34. Культура Беларусі ў 1945 — 1965 гг.

Адраджэнне культурнага жыцця на Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны адбывалася ў надзвычай складаных умовах. Па-першае, за гады вайны амаль поўнасцю была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры. У школах вучыліся чытаць па старых газетах, іх жа выкарыстоўвалі ў якасці сшыткаў, крэйдай з'яўляўся звычайны вугаль, а чарніла выраблялася з сажы.

На аднаўленне ўстаноў адукацыі кіраўніцтва Савецкага Саюза і БССР выдзяляла вялікія сродкі. Міністэрства асветы РСФСР даслала беларускім школам каля 10 млн падручнікаў, сшыткі, абсталяванне. З дапамогай ВНУ Масквы ля станцыі Сходня з восені 1943 г. аднавіў сваю дзейнасць БДУ. У 1944-1945 гг. вышэйшыя навучальныя ўстановы вяртаюцца на радзіму. Аднаўлялася матэрыяльна-тэхнічная база навукі і культуры, выпуск газет, часопісаў.

Разам з тым у другой палове 40-х - пачатку 50-х гг. развіццё навукі і культуры сутыкнулася з жорсткім ідэалагічным прэссам. Так, у біялогіі пачалі чарговы наступ прыхільнікі Т. Лысенкі. На Беларусі ім супрацьстаяла школа генетыкаў, якую ўзначальваў А. Жэбрак.

Для кантролю над культурным жыццём Беларусі на пачатку 1947 г. у ЦК КП(б)Б быў ўтвораны аддзел культуры. Літаратура таксама існавала пад пэўным ідэалагічным уціскам, маглі выходзіць толькі творы, якія не пярэчылі склаўшайся камандна-бюракратычнай таталітарнай сістэме. У 1946 г. першым з беларускіх пісьменнікаў Сталінскай прэміі быў ўдастоены А. Куляшоў за паэму "Сцяг брыгады". У выяўленчым мастацтве асноўным жанрам быў героіка-патрыятычны (напрыклад, карціны Я.Зайцава "Парад беларускіх партызан у 1944 годзе ў Мінску", "Канстанцін Заслонаў").

Такім чынам, разбурэнні, нанесеныя вайной, ідэалагічны дыктат абмяжоўвалі магчымасці развіцця беларускай культуры, але спыніць гэты працэс не маглі.

Пасля смерці ў сакавіку 1953 г. I. Сталіна, а затым асуджэння ў 1956 г. XX з'ездам КПСС яго культу краіна паступова стала вызваляцца ад ідалапаклонства і страху. Пачалася рэабілітацыя нявінных ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Болыпасць гулагаўцаў, якія засталіся яшчэ ў жывых, была вызвалена і рэабілітавана. Гэты час у жыцці грамадства СССР, а значыць і БССР, атрымаў назву хрушчоўскай "адлігі".

У 50-я гг. распрацоўваліся новыя падыходы да сферы адукацыі. У 1958 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон "Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб дальнейшым развіцці сістэмы народнай асветы ў СССР". Рэформа прадугледжвала ажыццяўленне політэхнічнага і працоўнага навучання. Сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмігадовыя, сярэднія - у агульнаадукацыйныя адзінаццацігадовыя з вытворчым навучаннем. Але ў большасці школ вытворчае навучанне было пастаўлена дрэнна. Адчуваліся цяжкасці і ў падборы выкладчыцкіх кадраў, адсутнічалі навучальныя праграмы. Буйным дасягненнем было ўвядзенне ў 1959 г. абавязковай 8-гадовай адукацыі.

Аднак ў рабоце школы былі і недахопы. На нізкім узроўні вялося навучанне па грамадскіх дысцыплінах, замоўчваліся многія падзеі, тармазілася краязнаўства, фальсіфікавалася і замоўчвалася гісторыя Беларусі. Звужалася сфера ўжывання беларускай мовы.

У гэты час атрымала росквіт творчая дзейнасць такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як П. Броўка, М. Танк, А. Куляшоў, П. Панчанка, I. Мележ, I. Шамякін, В. Быкаў, Я. Брыль, I. Навуменка, А. Макаёнак, А. Адамовіч і інш.

Нягледзячы на некаторую лібералізацыю палітычнага жыцця, ўмяшанне ў творчы працэс з боку партыйна-дзяржаўных структур заставалася вельмі моцным. Яны патрабавалі ад пісьменнікаў і паэтаў прытрымлівацца "сацыялістычнага рэалізму". Рэзкаму асуджэнню была падвергнута аповесць А. Кулакоўскага "Дабрасельцы" (1958). Аўтара абвінавацілі ў скажэнні жыцця калгаснай вёскі. Кулакоўскі быў вызвалены ад пасады галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць".

У гэты час убачылі свет такія творы, як раманы "Людзі на балоце", "Подых навальніцы" I. Мележа, "Каласы пад сярпом тваім" У. Караткевіча. Па-новаму паставіўся да тэмы вайны і лёсаў людзей на вайне В. Быкаў. Аб гэтым расказваюць яго аповесць "Жураўліны крык", апавяданні "Здрада", "Альпійская балада" і інш.

Развіваўся ў гэты час і тэатр. Гэта быў перыяд паслядоўнага асваення беларускім оперна-пастаноўчым мастацтвам усё больш буйных і складаных формаў і жанраў. Доўгі час на сцэне ішла "Калючая ружа" Ю. Семянякі, прысвечаная жыццю студэнцтва. Была пастаўлена опера А. Туранкова "Яснае світанне" аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г., "Брэсцкая крэпасць" К. Малчанава.

Плённа працавалі мастакі і скульптары Беларусі. Шырокую вядомасць набылі творы М. Савіцкага - былога вязня фашысцкага канцлагера. Яго карціны "Партызаны", "Віцебскія вароты", серыя "Лічбы на сэрцы" і інш. з'явіліся значным укладам у развіццё мастацтва. Дасягненнем скульптуры гэтых гадоў з'явіліся работы З.Азгура, С. Селіханава, А. Глебава. Найболын вядомыя з іх - гарэльефы для манумента Перамогі (Мінск).

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.

Дата публікацыі: 15.09.2009

Каментары чытачоў

Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код