26. Беларусізацыя 20-х гг. Дасягненні і пралікі

Беларусізацыя - нацыянальна-культурная палітыка ў БССР у 20-я гг. У снежні 1920 г. на II Ўсебеларускім з'ездзе Саветаў упершыню было заяўлена аб неабходнасці арганізацыі жыцця грамадства, дзяржавы на роднай мове. У 1923 г адбылася партканферэнцыя КП(б)Б, якая была прысвечана разгляду нацыянальнага пытання. Так былі зроблены першыя палітычныя крокі да беларусізацыі, якія не падабаліся асобным партыйным кіраўнікам верхніх эшалонаў улады. Рабіліся і практычныя крокі ў напрамку абуджэння самасвядомасці беларусаў: у 1920 г. пачаў дзейнічаць беларускі вандроўны тэатр Уладзіміра Галубка і Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр у Мінску, у якім ставіліся спектаклі "Паўлінка", "Машэка", "Кастусь Каліноўскі". У 1921 г. была створана першая ў БССР вышэйшая навучальная ўстанова - Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), першым рэктарам якога быў гісторык У. Пічэта, у 1922 г. - Інстытут беларускай культуры (навукова-даследчая ўстанова) і Інстытут сельскай гаспадаркі. Пачалі працаваць Дзяржаўны музей і Цэнтральны архіў. У 1921 г. было ўтворана выдавецтва "Савецкая Беларусь", сталі выходзіць газеты, часопісы, кнігі на беларускай і іншых мовах. 15 ліпеня 1924 г. быў пакладзены пачатак беларусізацыі як афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі (як бачым, і да 1924 г. было зроблена нямала). Магутны імпульс палітыцы беларусізацыі прыдало "ўзбуйненне" рэспублікі ў 1924 і 1926 гг.

Асноўныя мэты беларусізацыі: пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы, развіццё беларускай культуры, вылучэнне на розныя кіруючыя пасады беларусаў. Справаводства Дзяржаўнага апарату і часцей Чырвонай Арміі пераводзіліся на беларускую мову. Беларуская, руская, яўрэйская і польская мовы былі прызнаны раўнапраўнымі. Вучні навучаліся ў школах на роднай мове з абавязковым вывучэннем дзяржаўнай мовы - беларускай. К 1928 г. у рэспубліцы налічваліся 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. Узнік і асобны нацыянальны польскі раён з цэнтрам у Дзяржынску.

Была дадзена амністыя ўсім удзельнікам нацыянальных фарміраванняў і арганізацый перыяду грамадзянскай вайны. Вярнуліся ў рэспубліку В. Ластоўскі, Я. Лёсік і іншыя дзеячы вызваленчага руху. Працэс вылучэння беларусаў на адказную работу прыняў характар карэнізацыі - вылучалі тых, хто вывучаў беларускую мову і добра ведаў мясцовыя ўмовы. З павагай ставіліся да беларускай мовы апаратчыкі іншых нацыянальнасцей. Напрыклад, А.Крыніцкі, які ўзначальваў КПБ у 1924 - 1927 гг., рускі па нацыянальнасці, авалодаў беларускай мовай, чытаў на ёй даклады.

Палітыка беларусізацыі спрыяла развіццю беларускай літаратуры, узніклі літаратурныя аб'яднанні "Маладняк", "Полымя", "Узвышша". Актыўнымі праваднікамі гэтай палітыкі былі пісьменнікі Я. Колас, Я. Купала, У. Дубоўка, М. Чарот, П. Галавач, К. Чорны, М. Лынькоў. У 1928 г быў створаны першы беларускі мастацкі фільм "Лясная быль", рэжысёр - Ю. Тарыч. У 1929 г. Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук, прэзідэнтам АН стаў гісторык У. Ігнатоўскі.

Дасягненні беларусізацыі: да канца 20-х гг. на беларускую мову выкладання было пераведзена каля 80 % сярэдніх школ, у цэнтральных установах служачыя валодалі беларускай мовай: у 1925 г. - 20 %, у 1927 г. - 80 %. Усё гэта рабілася на дэмакратычных асновах, беларусізацыя атрымала моцную падтрымку насельніцтва, дапамагла яму ўсвядоміць сябе нацыяй. Але нацыянальна-культурнае будаўніцтва ажыццяўлялася ў сутычках розных сіл. З аднаго боку, былі спробы прыпыніць, а з другога - фарсіраваць беларусізацыю. Росквіт беларусазнаўства быў нядоўгі. У канцы 20-х гг. была згорнута палітыка беларусізацыі. Дзеячы, якія яе праводзілі, былі абвешчаны нацдэмамі, абвінавачаны ў жаданні рэстаўрацыі капіталізму ў БССР. Менавіта тады па нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі быў нанесены ўдар такой сілы, што вынікі яго адчуваюцца і сёння.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.