Звычаёвае права, закон і суд

Сведчанні звычаёвага права

У старажытных грамадствах існавалі спосабы паводзін, якія былі звыклымі для іх членаў. Сукупнасць няпісаных правіл паводзін (звычаяў), якія склаліся ў грамадстве ў выніку іх выкарыстання на працягу доўгага часу і санкцыяніраваных дзяржавай, называецца звычаёвым правам. Найбольш характэрна звычаёвае права для раннесярэднявечнага грамадства.

Паводле паведамлення "Аповесці аб мінулых часах", асобныя этнічныя аб'яднанні ўсходніх славян "мелі бо звычаі свае, і законы бацькоў сваіх і паданні, кожны - свой нораў... Гэтага ж звычаю трымаліся крывічы і іншыя паганыя, што не ведаюць закону Божага, а самі сабе ўстанаўляюць закон" [1].

Даследчыкі адзначаюць тры характэрныя рысы звычаёвага права. Першая асаблівасць - гэта яго партыкулярызм (раз'яднанасць). У кожнай мясцовасці, старажытным княстве дзейнічала сваё мясцовае звычаёвае права. Другая рыса - традыцыяналізм, нязменнасць норм звычаёвага права, іх кансерватызм. Трэцяя рыса - дуалізм (дваістасць) гэтага права, які зыходзіў з фармальнай роўнасці свабодных людзей пры існаванні поўнага бяспраўя рабоў: халопаў, чэлядзі нявольнай [2].

Звычаёвае права папярэднічае закону. Звычай не мае санкцыі, зацвярджэння яго якой-небудзь заканадаўчай уладай. Звычаёвае права, як і ўсялякае права, змяняецца і развіваецца, але адносна звычаю ў адрозненне ад закона нельга назваць асобу ці асоб, ад якіх дадзены звычай пайшоў.

Найбольш старыя пісьмовыя помнікі ўсходніх славян захавалі некаторыя нормы звычаёвага права, якія ўзыходзяць яшчэ да родаплемяннога ладу. Яркае адлюстраванне яны знайшлі ў так званай кароткай рэдакцыі Рускай Праўды. Першы артыкул гэтай рэдакцыі гаворыць аб наяўнасці ў славян інстытута кроўнай помсты: "Калі чалавек заб'е чалавека, то помсціць брат за (забойства) брата, сын за бацьку ці дваюрадны брат, ці пляменнік з боку сястры".

Захаваліся іншыя сведчанні славянскага звычаёвага права, якія ўзыходзяць да глыбокай старажытнасці. Гэта прымяненне ў судовым працэсе такіх відаў "доказаў", як выпрабаванне вадой і распаленым жалезам (ардаліі), судовыя паядынкі і інш.

Нормамі няпісанага звычаёвага права доўгі час рэгуляваліся ўнутрысямейныя адносіны ў сялянскім побыце. Звычай вызначаў няпісаныя правілы паводзін і маралі, адносін да працы, зямлі, прыроды, маёмасці. Асновай сямейных узаемаадносін разам з кроўнароднаснымі і шлюбнымі сувязямі было права на спадчыну, якое рэгламентавалася звычаёвым сямейным правам. У кампетэнцыю сямейнага права ўваходзілі справы, якія датычылі сямейна-бытавых адносін, апекі старых і недарослых, заключэння шлюбу, усынаўлення і прыняцця ў сям'ю чужакоў, атрымання ў спадчыну і падзелу сямейнай маёмасці, становішча жанчыны, выхавання дзяцей, правоў і абавязкаў членаў сям'і і інш. [3]

Паводле звычаю, сям'ю (як вялікую, так і малую) узначальваў самы стары, але яшчэ здольны да спраў і працы мужчына - бацька. У выніку смерці бацькі ўсе правы сям'і перакладаліся на яго жонку - маці ці на дарослага старэйшага сына.

Згодна старажытнаславянскім звычаям, абшчына мела правы абароны свайго члена. Менавіта гэта вяло да права абшчыны суда над ім. У беларускіх землях найбольш старажытным быў суд "послухаў" (ведаючых людзей). Са з'яўленнем княжацкай улады абшчына захоўвала права суда над сваімі членамі ў тым выпадку, калі яна для гэтага плаціла князю гадавую віру [4].

Рэшткі старажытных форм народнага суда, што ўзыходзілі да язычніцкіх часоў, захоўваліся ў элементах звычаёвага народнага права, якое выкарыстоўвалася ў так званых копных сходах беларускага сялянства эпохі сярэднявечча, у практыцы "коп" ці копных сходаў выкарыстоўваліся нормы звычаёвага права, ці, як тады пісалі, "звыкласці старадаўняй", "звычаю" і інш. [5]

Звычаёвае права рэгулявала дзяржаўныя павіннасці насельніцтва. Так, павіннасць па абароне сваёй зямлі абавязаны былі выконваць усе мужчыны, здольныя насіць зброю. Наогул старажытнае звычаёвае права было вельмі разгалінаваным і рэгламентавала ўсе бакі чалавечых адносін: ад сямейных спраў да пагранічных спрэчак.

У кожным усходнеславянскім княстве-дзяржаве дзейнічала сваё мясцовае звычаёвае права. У старажытных помніках пісанага права асноўны змест складалі нормы, узятыя са звычаёвага права, а спачатку пісанае права толькі дапаўняла яго.

Пісьмовае права XI-XII стст.

Славяне свае старажытныя законы называй "праўдамі". На працягу XI ст. ствараўся першы варыянт пісьмовага ўсходнеславянскага права, які вядомы пад назвай "Руская Праўда". Яна складалася на аснове старажытных славянскіх звычаяў, якія існавалі ўжо шмат стагоддзяў. У яе ўключаліся і новыя юрыдычныя нормы. Запіс юрыдычных норм павінен быў пачацца перш за ўсё ці ва ўмовах знешніх зносін, дзе "праўда" мясцовая сутыкалася з законам іншых краін, ці ў княжацкай гаспадарцы са зборшчыкамі штрафаў і даніны, якія ўвесь час ездзілі па ўсіх валасцях падуладных плямён і там судзілі і каралі ад імя свайго князя паводле яго законаў.

Цікавая звестка пра полацкага князя Усяслава змешчана ў "Слове пра паход Ігаравы". Вядомы гісторык М. Ціхаміраў прапанаваў інтэрпрэціраваць выраз "Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады", што тут змешчаны, як сведчанне пра нейкія судовыя новаўвядзенні, якія здзяйсняў Усяслаў, калі знаходзіўся на велікакняжацкім стале ў Кіеве. Князь абяцаў непасрэдна кіраваць судаводствам, не аддаючы яго ў рукі сваіх цівуноў. Пры Усяславе гараджане маглі атрымаць гандлёвыя ільготы і вызваленне ад жорсткай княжацкай апекі [6]. У тыя гады ствараўся помнік сярэднявечнага права Кароткая Праўда. Нормы гэтага дакумента з'явіліся ў вьшіку заканатворчай дзейнасці княжацкай улады. Узнікненне гэтага помніка звязана з паўстаннямі смердаў і гараджан 1068-1071 гг. Не выключаны ўскосны ўдзел полацкага князя Усяслава ў складанні такога дакумента.

Руская Праўда як усялякі зборнік законаў звяртае ўвагу на крымінальныя справы (забойствы і крадзеж). У ёй гаворыцца аб шмат чым іншым: як падзяляць спадчыну, як адшукваць злодзеяў па іх слядах, колькі трэба плаціць працэнтаў за ўзятыя,ў доўг грошы і т.д. [7]

Уяўленне аб помніках права, якія дзейнічалі ў беларускіх землях у XII ст., можна атрымаць з устаўных грамат смаленскага князя Расціслава. Гэтыя граматы (1136-1150) паказваюць далейшае развіццё норм старабеларускага права ў параўнанні з Рускай Праўдай. Граматы князя Расціслава Мсціслававіча і епіскапа Мануіла вызначаюць прававое становішча Смаленскай епархіі (епіскапіі). Граматы таксама ўтрымлівалі важныя даныя аб плацяжах, якія браліся княжацкай казной з насельніцтва [8]. Трэба нагадаць, што да Смаленскага княства тады належала ўсходняя частка сучаснай Магілёўскай вобласці з гарадамі Мсціславам, Крычавам, Слаўгарадам.

"Праўда" (дагавор) 1229 г. і пытанне судаводства

Каштоўным помнікам беларускага сярэднявечнага права з'яўляецца "Праўда" (дагавор) 1229 г. беларускіх гарадоў з Рыгай і Гоцкім берагам. У літаратуры ён вядомы пад назвай "Смаленская гандлёвая праўда". Гэты дагавор у нейкай ступені быў заснаваны на Рускай Праўдзе і асабліва на дагаворах Полацка з Рыгай 1210, 1212 гг.

Тэкст Смаленскай гандлёвай праўды 1229 г. утрымлівае паміж іншым нормы беларускага права, якія дзейнічалі ў Смаленску, Полацку, Віцебску ў пачатку XIII ст. Ён налічваў 37 артыкулаў. У апошнім артыкуле гаворыцца: "Та же правда буде Русину (в Ризе) и Немчию по Смоленьской волости и по Полотьскои и по Витебьскои" [9].

У "Праўдзе" ўстанаўліваецца штраф за забойства свабоднага чалавека і халопа (раба), прычым штраф за забойства халопа ў 10 разоў менш (1 грыўня срэбра).

Сацыяльны артыкул (№ 3) устанаўляе двайны штраф на забойства і знявечанне пасла ці іншых прадстаўнікоў пасольства. Ахова недатыкальнасці членаў пасольства сведчыць аб значным узроўні развіцця міжнародных адносін і дыпламатычнай практыкі беларускіх сярэднявечных княстваў.

"Праўда" 1229 г. забараняла незаконнае затрыманне (арышт) "русінамі" "немчынаў" і наадварот. Асобным артыкулам прадугледжвалася гарантыя дапамогі таму, хто пацярпеў бедства на вадзе.

Забаранялася прымяненне "ардалій" пры допыце і "'паядынку" ў выпадку спрэчак, якія маглі ўзнікнуць паміж прадстаўнікамі дагаворных бакоў. Дагавор санкцыяніраваў расправу русінаў і нямецкіх купцоў з "тацямі", якія захоплены на месцы злачынства. Гэтым самым падкрэслівалася ахова правоў уласнасці.

У артыкуле 7 гаворыцца аб адказнасці гаспадара за даўгі халопа і аб маёмасці халопа ("задніца", "останок"). Прызнанне за рабамі права ўласнасці на маёмасць сведчыць аб новым поглядзе на рабства, якое змякчалася, а затым паступова знікала. Змякчэнне рабства бачна таксама на прыкладзе артыкула 12. Паводле яго, за згвалтаванне рабыні выплачваўся штраф (1 грыўня срэбра) "за сорам" [10]. Значыць, рабыня мела нейкую абарону, бо нанесеная ёй знявага каралася штрафам. Гэта зусім новая рыса, якая не была вядома Рускай Праўдзе.

"Праўда" 1229 г., тэкст якой утрымлівае элементы беларускай мовы [11], пацвярджае, што беларускае раннефеадальнае права шырока ўжывалася ў старабеларускіх землях і ў той жа час яно аказвала нейкі ўплыў на развіццё міжнароднага права гэтага часу.

Суд існаваў ужо ва ўмовах патрыярхальна-родавага ладу. Суд быў грамадскім. Ён ажыццяўляўся перад сходам свабодных людзей дадзенай абшчыны. Тады ўзнаўленне парушанага права было справай роду. Перажыткам гэтай з'явы доўгі час заставаўся інстытут кроўнай помсты.

Судаводства вялося сіламі саміх спрачальнікаў з удзелам абшчыны ці яе членаў, што таксама было перажыткам старажытнага самаўпраўства. Абшчына (верв) адказвала за злачынствы, зробленыя на яе тэрыторыі, у тых выпадках, калі яна не прымала ўдзелу ў выяўленні злачынца. Працэс "следа" быў у тым, што ісцец не звяртаўся да суда. Ён з дапамогай сваіх пасобнікаў арганізоўваў пагоню па слядах злодзея, які ўцёк.

Са з'яўленнем дзяржаўнай улады адказнасць за правапарушэнні ва ўсё большай ступені несла асоба, якая здзейсніла злачынства, а не абшчына. Суд станавіўся прэрагатывай князя і яго прадстаўнікоў. З судовай справы князь ці яго прадстаўнік атрымлівалі з вінаватага штрафы - "віры" за забойства і крадеж. З цягам часу судовае разбірацельства ператварылася ў амаль паўсядзённы занятак князя.

Суд звычайна адбываўся на княжацкім двары. Але розныя заняткі, асабліва паходы, прымушалі князя пакідаць с^ваю рэзідэнцыю, свой двор. Таму ён назначаў сабе ў дапамогу цівуна, які быў абавязаны судзіць і караць у адсутнасць князя, часам нават і пры ім.

Ісцец і адказчык уступалі ў спрэчкі перад суддзёй. У выпадках зусім зразумелых спраў не патрабавалася якіх-небудзь новых доказаў, акрамя тых, якія прадстаўлены ісцом. Калі справа была няяснай ці заблытанай, даводзілася шукаць новыя доказы.

Здаралася, што доказы віны, якія прымяняліся ў судах усходніх славян у X-XII стст., зводзіліся да так званага "судабожага". У яго аснове было тыповае сярэднявечнае ўяўленне, што бажаство як вярхоўны суддзя апраўдвае правых і карае вінаватых. Таму практыкаваліся прысяганне (клятва), ардаліі, судовыя паядынкі. Паўсюдна ардаліі былі двух відаў:, выпрабаванне жалезам (агнём) і выпрабаванне вадой. Даказваючы сваю правату, чалавек павінен быў узяць у рукі кавалак распаленага жалеза. Па прыкметах апека суддзі вызначалі правату ці вінаватасць абвінавачваемага. Выпрабаванне вадой зводзілася да своеасаблівага "спаборніцтва ў плаванні". Зразумела, той, хто ўтапіўся, справу прайграваў.

Полацкія воіны
Полацкія воіны XIII ст.

Судовы паядынак, ці "поле", уяўляў сабой вырашэнне спрэчнай справы перамогай ці паражэннем аднаго са спрачальнікаў, якія выступаюць у адзінаборства са зброяй у руках. Сэнс паядынку: бажаство не дапусціць перамогі вінаватага.

У Рускай Праўдзе паядынак "поле" невядомы. Упершыню ва ўсходнеславянскай крыніцы ён названы ў Смаленскай гандлёвай праўдзе 1229 г., дзе гаворыцца аб яго забароне ("Русину не звати Латина на поле бится у Руской земли; а Латынину не звати Русина на поле бится у Ризе и на Готском березе") [12].

Пры разглядзе грамадзянскіх і крымінальных. спраў даказаць сваю праўду звычайна спрабаваў кожны бок. Аднак галоўную ролю ў доказах мелі паказанні сведкаў, прысяга (цалаванне крыжа), "боскі суд" - ардаліі [13].

Апошнім, заключным момантам судовага разбірацельства было вынясенне прыгавору. Але мала вынесці прыгавор - яго трэба было выканаць. У некаторых выпадках судовы прыгавор выконваўся асобамі, якія выйгралі справу: спрэчную рэч яе ўласнік сам адбіраў у вінаватага, помсту здзяйсняў сам ісцец і т.д. У іншых выпадках пастановы суда прыводзіліся ў выкананне прадстаўнікамі ўлады: отракамі, дзецкімі і інш.

У Іпацьеўскім летапісе пад 1160 г, (фактычна 1159 г.) змешчана звестка аб існаванні ў Менску такіх відаў зняволення, як "паруб" (турма), - пабудова тыпу склепа і "жалезы" (жалезныя ланцугі). У дадзеным выпадку яны былі ўжыты для прадстаўнікоў княжацкага роду. У Віцебску княжацкі дзецкі нямецкага купца "за шию оковал, и руки и ногы" [14].

Такім чынам, Руская Праўда дае магчымасць назіраць развіццё пачаткаў судаводства ў славян на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Смаленская гандлёвая праўда 1229 г., адзін з нямногіх дакументаў, які дайшоў да нас, дае ўяўленне аб беларускім крымінальным, грамадзянскім і судовым праве ў перыяд раздробленасці, калі існаваў шэраг самастойных беларускіх княстваў.

Права і суд, якія існавалі ў раннім сярэднявеччы на старабеларускіх землях, сталі асновай заканадаўчых працэсаў, што потым адбываліся ў Вялікім княстве Літоўскім у перыяд позняга сярэднявечча.

Крыніцы:

  • [1] Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI-XV стст.). Мн., 1998. С. 13.
  • [2] Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992. С. 137,138.
  • [3] Владимирский-Буданов М.Ф. Очерки по истории литовско-русского права. Киев, 1980. С. 50-56.
  • [4] Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV столетия. Киев, 1895. С. 207-210.
  • [5] Труды IX Археологического съезда в Вильно в 1893 г. М., 1895. С. 242-260.
  • [6] Тихомиров М.Л. Древняя Русь. М., 1975. С. 109,110.
  • [7] Юшков С.В. История государства и права СССР. М„ 1962. Ч. 1. С. 123,124.
  • [8] Щапов Я.Н. Княжеские уставы и церковь в Древней Руси XI-XIV вв. М., 1972. С. 136-150.
  • [9] Смоленские грамоты XIII-XIV веков. М., 1963.
  • [10] Памятники права феодально-раздробленной Руси XII-XV вв. М., 1953. С. 62.
  • [11] Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы: Мн., 1963. С. 105.
  • [12] Памятники права феодально-раздробленной Руси XII-XV вв. С. 61.
  • [13] Вішнеўскі А.Ф., Саракавік І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1997. С. 11.
  • [14] Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1959. Т. 1. С. 77.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.