41. Развіццё міжнародных сувязей Рэспублікі Беларусь

Дэмакратызацыя грамадскага жыцця, пераўтварэнні ў эканоміцы прывялі да ўсталявання новага палітычнага мышлення ў сферы міжнародных адносін. У гэтай сувязі больш спрыяльныя ўмовы склаліся і для плённай дзейнасці Беларусі ў ААН, дзе яна зараз праводзіць самастойную палітыку. У апошнія гады Беларусь выступала ў ліку сааўтараў па рэзалюцыях аб раззбраенні, умацаванні мер даверу, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру, што прыводзіла да росту аўтарытэту рэспублікі на міжнароднай арэне.

Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам міжнароднага руху параднёных гарадоў. Адзінаццаць гарадоў Беларусі маюць дружалюбныя сувязі з 17 гарадамі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Індыі, Японіі, Анголы, Фінляндыі, Германіі, ЗША. Праводзяцца абмены дэлегацыямі, спартыўнымі і творчымі калектывамі, групамі моладзі, выставамі.

Маштабы знешнеэканамічных сувязей Беларусі вызначаліся яе прамысловым і навукова-тэхнічным патэнцыялам. З сярэдзіны 50-х гг. пачалі экспартавацца машыны і абсталяванне. У 1956 г. 100 беларускіх прадпрыемстваў пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін свету, к 1985 г. іх колькасць узрасла да 300, а пастаўкі ішлі больш чым у 100 краін свету. Асаблівым попытам за мяжой карысталіся трактары, грузавыя аўтамабілі, сіласаўборачныя камбайны, калійныя ўгнаенні, тавары шырокага ўжытку. Зараз гандлёва-эканамічныя сувязі рэспублікі з іншымі краінамі набылі якасна новы характар. Ствараюцца сумесныя прадпрыемствы з замежнымі фірмамі. У 1989 г. пачало выпускаць прадукцыю прадпрыемства "Белвест", створанае Віцебскай абутковай фабрыкай і заходнегерманскай фірмай "Саламандэр". Высакаякасную пражу выпускае сумеснае беларуска-венгерскае прадпрыемства "Барыфорг" у Барысаве. Каля 100 прадпрыемстваў устанавілі прамыя вытворчыя і навукова-тэхнічныя сувязі з замежнымі партнёрамі, у іх ліку аб'яднанні "БелаўтаМАЗ", "Мінскі трактарны завод", "Палімір", "Атлант" і інш.

Рэспубліка падтрымлівае сувязі з замежнымі краінамі і ў галіне навукі і культуры. Каля 30 інстытутаў АН Беларусі і звыш за 90 навукова-даследчых устаноў розных краін ажыццявілі за гэтыя гады сумесную распрацоўку больш за 70 навуковых праблем па розных галінах ведаў.

Духоўнаму ўзаемаўзбагачэнню народаў служаць дні нацыянальных культур, абмены мастацкімі калектывамі, выставамі, кінафільмамі. Інтэнсіўна праходзіць літаратурны абмен. За мяжой надрукаваны кнігі беларускіх пісьменнікаў, якія знаёмяць чытача з духоўнымі набыткамі беларускага народа. Значную вядомасць атрымалі творы Я. Купалы, Я. Коласа, Я. Брыля, В. Быкава, I. Мележа, У. Караткевіча. У сваю чаргу творы замежных пісьменнікаў перакладаюцца на беларускую мову.

Беларусь праводзіць курс на ўмацаванне эканамічнага ўзаемадзеяння СНД. 2 красавіка 1996 г. падпісаны Дагавор аб інтэграцыі з Расіяй. Удзяляецца ўвага развіццю двухбаковых эканамічных адносін з еўрапейскімі дзяржавамі.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.