27. Індустрыялізацыя і калектывізацыя ў БССР. Галоўныя вынікі

Індустрыялізацыя - працэс стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, і перш за ўсё ў прамысловасці. СССР неабходна было правесці індустрыяльныя пераўтварэнні, таму што краіна адставала ў тэхніка-эканамічных адносінах ад развітых індустрыяльных дзяржаў. Падняць узровень эканомікі без індустрыялізацыі было немагчыма. Першапачаткова была абгрунтавана стратэгія індустрыяльнага развіцця, звязаная з працягам НЭПа, але, дабіўшыся перамогі ў кіраўніцтве партыяй і дзяржавай, Сталін стаў рэалізоўваць сваю стратэгію фарсіраванага развіцця.

Правядзенне індустрыялізацыі на Беларусі звязана з развіццём прамысловасці па перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Таму асноўныя капіталы ў першыя гады індустрыялізацыі накіроўваліся на патрэбы харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, швейнай прамысловасці, а таксама галін, якія перапрацоўвалі драўніну (лясная, дрэваапрацоўчая, папяровая) і мінеральную сыравіну (паліўная, хімічная). Мінскія заводы "Энергія", "Камунар" паклалі пачатак станкабудавання, а закладзеная пад Оршай БелДРЭС - энергетыкі Беларусі.

Быў распрацаваны першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі Беларусі на 1928-1932 гг., у час якога планаваліся стварэнне буйной прамысловасці, рост нацыянальных кадраў, рэканструкцыя ўсёй народнай гаспадаркі. Але пасля сталінскага перагляду планаў пяцігодку не выканалі, хаця ў строй дзеючых было ўведзена 538 прадпрыемстваў, сярод іх швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі", фабрыка "КіМ" у Віцебску, Гомсельмаш, БелДРЭС і інш. У другой пяцігодцы (1933-1937 гг.) ставілася задача развіваць машынабудаванне, рэканструяваць энергетычную гаспадарку. Аднак і гэты план не быў выкананы.У строй дзеючых уступілі: Гомельскі шкляны, Крычаўскі цэментавы заводы, Мінская ТЭЦ і інш. Задачай трэцяй пяцігодкі (1938 - 1942 гг.) было паскарэнне развіцця прамысловасці, машынабудавання. Былі пабудаваны Мінскі радыёзавод, Рагачоўскі кансервавы інш. За перыяд з 1929 па 1940 г. у БССР было пабудавана і рэканструявана 1863 прадпрыемствы. Церпячы матэрыяльныя і сацыяльныя нягоды, рабочы клас, сялянства, інтэлігенцыя верылі, што яны будуюць самае шчаслівае грамадства.

Калектывізацыя - аб'яднанне дробных індывідуальных гаспадарак сялян у буйныя калектыўныя гаспадаркі. Каапераванне сялянскіх гаспадарак мела месца яшчэ задоўга да 1929 г. Сяляне ахвотна ішлі на кааперацыю, якая не закранала асноў самастойнага вядзення аднаасобнай гаспадаркі. Але пасля XV з'зда ВКП(б), які адбыўся ў 1927 г., аб'яднанне сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя становіцца генеральнай лініяй партыі ў вёсцы. Дэклараваўся прынцып добраахвотнасці пры ўступленні ў калгасы. Але на справе ўсё было інакш.

Тых, хто выступаў супраць прымянення сілавых метадаў у эканоміцы, абвінавачвалі ў правым ухіле. Такі ярлык прыклеілі Д. Прышчэпаву, які быў ў той час наркамам земляробства рэспублікі, а па сваіх поглядах блізкі да М. Бухарына. З'яву "правага ўхілу" ў пытанні сельскай гаспадаркі ў Беларусі называлі яшчэ "прышчэпаўшчынай". Прышчэпава і яго прыхільнікаў абвінавацілі ў насаджэнні кулацкіх гаспадарак, да якіх адносілі і ўсе хутарскія. У 1929 г. Прышчэпава і яшчэ 30 чалавек выключылі з партыі і рэпрэсіравалі. Адначасова было прынята рашэнне спыніць хутарызацыю.

На аснове раскулачвання бальшавікі сталі пераходзіць да паскоранай, прымусовай калектывізацыі. (Раскулачванне - гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да сялянства, ліквідацыя кулацтва, пры гэтым кулакамі называлі ўсіх не згодных з суцэльнай калектывізацыяй.) Так яны імкнуліся вырашыць дзве задачы: з аднаго боку, у кароткія тэрміны калектывізаваць вёску, з другога - узяць у яе сродкі для індустрыялізацыі. Замест прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні ў калгас сталі шырока прымяняць гвалт і запалохванне. Сяляне не ўспрымалі ідэю калектывізацыі. Яны не хацелі расставацца з той уласнасцю, якую мелі, не жадалі пераходзіць на пункт гледжання пралетарскай дзяржавы. У вёску для стварэння калгасаў былі накіраваны сотні ўпаўнаважаных камуністаў і рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў. Многія з арганізатараў калгасаў былі слаба дасведчаны ў асаблівасцях сялянскага жыцця. Працэс кааперавання быў падменены "раскулачваннем", пры гэтым адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці "кулакоў". Пры сельсаветах былі створаны спецыяльныя камісіі па раскулачванні, якія праводзілі вопіс і канфіскацыю маёмасці (часцей за ўсё сераднякоў). "Раскулачаныя" сяляне падвяргаліся арыштам і высяленню у Сібір. Да мая 1930 г. у БССР было раскулачана каля 15,5 тысячы гаспадарак. Сяляне гвалтоўна залічваліся ў калгасы. Не жадаючы ўступаць у іх, яны рэзалі жывёлу, а ў асобных выпадках браліся за зброю. Толькі у 1930 г. адбылося каля 500 узброеных выступленняў. Усіх незадаволеных аддавалі пад суд як контррэвалюцыянераў. Пасля з'яўлення ў газеце "Правда" артыкула Сталіна "Галавакружэнне ад поспехаў" (2 сакавіка 1930 г.) адбыўся адток сялян з калгасаў. Але восенню 1930 г. палітыка "суцэльнай калектывізацыі" была адноўлена і было вырашана завяршыць яе да канца 1931 г.

Вясной 1932 г. у рэспубліцы адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Распалася не менш як тысяча гаспадарак. Выхад з калгасаў з'явіўся рэакцыяй сялян на голад, які ахапіў краіну ў 1932 - 1933 гг. Масавы голад абышоў рэспубліку, хаця і тут многія сяляне засталіся без хлеба, які сілай канфіскоўваўся ў іх праз калгасы.

У гады другой пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі завяршылася. У калгасах было абагульнена 96 % пасяўной плошчы. Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС), а пры іх палітаддзелы, якія строга праводзілі партыйную лінію ў калектывізацыі. Першая МТС у БССР пачала дзейнічаць у Койданаве (Дзяржынску). У 1935 г. II Усесаюзны з'езд калгаснікаў прыняў прыкладны Статут сельскагаспадарчай арцелі, які гарантаваў існаванне асабістай падсобнай гаспадаркі калгаснікаў і гэтым самым даваў ім некаторую палёгку.

Вынікі правядзення індустрыялізацыі і калектывізацыі:

  1. Дзякуючы працоўнаму энтузіязму і веры народа ў будучыню ў рэспубліцы была створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база для далейшага развіцця.
  2. Была ліквідавана шматукладнасць у эканоміцы (дзяржаўная форма ўласнасці).
  3. Створаны буйныя калектыўныя гаспадаркі, пры правядзенні прымусовай калектывізацыі рэпрэсіраваны кожны шосты селянін.
  4. Калгасы былі пазбаўлены гаспадарчай самастойнасці і гэта тармазіла іх эканамічны рост.
  5. Калгаснікі былі адхілены ад валодання сродкамі вытворчасці, пазбаўлены пашпартоў, што выключала магчымасць свабоднага перамяшчэння, юрыдычна прывязвала да калгаса і павялічвала прымусовы характар працы.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.