Тураўскае княства ў IX—XI стст.

П. Лысенка 11.12.2010

Тэрыторыя Тураўскай зямлі.

Тэрыторыя Тураўскага княства фарміравалася на землях, заселеных дрыгавічамі. Паўночная граніца іх рассялення (з крывічамі) праходзіла на поўнач ад Мінска прыкладна па лініі ад Заслаўя на Лагойск і Барысаў. Усходняя граніца (з радзімічамі) праходзіла ў асноўным па Бярэзіне і Дняпры да Брагіна. Паўднёвая граніца рассялення дрыгавічоў (з драўлянамі і валынянамі) праходзіла па правабярэжжы Прыпяці прыкладна па сучаснай мяжы з Украінай, а заходняя (з заходнеславянскім племем мазаўшан) пераходзіла на левы бераг р. Заходні Буг. Левабярэжнае Панямонне таксама было заселена дрыгавічамі.

Дрыгавічы належалі да ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямён і нават мелі сваё ўласнае племянное "княжанне" яшчэ да стварэння адзінай агульнай старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у г. Кіеве. Такія племянныя княжанні існавалі ў папярэднія часы ў палян (на чале з Кіем), у сярэдзіне X ст. у драўлян (на чале з Малам), у 70-х гадах XI ст. у вяцічаў (на чале з Хадотай), а таксама ў славян наўгародскіх і палачан.

Тураўскае княства, што фарміравалася на землях дрыгавічоў, было спадкаемцам яго тэрыторыі, насельніцтва, гістарычных традыцый і працэсу паслядоўнага паступальнага развіцця. Аднак гэта не азначае, што Тураўскае княства ўнаследавала ўсю тэрыторыю дрыгавічоў. Пры адначасовым фарміраванні тэрыторый новых феадальных палітычных утварэнняў - княстваў адбываліся пэўныя змены папярэдніх этнічных племянных тэрыторый ранейшых княжанняў на карысць больш развітых і агрэсіўных суседзяў. Тэрытарыяльныя страты дрыгавіцкіх тэрыторый адбыліся і пры фарміраванні Тураўскай зямлі. Аб гэтым сведчаць паведамленні летапісаў больш позніх часоў. Так, тэрыторыя ў паўночных рэгіёнах рассялення дрыгавічоў ужо ў X-XI стст. адыходзіла да Полацкага княства. У наваколлях Менска, Заслаўя, Лагойска, Барысава і Свіслачы, паводле матэрыялаў даследавання курганоў, жылі дрыгавічы, Аднак ужо ў XI ст. гэтыя гарады ўваходзілі ў склад Полацкага княства. Аб гэтым сведчаць напрамкі ўдараў кіеўскіх князёў на Менск (1067), Лагойск (1071), Заслаўе ў час іх паходаў на Полацкае княства. Як можна меркаваць, пры гэтым Заслаўе і Менск былі памежнымі крэпасцямі на паўднёвых межах Полацкага княства

З боку Тураўскага княства памежнымі крэпасцямі ім супрацьстаялі Слуцк і Клецк. На Слуцк рабіў набег менскі князь Глеб (1116), каб адпомсціць за паход кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха на Друцк у 1115 г. Летапісец адзначае "... Глеб бо бяше воевал дреговичи и Случеск пожег, и не каяшеться о сем, ни покаряшеться" [1]. А Клецк упамінаецца як сталіца ўжо асобнага княства, з якога накіроўваўся "Вячеслав Ярославич ис Клечьска"[2] ў час агульнага паходу паўднёвых князёў пад кіраўніцтвам кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча (сын і спадкаемец Уладзіміра Манамаха) на Полацкае княства ў 1127 г. з-за адмовы полацкіх князёў удзельнічаць у агульнай барацьбе з нашэсцем полаўцаў.

Прыведзеныя летапісныя паведамленні пераканаўча сведчаць аб устойлівым характары граніцы паміж Тураўскай зямлёй і Полацкім княствам, адпаведна якой паўночная частка заселенай дрыгавічамі тэрыторыі (Заслаўе, Менск, Лагойск, Барысаў) апынулася за межамі Тураўскай зямлі і стабільна ўваходзіла ў склад Полацкага княства.

На ўсходнім участку мяжа паміж Полацкім і Тураўскім княствамі, што прымыкала да Дняпра, паніжалася на поўдзень, пакідаючы ў межах Полацкага княства г. Стрэшын.

Усходняя граніца Тураўскага княства ў асноўным адпавядала ўсходняй мяжы рассялення дрыгавічоў і праходзіла таксама па Дняпры. Рагачоў, размешчаны на высокім мысе правага карэннага берага Дняпра ў сутоках з р. Друццю, належаў Тураўскаму княству, аб чым сведчыць запіс у летапісе пад 1142 г. У ім гаворыцца аб тым, што кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч раздае сваім братам Ігару і Святаславу гарады Тураўскай зямлі - Берасце (Бярэсце), Драгічын, Клечаск, Чартарыйск і разам з імі Рагачоў [3]. Гэта сведчыць аб прыналежнасці Рагачова да Тураўскага княства.

Аднак і на ўсходняй зоне рассялення дрыгавічоў не абышлося без тэрытарыяльных страт для Тураўскага княства. Правабярэжжа Дняпра ў наваколлі Рэчыцы, заселенае дрыгавічамі, разам з гэтым горадам уваходзіць у склад Чарнігаўскага княства. У 1213 (1214) г. Рэчыца была разгромлена наўгародскім князем Мсціславам, што ваяваў з чарнігаўскімі князямі [4]. Брагін, размешчаны ў кантактнай зоне рассялення дрыгавічоў, палян і севяран, уваходзіць у склад Кіеўскага княства. Аб гэтым сведчыць паход чарнігаўскіх князёў у 1147 г. на Брагін з мэтай помсты кіеўскаму князю Ізяславу Мсціславічу за разбурэнне чарнігаўскіх гарадоў [5].

На паўднёвай мяжы Тураўскае княства суседнічала з Кіеўскім на ўсходняй частцы і Валынскім на заходняй частцы мяжы. Як відаць, палітычныя межы Тураўскага княства супадалі з тэрыторыяй рассялення дрыгавічоў. На правым беразе Прыпяці размяшчаліся тураўскія гарады Мазыр, Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок. У Пагарынні ў склад Тураўскай зямлі ўваходзілі, як відаць, гарады на Гарыні, Дубровіца, Сцепань і Чартарыйск на Стыры. Падставай для такіх меркаванняў могуць быць летапісныя паведамленні аб тым, што пры вылучэнні з Тураўскага княства ў канцы XII ст. дубровіцкім князем стаў Глеб Юр'евіч, сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча [6]. Меркаваць аб уваходжанні ў Тураўскае княства Чартарыйска дазваляе летапіснае паведамленне аб канфлікце ў 1227 г. паміж пінскім князем Уладзімірам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. Верагодна, на падставе нейкіх раней існуючых правоў Уладзімір заняў гэты горад. Аднак князь больш магутнага Галіцка-Валынскага княства Даніла Раманавіч ваеннай сілай выгнаў яго з Чартарыйска [7].

Пытанне аб заходніх межах Тураўскага княства вырашаецца на падставе паведамленняў аб рашэннях Любецкага з'езда князёў у 1097 г. З'езд пастанавіў перадаць "... Святополку Изяславичу з сыновцы, яко сыну и внукам Изяславлим - Туров, Слуцк, Пинск и все городы до Буга по оне стороне Припети, и яко великому князю - Киев, со всею областиею, что ко оному принадлежит, до реки Горыни, и Новгород Великий к Киеву" [8]. На заходніх межах Тураўскай зямлі апрача Берасця ў XII ст. упамінаецца Драгічын Надбужны, які трапляе ў 1142 г. у лік тураўскіх гарадоў, што Усевалад Ольгавіч раздаваў сваім братам [9]. Гэтыя гарады акрэсліваюць межы Тураўскага княства ў XI-XII стст. Паводле матэрыялаў пахавальных курганоў, гэтыя гарады таксама знаходзіліся ў арэале дрыгавіцкага рассялення.

Недастаткова існуе даных для дакладнага вызначэння прыналежнасці гарадоў і дрыгавіцкіх пасяленняў Сярэдняга Панямоння (Гародня, Ваўкавыск, Наваградак, Слонім, Здзітаў). Несумненна, з другой паловы XII ст. і ў XIII ст. яны ўваходзяць у зону палітычнага ўплыву і палітычнай прыналежнасці Уладзіміра-Валынскага княства Гэта перыяд значнага аслаблення Тураўскага княства і росту магутнасці Уладзіміра-Валынскага княства Аднак апошняя заўвага не адказвае на пытанне аб палітычнай прыналежнасці гэтага рэгіена ў папярэдні час. Верагодна, што згодна з пастановай Любецкага з'езда гэты рэгіён таксама ўваходзіў у тую зону "... до Буга по оне стороне Припети...", якая была зацверджана за Святаполкам з сынамі як за князямі тураўскімі, нашчадкамі Ізяслава Яраславіча.

Такім чынам, на падставе летапісных паведамленняў тэрыторыя Тураўскага княства ў XI ст. мела значныя памеры - ад Дняпра і да Заходняга Буга (пераходзячы на яго левы бераг каля Драгічына) - каля 500 км і ў напрамку з поўдня на поўнач ад правабярэжжа Прыпяці да граніц з Полацкім княствам-ад 200 (ад Рэчыцы да Рагачова) да 300 км (ад Паўночнай Валыні да Сярэдняга Панямоння), г. зн. ад 100-150 тыс. км2. Трэба падкрэсліць, што гэта максімальныя памеры Тураўскага княства ў момант яго найбольшай значнасці ў XI ст. У далейшым памеры княства мяняліся, плошча яго скарачалася. Стабільнымі заставаліся паўночная і ўсходняя граніцы княства, значна змяняліся яго заходнія і паўднёвыя граніцы.

П. Лысенка

Крыніцы:

  • [1] ПСРЛ. Т. 2. С. 282.
  • [2] Там жа. С. 292.
  • [3] Там жа. С. 312.
  • [4] Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов.
  • [5] ПСРЛ. Т. 2. С. 359.
  • [6] ПСРЛ. Т. 2. С. 631.
  • [7] Там жа. С. 752.
  • [8] Татищев В.Н. История Российская. Т. 1. С. 110.
  • [9] ПСРЛ. Т. 2. С. 310.
Каментары чытачоў
Вера напiсаў(ла) 30.06.2011 13:38
Вельм1 добрая 1нфармацыя!Дзякуем!Хацелась б яшчэ 1 храналог1ю кораценька;як у школе - 1024 нарадз1уся 1зяслау, 1078 Усевалад станов1цца князем....
Admin напiсаў(ла) 30.06.2011 14:04

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.