Прынцыпы перыядызацыі

Вучонымі распрацаваны розныя варыянты перыядызацыі гісторыі. Адны даследчыкі кіруюцца сацыяльна-эканамічнымі крытэрыямі, другія - шукаюць іх у галіне палітыкі, права, дзяржаўнасці ці ў сферы культуры і інш. У XIX - пачатку XX ст. у расійскай гістарыяграфіі была распаўсюджана так званая дзяржаўніцкая канцэпцыя гісторыі Расіі. Яе прытрымліваўся буйнейшы гісторык С. Салаўёў, які лічыў галоўнай рухаючай сілай гісторыі дзяржаву. На гэтым прынцыпе засноўвалася гістарычная перыядызацыя, якую ён распрацаваў.

Менавіта дзяржаўніцкі прынцып перыядызацыі быў устаноўлены ў гістарыяграфіі Беларусі У. Ігнатоўскім. У сваёй працы "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" (1919) ён пісаў: "Па асаблівасці палітыка-сацыяльнага і культурнага жыцця беларускага народа гісторыю Беларусі можна падзяліць на чатыры перыяды: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі і Расійскі", Яшчэ адзін перыяд ён назваў "Беларусь пасля звяржэння царызму". У .Ігнатоўскі разглядаў гісторыю Беларусі ў залежнасці ад таго, у склад якой дзяржавы ўваходзіла тады Беларусь. Такая перыядызацыя выкарыстоўваецца некаторымі гісторыкамі і цяпер.

У савецкай гістарыяграфіі панавала фармацыйная канцэпцыя перыядызацыі гісторыі (спосабы вытворчасці - першабытнаабшчынны, рабаўладальніцкі, феадальны, капіталістычны, сацыялістычны). Пры гэтым заўсёды падкрэслівалася, што ўсходнія славяне перайшлі ад першабытнаабшчыннага ладу да феадалізму, мінуючы стадыю рабаўладальніцкага грамадства. Гэта сцвярджалася і адносна Беларусі. Фармацыйная канцэпцыя перыядызацыі гісторыі, з'яўляючыся навуковай, мае свае хібы і супярэчнасці [1].

На пераломе 1980-1990-х гадоў з'явілася магчымасць адраджэння і далейшага развіцця нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, у распрацоўку якой унеслі ўклад навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ, асабліва М. Біч.

У 1991 г. была апублікавана новая канцэпцыя гістарычнай адукацыі ў сярэдняй школе [2]. На яе аснове створаны і выдадзены ў 1993-1995 гг. базавыя праграмы і вучэбныя дапаможнікі па айчыннай гісторыі. Была ўведзена новая перыядызацыя гісторыі Беларусі, узгодненая з перыядызацыяй сусветнай гісторыі паводле схемы: "Старажытны свет - сярэднія вякі - Новы час".

У заходнееўрапейскай гістарыяграфіі пераважала думка, што тэрміны "Старажытны свет", "сярэднія вякі", "Новы час" пазбаўлены пэўнага зместу і прыняты для зручнасці выкладання гісторыі, як традыцыйны падзел гістарычнага матэрыялу, які быў зроблены яшчэ гуманістамі эпохі Адраджэння. Савецкая (марксісцка-ленінская) гістарычная навука таксама карысталася гэтай традыцыйнай адносна краін Заходняй Еўропы перыядызацыяй, але ўкладвала ў яе зусім іншы змест. Гісторыкі-марксісты вызначылі сярэднія вякі як час панавання феадалізму, які змяніў рабаўладальніцтва, а затым Новы час перадаў гістарычную эстафету капіталізму.

Манаграфічныя даследаванні па пытаннях перыядызацыі гісторыі Беларусі адсутнічаюць. У апошнія гады з'явіліся асобныя артыкулы. У навуковым часопісе "Беларускі гістарычны агляд" Г.Сагановіч надрукаваў артыкул, дзе ён крытычна ставіцца да "пераносу заходнееўрапейскай перыядызацыі на мінулае Беларусі" [3]. Аўтар лічыць, што сам тэрмін "сярэднія вякі" непрыдатны для Беларусі. У сувязі з гэтым трэба нагадаць, што пачатак сярэднявечча звычайна гісторыкі вызначаюць Вялікім перасяленнем народаў і падзеннем Рымскай імперыі. Гэты працэс цягнуўся некалькі стагоддзяў у сярэдзіне 1-га тысячагоддзя н.э. і дата - 476 г. (звяржэнне апошняга рымскага імператара) вельмі ўмоўная. Вялікім перасяленнем народаў называюць перасяленне германскіх, славянскіх, сармацкіх і іншых плямён на тэрыторыю Рымскай імперыі ў IV-VII стст., якое ў значнай ступені садзейнічала яе падзенню. Менавіта ў гэты час славяне з'явіліся на тэрыторыі Беларусі. Праз суседнія з Беларуссю землі праходзіў гандлёвы шлях з рымскіх уладанняў да Бурштынавага берага Балтыйскага мора. Шматлікія рымскія манеты, якія знаходзяць на тэрыторыі Беларусі, сведчаць, што прабеларускае насельніцтва, якое тут пражывала, падтрымлівала гандлёвыя сувязі з насельніцтвам Рымскай імперыі.

Археолагамі даказана, што ў канцы V-VI ст. на тэрыторыі Беларусі з'явіліся славяне [4]. Да гэтага каранным насельніцтвам тут былі балты - продкі літоўцаў і латышоў. З'яўленне славян на тэрыторыі Беларусі мела найвялікшае значэнне для гістарычнага лёсу гэтага краю, дзе цяпер размешчана ўсходнеславянская дзяржава-Рэспубліка Беларусь. Яно прывяло да больш хуткага пераадолення многіх інстытутаў першабытнаабшчыннага ладу, садзейнічала ўзнікненню гарадоў і паскарала развіццё раннефеадальных адносін. Тут як бы ў мініяцюры назіралася тое, што адбывалася некалькі стагоддзяў раней на граніцах Рымскай імперыі і Візантыі, дзе з'яўленне варвараў садзейнічала ліквідацыі старых грамадскіх адносін і зацвярджэнню новых. Тэмпы грамадскага і гаспадарчага развіцця ў славян былі больш інтэнсіўнымі, чым у балтаў. Таму славяне здолелі іх асіміляваць. Вось чаму важна браць за важнейшую вяху ў гісторыі Беларусі VI ст. і шэраг наступных стагоддзяў і лічыць іх раннім сярэднявеччам на Беларусі.

У сярэднія вякі феадалізацыя грамадства развівалася рознымі шляхамі, прычым яны мелі свае рэгіянальныя асаблівасці ў асобных землях і краінах. Таму гісторыкі вылучаюць у Еўропе лакальныя мадэлі цывілізацыі (заходнаеўрапейская, цэнтральнаеўрапейская, усходнееўрапейская) і рэгіёны з рознымі формамі і тэмпамі грамадскага развіцця [5].3 улікам гэтага і трэба разглядаць гісторыю Беларусі ў сярэднія вякі.

У гістарыяграфіі Беларусі, асабліва ў апошнія гады, усё часцей ужываецца перыядызацьія "па стагоддзях". Гэта самая простая перыядызацыя ў няпростых умовах пераходнага перыяду. Толькі гэта павінна быць не "арыфметычнае стагоддзе" [6]. Стагоддзі павінны аб'ядноўвацца ў пэўныя перыяды - адрэзкі часу, калі адбываліся падзеі, абмежаваныя пачаткам і заканчэннем шэрагу звязаных паміж сабой з'яў. Па такому прынцыпу перыядызацыі пайшоў аўтарскі калектыў гісторыкаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта пры стварэнні дапаможніка "Гісторыя Беларусі" (1998), дзе раздзелы называюцца "Беларусь у IX - сярэдзіне XIII ст.", "Беларускія землі ў сярэдзіне XIII - першай палове XVII ст." і г.д. Гэты прынцып перыядызацыі можна назваць храналагічна-тэрытарыяльным. Такі падыход непазбежны таму, што агульнапрызнаная перыядызацыя адсутнічае.

Па-іншаму дазваляе разглядаць сусветна-гістарычны працэс цывілізацыйны падыход. Цывілізацыя - гэта ў дадзеным выпадку ўзровень грамадскага развіцця, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пад цывілізацыяй трэба мець на ўвазе буйное аб'яднанне чалавечага грамадства на пэўнай тэрыторыі, якое ўзнікае ў выніку рознабаковай дзейнасці людзей. Гэта дзейнасць уключае ўсе сферы жыцця: гаспадарку, рэлігію і ўвогуле ўсю культуру чалавека, а таксама дзяржаву. Сутнасць кожнай цывілізацыі найперш праяўляецца ў духоўных асновах і каштоўнасцях. Таму цывілізацыі застаюцца на доўгі час устойлівымі гістарычнымі рэаліямі. Дастаткова абгрунтаваным уяўляецца вылучэнне ўсходнеславянскай цывілізацыі і вызначэнне яе асаблівасцей.

Г. Штыхаў

Крыніцы:

  • [1] Штыхаў Г.В. Перыядызацыя гісторыі Беларусі: Беларусь у свеце і часе // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 3. С. 48-49
  • [2] Настаўніцкая газета. 1991.30 лістап.
  • [3] Сагановгч Г. У пощуках Сярэднявечча// Беларускі гістарычны агляд. 1997. Т. 4. Сш. 1-2. С. 9-17.
  • [4] Археалогія Беларусі. Т.2. С. 317-319,449,450.
  • [5] Риер Я.Г. Очерки истории средневековых цивилизаций. Могилев, 1997. С. 7-53.
  • [6] Кошалеў У.С. Гістарычная перыядызацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т. 3. С. 10:
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.