05. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

Працэс стварэння адной з самых буйных дзяржаў Еўропы ў эпоху сярэднявечча - Вялікага княства Літоўскага - быў доўгім і складаным: пачаўся ён у першай палове XIII ст. і закончыўся ў 50 - 70-я гг. XIV ст.

Прычыны ўтварэння ВКЛ:

  1. Пагроза знішчэння ўсходняга славянства і балтаў з паўночнага захаду крыжакамі, з паўднёвага усходу - татара-манголамі.
  2. Феадальная раздробленасць (на беларускіх землях налічвалася 20 княстваў).
  3. Перамяшчэнне цэнтра палітычнага жыцця з Полацка ў Наваградак. Полацкае княства у XIII ст. аслабла ў міжусобнай і зацяглай барацьбе з крыжакамі.
  4. Геапалітычнае становішча Наваградка ў сярэдзіне XIII ст., якое садзейнічае яго ўзвышэнню. Грошы і багацце пацяклі сюды (аб гэтым сведчаць раскопкі), яны давалі моц і ўладу.
  5. Саперніцтва паміж князямі племянных саюзаў балтаў. Вылучэнне князя Міндоўга, які здолеў падпарадкаваць іншых князёў.

У Верхнім Панямонні разгортваліся асноўныя падзеі, якія паклалі пачатак Літоўскай дзяржаве. Трэба мець на ўвазе, што "летапісная Літва" размяшчалася паміж Менскам, Наваградкам і Слонімам. Першым князем - прэтэндэнтам на ролю яе стваральніка выступіў літоўскі князь Міндоўг.

Міндоўг у летапісных крыніцах упамінаецца сярод іншых князёў на балцкіх тэрыторыях. У сярэдзіне 40-х гг. Міндоўг церпіць няўдачу ў бітве з крыжакамі, і яго пазіцыі значна слабеюць. Праціўнікі Міндоўга выганяюць яго з Літвы. Ён вымушаны з рэштай сваёй дружыны ўцякаць ў суседні Наваградак, дзе княжыць яго саюзнік Ізяслаў. Тут Міндоуг прымае праваслаўе. З 1246 г. ён са згоды мясцовых жыхароў становіцца князем наваградскім. Як князь Наваградка Міндоўг выконваў волю і памкненні наваградскіх баяр, якія, між іншым, супадалі з яго асабістымі інтарэсамі. З дапамогай сілы Міндоўг адваёўвае для сябе Літву і далучае яе да Наваградка. Гэта абвяргае ранейшую версію ў гісторыі, згодна з якой Літва заваёўвала ўсходнеславянскія землі. Паводле Іпацьеўскага летапісу Міндоўг заваёўвае Літву.

Вялікае княства Літоўскае XIII - XV стст.
Вялікае княства Літоўскае XIII - XV стст.

Міндоўг, ведаючы пра небяспеку ад крыжакоў і іншых ворагаў, шукае подтрымку на Захадзе. У 1253 г. ён прымае каталіцтва і карануецца ў Наваградку з благаславення Папы рымскага Інакенція XIV. Міндоўг стаў першым каралём на беларускай зямлі. Але гэты крок не выратоўвае Наваградчыну ад нападу ворагаў. Тройчы абрушвалася моц галіцка-валынскага войска на Наваградскае княства, несучы смерць, рабаванне. Няўдачы, што даймалі Міндоўга, выклікалі незадавальненне ім у баярскім асяродку гараджан. У хуткім часе на княжацкі пасад яны запрашаюць сына Міндоўга Войшалка. Гэта быў таленавіты, дальнабачны, жорсткі палітык. Напачатку сваёй кар'еры ў ролі князя наваградскага ён разыгрывае складанейшую палітычную камбінацыю - аддае сваё наваградскае княжанне сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам ўваходзіць у давер да магутнага паўднёварускага валадара. У зручны момант - напрыканцы 50-х гг. XIII ст. - Войшалк забівае Рамана і вяртае страчаны пасад. У гэты час абвастраюцца адносіны паміж правадыром Літвы Міндоўгам і яго сынам князем Наваградка Войшалкам. Тут жа з'яўляецца трэцяя сіла - жмудскі князь Трайнята. Менавіта са жмудскага асяродка паўстае другая спроба аб'яднання балцка-усходнеславянскіх зямель у адзіны палітычны арганізм. Увосень 1263 г., калі войска Міндоўга знаходзілася ў паходзе на Бранск, валадар Літвы і два яго малодшыя сыны былі забіты змоўшчыкамі, на чале якіх стаяў Трайнята. Войшалк забаяўся яго і ўцёк у Пінск. Аднак трыумф Трайняты быў нядоўгі. Праз некаторы час яго зарэзаў конюх Міндоўга. Войшалк вяртаецца ў Наваградак. Наступным этапам яго дзейнасці было далучэнне да сваіх уладанняў балцкіх зямель нальшанаў і дзяволтвы.

Прыведзеныя факты пераканаўча сведчаць, што заходнебеларускія землі разам з балцкімі сталі асновай Вялікага княства Літоўскага. Шляхі ўваходжання другіх беларускіх зямель у склад гэтага дзяржаўнага ўтварэння былі розныя. Гэта дыпламатычныя пагадненні, шлюбныя сувязі, захопы. Полацкая зямля была падзелена на дробныя ўдзельныя княствы. Дынастыя Рагвалодавічаў аслабла у міжусобнай барацьбе. Апошні полацкі князь з дынастыі Рагвалодавічаў - Брачыслаў. Потым са згоды полацкага баярства стаў княжыць пляменнік Міндоўга Таўцівіл.

У пачатку XIV ст. у Віцебску княжыў Яраслаў Васількавіч. Ён выдаў сваю дачку замуж за літоўскага князя Альгерда і пасля смерці віцебскага князя Віцебская зямля была далучана да ВКЛ.

Найбольш буйныя беларускія землі - Полацкае і Віцебскае княствы - ўвайшлі ў склад дзяржавы на дабравольна-дагаворнай аснове, аб чым сведчаць прывілеі вялікіх князёў, якія зацвярджалі аўтаномны статус гэтых зямель у складзе ВКЛ.

Поўная назва дзяржавы - Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Новае дзяржаўнае ўтварэнне ў Верхнім Панямонні са сталіцай у Наваградку спачатку называлася Літоўскае княства. Пасля аб'яднання з Полацкім і Віцебскім і далучэння іншых зямель, што былі размешчаны на ўсход ад Менска і мелі назву "руськія", новая дзяржава атрымала назву "Вялікае княства Літоўскае і Рускае".

Пасля Грунвальдскай бітвы да княства была далучана Жамойція - заходняя частка сучаснай Літвы. Пасля гэтага да назвы дзяржавы было дададзена слова "Жамойцкае".

Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным, культурным жыцці Вялікага княства Літоўскага, найперш сучасныя беларускі і літоўскі, з'яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.