19. Лютаўская (1917 г.) рэвалюцыя на Беларусі

Пачынаючы з 23 лютага 1917 г. ў Петраградзе прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пад лозунгамі "Далоў вайну", "Далоў самадзяржаўе". Так пачалася лютаўская рэвалюцыя. 27 лютага на бок рабочых перайшлі салдаты Петраградскага гарнізона, у выніку чаго 28 лютага рэвалюцыя перамагла. 2 сакавіка цар Мікалай II адрокся ад прастола. У гэтых умовах рабочыя і салдаты стварылі свой орган улады - Петраградскі Савет. Паралельна з дэпутатаў Дзяржаўнай Думы склаўся Часовы ўрад. Так узнікла двоеўладдзе.

Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі на Беларусь 1 - 4 сакавіка і выклікалі масавыя мітынгі, шэсці з чырвонымі сцягамі. Па прынцыпе Петраградскага Савета ў гарадах і мястэчках ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, народная міліцыя. 4 сакавіка 1917 г. быў створаны Мінскі Савет рабочых дэпутатаў. У Часовы Выканаўчы камітэт Савета ўвайшлі адны бальшавікі. Гарадскую міліцыю ўзначаліў служачы Земскага саюза бальшавік М. Міхайлаў (М. Фрунзе). 6 сакавіка на сумесным пасяджэнні выканкама і салдат-дэпутатаў было вырашана стварыць аб'яднаны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Часовы выканаўчы камітэт назначыў губернскіх і павятовых камісараў, да якіх пераходзіла мясцовая ўлада. Канчаткова Мінскі Савет аформіўся 8 сакавіка. Туды ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў і бундаўцаў. Часовы выканаўчы камітэт узначаліў меншавік Б.Позерн, а яго намеснікам стаў бальшавік І.Любімаў. У Віцебску, Гомелі і іншых гарадах былі створаны аб'яднаныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, але галоўную ролю ў Беларусі адыгрываў Мінскі Савет.

Мінск 1917 г.
Мітынг працоўных у Мінску ў дзень, калі зрынулі Мікалая II. 4 сакавіка 1917 г.

Значны ўплыў на палітычнае жыццё мела вайна. З 7 па 17 красавіка 1917 г. у Мінску адбыўся I з'езд ваенных і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту. Ён зацвердзіў Палажэнне аб салдацкіх камітэтах, выступіў за прадастаўленне салдатам свабоды слова, друку і г.д. Дэлегаты падтрымалі курс Часовага ўрада на працяг вайны ў мэтах абароны дэмакратычнай рэвалюцыі.

У сакавіку - красавіку 1917 г. пашыраецца сялянскі рух. 20 - 23 красавіка ў Мінску адбыўся з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і неакупіраваных паветаў Віленскай губерняў. Ён падтрымаў эсэраўскую праграму па аграрным пытанні - сацыялізацыя зямлі, ураўняльнае землекарыстанне (гэта ж зрабілі з'езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў). З'езд выказаўся за хутчэйшы мір.

Мінск 1917 г.
Дэманстрацыя працоўных у Мінску ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.

25 сакавіка 1917 г. адбыўся I з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый. Ён адобрыў стварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) на чале з Раманам Скірмунтам. Беларускія нацыянальна-дэмакратычныя партыі зрабілі спробу дабіцца ад Часовага ўрада перадачы ўлады Беларускай краёвай радзе, выбары якой з'езд даручыў БНК. Але расійскія буржуазныя палітыкі не падтрымалі гэтую ідэю.

4 ліпеня 1917 г. у Петраградзе прайшла паўмільённая несанкцыяніраваная дэманстрацыя. З дазволу выканкама Усерасійскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў яна была расстраляна. Двоеўладдзе скончылася. Уся ўлада апынулася ў руках Часовага ўрада, бальшавікі перайшлі у падполле. У гэтых умовах РСДРП на VI з'езде (26 ліпеня - 3 жніўня 1917 г.) прымае рашэнне аб падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супраць Часовага ўрада.

8-10 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся II з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый. Была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый на чале з Я. Лёсікам. Яна таксама праводзіла палітыку аўтаноміі Беларусі ў Расіі.

У ліпені - жніўні 1917 г. на Беларусі праходзілі выбары ў мясцовыя органы самакіравання - гарадскія думы, земствы. У мястэчках перамогу атрымалі бундаўцы, у земствах - эсэры. Ні беларускія нацыянальныя партыі, ні бальшавікі летам 1917 г. не карысталіся значнай падтрымкай сярод насельніцтва.

Радзянка. Мінск 1917 год
Старшыня Дзяржаўнай Думы Радзянка М.Б. на маніфестацыі ў Мінску падчас з'езду рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняга фронту пераконвае салдатаў і працоўных ваяваць да пераможнага канца. 7 красавіка 1917 г.

18 ліпеня Вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Карнілаў, які 25 - 30 жніўня патрабаваў устанавіць ваенную дыктатуру (Карнілаўскі мяцеж). Узначалілі барацьбу супраць Карнілава бальшавікі, што ўзмацніла іх ўплыў на масы. У другой палове верасня 1917 г. у ходзе перавыбараў Саветаў бальшавікі атрымалі большасць у Мінскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бальшавікі Заходняга фронту і Смаленшчыны на канферэнцыі ў Мінску абралі адзіны кіруючы орган - Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б)

Восенню 1917 г. адбыліся нацыянальныя беларускія вайсковыя з'езды Заходняга, Паўночнага, Паўднёва-Заходняга, Румынскага франтоў і матросаў Балтыйскага флоту. Амаль усе яны прайшлі пад лозунгамі аўтаноміі Беларусі, цэласнасці яе тэрыторыі ў этнічных межах. У выніку вайсковых з'ездаў у Мінску была створана Цэнтральная вайсковая беларуская Рада (ЦВБР), якая практычна занялася стварэннем беларускіх вайсковых фарміраванняў. У снежні 1917 г. быў створаны I Беларускі полк. Да гэтага часу завяршылася ў асноўным збіранне беларускіх нацыянальных сіл. Для іх каардынацыі ў кастрычніку 1917 г. Цэнтральная Рада была ператворана ў Вялікую беларускую Раду (ВБР).

Мінск 1917 г.
Дэманстрацыя працоўных у Мінску ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.

Такім чынам, лютаўская рэвалюцыя абудзіла палітычную актыўнасць шырокіх мас насельніцтва, якую выкарыстоўвалі палітычныя партыі для пашырэння свайго ўплыву ў грамадстве.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.