11. Беларусь у перыяд вайны 1812 года

Палітычныя і эканамічныя супярэчнасці (Расія парушыла пагадненні Тыльзіцкага сейму 1807 г. аб блакадзе Англіі) паміж буржуазнай Францыяй і феадальнай Расіяй прывялі гэтыя дзяржавы да вайны.

У лістападзе 1806 г. французскія войскі занялі "прускую" частку Польшчы, дзе было створана так званае Княства Варшаўскае. З надзеяй атрымаць пасады і аднавіць Рэч Паспалітую асобная частка шляхты Літвы і Беларусі пачала пераходзіць у Княства Варшаўскае. Расійскі імператар Аляксандр I, разлічваючы адцягнуць гэту шляхту ад Напалеона, заявіў аб сваім жаданні аднавіць ВКЛ пад эгідай Расіі. Аднак кансерватыўна-нацыянальныя сілы Расіі зацягвалі гэта пытанне.

12 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона без аб'яўлення вайны пераправілася ў раёне Коўна ў межы Расійскай імперыі - на землі Беларусі і Літвы. 16 чэрвеня была занята Вільня.

Беларусь у перыяд вайны 1812 года
Беларусь у перыяд вайны 1812 года

1-я руская армія (127 тыс.) генерала Баркалая дэ Толі (штаб у Вільні) і 2-я руская армія (45 тыс.) генерала П. Баграціёна (штаб у Ваўкавыску) адступалі ад заходніх граніц з мэтай злучэння. Адступалі з баямі (буйнейшыя - пад Кобрынам, Мірам, Салтанаўкай, Полацкам). Французы занялі Магілёў і падрыхтавалі пазіцыі для сустрэчы рускіх ля вёскі Салтанаўка ў 11 км ад Магілёва. Тут адбыліся жорсткія баі. Корпусу генерала М. Раеўскага ўдалося на суткі скаваць значныя сілы французаў, што дазволіла Баграціёну з асноўнымі сіламі пераправіцца праз Днепр.

Каля мястэчка Клясціцы генерал Я. Кульнёў атрымаў перамогу над войскамі маршала Удзіно, які, страціўшы амаль увесь абоз і 900 палонных, быў вымушаны адступіць да Полацка. 12-тысячны атрад Кульнёва праследаваў яго, і ў баі каля вёскі Сівошына генерал загінуў. Злучыліся дзве арміі толькі 2 жніўня ў Смаленску. У рускай арміі служыла многа беларусаў. Так, шэсць дывізій 1-й арміі былі ўкамплектаваны беларусамі, дзве дывізіі корпуса Раеўскага (2-я армія) таксама з'яўляліся ўраджэнцамі Беларусі.

Напалеон абнадзейваў мясцовую шляхту магчымасцю аднаўлення іх ранейшай дзяржавы. Быў створаны Часовы ўрад ВКЛ. Выконваючы загад Напалеона, Часовы ўрад ВКЛ выдаў распараджэнне аб наборы 10 тыс. рэкрутаў і аб фарміраванні чатырох палкоў (усяго 24 тыс. чалавек) кавалерыі з поўным забеспячэннем за кошт насельніцтва. Дзесці на палях бітвы беларус павінен быў біць беларуса. Напалеон хацеў ператварыць Беларусь у тылавую базу сваёй арміі. Ён загадаў будаваць у Смаргоні, Мінску, Барысаве, Оршы і іншых гарадах вялікія прадуктовыя склады. Забеспячэнне прадуктамі, фуражом арміі Напалеона ў многім лягло на плечы сялян, што рабіла іх становішча цяжкім, і многія ішлі ў партызаны з мэтай абароны ад рабавання акупантаў.

12-тысячны Віцебскі гарнізон французаў баяўся выйсці з горада, каб не трапіць у рукі партызан. У раёне Полацка партызаны абапіраліся на "лятучыя эскадроны" рускай арміі. Дарослае насельніцтва вескі Жарцы Полацкага павета стварыла партызанскі атрад на чале з селянінам Максімам Маркавым. За мужнасць у баях з ворагам 22 партызаны атрымалі крыжы на шапкі і былі узнагароджаны сярэбранымі медалямі. Партызанская барацьба падрывала сілы акупантаў. Для аховы сваіх камунікацый, складаў, для барацьбы з партызанамі французскае камандаванне вымушана было трымаць на тэрыторыі Беларусі каля 30 тыс. салдат і афіцэраў.

У пачатку верасня 1812 г. Напалеон уступіў у Маскву, а ў пачатку кастрычніка ні з чым павінен быў аставіць яе і ісці назад па той жа спустошанай дарозе. У хуткім часе пачалося вызваленне Беларусі: 6 - 8 кастрычніка рускія войскі авалодалі Полацкам; 26 кастрычніка - Віцебскам. 4 лістапада быў вызвалены Мінск, 9 - Барысаў, 12 - Магілёў. 14 лістапада каля вёскі Студзёнка на поўнач ад Барысава французы пачалі пераправу праз Бярэзіну. Рускія войскі атакавалі французаў на абодвух берагах. Напалеон згубіў больш за 20 тыс. чалавек, пераправіцца змаглі толькі 10 тыс. французаў. "Вялікая армада" фактычна была разгромлена. Пасля Бярэзіны армія Напалеона перастала існаваць, рэшткі войскаў бязладна адступалі. 24 лістапада Напалеон пакінуў армію ў Смаргоні і ад'ехаў у Парыж. 8 снежня 1812 г. расійскія войскі без бою занялі Гродна.

Так закончыўся паход Напалеона ў Расію, які працягваўся ў Беларусі ад Купалля да Каляд і каштаваў беларусам каля 1 млн чалавек - кожнага чацвёртага. Гэта вайна прынесла вялікія спусташэнні: былі разбураны многія гарады і вёскі, амаль напалову скараціліся колькасць статка і пасяўныя плошчы.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.