18. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

Першая сусветная вайна працягвалася з 1 жніўня 1914 па 11 лістапада 1918 г.

Прычынай вайны з'явілася: барацьба дзвюх імперыялістычных груповак дзяржаў - Траістага Саюза і Антанты - за перадзел ужо падзеленых калоній і сфер уплыву.

У першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія, губерні былі пераведзены на ваеннае становішча. У сувязі з гэтым забараняліся забастоўкі, вулічныя шэсці, маніфестацыі. На баку ўрада выступалі эсэры, меншавікі, бундаўцы. Бальшавікі былі супраць вайны. Яны адмовіліся падтрымаць "свой" урад і прызналі карысным у інтарэсах пралетарыяту паражэнне царызму ў вайне, ператварэнне вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую і перамогу рэвалюцыі. Па-сутнасці, антываенную пазіцыю заняла газета "Наша ніва" (за якой стаяла БСГ), рэдактарам якой у сакавіку 1914 г. стаў Я.Купала.

Ваенныя дзеянні на Беларусі
Жнівень - верасень1915 г. Асноўныя сілы Германіі былі засяроджаны на Усходнім фронце, які імкліва набліжаўся да Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання была пераведзена з Баранавічаў у Магілёў. У раёне Вільні пачынаецца аперацыя, вядомая як "Свянцянскі прарыў". Свянцяны былі ўзятыя, на наступны дзень вораг прарваў фронт каля Свянцян. Кавалерыйская група з шасці дывізій, якая дзейнічала ў тыле рускіх воінаў, 14 верасня захапіла Вілейку і падышла да Маладзечна. 16 - 17 верасня ў раёне Маладзечна, Вілейкі, Смаргоні 2-я руская армія спыніла наступленне германскіх войскаў і адкінула немцаў у раён азёр Свір і Нарач. Заходнія саюзнікі ў гэты цяжкі для Расіі час не аказалі ёй ніякай істотнай дапамогі.
Кастрычнік 1915 г. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск - Баранавічы - Пінск. Немцы акупіравалі 1/4 Беларусі, дзе да вайны жыло каля 2 млн чалавек. Яна да канца вайны (больш як на 2 гады) аказалася пад нямецкай акупацыяй. Насельніцтва цярпела прыгнёт, грабяжы, гвалт. Усе, каму было ад 16 да 60, плацілі падушную подаць. Жывёла, лясныя багацці Белавежскай пушчы вывозіліся ў Германію.
Сакавік 1916 г. Наступальная аперацыя рускіх войскаў адбылася ў раёне возера Нарач. Распачата 18 сакавіка 1916 г. з мэтай аблягчыць становішча французскай арміі пад Вердэнам. Атакі на непрыяцельскія пазіцыі працягваліся да 28 сакавіка, але дабіцца рашучых вынікаў не ўдалося. Гэтаму перашкодзілі неспрыяльныя метэралагічныя ўмовы, слабая артылерыйская падрыхтоўка, памылкі камандавання. 29 сакавіка быў аддадзены загад аб спыненні аперацыі. Нягледзячы на тое, што Нарачанская аперацыя фактычна закончылася безвынікова, з вялікімі стратамі ў жывой сіле, яна адцягнула на сябе значныя германскія рэзервы і тым самым аблегчыла становішча саюзнай французскай арміі.

У час першай сусветнай вайны пасаду Вярхоўнага галоўна-камандуючага ўзброенымі сіламі папераменна займалі: вялікі князь Мікалай Мікалаевіч і цар Мікалай II, генералы М. В. Аляксееў, А. А. Брусілаў, Л. Г. Карнілаў, А. Ф. Керанскі, М. М. Духонін, М. В. Крыленка.

Першая сусветная вайна з'явілася вялікім выпрабаваннем для народнай гаспадаркі Беларусі. Наступленне германскіх войскаў выклікала велізарны паток бежанцаў, у асноўным жанчын, старых і дзяцей. На захопленай непрыяцелем беларускай зямлі быў устаноўлены жорсткі ваенны рэжым. Астатняя частка Беларусі ўяўляла сабой прыфрантавую паласу. Тут знаходзілася каля 2 млн салдат і афіцэраў рускай арміі. Многія прадпрыемствы былі разбураны. У глыб Расіі было вывезена каля 1/3 заводаў і фабрык. Пад канец 1915 г. тут працавала толькі 139 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. Большая іх частка была перапрафіліравана на выкананне ваенных заказаў.

Першая сусветная вайна 1914 - 1918 гг.
Першая сусветная вайна 1914 - 1918 гг.

Вялікую шкоду нанесла вайна сельскай гаспадарцы Беларусі. Больш за палову працаздольных мужчын было мабілізавана і адпраўлена на фронт. У выніку шмат сялянскіх гаспадарак засталося без работнікаў. Да абарончых работ (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў і інш.) прыцягвалася практычна ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Акрамя таго, мелі месца рэквізіцыі жывёлы, фуражу і прадуктаў харчавання. Пасевы скараціліся, былі страты ў пагалоўі жывёлы. Усё гэта, а таксама заняпад транспарту, фінансаў вельмі адмоўна адбілася на становішчы шырокіх народных мас, што не магло не выклікаць, нават ва ўмовах ваеннага часу, рабочых забастовак, сялянскіх і салдацкіх выступленняў.

Самым буйным з іх было паўстанне салдат у кастрычніку 1916 г. у Гомелі. У гэтым выступленні прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Паўстанцы раззброілі каравульную каманду, вызвалілі каля 800 арыштаваных таварышаў і знішчылі складзеныя на іх абвінаваўчыя дакументы, разагналі гарадскую паліцыю, аказалі ўзброенае супраціўленне рэгулярнаму войску, якое было тэрмінова накіравана для задушэння паўстання. У гэтым выступленні ўдзельнічалі і рабочыя Гомеля. Да суда было прыцягнута 16 чалавек, дзевяць з якіх расстралялі, а астатніх адправілі на катаргу. Выступленні вайскоўцаў сведчылі пра тое, што армія з апоры царызму паступова ператваралася ў яго праціўніка.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.