Сельская абшчына і вёска ў IX—XIII стст.

Развіццё сельскай абшчыны

Як ужо гаварылася, на працягу VIII-IX стст. на змену буйным патрыярхальным абшчынам, якія абаранялі інтарэсы сваіх членаў у сутыкненнях з іншымі людзьмі і выконвалі ўнутраныя вытворчыя і адміністрацыйныя функцыі, прыходзіць новая грамадская форма - сельская (суседская) абшчына. Яна складалася ў асноўным з малых індывідуальных сем'яў. У пісьмовых крыніцах гэта абшчына называецца "пагостам", "мірам" альбо "верв’ю" (апошні тэрмін характэрны для паўднёвых тэрыторый усходніх славян). У абшчыну ўваходзілі не толькі тыя сем'і, што былі звязаны паміж сабою роднасцю, але і з іншых родаў. Такое спалучэнне стварылася ў выніку кайанізацыі ўсходнеславянскімі плямёнамі тэрыторый, дзе сустракаліся носьбіты рознага этнасу, прадстаўнікі розных мікра-плямён - родавых абшчын [1].

У пачатковы перыяд фарміравання феадалізму суседская абшчына заставалася найбольш масавай сацыяльнай структурай, адной з асноўных форм арганізацыі грамадства. Пад уплывам княжацкай улады і новага феадальнага ўкладу яе развіццё ў гэты час не было прамалінейным і бесперапынным. Фарміраванне і ўмацаванне дзяржаўных утварэнняў у IX-X стст., эксплуатацыя насельніцтва шляхам збору даніны, віраў (штрафаў) і іншымі сродкамі прывялі да ліквідацыі шэрагу першапачатковых функцый абшчыны. Разам з тым княжацкая ўлада надала абшчыне новыя абавязкі, якія ператваралі яе часткова ў орган дзяржаўнага кіравання. Сельская абшчына ўяўляла сабой тэрытарыяльнае аб'яднанне непасрэдных вытворцаў-земляробаў [2]. Гэта былі сяляне, якія яшчэ не трапілі ў прыватнаўласніцкую залежнасць і былі падпарадкаваны толькі дзяржаве. Абшчына несла адказнасць перад княжацкімі ўладамі за выкананне дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Ворная зямля знаходзілася ва ўладанні сялян-уласнікаў і перадавалася ў спадчыну. Абшчына атрымлівала права карыстання непадзеленымі землямі. Яна валодала самакіраваннем: выбірала свае органы кіравання, мела свой абшчынны суд. У ёй захавалася кругавая парука, кожны з яе членаў удзельнічаў у стварэнні грамадскага фонду і мог атрымаць ад абшчыны матэрыяльную дапамогу. З грамадскага фонду абшчына выплачвала так званую "дзікую віру", г.зн. калектыўна адказвала за розныя злачынствы на сваёй тэрыторыі [3]. Князь умешваўся ва ўнутраныя справы абшчыны толькі тады, калі дзейнасць яе членаў несла пагрозу яго ўладзе і ўласнасці. Паводле закона Рускай Праўды, калі абшчыннік забіў прадстаўніка княжацкай адміністрацыі (агнішчаніна), князь пазбаўляў абшчыну права сумеснай выплаты віры і ўскладваў выплату вялікай сумы (80 грыўняў) толькі на забойцу. У выпадку нявыплаты апошнім віры ён забіраўся з абшчыны і станавіўся княжацкім халопам (рабом).

У XI ст. у выніку ўзнікнення царкоўнай дзяржаўнай арганізацыі сельская абшчына пазбаўлялася сваіх функцый, звязаных з афармленнем сям'і і яе жыццём, сацыяльнымі канфліктамі, якія не пагражалі непасрэдна княжацкай уладзе. Да гэтых функцый, напрыклад, належалі пытанні заключэння і скасавання шлюбу, калі былі адхіленні ад прынятых норм: выкраданне нявесты, адмова жаніха ад шлюбу пасля заключэння дамовы, адмова мужа забяспечваць жонку без дастатковых падстаў для гэтага і інш.

Сельская абшчына паступова трапляла ў залежнасць ад феадалаў-вотчыннікаў. Яе члены з уласнікаў ператвараліся ў трымальнікаў зямлі, а сама абшчынная арганізацыя альбо разбуралася, альбо падпарадкоўвалася вотчыне, губляючы рэшткі сваіх функцый.

Сельскія неўмацаваныя паселішчы

Паселішчы адносяцца да найменш вывучанай катэгорыі ўсходнеславянскіх помнікаў. Звесткі пісьмовых крыніц пра іх вельмі бедныя, таму шмат якія пытанні гісторыі вёскі вырашаюцца з дапамогаю археалагічных крыніц. Даныя археалогіі дазваляюць высветліць тапаграфію і планіроўку сярэднявечнай вёскі, яе памеры і вонкавы выгляд, час існавання, канструкцыю жытла, а таксама вырашаць праблемы дэмаграфіі, рассялення, сацыяльнай гісторыі вёскі і інш.

Асноўным тыпам паселішча на землях Беларусі ў IX-XIII стст. была "весь", дзе жылі свабодныя сяляне-абшчыннікі. У пісьмовых крыніцах яна ўпамінаецца пераважна ў агульнай форме, як супрацьлегласць гарадам. Другім тыпам сельскіх паселішчаў, дзе першапачаткова жылі свабодныя сяляне, было "сяло". Пазней гэты тэрмін пачаў ужывацца ў адносінах да паселішчаў, што належалі свецкай і духоўнай знаці і засяляліся залежнымі ад іх людзьмі. Так, пад 1287 г. у летапісе гаворыцца, што цяжка хворы ўладзіміра-валынскі князь Уладзімір Васількавіч завяшчаў у выпадку сваёй смерці некалькі сёл і г. Кобрын "княгіні сваёй" [4]. Звычайна ў такіх месцах мелася сядзіба самога феадала ці яго сельскай адміністрацыі.

Верагодна, адно з паселішчаў такога тыпу было даследавана каля г. Чавусы Магілёўскай вобласці [5]. Яно размешчана на ўзвышаным участку левабярэжнай тэрасы р. Бася. На поўдні і поўначы тэрыторыя селішча абмежавана лажбінамі, на захадзе - уступам і абрывам тэрасы. Культурны пласт прасочваецца ўздоўж берага паласой 250x115 м, яго агульная плошча - 2,5 га. Да паўночнай мяжы селішча прылягае курганны могільнік, у якім налічвалася 130 насыпаў. Пры раскопках селішча выяўлены рэшткі, што засталіся ад наземных зрубавых жылых збудаванняў і слупавых пабудоў X-XVI стст., шмат керамічных вырабаў, шэраг рэчаў з чорнага і каляровых металаў, каменныя праслачкі для верацён, вырабы з косці і рога, шкляныя пацеркі і інш. Значная большасць знаходак датуецца XI ст., што паказвае час найбольшай інтэнсіўнасці жыцця на паселішчы.

Асноўнымі заняткамі насельніцтва тут былі ворнае земляробства і жывёлагадоўля. З калекцыі вызначаных касцей 73% належалі хатняй жывёле, у большасці - буйной рагатай. Сярод дзікіх жывёл пераважаюць косці лася. Даволі разнастайным было рамяство. Жыхары селішча займаліся кавальствам, ганчарствам, ювелірнай справай. Аб металургічнай вытворчасці сведчаць знаходкі шлакаў і кавалкі жалезных крыц.

На селішчы знойдзены таксама рэчы, не характэрныя для звычайных вяскоўцаў таго часу: фрагменты шыйнай грыўні, пласціначных бранзалетаў, амуніцыя прафесійных воінаў. Гэтыя знаходкі дазваляюць меркаваць, што на селішчы каля Чавус была сядзіба прадстаўніка княжацкай адміністрацыі ці дружынніка-землеўладальніка.

У жыцці сярэднявечнага Чавускага паселішча вылучаюцца некалькі этапаў. У X ст. яно існуе як звычайнае радзіміцкае паселішча ("весь"). У XI ст. тут пасяляецца прадстаўнік феадала, з чым звязана хутчэй за ўсё з'яўленне ў XII ст. перасяленцаў ("сяло"). На рубяжы XII-XIII стст. феадал ці яго прадстаўнік пакідае паселішча і пачынаецца перыяд яго заняпаду. Асабліва яскрава апошні прасочваецца ў XIV ст., а ў пачатку XVI ст. паселішча зусім знікае.

У пісьмовых крыніцах XII ст. з'яўляюцца паселішчы з назвай "слабада" (свабада). Найбольш верагодна, што яны ўяўлялі сабой месцы, дзе знаць пасяляла цалкам залежных ад сябе людзей, нярэдка якой-небудзь адной прафесіі (жалезаздабытчыкі, кавалі і г.д;). У адрозненне ад іншых паселішчаў, жыхары слабод пастаянна ці на пэўны тэрмін маглі быць вызвалены ад дзяржаўных павіннасцей.

Тэрыторыю сельскіх абшчын, а таксама іх цэнтральнае паселішча называлі тэрмінам "пагост". Упершыню ў летапісах такая назва ўжываецца ў сувязі са знакамітым паходам кіеўскай княгіні Вольгі на драўлян і на Ноўгарад у 40-х гадах X ст., дзе яна "устави... погости и дани". Адсюль вынікае, што пагост - гэта тэрытарыяльная адзінка, якая была створана князем для збору даніны і ажыццяўлення адміністрацыйнай улады. Аднак вядома, што князі пры арганізацыі пагостаў маглі выкарыстоўваць ужо існуючую структуру абшчынных паселішчаў і шмат якія пагосты ўзніклі на старой абшчыннай аснове. Пагост звычайна з'яўляўся найбольш буйным паселішчам у акрузе і мог быць умацаваным альбо адкрытым. Яго акружалі некалькі звычайных "весяў". Такія скапленні паселішчаў у літаратуры называюць "гнёздамі", а тып рассялення насельніцтва - скучана-гнездавым.

Магчыма, менавіта пагост вывучаўся археалагічнымі раскопкамі ў межах сучаснага Мінска пры будаўніцтве мікрараёна Малінаўка-1. Паселішча знаходзілася каля в. Дружба (былая Рылаўшчына) на тэрасе правага берага р. Лошыца і займала плошчу каля 2,5 га. Вакол яго яшчэ ў пачатку XX ст. налічвалася некалькі курганных могільнікаў і асобных насыпаў. Раскопкамі даследавана 1120 м2 плошчы помніка пры магутнасці культурнага пласта да 0,5 м.

Знойдзены рэшткі 29 наземных зрубавых жылых збудаванняў, гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы X-XIII стст., адкуль паходзіць пераважная большасць старажытных рэчаў [6]. Дакладнае датаванне будынкаў дало магчымасць вылучаць у жыцці селішча пяць храналагічных перыядаў і прасачыць дынаміку яго развіцця. У першым перыядзе (X ст.) на даследаванай плошчы знаходзілася 9 жылых, 3 гаспадарчыя і 2 вытворчыя забудовы. У другім перыядзе (першая палова XI ст.) назіраецца павелічэнне колькасці паоудоў, прычым усе яны былі пабудаваны на свабодных участках, а дамы папярэдняга перыяду працягвалі існаванне. У трэцім перыядзе (другая палова XI ст.) працэс павелічэння паселішча працягваецца, але меншымі тэмпамі. На новых месцах пабудаваны толькі 3 жылыя пабудовы, астатнія - на старых месцах. На гэты час прыпадае максімальная колькаць жылля на даследаваным участку - і пабудоў. Аднак к пачатку XII ст. колькасць пабудоў паступова памяншаецца, а ў першай палове XII ст. падае да ўзроўню X ст. (9 пабудоў). У гэты час будаўніцтва на вольных участках спыняецца, аднаўляюцца толькі старыя пабудовы. Апошні храналагічны перыяд (другая палова XII ст. - першая палова XIII ст.) характарызуецца далейшым памяншэннем тэрыторыі паселішча. Колькасць дамоў у сярэдзіне XIII ст. скарацілася да 5, што складае 29,4% ад усёй колькасці ў перыяд яго найвышэйшага росквіту.

Як і на селішчы каля Чавус, асноўнымі заняткамі насельніцтва паселішча Дружба былі земляробства і жывёлагадоўля. Паводле вызначэння археалагічных матэрыялаў, у апошнім дамінавалі буйная рагатая жывёла (52,3%) і каняводства (23,8%). Акрамя таго, знаходкі рэшткаў сырадутных печаў і шлакаў, тыгляў і вырабаў з каляровых металаў сведчаць пра развіццё на селішчы чорнай металургіі і ювелірнага рамяства. Ткацтва, прадзіва, апрацоўка дрэва, косці і рога існавалі тут у выглядзе хатніх промыслаў. Знаходкі вырабаў гарадскіх майстроў і імпартных рэчаў (амфары, крышталёвыя і сердалікавыя пацеркі) сведчаць пра тое, што жыхары селішча былі ўцягнуты ў эканамічныя зносіны з мясцовымі і далёкімі гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі.

Паказальна, што ўжо ў X ст. сярод жытла селішча вылучаюцца дзве пабудовы большых памераў, чым іншыя. У далейшым колькасць жылых збудаванняў адносна вялікіх памераў паступова павялічваецца. Менавіта тут былі знойдзены фрагменты цугляў, што сведчыць пра трыманне іх гаспадарамі верхавых коней. Знаходкі на донцах посуду княжацкіх знакаў у выглядзе трызубцаў гавораць пра тое, што гэта, верагодна, былі прадстаўнікі княжацкай адміністрацыі.

Структура сельскага рассялення ў IX-XIII стст. развівалася пад моцным уплывам прыродна-геаграфічных умоў. Жыццёвыя патрэбы чалавека ў ежы, вадзе, спрыяльным клімаце, наяўнасці паліва і іншай сыравіны прымушалі яго выбіраць месцы для паселішчаў недалёка ад вады, на тэрасах рэк і азёр, незатапляльных у час паводкі ўзвышшах у поймах рэк, звычайна не вышэй за 10 м над узроўнем вады і не далей 100-150 м ад вадасцёкаў. Большасць селішчаў мела адносна невялікую плошчу - 0,1-3 га, але сустракаюцца і вельмі буйныя - да 10-20 га.

Канструкцыя жытла была розная. Асабліва гэта тычыцца IX - першай паловы Х ст. На Палессі ў гэты час вядомы невялікія паўзямлянкі слупавой і каркасна-плятнёвай канструкцыі з глінянай купалападобнай печчу альбо з печчу-каменкай (Скорбічы, Хотамель) [7]. На поўнач ад Прыпяці з'яўляюцца наземныя дамы зрубавай канструкцыі. Па сваіх памерах спачатку яны былі аднолькавымі з паўзямлянкамі. На працягу другой паловы X ст.,на ўсёй тэрыторыі Беларусі паглыбленыя ў зямлю збудаванні канчаткова выціскаюцца наземнымі (Дружба, Чавусы, Франопаль, Гарадзішча, Грыўковічы). Пэўную ролю ў фарміраванні канструкцыі і інтэр'ера жытла адыгралі кліматычныя і геаграфічныя асаблівасці (наяўнасць будаўнічага матэрыялу, характар грунту і інш.).

Планіроўка і ў некаторай ступені памеры паселішчаў залежалі ад рэльефу мясцовасці. Пераважная большасць вёсак X-XII стст. на Беларусі мае бессістэмны і лінейны тып забудовы. Апошні ўжываўся пры будаўніцтве ўздоўж надпоймавых тэрас, схілаў яроў, высокіх карэнных берагоў рэк і азёр. Пабудовы на такіх селішчах выцягваліся пераважна ў адзін рад, але сустракаюцца і два рады. Пры бессістэмнай забудове ўжывалася некалькі варыянтаў планіроўкі: скучаная, калі дамы размяшчаліся побач адзін з адным, раскіданая, і самі будынкі размяшчаліся паасобку, хаатычна, і гнездавая, калі на паселішчы існавала адначасова некалькі груп скучаных пабудоў з незабудаванымі ўчасткамі зямлі паміж імі.

Паселішчы IX-X стст. звычайна былі больш буйнымі, чым у пазнейшы час. Паводле вынікаў даследаванняў у Заходнім Палессі, іх плошча ў сярэднім складала каля 1 га, зрэдку дасягала 4-5 га. Асноўная колькасць селішчаў, што ўзніклі ў XI - першай палове XIII ст., займала тэрыторыю 0,4-0,7 га, але меліся і большыя-да 2 га. Памяншэнне плошчы звязана з пераходам большасці гаспадарак ад падсечнага земляробства, якое патрабавала працы вялікіх калектываў, да ворнага. У XII-XIV стст. насельніцтва Беларусі пераходзіць да трохпольнай сістэмы ў земляробстве, якая патрабавала больш уважлівых адносін да раллі (угнаенні, барацьба з пустазеллем). Паколькі плошча раллі была невялікай, гэтыя ўмовы абмяжоўвалі і памеры паселішчаў. Яны мелі магчымасць павялічвацца, пакуль паблізу былі неапрацаваныя ўчасткі зямлі. Такім чынам, прычыны росту колькасці паселішчаў, асваення насельніцтвам новых тэрыторый у XI-XIII стст. заключаюцца ў зрухах у гаспадарцы і ў змяненні дэмаграфіі.

На пачатковым этапе рассялення людзі толькі прыстасоўваліся да прыроднага асяроддзя, пазней пачалі ўздзейнічаць на яго. Пад уплывам гаспадарчай дзейнасці чалавека паступова змяншаюцца тэрыторыі, занятыя лесам. Спачатку яго парубка вялася ў сувязі з падсечна-агнявым земляробствам і тычылася перш за ўсё шыракалістых лясоў з далін рэк, дзе былі найбольш урадлівыя глебы. Пазней, па меры павелічэння колькасці паселішчаў і насельніцтва ў цэлым, вырубка робіцца на больш адлеглых участках, асвойваюцца раней не заселеныя даліны рэк з некранутымі старажытнымі пушчамі. З цягам часу павялічваецца шчыльнасць паселішчаў у "гнёздах" і плошча гэтых "гнёздаў". Шмат якія з іх злучаліся паміж сабой і ператвараліся ў больш буйныя агламерацыі. На Беларусі такая сітуацыя вывучана ў Магілёўскім Падняпроўі і ў Заходнім Палессі [8]. У канцы IX- X стст. на Магілёўшчыне ўзнікла 18% усіх вядомых вёсак, у XI- XIII стст. - больш за 72, у XIV-XV стст. - усяго 9%. З улікам таго што ўсе паселішчы IX-X стст. працягвалі існаваць і пазней, атрымліваецца, што ў XI-XIII стст. тут існавала больш за 90% усіх вядомых усходнеславянскіх вёсак. У XIV ст. іх засталося каля 96%. Аналагічная сітуацыя прасочваецца ў Заходнім Палессі, дзе ў IX-X стст. узнікла 18% вядомых паселішчаў, у ХІ-ХІІІ стст. - 70, у ХІУ-ХУ стст. - 12%.

Значную ролю ў сельскім рассяленні мелі ваганні клімату. У VIII ст. у Еўропе пачынаецца пацяпленне, якое доўжылася да канца XII - пачатку

XIII ст. У той жа час паступова павялічвалася вільготнасць. У, XIII-

XIV стст. яна дасягнула сваёй найвышэйшай адзнакі, істотна павысіўся ўзровень грунтавых вод, што дазваляла больш эфёктыўна выкарыстоўваць студні. Пік вільготнасці супаў з пачаткам перыяду пахаладання. З цягам часу надвор'е станавілася ўсё больш няўстойлівым, халодныя зімы і неспрыяльныя для сельскай гаспадаркі вясна і лета здараліся ўсё часцей, асабліва ў XV ст., пакуль у XV ст. не наступіў так званы "малы ледавіковы перыяд".

Гарадзішчы-сховішчы і гарадзішчы-замкі.

Асобным тыпам сельскіх помнікаў X-XIII стст. з'яўляюцца гарадзішчы. Паводле функцыянальнага прызначэння яны падзяляюцца на некалькі груп. Сярод вядомых на сённяшні час большую частку складаюць так званыя гарадзішчы-сховішчы. Яны ўяўляюць сабой умацаванні, пабудаваныя членамі родавых абшчын для сваёй абароны ў выпадку небяспекі. Нярэдка абшчыннікі выкарыстоўвалі для гэтых мэт гарадзішчы, што ўзніклі яшчэ ў жалезным веку ці ў раннім сярэднявеччы.

Сховішчы не былі прыстасаваныя для доўгатэрміновага засялення: культурных напластаванняў на іх амаль няма, абарончыя збудаванні прымітыўныя, плошча ўмацаваных пляцовак вагаецца ў межах 0,06-0,3 га. Часта яны размяшчаліся на некаторым аддаленні ад селішчаў абшчыннікаў, але вядомы таксама гарадзішчы з адначасовымі селішчамі-спадарожнікамі. Сярод апошніх вылучаюцца помнікі з адносна насычаным знаходкамі культурным слоем.

Адно з такіх гарадзішчаў знаходзіцца каля в. Франопаль Брэсцкага раёна, на мысападобным выступе надпоймавай тэрасы р. Рыта. Яго пляцоўка ўмацавана кальцавым валам дыяметрам 30 м і вышынёй 1,5-2,5 м. Вакол гарадзішча, на краі тэрасы размешчана селішча плошчай каля 1 га. Раскопкамі даследавана 286 м2 культурнага слою ўмацавання і 336 м2 селішча. Практычна ўсе знаходкі на гарадзішчы паходзяць з выразнага пласта пажарышча. Яго таўшчыня на краі пляцоўкі дасягае 0,45-0,5 м, бліжэй да цэнтра слой робіцца танчэй (да 0,1 м) ці знікае зусім. Рэшткі пажарышча пакрывае слой светла-шэрага пяску амаль без знаходак таўшчынёй да 0,7 м (каля вала). На мацерыку знойдзены сляды зрубавых клецяў, якія прылягалі да ўнутранага боку вала, рэшткі, магчыма, неглыбокай студні, пясчаныя сценкі якой замацаваны камянямі, а дно заслана падлогай з дубовых дошак. На падлозе захаваліся рэшткі зруба з 1 -2 вянцоў, зробленага з такіх самых дошак. Па-за межамі клецяў, на мацерыку раскапаны таксама рэшткі прымітыўнага агнішча - абломкі абпаленых камянёў, попел, вялікая колькасць керамікі і камкі абпаленага зерня проса.

Частка буйных абломкаў керамічнага посуду, знойдзеных на гарадзішчы, была моцна дэфармавана пад уздзеяннем агню, працяглай ветравой эрозіі і дажджу. Шмат у якіх Месцах меліся развалы гаршкоў і нават цэлы посуд з камякамі прасяной кашы. Акрамя керамікі найбольш распаўсюджаны прадметы ўзбраення: наканечнікі стрэл, коп'яў, сякеры, дэталі мячоў. Выяўлены таксама прылады працы (нажы, жорны, шыферныя праслачкі, сярпы), розныя бытавыя рэчы (замок, крэсівы, дэталі ад вёдзер), шкляныя пацеркі.

Характар культурных напластаванняў, асартымент знаходак на гарадзішчы і селішчы сведчаць пра тое, што ўзніклі яны не раней другой паловы X ст. і былі знішчаны ў выніку нападу варожай дружыны не пазней пачатку

XI ст. Трэба, аднак, адзначыць, што гарадзішчы-сховішчы з багатым культурным пластом, падобныя Франопалю, - вельмі рэдкая з'ява. На аналагічных помніках, даследаваных на Валыні (Украіна), знаходак амаль няма. У мірны час такія гарадзішчы выкарыстоўваліся насельніцтвам як культавы цэнтр і месца грамадскіх сходаў.

Да другой групы гарадзішчаў належаць умацаваныя двары знаці ці так званыя феадальныя замкі. Іх развіццё, як лічаць некаторыя дасдедчыкі, адлюстроўвае фарміраванне феадальнай знаці і яе распаўсюджанне сярод сельскага насельніцтва, Масавае з'яўленне замкаў на тэрыторыі Беларусі пачынаецца з XII ст. У XII-XIII стст. яны распаўсюджваюцца практычна па ўсіх землях усходніх славян.

Амаль заўсёды гарадзішчы-замкі акружаны селішчамі, іх месцазнаходжанне звязана з землеўладаннямі феадалаў [9]. Гарадзішчы гэтай групы розныя па сваіх памерах, канструкцыі і колькасці ўмацаванняў. Іх варыянтнасць залежала не толькі ад ландшафту тэрыторыі, дзе гарадзішчы былі пабудаваны, але таксама ад статуса феадала-гаспадара ў іерархіі мясцовай знаці, памераў яго зямель, колькасці залежных сялян і сабранага багацця. Таму сярод гарадзішчаў-замкаў сустракаюцца як магутныя ўмацаванні са складанай сістэмай равоў і валоў, так і адносна невялікія сядзібы, што належалі дробным землеўладальнікам. Большасць апошніх увогуле не будавала замкаў, а жыла на адкрытых паселішчах у сядзібах, агароджаных простым частаколам.

Звычайна феадальныя замкі мелі плошчу ад 0,1 да 0,5 га. За гэтыя межы выходзяць толькі асобныя помнікі. Земляныя валы гарадзішчаў мелі дадатковыя абарончыя збудаванні ў выглядзе драўляных сцен рознай канструкцыі, вежаў, уязной брамы. Калі замак быў пабудаваны ў цяжкадаступных месцах (высокае ўзвышша з крутымі схіламі і т.д.), драўляныя ўмацаванні ўзводзіліся па краі пляцоўкі.

Для феадальных замкаў не характэрна вулічная планіроўка, як у гарадах. Звычайна на іх невялікіх пляцоўках размяшчаліся 6-10 жылых і гаспадарчых пабудоў, астатнія канцэнтраваліся ўздоўж вала.

Асновай эканомікі замкаў з'яўлялася сельскагаспадарчая вытворчасць, аднак сярод іх асаблівых адзнак вылучаецца колькасная перавага костак дзікіх жывёлін над хатнімі. Гэта сведчыць пра значную ролю палявання ў жыцці ўладальнікаў замкаў і іх акружэння.

Археалагічна зафіксавана, што адной з вядучых галін гаспадаркі замкаў з'яўлялася ювелірнае рамяство, якое забяспечвала яго жыхароў упрыгожаннямі і іншымі вырабамі з каляровых металаў. Частка прадукцыі ювеліраў, безумоўна, рабілася таксама для продажу. Сярод іншых рамёстваў на гарадзішчах-замках вылучаюцца метала і дрэваапрацоўка, ганчарства, ткацтва, кастарэзная справа. На некаторых гарадзішчах выяўлены сляды развіцця шкларобства.

Адным з найбольш яскравых прыкладаў замка феадала ў Беларусі з'яўляецца гарадзішча каля в. Вішчын Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён размешчаны на высокай правабярэжнай тэрасе Дняпра і займае плошчу 0,63 га. Умацаваны трыма паралельнымі паўкруглымі валамі і равамі вышынёй да 3 м. З боку ракі замак абараняў круты абрыў тэрасы [10].

Падчас раскопак вывучана значная плошча помніка. На вяршыні ўнутранага вала знойдзены рэшткі спаленай драўлянай сцяны - гарызантальна пакладзеныя бярвенні паміж кароткімі папярэчнымі сценкамі і 6 драўляных аднакамерных пабудоў. Апошнія размяшчаліся ўздоўж вала на адлегласці 10-15 м адзін ад другога. Выяўлены два зрубавыя жылыя дамы з драўлянымі падлогамі і разваламі печаў, майстэрня ювеліра і свіран.

Вішчынскі замак узнік у сярэдзіне XII ст. Матэрыялы раскопак даюць уяўленне пра гаспадарчае жыццё і быт яго жыхароў. Знаходкі абломкаў сашнікоў, матык, сярпоў, жорнаў, костак жывёлін сведчаць аб развіцці сельскай гаспадаркі і палявання. Інструменты для апрацоўкі металу і дрэва прадстаўлены сякерамі, гваздадзёрам, зубілам, свердламі, малатком, долатамі. Аднак найбольш поўна матэрыялы раскопак адлюстроўваюць ювелирную справу. На месцы былой майстэрні ювеліра знойдзены льячка, запоўненая бронзай, матрыцы для вырабу падвесак, бляшак, колтаў. Шмат свінцовых пласцін, якія, відаць, выкарыстоўваліся для вырабу эмаляў. Шэраг ювелірных вырабаў знойдзены па-за межамі майстэрні: бранзалеты, пярсцёнкі, бразготкі, крыжы-цельнікі, прывескі.

Падчас раскопак на валу сярод камянёў выяўлены манетна-рэчавы скарб рубяжа XII-XIII стст., у склад якога ўваходзілі высокамастацкія срэбраныя вырабы (колты, пласціначны і кручаны бранзалеты, крынападобныя прывескі, пацеркі, ланцужкі) і 18 плацёжных грыўняў розных тыпаў. Два колты і прывескі былі пазалочаныя. Скарб быў схаваны ў апошнія гадзіны існавання замка ў сярэдзіне XIII ст. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Лёс Вішчынскага замка падобны да іншых феадальных умацаваных сядзіб. На працягу XIII-XIV стст. у час ваенных і палітычных катаклізмаў большасць іх знікае. У жыцці грамадства ўмацоўваецца роля гарадоў, куды пераязджае значная частка феадальнай знаці.

  • [1] Щапов Я.И. О функциях общины в Древней Руси // Общество и государство феодаль¬ной России. М., 1975. С. 15.
  • [2] Тимощук Б.А. Восточнославянская община в VI-X вв. М., 1990.
  • [3] Памятники права Киевского государства X-XII вв. М., 1952. С. 121.
  • [4] ПСРЛ. Т. 2. С. 903.
  • [5]Рыер Я.Г. Вясковае паселішча ў г. Чавусы // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн.( 1994. № 3. С. 202-225.
  • [6] Заяц Ю.А. Паселішча X-XIII стст. каля в. Дружба (Рылаўшчына) // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1994. Хг 3. С. 132-147.
  • [7] Русанова И.П. Славянские древности VI-IX вв. между Днепром и Западным Бугом. М., 1973.
  • [8] Риер Я.Г. Характер размещения сельского населения в Могилевском Поднепровье ,в Х-ХШ вв. // СА. 1982. № 4. с. 107-108.
  • [9] Ваганова А.Н. Древнерусский феодальный замок XI-XIII вв.: Автореф. дис.... канд. ист. наук. Вильнюс, 1985.
  • [10] Загорульский Э.М. Исследования Вищинского замка // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983. С. 86-90.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.