20. Культура Беларусі ў пачатку XX ст.

Першай легальнай газетай на беларускай мове была "Наша доля". Кароткі час, з верасня па снежань 1906 г., яна выдавалася ў Вільні групай сяброў Беларускай сацыялістычнай грамады. Усяго выйшла шэсць нумароў, пяць з якіх было канфіскавана паліцыяй. У газеце былі надрукаваны творы выдатных беларускіх пісьменнікаў: Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Ядзвігіна Ш.

У цэнтры грамадска-палітычнага і літаратурнага жыцця Беларусі ў 1906 - 1915 гг. была газета "Наша ніва". Яна выходзіла штотыднёва ў Вільні. Ініцыятарамі і выдаўцамі "Нашай нівы" з'яўляліся кіраўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, вядомыя дзеячы беларускага адраджэнскага руху браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў, з 1914 г. рэдактарам "Нашай нівы" быў Янка Купала. У газеце знайшлі адлюстраванне матэрыялы пра народнае жыццё, нацыянальны характар беларусаў. Яна адстойвала патрабаванні грамадзянскага і палітычнага раўнапраўя беларускага народа, выступала супраць вялікадзяржаўнай палітыкі царызму, за права свабодна карыстацца роднай мовай, развіваць на ёй нацыянальную культуру і асвету. Вакол газеты групавалася вялікая колькасць пісьменнікаў, публіцыстаў, грамадска-палітычных дзеячаў. У ідэйных адносінах яны не былі адзінымі. Паміж імі адбываліся жорсткія дыскусіі, яны па-рознаму глядзелі на хвалюючыя Беларусь праблемы. Але разам з тым усе гэтыя людзі аддавалі газеце ўвесь свой талент. Сярод іх - Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Каганец, Гурло, Журба, Ядзвігін Ш., М.Гарэцкі. "Наша ніва" адыграла вялікую ролю ў выяўленні і збіранні нацыянальных літаратурных сіл, развіцці беларускай мовы, выданні і прапагандзе беларускіх кніг.

У 1906 г. у Пецярбургу была створана першая легальная беларуская выдавецкая суполка, якая атрымала назву "Загляне сонца і ў наша ваконца". Яна дзейнічала да 1914 г. Тут было надрукавана больш за 100 тыс. экземпляраў кніг. Сярод іх першыя беларускія падручнікі - "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" Каганца, "Першае чытанне для дзяцей беларусаў" Якуба Коласа.

Алесь Гарун - выдатны беларускі пісьменнік пачатку XX ст., паплечнік Янкі Купалы і Якуба Коласа, імя якога затым было надоўга выкрэслена з гістарычнай памяці беларускага народа. У 1904 г. Алесь Гарун звязаў свой лёс з партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) і распачаў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 г. ён быў арыштаваны ў падпольнай друкарні і адпраўлены ў віленскую турму, а адтуль - на пасяленне ў Сібір. Пасля 10 гадоў ссылкі Гарун вярнуўся ў Мінск цяжка хворы. Сібір забрала ў яго не толькі маладосць, але і здароўе. Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў А. Гаруна "Матчын дар" убачыў свет у 1918 г. У 1920 г. Гарун памёр. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў яго імя і творчасць замоўчваліся. I толькі ў 1987 г. з выхадам артыкула Рагойшы "Судьба поэта" ў "Литературной газете" была прарвана блакада вакол яго імя і творчасці. Алесь Гарун выйшаў з небыцця і заняў у гісторыі беларускай літаратуры належнае яго таленту месца.

Карусь Каганец нарадзіўся ў сям'і ссыльнага шляхціца Кастравіцкага, удзельніка паўстання 1863 - 1864 гг. у Табольску. Праз 10 гадоў сям'я будучага паэта вярнулася на радзіму, бацька памёр і Карусь вымушаны быў пайсці ў наймы. Наогул, на працягу ўсяго жыцця нястача і вечныя пошукі работы былі пастаяннымі яго спадарожнікамі. Ужо з юнацтва Каганец вызначаўся разнастайнымі здольнасцямі. Ён пісаў вершы, добра апавядаў, маляваў, ляпіў з гліны, выразаў з косці і дрэва. Вучыўся спачатку ў Мінскім гарадскім вучылішчы, а затым у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Палітычна актыўны чалавек, Карусь Каганец стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэвалюцыйную агітацыю неаднаразова пападаў у турму. У яго вершах, прозе, драмах знайшла адлюстраванне нацыянальна-гістарычная тэматыка ("Плач беларуса", "Старажавы курган", "Сын Даніла" і інш.). К. Каганец - аўтар шырока вядомай камедыі "Модны шляхцюк", дзе ён вывеў тып нацыянальнага нігіліста, які адракаецца ад усяго роднага ўзамен на панскае. Праявіў сябе і як збіральнік і знаўца беларускага фальклору. Памёр Каганец у 1918 г.

Максім Багдановіч пражыў кароткае жыццё - 26 гадоў. Зборнік паэзіі "Вянок" выйшаў у свет у 1913 г. у Вільні і з'яўляецца адной з вяршынь беларускай нацыянальнай лірыкі пачатку XX ст.

Заснавальнікам беларускай філалогіі і мовазнаўства лічыцца Яўхім Карскі. Пяру акадэміка Карскага належаць капітальныя працы па дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мове, гісторыі беларускай мовы і літаратуры, фальклору. Карскі - аўтар фундаментальнага трохтомнага даследавання "Беларусы", у першым томе якога змешчана "Этнаграфічная карта беларускага племя", якую ён пабудаваў на навуковых фактах.

Аўтарам першай "Кароткай гісторыі Беларусі" з'яўляецца Вацлаў Ластоўскі. Ён адзін з заснавальнікаў першай беларускай палітычнай партыі - БГС.

Першы беларускі прафесійны тэатр стварыў Ігнат Буйніцкі. У 1907 г. ён стварыў у маёнтку Палівачы (Віцебская вобласць) аматарскі тэатр. У 1910 г. тэатр стаў прафесійным і атрымаў назву " Першая Беларуская трупа Ігната Буйніцкага". З твораў беларускіх драматургаў найбольш вядомымі былі "Модны шляхцюк" К. Каганца, "Паўлінка" (упершыню пастаўлена ў Вільні ў 1913 г.), "Раскіданае гняздо" і "Прымакі" Я.Купалы.

Гісторыі Вялікага княства Літоўскага прысвяціў свае працы гісторык М. В. Доўнар-Запольскі.

У грамадстве атрымалі шырокую вядомасць зборнікі твораў Цёткі "Скрыпка беларуская", "Хрэст на свабоду"; Я.Купалы "Жалейка", "Гусляр"; Я.Коласа "Песні жальбы" і інш.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.