Гарадское рамяство і гандаль

Пісьмовыя крыніцы вельмі сціпла даводзяць нам звесткі пра заняткі гараджан у раннесярэднявечны перыяд. Выдатны матэрыял для асвятлення гэтага пытання дае археалогія. Вынікі раскопак пераканаўча сведчаць, што гаспадарчая дзейнасць у гарадах Беларусі X-XIII стст. мела комплексны характар, спалучала занятак рамяством, гандлем, промысламі. Асаблівы росквіт рамяства адбываўся ў XII-XIII стст.

Рамяство

Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала кавальству, бо менавіта яно забяспечвала ўсімі неабходнымі прыладамі працы астатнія віды рамёстваў. Сыравінаю для кавальскай справы служыла крычнае жалеза, якое атрымлівалася шляхам варкі ў прымітыўных домніцах з балотнай руды, на якую багатыя азёры і берагі рэк Беларусі [1]. У выглядзе жалезістых ляпёшак - крыц - гэта сыравіна паступала ў горад ад вясковых металургаў. Але вядомы выпадкі, калі жалеза варылі і непасрэдна ў гарадах. У Слуцку, напрыклад, знойдзена пабудова XIII ст., гаспадар якой яўна займаўся гэтым відам вытворчасці. Побач з ёю былі выяўлены велізарныя скапленні абпаленай гліны, сабраны шматлікія шлакі і каля двух дзесяткаў крыц. Гліняныя соплы ад сырадутных печаў, адходы металургіі жалеза зафіксаваны ў Полацку, Мінску, Віцебску, Заслаўі, Лагойску, Лукомлі. Відаць, у гарадах Беларусі XII-XIII стст. кавальская справа яшчэ перапляталася часам з металургічнай вытворчасцю.

Кавальства ў старажытных гарадах Беларусі знаходзілася на высокім узроўні. Старажытныя кавалі ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі зварваць яе з жалезам, ужывалі загартоўку і цэментацыю вырабаў з чорнага металу, выкарыстоўвалі пайку па меднай аснове, пакрывалі вырабы каляровымі металамі [2]. З механічнай апрацоўкі шырока ўжываліся коўка, рэзка зубілам, насечка, абточка, шліфаванне і паліроўка.

Пра мясцовую кавальскую справу ў гарадах Беларусі сведчаць прылады працы кавалёў, знойдзеныя ў Брэсце, Мінску, Навагрудку, Полацку, Слуцку, і спецыяльныя для гэтага роду дзейнасці пабудовы - кузні. Рэшткі кузні XII ст. выяўлены ў Слуцку, кузня пачатку XIV ст. - у Брэсце. Рамесніцкі прамысловы і сельскагаспадарчы інструментарый, а таксама некаторыя рэчы хатняга ўжытку былі вынікам вытворчасці мясцовых кавалёў. Відаць, і частка ўзбраення таксама выраблялася на месцы. Сведка таму - выяўленая падчас раскопак у Гомелі майстэрня XII-XIII стст., у якой знойдзена засцерагальная зброя: кальчугі, пласціначныя панцыры і інш. Да вытворчасці слесараў у старажытных гарадах Беларусі адносіцца выраб замкоў і ключоў да іх, Менавіта пра гэта сведчаць нарыхтоўкі і дэталі гэтага віду рамесніцкай дзейнасці, выяўленай у слуцкай кузні XII ст. Варта адзначыць, што выраб замка патрабаваў ад рамесніка выкарыстання не менш як паўсотні розных аперацый, звязаных з апрацоўкай металу.

Адсутнасць сваіх радовішчаў каляровых металаў не замінала нашым продкам наладзіць вытворчасць ювелірных вырабаў, пра што сведчаць шматлікія знаходкі тыгляў і льячак, выяўленых амаль паўсюдна ва ўсіх гарадах Беларусі, а таксама ліцейныя формачкі, ювелірныя пінцэты і кавадлы, знойдзеныя падчас раскопак у Гродне, Ваўкавыску, Слуцку і інш. [3] Найбольш распаўсюджанымі былі вырабы з танных каляровых металаў: медзі, бронзы, латуні, волава, білона - нізкапробнага срэбра. Але часам сустракаюцца і залатыя рэчы, як гэта мела месцаў Брэсце, Гродне, Полацку, Мінску, Віцебску, Навагрудку, прычым у апошніх двух археалагічна даказана апрацоўка гэтага шляхетнага металу.

У Навагрудку даследаваны рэшткі багатага квартала - вялікіх будынкаў памерам да 100 м2 з зашклёнымі вокнамі і фрэскамі на сценах XII ст. У кожным багатым доме выяўлены прадметы, якія паказваюць, што іх гаспадар меў дачыненне да ювелірнай справы. На падлозе, каля печаў і ў завале жытла знойдзены тыглі, ліцейныя формы, з незавершанай апрацоўкай металічныя рэчы і шмат адходаў, галоўным чынам аплаўленая бронза і бронзавыя пласціны. Матэрыялы паказваюць, што жыхары багатых дамоў былі золатакавалямі - апрацоўвалі золата. Тут размяшчаўся квартал "кузняцоў злату, срэбру і медзі". Можна меркаваць, што багаты квартал ювеліраў вакольнага горада мог быць своеасаблівай сярэднявечнай карпарацыяй накшталт цэха са сваім храмам і могільнікам [4].

Некаторыя з ювелірных вырабаў уяўляюць сабой узоры высокага прафесіяналізму і мастацкай творчасці. Так, на маленькім кавалачку залатога вырабу, знойдзеным у Полацку, змяшчалася звыш дзесяці тонкіх залатых стужачак шырынёю 0,5 мм, прыпаяных рабром да паверхні, якія ўтвараюць арнаменты ў выглядзе крыжыкаў і кружочкаў, запоўненых рознакаляровай эмаллю. Сапраўдным шэдэўрам старажытнага прыкладнога мастацтва лічыцца і славуты крыж Ефрасінні Полацкай, выраблены майстрам Лазарам Богшам у XII ст.

Каменная форма для адліўкі прывесак
Каменная форма для адліўкі прывесак з салярным арнаментам (Полацк, першая палова XIII ст.)

Да ювелірнай вытворчасці па сваім значэнні блізка стаяла апрацоўка бурштыну, з якога выраблялі рознага роду ўпрыгожанні і рэчы культу. Падчас раскопак Брэста, Мінска, Полацка, Гродна, Навагрудка, Ваўкавыска, Віцебска, Слуцка сустрэты бурштынавыя пацеркі, падвескі, пярсцёнкі, нацельныя крыжыкі. Пра тое, што гэты від майстэрства быў мясцовым, сведчаць знаходкі неапрацаванага бурштыну ў Ваўкавыску, Навагрудку, Мінску, Віцебску. А ў Ліпецку ў пласце XI-XII стст. сабрана 3,5 кг гэтага сонечнага каменю, як яго называлі ў старажытнасці.

Найбольш жа распаўсюджаным відам рамесніцкай дзейнасці было ганчарства, якое забяспечвала штодзённы попыт насельніцтва ў выніках сваёй вытворчасці. Ганчары XI-XIII стст. выраблялі ў вялікай колькасці гаршкі, міскі, латкі. Гліняны посуд аздабляўся арнаментам у выглядзе хвалі, палосаў, насечак, зрэдку на днішчах ставіліся клеймы.

Была наладжана вытворчасць плінфы - старажытнай цэглы, плітак для падлогі мураваных храмаў [5]. Керамічныя пліткі разнастайнай канфігурацыі, пакрытыя паліваю жоўтага, зялёнага і карычневага колераў, сустрэты ў Гродне, Пінску, Віцебску, Клецку. У апошнім сустрэты і непаліваныя пліткі, паўфабрыкаты, што можа сведчыць на карысць мясцовай вытворчасці гэтых вырабаў у параўнальна невялікім горадзе.

Эпоха сярэднявечча - Гэта "свет дрэва". Тады апрацоўка драўніны займала вядучае месца сярод рамёстваў. Дрэва было тым універсальным і да таго ж вельмі шырока распаўсюджаным матэрыялам, з якога ў пару сярэднявечча выраблялі амаль усё. Бандарны і сталовы посуд, дэталі простых механізмаў, транспартныя сродкі рабіліся з дрэва. Майстры ўжывалі ў апрацоўцы драўніны разьбу, дзяўбанне, такарную апрацоўку. Пра наяўнасць апошняй сведчаць знаходкі пры раскопках дэталяў такарнага станка, жалезных разцоў, выяўленых у гарадах Беларусі.

Да апрацоўкі дрэва блізкія па тэхналогіі вырабы з косці. У якасці сыравіны часта выкарыстоўваліся рог і трубчастыя косткі дзікіх жывёл. Гэта сыравіна ўтрымлівае менш касцявога тлушчу, чым косці свойскіх жывёл, што значна палягчала іх апрацоўку. Для размякчэння косці яе варылі ў шчолаку. Пасля апрацоўвалі з дапамогаю маленькіх касцярэзных ножыкаў, а таксама на такарным станку. З косці выраблялі грабяні, расчоскі, футаралы, шайбы для наборных ручак і тронкі нажоў, шашкі і шахматныя фігуры, маленькія нагрудныя абразкі. Некаторыя вырабы з косці, знойдзеныя ў гарадах Беларусь адносяцца да твораў прыкладного мастацтва [6].

Рамеснікі-ганчары
Рамеснікі-ганчары

У шырокім ужытку ў гарадах сярэднявечнай Беларусі была апрацоўка каменю. З каменных олокаў - квадратаў - узводзіліся храмы ў Віцебску і Навагрудку. Валун ці злёгку апрацаваны камень выкарыстоўваўся ў дойлідстве храмаў Полацка, Мінска, Гродна. Прычым у апошнім рознакаляровы камень ужыты як мазаічная аздоба ў муроўцы сцен Барыса-глебскай царквы. Для гэтай мэты рознакаляровыя камяні шліфаваліся на некалькі граняў. Эфект ад такой апрацоўкі быў відавочным: грані гэтых камянёў гралі ўсёй вясёлкаю колераў [7].

Старажытныя каменячосы высякалі з валуноў мукамольныя жорны, з пясчаніку і сланцу выраблялі асялкі і тачыльныя кругі. Апошнія знойдзены ў Полацку, Мінску, Слуцку, Віцебску. З мяккага каменю рэзалі ювелірныя формачкі, крыжыкі, абразкі.

Вялікая патрэба была і ў апрацоўцы скуры. Таму натуральна, што гэты від рамесніцкай дзейнасці быў шырока распаўсюджаны ў сярэднявечных гарадах. Сляды гарбарнай і шавецкай вытворчасці маюцца амаль ва ўсіх старажытных гарадах, дзе праводзіліся раскопкі. У якасці сыравіны выкарыстоўваліся скуры буйной і дробнай рагатай жывёлы. Апрацоўка скуры была даволі працаёмкай. Скуру выскрабалі, вымочвалі, апрацоўвалі шчолакам, прамывалі, размякчалі ў кіслым растворы (рабілі так званае "квашэніе усніе"), дубілі ў адвары дубовай кары, прамазвалі тлушчам або дзёгцем. Часам сустракаюцца фрагменты скураных вырабаў, фарбаваныя ў чырвоны, зялёны і карычневы колеры. Відаць, у некаторых гарадах існавалі спецыялізаваныя паселішчы рамеснікаў гэтай справы, бо часам сустракаюцца гарадскія тапонімы з назваю "кажамяцкая слабада", як гэта мела месца, напрыклад, у Віцебску.

З мяккай, добра апрацаванай скуры рамеснікі шылі абутак: боты, чаравікі, пасталы (поршні, поршы). Апошнія былі найбольш распаўсюджаным відам абутку. Чаравікі ўпрыгожваліся разнастайным арнаментам з каляровых шарсцяных нітак [8]. У Віцебску, напрыклад, быў знойдзены верх ажурнага чаравіка з багата выразаным арнаментам, які кампазіцыйна нагадвае узоры традыцыйных беларускіх арнаментаў.

Са скуры выраблялі похвы для нажоў, кінжалаў, мячоў, футаралы для грабянёў, кашалькі для крэсіва і губы, мячы для гульні ў лапту і інш. На Верхнім замку Віцебска ў пласце XIII ст. выяўлены скураны мех дуды-валынкі. Пра наяўнасць такой музычнай прылады вядома было з пісьмовых крыніц XV ст. Віцебская знаходка паглыбляе час з'яўлення яе ў гарадах усходніх славян больш чым на тры стагоддзі.

Натуральна і тое, што для пашыву адзення былі неабходны прадзенне і ткацтва. Пра наяўнасць першага ў гарадах Беларусі яскрава сведчаць шматлікія знаходкі спецыяльных грузікаў на верацяно - праслачкаў, выразаных з ружовага сланцу, што дастаўляўся на Беларусь з Валыні. Часам у некаторых гарадах знаходзяць і самі верацёны. Ткацтва ажыццяўлялася на ткацкіх станках-кроснах. Дэталі кроснаў выяўлены падчас раскопак у Брэсце, Мінску, Віцебску, Полацку. У некаторых гарадах знойдзены і фрагменты тканін саржавага і палатнянага перапляцення. Некаторыя з іх маюць сляды афарбоўкі ў чырвоны і карычневы колеры.

Скураны абутак
Скураны абутак XII-XIII стст. з Мінскага замчышча (бот, чаравік, поршань)

З шарсцяных нітак касцянымі іголкамі плялі рукавіцы, шкарпэткі, верхнюю вопратку. Узоры гэтага строю знойдзены ў Брэсце, Полацку, Віцебску. Шырокі ўжытак знаходзіў і лямец, які ішоў на выраб вупражы, сёдлаў, шатроў, шапак. Цэлая шапка з лямцу накшталт беларускай магеркі выяўлена ў пласце XIII ст. у Брэсце.

Гандаль

Не ўсе патрэбы ў сыравіне, прадуктах харчавання і прадметах рамесніцкай вытворчасці маглі быць задаволены на месцы. Да таго ж у чымсьці на той час быў і лішак мясцовай прадукцыі, якую можна было прадаваць ці абмяняць. Шырокі гандлёвы абмен вёўся з паўднёварускімі гарадамі, найперш з Кіевам, куды амаль з паўсвету сцякаліся тавары іншаземных купцоў.

Вырабы паўднёварускай вытворчасці прадстаўлены знаходкамі шкляных бранзалетаў (хаця некаторая іх частка выраблялася і ў гарадах Беларусі - Полацку, Віцебску, Друцку), пацерак, пярсцёнкаў, посуду. З паўночнага Прычарнамор'я даходзілі на Беларусь амфары з віном і алеем. Вялікая колькасць гэтага посуду сабрана ў Навагрудку, ёсць ён у Мінску, Полацку, Віцебску, Брэсце і інш. З Каўказа сюды прывозілі самшыт, з якога выразалі грабяні. Адтуль жа паступаў і валошскі арэх. З Візантыі, Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі дастаўляўся шыкоўны шкляны посуд, распісаны эмаллю і золатам. Фаянсавы посуд прывозіўся з Персіі. З арабскага Усходу і Візантыі часам прывозілі і дарагія тканіны (павалокі). Фрагмент шыкоўнай шоўкавай вопраткі, вышытай залатымі ніткамі, знойдзены ў Мінску. Нават з далёкага Індыйскага акіяна траплялі на Беларусь рэчы. Гэта ракавінкі кауры, што ішлі на аздобу маністаў. Яны знойдзены ў Гродне, Полацку і Віцебску. Цікавая знаходка выяўлена ў Ваўкавыску - рэшткі касцей паўліна, знойдзеныя ў пласце XII ст. Радзімаю гэтых дзівосных істот з'яўляюцца астравы Цэйлон і Суматра. Несумненна, што такая рэдкая для нашых краёў птушка магла належаць вельмі заможным людзям - князю або знаці.

Магчыма, з Ноўгарада або з Прыбалтыкі ці праз Польшчу ў гарады Беларусі трапілі тавары заходнееўрапейскай вытворчасці. Так, у Навагрудку знойдзены бронзавы кубак XII ст., які паходзіць з Самбіі, і залаты пярсцёнак з лацінскім надпісам (XIII-XIV стст.). У Гродне сярод старажытнасцей Барысаглебскай царквы выяўлены бронзавы рукамыйнік-вадалей у выглядзе ўзброенага конніка (Ніжняя Саксонія, першая палова XIII ст.) [9]. У Ваўкавыску знойдзена наверша з косці маржа ў выглядзе галавы льва, які паглынае чалавека (Паўднёвая Германія, другая палова ХIІІ ст.), у Мінску - абломак касцяной лыжачкі для прычасця ў выглядзе фігуркі святога з рогам (Францыя, XII ст.), зброя скандынаўскага паходжання (мячы, шлем) знойдзена ў некаторых гарадах Панямоння і ў Полацку.

У Візантыю і Заходнюю Еўропу гарады Беларусі пастаўлялі найперш дарагія футры (куніцы, собаля, вавёркі), мёд, воск, смалу, лён і вырабы з яго, зброю, замкі, разную косць, вырабы са срэбра, жывёлу і рабоў, захопленых у час войнаў, пра што іншым разам згадваюць пісьмовыя крыніцы. Каляровыя і высакародныя металы траплялі ў Беларусь толькі прывазным шляхам у вышку гандлёвага абмену. Пра добра наладжаны гандаль сведчаць знаходкі ў гарадах і ў некаторых пахаваннях ручных вагаў, бязменаў, гірак-разнаваг.

Грашовае абарачэнне

У IX-X стст. у грашовым абарачэнні на Беларусі былі арабскія срэбныя манеты-дырхемы [10]. Вялікі скарб такіх грошай вагой больш за 20 кг знойдзены каля Полацка У XI ст. распаўсюджваюцца срэбраныя манеты - дэнарыі з Германіі, Англіі, Чэхіі, Угоршчыны, Францыі і Паўночнай Італіі. Зрэдку трапляюць на тэрыторыю Беларусі срэбраныя і залатыя грошы візантыйскага паходжання. У гэты ж час вядомыя ўжо і ўласна грошы ўсходнеславянскага паходжання, якія чаканіліся ў Кіеве, - срэбранікі і златнікі. На Беларусі знойдзена некалькі соцень срэбранікаў і дзесятак златнікаў.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

У XII-XIII стст. на Беларусі быў "безманетны перыяд". Таму ў абарачэнні хадзілі плацежныя зліткі са срэбра. Гэта кіеўскія, вырабленыя ў форме падоўжанага ромба з адсечанымі вострымі вугламі (вага 140-165 г), наўгародскія-у выглядзе лодкападобнага бруска, вагою 200 г і літоўскія ці заходнерускія ў выглядзе палачкі вагою 100-110 г. У пісьмовых крыніцах гэтыя зліткі называюцца грыўняй, рублём, срэбрам літым, а палавінкі іх - паўцінаю. У Полацкім княстве мелася свая назва іх - "ізрой". У якасці дробных грошай маглі ўжывацца шыферныя праслачкі, алавяныя пломбы, футры дробных жывёл.

Крыніцы:

  • [1] Гурин М.Ф. Древнее железо Белорусского Поднепровья. Мн., 1982. С. 19-27.
  • [2] Гурин М.Ф. Кузнечное ремесло Полоцкой земли. IX-XIII вв. С. 91-95.
  • [3] Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 2. С. 151-155.
  • [4] Гурэвіч Ф.Д. Археалагічныя даследаванні Наваградка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 1. С. 19.
  • [5] Раппопорт П.А. Строительное производство Древней Руси (X-XIII вв.). СПб., 1994.
  • [6] Алексеев Л.В. Художественные изделия косторезов из древних городов Белоруссии// С А. 1962. №4. С. 197-210.
  • [7] Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв. Мн., 1988.
  • [8] Тарасов С.В. Технология и инструменты кожевенно-сапожного ремесла Полоцка и Минска (XI-XVIII вв.) // Памятники науки и техники 1987-1988. М., 1989. С. 164-174.
  • [9] Гуревич Ф.Д. Древние города Белорусского Понеманья. С. 36.
  • [10] Щапов Я.И. О функциях общины в Древней Руси // Общество и государство феодаль¬ной России. М., 1975. С. 15.
Каментары чытачоў
pp[ напiсаў(ла) 16.03.2013 16:00


'/

;/;;

 

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.