з тлумачэння імені князя. Адны сцвярджаюць, што гэта славянскі князь і імя яго чытаецца як "уладар рога", у значэнні "ўладар мыса" [1], іншыя ж прытрымліваюцца пункту погляду аб скандынаўскім паходжанні імя, што больш верагодна [2]. Без выяўлення археолагамі пахавання князя Рагвалода вырашэнне гэтай праблемы немагчыма.

Бясспрэчным застаецца той факт, што Рагвалод адзінаўладна кіраваў усёй Полацкай зямлёй, да саюзу з якой імкнуліся і наўгародскі князь Уладзімір і кіеўскі князь Яраполк. Як сведчыць летапіснае паданне, князь Уладзімір, каб заручыцца падтрымкай з боку Полацка ў барацьбе супраць Яраполка, пасватаўся да дачкі Рагвалода Рагнеды. Апошняя, нібыта ведаючы аб нараджэнні Уладзіміра ў выніку пазашлюбных адносін паміж ключніцай Малушай і князем Святаславам, адказала словамі: "Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю". Праз смугу стагоддзяў да нас дайшоў асноўны сэнс падзеі 980 г. На гэтым этапе сваёй палітычнай гісторыі Полацкае княства ў спрэчцы двух князёў за ўладу ўзяло бок Яраполка. Яно імкнулася да саюза з кіеўскім княствам, але падзеі разгарнуліся не на карысць Полацка.

Замах Рагнеды на Уладзіміра
Замах Рагнеды на Уладзіміра і заступніцтва Ізяслава за маці (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу)

Летапіс паведамляе пад 980 г., што наўгародскі князь Уладзімір сабраў вялікае войска, у якое былі запрошаны скандынавы, і выступіў у паход на Полацк. Горад быў захоплены прыступам. Князь Рагвалод і яго абодва сыны былі забітыя, а Рагнеда гвалтам узята Уладзімірам у жонкі і, калі ён стаў кіеўскім князем, адвезена ў сяльцо Прадславіна каля Кіева.

Асноўным вынікам падзей 980 г. для Полацкага княства стала страта незалежнасці і ўваход яго на пэўны час у склад Кіеўскай дзяржавы. Як факт страты незалежнасці, так і факт вяртання Полацкаму княству дынастыі ў летапісе пададзены праз паданне. Згодна з ім, Рагнеда, каб адпомсціць Уладзіміру за крыўду, нанесеную ёй у 980 г., аднойчы, калі князь спаў, зрабіла няўдалы замах на яго жыццё. Князь цудам пазбег смерці і адразу вырашыў забіць жонку, але за Рагнеду заступіўся іх сын Ізяслаў і княгіня засталася жыць. Пасля рады з баярамі Уладзімір саслаў Рагнеду з сынам у крэпасць, якая пазней стала вядомай як горад Ізяслаўль (Заслаўе).

Можна меркаваць, што ў паданні пра Рагнеду адбылося сумяшчэнне рэальных фактаў і пазнейшых здагадак. Так, яшчэ М.Доўнар-Запольскім было слушна заўважана, што яно магло нарадзіцца з дружыннага эпасу ў Кіеве ў XII ст. як тлумачэнне таго, чаму Полацк змагаецца супраць Кіева [3]. Да гэтага часу памяць пра Рагнеду і Рагвалода застаецца ўвасобленай у некалькіх мікратапонімах на тэрыторыі Беларусі. Асаблівую цікавасць уяўляе гара Рагвалода і Рагнеды ў Расонскім раёне, дзе, згодна з мясцовым паданнем, яны быццам пахаваны [4].

Аднак не ўсё ў паведамленні пра Рагнеду міфалагізавана. Адпавядаючым рэчаіснасці трэба прызнаць існаванне сяльца Прадславіна, што змяшчалася на левым беразе ракі Лыбедзь, за два кіламетры ад гістарычнага цэнтра горада Кіева. Сама ж назва гэтага сяльца, як лічыць П.Талочка, паходзіць ад імя адной з дачок, народжанай Рагнедай ад шлюбу з Уладзімірам [5].

Дакладным фактам са звестак пра Рагнеду таксама з'яўляецца існаванне горада Ізяслаўля, часткай якога было ўмацаванне гарадзішча Замэчак, дзе маглі ў канцы X ст. знаходзіцца Рагнеда і Ізяслаў [6]. Сапраўдным неабходна прызнаць і факт вяртання Рагнеды і Ізяслава ў Полацкую зямлю, а таксама запрашэнне Ізяслава на княжанне ў Полацку.

Адносна характару гэтай падзеі нельга пагадзіцца з думкай Б. Рыбакова, які тлумачыў княжанне Ізяслава ў Полацку як праяву распаўсюджвання Уладзімірам новай адміністрацыйнай сістэмы, у межах якой кожны з сыноў кіеўскага князя атрымаў па гораду [7]. Больш правільна тлумачыць з'яўленне Ізяслава ў Полацк як аднаўленне дынастыі Рагвалодавічаў.

Пры гэтым пісьмовыя крыніцы нам нічога не паведамляюць аб дзейнасці Ізяслава на пасадзе полацкага князя. Станоўчая характарыстыка Ізяслава, змешчаная ў пісьмовых крыніцах, складзеных пад уплывам царквы, можа сведчыць аб тым, што ў час яго кіравання адбываўся працэс распаўсюджвання хрысціянства на тэрыторыі Полацкай зямлі. У 1001 г. Ізяслаў памёр. Ён пакінуў пасля сябе двух сыноў - Усяслава і Брачыслава. Першы з іх пражыў да 1003 г. Пасля гэтага Брачыслаў робіцца адзіным нашчадкам княжацкай улады ў Полацку.

М. Клімаў

Крыніцы:

  • [1] Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды. С. 70; Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мн., 1925. С. 25.
  • [2] Тарасаў С.В. Чарадзей сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мн., 1991. С. 10.
  • [3] Довнар-Запольский М. Очерк истори Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891. С. 71.
  • [4] Дучыц Л.У. Археалагічныя помнікі у назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1993. С. 28.
  • [5] Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1976. С. 90.
  • [6] Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995. С. 17.
  • [7] Рыбаков Б.А. Мир истории. М„ 1987. С. 132.
Каментары чытачоў
Вадим напiсаў(ла) 01.03.2011 18:08

Конфликты между Полоцком и Новгородом происходили в основном из-за земель псковских кривичей и города Пскова.

"В 977 году Владимир по смерти своего отца имея неудовольствие на Полоцкаго князя Рохволда, который воевал волости Новгородские и град Псков взял, отъезжал к Варягам и тамо собирал войски за деньги"

(Историческое описание города Пскова и его древних пригородов с самого их основания. Заключающее в себе многия достойныя любопытства происходимости, составленное из многих древних летописцов, надписей, записок и Российской истории Николаем Ильинским. – Ч.I. – СПб., 1790. - С.18).

Вадим напiсаў(ла) 01.03.2011 18:11


"6574 (1066) Преподобный Нестор пишет, что Всеслав Брячиславович князь Полоцкий начав войну взял Новград, а древней летописец уверяет, что прежде того в 6573 году тот Всеслав был с войском у Пскова"

(Историческое описание города Пскова и его древних пригородов с самого их основания. Заключающее в себе многия достойныя любопытства происходимости, составленное из многих древних летописцов, надписей, записок и Российской истории Николаем Ильинским. – Ч.II. – СПб., 1791. - С.4).

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.