04. Культура Беларусі ў X — XIII стст.

У 988 г. кіеўскім князем Уладзімірам Святаслававічам была прынята хрысціянская рэлігія візантыйскага ўзору. У 992 г. князь Ізяслаў ў Полацку заснаваў епархію (епархія - царкоўная акруга, якой кіраваў епіскап), што дало магчымасць распаўсюдзіць пісьменнасць. У XI ст. у полацкай зямлі асвойвалася кірылічная азбука (яе склалі для старабалгарскай мовы ў 863 г. браты Кірыла і Мяфодзій). Выдатнымі помнікамі пісьменнасці з'яўляюцца так званыя "Барысавы" і "Рагвалодавы" камяні. Каля Оршы знаходзіўся "Рагвалодаў камень" вышынёй 3 м з вялікай колькасцю надпісаў.(У часы сталінскай барацьбы з релігіяй ён быў узарваны.) У Падзвінні іх вядома дзевяць. На шасці з іх значыцца імя Барыса, у сувязі з чым камяні называюць "Барысавымі". Гэта былі язычніцкія культавыя камяні, на якіх полацкія князі загадвалі выбіваць надпісы хрысціянскага зместу. (Язычніцтва - рэлігійныя вераванні, калі чалавек абагаўляе розныя сілы прыроды.) Такім чынам яны дамагаліся пакланення язычнікаў хрысціянскім святыням, а таксама увекавечвалі свае імёны. Выключную навуковую каштоўнасць маюць берасцяныя граматы-пісьмы і дакументы XI - XV стст. на бярозавай кары - берасце. Знойдзены берасцяныя граматы ў Віцебску, Мсціслаўлі. У Бярэсці знойдзены грэбень з дрэва (самшыту) з паслядоўна размешчанымі славянскімі літарамі (XIII ст.), які выконваў ролю "буквара". Пісьменнымі у старажытных гарадах былі не толькі прадстаўнікі духавенства і знаці, але і простыя гараджане.

Рукапісныя кнігі. У першай палове XI ст. пачалося летапісанне. Рукапісных царкоўных кніг XI - XIII стст. захавалася няшмат. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу, страчанага ў XVIII ст. Самай ранняй рукапіснай кнігай на Беларусі з'яўляецца Тураўскае евангелле (XI ст.). Летапісам гісторыі Кіеўскага, Тураўскага і іншых княстваў з'яўляецца "Аповесць мінулых гадоў", напісаная манахам Нестарам у пачатку XII ст., а таксама Іпацьеўскі летапісны звод. Вяршыняй мастацкай літаратуры Старажытнай Русі лічыцца "Слова аб палку Ігаравым". У ёй прадстаўляюць цікавасць паведамленні аб полацкіх князях, асабліва аб Усяславе Чарадзеі. Кнігі пісалі на пергаменце (пергамент - спецыяльна вырабленая тонкая скура маладых жывёл). Рукапіс складалі ў сшыткі, вокладкамі служылі дзве дошкі.

Дойлідства. У 50-я г. XI ст. ў Полацку быў пабудаваны грандыёзны Сафійскі сабор. Ён меў сем купалоў, усярэдзіне быў аздоблены фрэскамі. Там знаходзіўся архіў, бібліятэка, дзяржаўная казна. У пачатку XVIII ст. у час Паўночнай вайны сабор быў узарваны пры ўздзеянні войскаў Пятра I, затым у 1738 - 1750 гг. перабудаваны і ў такім выглядзе дайшоў да нас. У сярэдзіне XII ст. на беразе ракі Палата была пабудавана Спаская царква Ефрасіннеўскага манастыра (майстар Іаан), размаляваная ўнутры фрэскамі (фрэска - роспіс вадзянымі фарбамі па свежай тынкоўцы). Да нашых дзён захавалася Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне (XI ст.). Дойліды царквы Барыса і Глеба вельмі шырока выкарыстоўвалі апрацаваныя валуны і керамічныя пліткі, якія, з'ўляючыся своеасаблівымі ўстаўкамі, утваралі вызначаны малюнак. Царква мела яшчэ некалькі асаблівасцей. Да ліку найбольш цікавых трэба аднесці круглыя слупы і наяўнасць вялікай колькасці галаснікоў - керамічных сасудаў, якія ўмуроўваліся ў сцены будынка з мэтай паляпшэння яго акустычных якасцей. У Камянцы ў канцы XIII ст. была пабудавана абарончая Белая вежа. Крыж Ефрасінні Полацкай. Праваслаўная царква адзначае свята "Уздвіжанне крыжа" 27 верасня. Крыж у храме паказваецца на чатыры бакі. Такім "уздвіжальным крыжам" быў шасціканцовы крыж Ефрасінні Полацкай. Зрабіў крыж у 1161 г. па заказе Ефрасінні Полацкай майстар Лазар Богша. Памер крыжа - 51 см у даўжыню, 1,5 см у таўшчыню. Паверхня пакрыта залатымі пласцінамі, а бакі - сярэбранымі. На залатых змешчаны выявы святых, выкананыя рознакаляровымі эмалямі. У 1942 г. крыж знік з Магілёва. Пошукі скарба пакуль вынікаў не далі. Сучасную копію крыжа стварыў у Брэсце мастак-ювелір Мікола Кузьміч. Ён працаваў над аднаўленнем крыжа на працягу пяці гадоў.

У верасні 1997 г. крыж вярнуўся на месца, вызначанае Ефрасінней у 1161 г., - у Спаса-Ефрасіннеўскі Полацкі манастыр.

Ефрасіння Полацкая (1110 - 1173). Дачка полацкага князя Георгія Усяслававіча (унучка Усяслава Чарадзея), мела імя Прадслава. Калі дзяўчына даведалася пра намер бацькі выдаць яе замуж, то тайна збегла ў манастыр, дзе была ігуменняй яе цётка, і папрасіла пастрыгчы яе ў манашкі. У манастве атрымала імя Ефрасіння. Пазней ёй дазволілі жыць у саборы святой Сафіі ў прыбудаванай да яго мураванай келлі.

У вольны ад малітваў час Ефрасіння перапісвала царкоўныя кнігі, а прыбытак ад іх продажу аддавала бедным. Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрамі асветы ў Полацкім княстве. У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла падарожжа ў Палесціну да "гроба гасподня", дзе і памерла 23 мая 1173 г. Яна - першая жанчына з усходніх славян, якая была кананізавана ў святыя. Мошчы Ефрасінні знаходзяцца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры з 1910 г.

Кірыла Тураўскі (1130 - 1182) нарадзіўся ў Тураве ў багатай сям'і. Па жаданні гараджан быў пастаўлены епіскапам Турава. З таго ж часу пачалася яго пісьменніцкая дзейнасць. Вёў перапіску з Андрэем Багалюбскім. Словы і прытчы Тураўскага яшчэ пры жыцці карысталіся шырокай папулярнасцю і яго празвалі Златавустам.

Клімент Смаляціч (? - 1164) нарадзіўся ў Смаленску. З'яўляўся кіеўскім мітрапалітам і вялікім кніжнікам. На жаль, захаваўся толькі адзін яго твор "Пасланне Фаме прасвітару". Гэты твор сведчыць аб зараджэнні вальнадумства ў царкоўнай пісьменнасці ва ўсходніх славян, а таксама аб тым, што Клімент Смаляціч ведаў Гамера, Платона, Арыстоцеля.

Аўрамій Смаленскі нарадзіўся ў сярэдзіне XII ст. у Смаленску ў заможных бацькоў, якія да яго мелі 12 дачок. Пасля смерці бацькоў раздаў іх маёмасць манастырам, цэрквам, бедным, а сам пайшоў у манастыр. Яфрэм (вучань Аўрамія) напісаў "Жыццё Аўрамія Смаленскага" (каля 1240), дзе паказаў Аўрамія як чалавека, які пераносіў пакуты, здзекі, пакуль да яго не прыйшло сапраўднае прызнанне. У манастыры Аўрамій пражыў каля 50 гадоў.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.