Полацкае княства ў IX—XI стст.

Полацкае княства ў час княжання Брачыслава Ізяславіча (1003- 1044).

Полацкім князем у 1003 г. становіцца Брачыслаў, сын Ізяслава, праўнук Рагвалода. Мае сэнс меркаваць, што да 1015 г. - года смерці кіеўскага князя Уладзіміра - асноўная дзейнасць Брачыслава была скіравана на вырашэнне ўнутрыпалітычных пытанняў, якія не закраналі інтарэсаў суседніх княстваў. Адсутнасць звестак аб знешнепалітычнай актыўнасці Полацкага княства ў гэты час можа тлумачыцца дзвюма акалічнасцямі. Па-першае, Брачыслаў як сын Ізяслава (год нараджэння якога трэба адлічваць ад 980 г.) у пачатку XI ст. быў яшчэ падлеткам і не меў вопыту ў дзяржаўных справах. Па-другое, пакуль у Кіеве княжыў Уладзімір, Полацкае княства не магло праяўляць сваю ваенную актыўнасць, бо адразу б сустрэла арганізаваны адпор з боку княстваў, дзе правілі яго сыны.

Пасля смерці Уладзіміра стабільнасць у Кіеўскай дзяржаве была парушана і паміж сынамі былога кіеўскага князя разгарнулася барацьба за ўладу ў Кіеве. З 1015г. сыны Уладзіміра аспрэчвалі прастол бацькі да таго часу, пакуль ініцыятар міжусобіцы, былы тураўскі князь Святаполк, у 1019 г. не ўцёк у Польшчу. Менавіта гэта сітуацыя стварыла спрыяльныя ўмовы для Брачыслава ў вырашэнні пытання аб поўным кантролі Полацка над заход-нядзвінскім адгалінаванні шляху "з варагаў у грэкі".

З дадзенай мэтай у 1021 г. Брачыслаў ажыццявіў імклівы паход на Ноўгарад. Горад быў захоплены і разрабаваны. Калі Брачыслаў вяртаўся з Ноўгарада ў Полацк, яго сустрэлі войскі кіеўскага князя Яраслава, і ў бітве на р. Судаміры, як паведамляюць крыніцы:"... и победи Ярослав Брячислава и новгородце (в) вороти Новугороду, а Брячислав бежа (к) Полотьску" [1]. Пасля перагавораў паміж Брачыславам і Яраславам апошні заключае з Полацкім княствам мір і аддае ва ўладанне полацкага князя два населеныя пункты, якія кантралявалі волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром, на шляху "з варагаў у грэкі" - Віцебск і Усвяты. Маючы не вельмі трывалае становішча ў Кіеве ў якасці вялікага князя, Яраслаў вымушаны быў заключыць мір з Полацкам, каб пазбегнуць вайны з апошнім і ўмацаваць сваё становішча.

Перадачай Віцебска і Усвят Полацкаму княству Яраслаў зняў пытанне аб далейшай барацьбе Полацка за ўмацаванне сваіх пазіцый на гандлёвым шляху, а таксама заручыўся падтрымкай усіх сваіх ваенных дзеянняў з боку Брачыслава. Атрымаўшы кантроль над волакамі, Полацкае княства эканамічна замацоўвае сваю незалежнасць.

Вышэй разгледжаныя падзеі знайшлі адлюстраванне ў скандынаўскай сазе (гістарычнай аповесці) аб Эймундзе. З гэтай сагі вынікае, што Брачыслаў пасля заключэння міру паміж ім і Яраславам тры гады правіў у Кіеве [2]. Адны з даследчыкаў адносяць магчымасць гэтай падзеі да 1019-1021 гг[3], іншыя датуюць яе 1024-1026гг.[4] Л. Аляксееў зусім адмаўляе магчымасць удзелу Брачыслава ў кіраванні Кіеўскім княствам і лічыць, што "двор Брачиславль" (так ён названы ў летапісе) мог быць пабудаваны не кіеўскім, а полацкім князем Брачыславам для сваіх купцоў [5]. На самай справе пытанне аб княжанні ў Кіеве Брачыслава застаецца не вырашаным. Усе вядомыя крыніцы дакладна паведамляюць толькі аб мірнай дамове паміж Брачыславам і Яраславам у 1021г.

Звесткі ж сагі маюць пэўную тэндэнцыйнасць, што вынікае пры больш уважлівым аналізе тэксту гэтай крыніцы.

Са звестак "Эймундавай сагі" мы даведваемся, што князь Эймунд з дружынай воінаў-скандынаваў перайшоў на службу да Брачыслава (у сазе названы Вартылавым). Падчас найбольшай канфрантацыі паміж Брачыславам і наўгародскім князем Яраславам (паводле сагі, Ярыцлейў) Эймунд нібыта спрыяў заключэнню мірнай дамовы паміж князямі, згодна з якой Яраслаў (пазней празваны Мудрым) заставаўся князем у Ноўгарадзе, Эймунд атрымаў ва ўладанне Полацк, а Брачыслаў - Кіеў [6]. Па меркаванні даследчыкаў, звесткі, пададзеныя ў сазе, пераклікаюцца са звесткамі, выкладзенымі ў "Аповесці аб мінулых часах", з той толькі розніцай, што ў сазе перабольшваецца роля скандынаваў у палітычнай гісторыі Полацкага княства.

Безумоўна, нельга адмаўляць прысутнасць скандынаваў у пачатку XI ст. на тэрыторыі Полацкай зямлі, што добра прасочваецца па пісьмовых і археалагічных даных. У скандынаўскіх геаграфічных творах сярод невялікай колькасці ўсходнеславянскіх гідронімаў і тапонімаў неаднаразова згадваецца р. Заходняя Дзвіна (у скандынаваў - Duna) і Полацк (у іх жа - Palteskja) [7].

У скандынаўскіх сагах налічваецца некалькі сюжэтаў, якія датычацца полацкай гісторыі [8]. Рэчы скандынаўскага паходжання выяўлены пры археалагічных даследаваннях Полацка і Віцебска, паселішчаў Пруднікі і Маскавічы [9]. Разам з тым адсутнічаюць непасрэдныя сведчанні таго, што ў падзеях 1015-1026 гг. скандынавы адыгрывалі рашаючую ролю. У XI ст. варагаў можна было сустрэць сярод гандляроў, воінаў або воінаў-наймітаў. Аднак ні ў адным з усходнеславянскіх княстваў ім не пашчасціла ў XI ст. зрабіцца князямі, што імкнуліся даказаць у "Эймундавай сазе" ў дачыненні да Полацкага княства.

Перыяд праўлення князя Брачыслава Ізяславіча з 1021 па 1044 г. застаецца адным з самых недаследаваных у беларускай гісторыі. Адсутнасць якіх-небудзь крыніц пакідае магчымасць толькі для гістарычных рэканструкцый і гіпотэз. Адным з падобных дапушчэнняў лічыцца тое, што менавіта Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, змешчаны на мяжы балцкай і славянскай супольнасцей. Аднак археалагічныя даныя толькі ўказваюць на XI ст. як на час заснавання горада і не даюць канкрэтызацыі дакладнага часу пабудовы Браслава ў межах стагоддзя [10], але паходжанне назвы горада ад імя заснавальніка - князя Брачыслава выглядае пераканаўчым.

Воіны з Заслаўя
Воіны з Заслаўя часоў княжання Брачыслава

Падобнае меркаванне мае сэнс, калі ўлічыць, што адсутнічаюць якія-небудзь звесткі аб удзеле Брачыслава ў гэты час у кіеўскіх справах. Задаволіўшы свае памкненні на ўсходзе княства, Брачыслаў развівае заходні напрамак дзейнасці - падтрыманне крывіцкай каланізацыі і распаўсюджванне сваёй улады на балцкія плямёны. Аб маштабах гэтай дзейнасці Брачыслава таксама казаць цяжка, але, відаць, заснаваннем Браслава як крэпасці на балта-славянскім памежжы быў пакладзены пачатак умацавання Полацкім княствам сваёй заходняй мяжы. Аб неабходнасці гэтых мерапрыемстваў могуць сведчыць сляды пажарышча першай паловы XI ст. на гарадзішчы Браслава [11] і перапыненне жыццядзейнасці на ўмацаваным паселішчы Гарадзец на р. Мнюта, датаванае тым жа часам [12], што можа ўказваць на ваенныя сутыкненні з заходнімі балтыйскімі суседзямі. Далейшыя мерапрыемствы ў гэтым кірунку трэба звязваць са свядомым планаваннем Полацкам абарончай лініі на мяжы з балтамі, вынікам чаго было заснаванне ўмацаваных населеных пунктаў Маскавічы, Рацюнкі, Дрысвяты [13].

Адным са спрэчных пытанняў, што ўзнікаюць пры аналізе часу кіравання Брачыслава, з'яўляецца пытанне аб далучэнні Менскай воласці да Полацкага княства. Па гэтым пытанні выказваліся даволі спрэчныя меркаванні. Адны з навукоўцаў без залішняй канкрэтызацыі імкнуліся сцверДзіць думку, што Полацк распаўсюдзіў даніну на паўночных дрыгавічоў (асноўнае насельніцтва Менскай воласці) ужо ў канцы X ст. [14], іншыя ж, наадварот, лічылі, што ў адносінах даніны гэтыя землі з'яўляліся спрэчнымі паміж Тураўскім і Полацкім княствамі, і да часу кіравання Усяслава Чарадзея тураўскія князі тут нават не збіралі даніны, таму канчаткова далучыў да Полацкага княства землі, што знаходзіліся на поўнач ад Менска, толькі Усяслаў і ў перыяд, што папярэднічаў 1063 г.[15] Найбольш абгрунтавана гэта пытанне выклаў Ю. Заяц, які даказаў, што ваенная прысутнасць крывічоў у вярхоўях р. Свіслач назіраецца ўжо ў першай палове - сярэдзіне X ст. Пасля падзей 980 г. гэта тэрыторыя часова.адыходзіць пад адміністрацыйнае кіраванне Уладзіміра, які дадаткова будуе тут крэпасць Замэчак, што паклала пачатак гораду Ізяслаўлю. Ізяслаўль пры вяртанні Ізяслава ў Полацк адыходзіць да апошняга [16]. А вось суседняя з Ізяслаўскай Менская воласць трапляе пад уладу Полацка пасля яе перадачы Яраславам Брачыславу ў 1024 г., каб замацаваць з ім саюз для супрацьстаяння Мсціславу [17]. Уключэнне Менскай воласці ў склад Полацкага княства, безумоўна, адбылося ў час княжання Брачыслава, але з такой жа доляй верагоднасці гэта падзея магла мець месца як у 1026 г., так і ў перыяд 1038-1044 гг., калі кіеўскі князь Яраслаў ажыццявіў некалькі паходаў супраць Літвы і яцвягаў, у якіх удзел Брачыслава дапускаецца некаторымі з навукоўцаў [18]. І калі лічыцца з тэзісам аб тым, што паходы Яраслава супярэчылі інтарэсам Полацка на Панямонні [19], то зразумела, што ў першым з выпадкаў як паплечнік Яраслава па барацьбе з балтамі Брачыслаў мог атрымаць Менскую воласць у якасці своеасаблівага ўзнагароджання за ўдзел у паходах, у другім выпадку передача Менскай воласці выглядае як жаданне пазбегнуць вайны з Полацкім княствам ва ўмовах узнікнення супярэчнасцей на Панямонні.

У1044 г. заканчваецца перыяд княжання Брачыслава, пры якім Полацкае княства вырасла тэрытарыяльна і замацавала сваю незалежнасць эканамічна праз усталяванне кантролю над волакамі каля Віцебска і Усвят. З 1044 г. пачынаецца новы этап у полацкай гісторыі, спалучаны з дзейнасцю яго сына - Усяслава Брачыславіча.

М. Клімаў

Крыніцы:

  • [1] Ипатьевская летопись // ПСРЛ. Т. 2. С. 133.
  • [2] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI-XV стст.). Мн, 1998. С. 23.
  • [3] Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды. С. 94.
  • [4] Заяц Ю.А. Полоцкие события "Саги об Эймунде" // Полоцкий летописец. № 1. 1993. С. 10.
  • [5] Алексеев Л.В. Полоцкая земля. С. 245.
  • [6] Дакументы и матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI-XV стст.). С. 23-24.
  • [7] Рыдзевская Е.А. Древняя Русь и Скандинавия 9-14 вв. М., 1978. С. 103; Мельникова Е.А. Древнескандинавские географические сочинения. М., 1986. С. 35,36,38.
  • [8] Дзярновіч С.Д. Аб знаходжанні нарманаў у Полацку ў XI-XII стст. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 92.
  • [9] Гуревич Ф.Д. Скандинавские находки X-XI вв. на территории Белоруссии // Скандинавский сборник. Таллинн, 1990. № 33. С. 111-117.
  • [10] Семянчук Г.Н. Гарадзішча "Замкавая тара" ў Браславе // Гісторыя Беларусі: жалезны век і сярэднявечча. Мн., 1997. С. 63-65.
  • [11] Алексеев Л.В. Раскопки Древнего Браслава // КСИА. 1960. Вып. 81. С. 105.
  • [12] Штыхаў Г.В. Гарадзішча Гарадзец на рацэ Мнюта //Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985. С. 174.
  • [13] Дучыц Л.У. Браслаўскае Паазер'е ў IX-XIV стст.: Гісторыка-археалагічны нарыс. С. 86.
  • [14] Семенчук Г.Н. Формирование границ Полоцкой земли в XI в. // Археология и история Пскова и Псковской земли. Псков, 1990. С. 54.
  • [15] Алексеев Л.В. Минск и Друцк // Славяне и их соседи: Археология, нумизматика, этнология. Мн., 1998. С. 13.
  • [16] Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. С. 108-112.
  • [17] Заяц Ю.А. Менская земля: этапы фармавання // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №3. С. 11.
  • [18] Загарульскі Э.М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ стст. Мн., 1998. С. 62.
  • [19] Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: полацкі і новагародскі перыяды. С. 100.
Каментары чытачоў
Вадим напiсаў(ла) 01.03.2011 18:08

Конфликты между Полоцком и Новгородом происходили в основном из-за земель псковских кривичей и города Пскова.

"В 977 году Владимир по смерти своего отца имея неудовольствие на Полоцкаго князя Рохволда, который воевал волости Новгородские и град Псков взял, отъезжал к Варягам и тамо собирал войски за деньги"

(Историческое описание города Пскова и его древних пригородов с самого их основания. Заключающее в себе многия достойныя любопытства происходимости, составленное из многих древних летописцов, надписей, записок и Российской истории Николаем Ильинским. – Ч.I. – СПб., 1790. - С.18).

Вадим напiсаў(ла) 01.03.2011 18:11


"6574 (1066) Преподобный Нестор пишет, что Всеслав Брячиславович князь Полоцкий начав войну взял Новград, а древней летописец уверяет, что прежде того в 6573 году тот Всеслав был с войском у Пскова"

(Историческое описание города Пскова и его древних пригородов с самого их основания. Заключающее в себе многия достойныя любопытства происходимости, составленное из многих древних летописцов, надписей, записок и Российской истории Николаем Ильинским. – Ч.II. – СПб., 1791. - С.4).

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.