22. Беларусь ва ўмовах германскай акупацыі (1918). Абвяшчэнне БНР

На акупіраванай немцамі тэрыторыі Беларусі панавала ваенная адміністрацыя. Яна забараніла бальшавіцкую партыю і грамадскія арганізацыі, якія падтрымлівалі яе, але дазволіла дзейнасць нацыянальна-дэмакратычных арганізацый. Былі адноўлены органы мясцовага самакіравання - гарадскія думы і земствы. Фабрыкі і заводы акупанты перадалі былым уладальнікам. У вёсцы была адноўлена прыватная ўласнасць на зямлю, памешчыкам вярталі іх былыя ўладанні. Сяляне абкладаліся харчовым падаткам, праводзіліся рэквізіцыі хлеба, мяса, фуражу на патрэбы нямецкай арміі. На мірных жыхароў наладжваліся аблавы, карныя аперацыі, людзей вывозілі ў Германію, саджалі у канцэнтрацыйныя лагеры.

Палітыка акупантаў сутыкнулася з супраціўленнем насельніцтва. Найбольшую актыўнасць праяўлялі сяляне. Успыхвалі сялянскія паўстанні, ствараліся партызанскія атрады. Сялянскім рухам кіравалі эсэры, бальшавікі, прадстаўнікі іншых партый. Эсэры выступілі супраць палітыкі супрацоўніцтва з акупантамі.

9 снежня 1917 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй пачаліся мірныя перагаворы. Занепакоены тым, што ўзнікла рэальная небяспека падзелу роднага краю, Выканкам Усебеларускага з'езда накіраваў у Брэст-Літоўск сваіх прадстаўнікоў. Дэлегацыя, нягледзечы на шматлікія перашкоды і адсутнасць афіцыйнага статуса, здолела данесці да ўдзельнікаў канферэнцыі, што яна выступае ад імя беларускага народа і адстойвае цэласнасць яго тэрыторыі. Але мірныя перагаворы па віне Л. Троцкага былі сарваны. Германскае камандаванне аддало сваім войскам загад пачаць 18 лютага 1918 г. наступленне, што рэзка абвастрыла сітуацыю на Заходнім фронце. Германскія войскі хутка набліжаліся да Гомеля і Мінска. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаха і СНК Заходняй вобласці вымушана было спешна эвакуіравацца ў Смаленск.

Пасля ўцёку бальшавікоў Выканкам Усебеларускага з'езда вырашыў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да народа Беларусі з Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Да адкрыцця Усебеларускага Устаноўчага з'езда функцыі новай улады ўскладаліся на створаны Выканкамам Народны Сакратарыят, старшынёй якога стаў адзін з лідэраў БСГ I. Варонка.

9 сакавіка 1918 г. Выканкам прыняў другую Устаўную грамату, у якой абвясціў Беларусь Народнай Рэспублікай - БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў прадстаўнік БСГ Я. Серада. Яна аб'яўлялася заканадаўчым органам да склікання Устаноўчага з'езда.

Граматы паказвалі, што Рада БНР бярэ курс на ўсталяванне на Беларусі дэмакратычных асноў грамадскага ладу. З іх асноўнымі палажэннямі згадзіліся меншавікі і эсэры. Прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў, Бунда ўвайшлі ў Раду БНР. 3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў заключаны Брэсцкі мірны дагавор, па якім землі, што ляжалі на захад ад лініі Дзвінск - Свянцяны - Пружаны і належалі раней Расіі, перадаваліся Германіі і Аўстра-Венгрыі, якія павінны былі вырашыць будучыню дадзеных зямель. Гэта яшчэ больш нараджала незалежніцкія ад бальшавіцкай Расіі тэндэнцыі ў радах беларускага нацыянальнага руху. Расла надзея на дапамогу Германіі ў будаўніцтве дзяржаўнасці Беларусі.

25 сакавіка пасля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі большасцю галасоў была прынята трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць БНР.

Акт аб незалежнасці БНР прызналі Украіна, Літва, Турцыя, Фінляндыя. Бальшавікі заяўлялі, што стварэнне БНР - гэта спроба буржуазна-памешчыцкіх колаў адарваць Беларусь ад Расіі, далучыць яе да Германіі. Не прызнала БНР і Германія, бо гэта супярэчыла ўмовам Брэсцкага міру. Аднак нямецкая адміністрацыя не перашкаджала Радзе самастойна вырашаць шэраг пытанняў. Рада БНР звярнулася да германскага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавала за вызваленне Беларусі, прасіла дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй. Пасылка тэлеграмы імператару Германіі выклікала ў БНР востры палітычны крызіс. Са складу Рады выйшлі прадстаўнікі Бунда, БСГ раскалолася. Утварыліся новыя партыі.

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі (1918 г.) Савецкі ўрад дэнансаваў Брэсцкі мірны дагавор і рушыў Чырвоную Армію на Захад. Рада БНР пакінула Мінск. Акт аб незалежнасці Беларусі прымусіў бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў адносінах да яе і пазней пайсці на стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.