08. Культура Беларусі ў XVI — першай палове XVII ст.

Адраджэннем, ці Рэнесансам, прынята называць эпоху ранняга буржуазнага грамадства, культуры, эпоху, якая характарызуецца рэвалюцыяй у вытворчасці і культуры, зараджэннем капіталістычных адносін, складаннем новага класа - буржуазіі (XIV - XVI стст.). Адрыў ад сярэдневякоў'я ў вытворчай сферы, замена сацыяльнай структуры грамадства спараджалі новае светаадчуванне. Адметнай рысай Адраджэння з'яўляецца гуманізм - прызнанне цэннасці чалавека як асобы, яго права на свабоднае развіццё. Для гуманістаў цэнтрам светабудовы быў не чалавек - "раб божы", а чалавек - творца, які валодаў усебаковымі ведамі.

Эпоха Адраджэння на Беларусі - ў асноўным XVI - першая палова XVII ст. - час уздыму рамяства, росту гарадоў і складання ўнутранага рынку, станаўлення і развіцця беларускай мовы, нацыянальнай пісьменнасці, літаратуры, грамадска-палітычнай думкі і ўвогуле беларускай культуры. У гэты перыяд выдаваліся першыя буквары, граматычныя слоўнікі, былі створаны выдатныя помнікі грамадска-прававой думкі - Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг. Літаратурным шэдэўрам кўльтуры Беларусі эпохі Адраджэння стала паэма Міколы Гусоўскага "Песнь пра зубра". Твор прасякнуты любоўю да роднай зямлі, трывогай за яе лёс і гонарам за слаўнае мінулае. Мікола Гусоўскі (каля 1480 - пасля 1533) нарадзіўся на Беларусі ў сям'і паляўнічага. Першапачатковую адукацыю атрымаў на Бацькаўшчыне, потым вучыўся ў Польшчы, Італіі. Вядомымі дзеячамі эпохі Адраджэння на Беларусі былі Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш.

Найбольш значнай з'явай у духоўнай культуры Беларусі першай паловы XVI ст. стала ўзнікненне беларускага кнігадрукавання, першага сярод усходніх славян. Заснавальнікам беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання стаў вучоны і пісьменнік, доктар філасофіі і медыцыны з горада Полацка Францыск Скарына (каля 1490 - каля 1551). Першыя яго кнігі выйшлі ў Празе ў 1517 - 1519 гг. Надрукаваны 23 кнігі Бібліі на беларускай мове. У 1522 г. Ф.Скарына вярнуўся ў Вільню, заснаваў друкарню і выдаў тут яшчэ дзве кнігі - "Малая падарожная кніжыца" і "Апостал". Гэта былі першыя кнігі, выпушчаныя у першай друкарні, заснаванай на тэрыторыі Беларусі. Кнігі Скарыны адрасаваліся перш за ўсё свецкаму чытачу. Скарынавы кнігі ўяўляюць выключную з'яву як паводле колькасці змешчаных у іх гравюр, так і паводле выключнай тэхнікі выканання. Усіх ілюстрацый 51. Гэта гравюры, партрэты, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі. Кнігі Скарыны шырока распаўсюджваліся ў Еўропе і мелі ўплыў на чытачоў у многіх краінах свету.

Прадаўжальнікам культурна-асветніцкіх традыцый Скарыны стаў Сымон Будны - царкоўны, грамадска-палітычны дзеяч. У 1562 г. у Нясвіжы ён стварыў друкарню, у якой была выдадзена славутая праца Буднага "Катэхізіс" - першая беларускамоўная кніга на тэрыторыі Беларусі.

У 70 - 80-я гг. XVI ст. пачаў перакладаць і друкаваць на беларускай мове "Евангелле" Васіль Цяпінскі. У прадмове да гэтай працы Цяпінскі адзначае, што беларускі народ мае даўнія і багатыя культурныя традыцыі, якія паступова страчваюцца з наступам каталіцкай і польскай экспансіі. Віну за гэта ён ускладаў на паноў, духавенства, якія не клапаціліся аб развіцці нацыянальнай культуры, пашырэнні адукацыі на роднай мове.

З канца XVI ст. узніклі і пачалі дзейнічаць брацтвы - нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва. Яны аб'ядноўвалі рамеснікаў, гандляроў, часткова духавенства, шляхту. Буйныя беларускія брацтвы існавалі ў Вільні, Полацку, Менску, Бярэсці і іншых гарадах. Брацтвы вялі актыўную барацьбу супраць уніяцкай і каталіцкай цэркваў. Вялікую ролю адыгрывалі брацтвы і ў пашырэнні асветы і кнігадрукавання. Пачатковыя і сярэднія брацкія школы былі адкрыты ў многіх гарадах і мястэчках. Большасць дзеячаў беларускай культуры канца XVI - пачатку XVII ст. былі членамі брацтваў. Мялецій Сматрыцкі ўпершыню надрукаваў "Граматыку", якая амаль два стагоддзі выкарыстоўвалася ў якасці падручніка ў Расіі, па ёй вучыўся М. Ламаносаў.

Усплеск культурнага жыцця быў бы немажлівы ў неадукаваным грамадстве. У XVI - першай палове XVII ст. На тэрыторыі Беларусі ўсталёўваецца пэўная сістэма школьнай адукацыі: пачатковыя школы пры праваслаўных брацтвах, пратэстанцкіх зборах, езуіцкія навучальныя ўстановы. У 1579 г. у Вільні пачала дзейнічаць езуіцкая Акадэмія - першая вышэйшая навучальная ўстанова. Выхадцы з Беларусі займаліся ва універсітэтах Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі.

Беларускае дойлідства да гэтага часу мела пераважна абарончы характар (Сынкавічы, Маламажэйкава). Ў XVI ст. пашырылася будаўніцтва прыватных замкаў. Былі пабудаваны палаца-замкавыя ансамблі ў Міры, Нясвіжы.

У выяўленчым мастацтве важную ролю адыгрывалі іканапіс, драўляная скульптура, кніжная мініяцюра, гравюра, распаўсюджваецца партрэтны жывапіс. Своеасаблівай з'явай партрэтнага жанру з'яўляецца сармацкі партрэт. Чалавек у такім творы паказваўся па вызначанай схеме - у парадным адзенні, у акружэнні прадметаў, якія адлюстроўвалі не толькі ўнутраны свет мадэлі, характар, але і перадавалі прыналежнасць да той ці іншай саслоўнай групы насельніцтва, дазвалялі даведацца аб палажэнні асобы ў грамадстве. Тэрмін "сармацкі" паходзіць ад назвы старажытных ваяўнічых плямён сарматаў, якія насялялі у IV - VI стст. да н. э. вялікую тэрыторыю Усходняй Еўропы. Беларуская і польская шляхта лічыла іх сваімі продкамі і такім чынам тлумачыла сваё прывілеяванае становішча ў грамадстве. Да ліку найбольш выдатных помнікаў адносіцца партрэт Юрыя Радзівіла.

Рэфармацыя - шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух у Заходняй Еўропе ў XVI ст., які быў накіраваны супраць каталіцкай царквы і насіў антыфеадальны характар. Рэфармацыйныя ідэі з Заходняй Еўропы пачалі пранікаць на Беларусь у сярэдзіне XVI ст. Пратэстанты выступалі супраць дыктата Папы, за багаслужэнне на роднай мове. Асаблівасцю Рэфармацыі на Беларусі было тое, што ў адрозненне ад Еўропы яна тут не стала народнай, а ахапіла толькі вышэйшыя колы грамадства. Славутыя магнацкія роды - Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі - прыхінуліся да рэфармацыі з палітычным разлікам. Яны хацелі адгарадзіцца ад каталіцкай Польшчы і замацаваць адасобленасць сваёй дзяржавы. Шырокае кола шляхты і гараджан, што прымалі пратэстантызм, мелі на мэце адарваць для сябе ад зямельных уладанняў каталіцкай царквы хоць які-небудзь кавалак. Рэфармацыя спрыяла пашырэнню асветы, актывізацыі духоўнага жыцця грамадства. Пры абшчынах ствараліся школы, друкарні. Найбольш адметнымі прадстаўнікамі рэфармацыйнага руху на Беларусі былі Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі. Мікалай Радзівіл Чорны ўвайшоў у гісторыю як выдатны дзяржаўны, рэлігійны дзеяч і мецэнат.

Контррэфармацыя не набыла на Беларусі такіх агідных формаў, як месцамі на Захадзе (напрыклад, Варфаламееўская ноч 1582 г. у Францыі, калі за адну ноч былі выразаны 20 тысяч пратэстантаў), не зляталі тут галовы іншаверцаў, не палалі інквізітарскія вогнішчы. Галоўнымі абаронцамі чысціні каталіцтва выступалі езуіты, якія з'явіліся ў ВКЛ у 1564 г. Дзе подкупам, дзе ліслівасцю, а дзе і гвалтам яны вярталі пратэстантаў у каталіцызм. Адчыняліся езуіцкія навучальныя ўстановы. У 1577 г. езуіт Пётр Скарга выдаў кнігу "Аб адзінстве царквы Божай", дзе прапанаваў план уніі, па якім уніяцкая царква павінна была падпарадкоўвацца Папе рымскаму пры захаваных ранейшых царкоўных абрадаў (праваслаўных ці каталіцкіх). У 1590 г. Папа рымскі Клімент VIII аб'явіў унію, а ў 1596 г. яна была зацверджана ў ВКЛ на Берасцейскім царкоўным Саборы. Новаўвядзенне не ўсюды лёгка прыжывалася. Аднак пад канец XVIII ст. каля трох чвэрцяў насельніцтва Беларусі было ўніятамі.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.