06. Унутраная і знешняя палітыка Вялікага Княства Літоўскага ў XIV — XV стст.

Вялікае княства Літоўскае па форме кіравання было феадальнай манархіяй на чале з вялікім князем - носьбітам заканадаўчай, выканаўчай, судовай, ваеннай улады, якую ён ажыццяўляў у інтарэсах пануючага класа з дапамогай феадальнай знаці. Вялікі князь з'яўляўся вярхоўным уласнікам усіх зямель у дзяржаве. Папаўняўся зямельны фонд у выніку ваенных захопаў. Такім чынам вялікаму князю належала і эканамічнае вяршынства ў дзяржаве, яму падпарадкоўваліся іншыя князі і буйныя феадалы - паны не толькі ў палітычных, але і ў эканамічных адносінах. Землеўладанне свецкіх і царкоўных феадалаў пашыралася ў асноўным за кошт вялікакняскіх падараванняў.

Дзяржаўнай мовай у ВКЛ была старабеларуская. На ёй гаварыў вялікакняскі двор, гэта была мова судоў, дзяржаўных актаў. Вышэйшыя органы ўлады ВКЛ: вялікі князь, Рада, Сойм. Рада ("паны-рада") у першыя гады свайго існавання выступала ў якасці Савета пры гаспадары. Аднак па меры ўзмацнення феадальнай знаці Рада адасабляецца ў самастойны, асобны ад вялікага князя орган улады. Сойм канчаткова аформіўся ў канцы XV ст. У склад Сойма ўваходзілі паны-радныя, службовыя асобы, на яго пасяджэннях магла прысутнічаць уся шляхта ВКЛ. Ішоў працэс не цэнтралізацыі ўлады, як у Заходняй Еўропе, а пашырэння ролі феадальнай знаці (шляхты).

Унутрыпалітычнае становішча характарызавалася феадальнымі ўсобіцамі, знешнепалітычнае - барацьбой з захопнікамі, пашырэннем межаў дзяржавы.

Напрыканцы XIII ст. у ВКЛ стаў княжыць вялікі князь Віцень (1293 - 1316), мэтай якога было ўмацаванне дзяржавы. У 1307 г. на аснове дагавора ў склад ВКЛ увайшло Полацкае княства. Менавіта вялікі князь Віцень увёў агульнадзяржаўны герб "Пагоня", які бярэ свой пачатак у язычніцтве (бог Ярыла ўяўляўся юнаком на белым кані). У Іпацьеўскім летапісе "Пагоня" ўпершыню ўпамінаецца ў канцы XIII ст. Малюнак конніка з мячом азначаў воіна, які гатовы абараняць сваю радзіму ад ворага. Тэрмінам "пагоня" (ад беларускага слова "гнаць, праганяць") абазначалася ваенная павіннасць па абароне дзяржавы. Спачатку герб выкарыстоўваўся толькі як ваенны і быў сімвалам у барацьбе з крыжакамі.

Значна пашырылася тэрыторыя ВКЛ пры вялікім князі Гедыміне (1316 - 1341). У склад княства у гэты час увайшлі Віцебская, Берасцейская, Менская і Тураўская землі. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу ВКЛ з Наваградка ў Вільню. Змагаўся супраць маскоўскага князя Івана Каліты за ўплыў на Пскоў і Ноўгарад. Нанёс нямецкім рыцарам шэраг паражэнняў. Загінуў пры асадзе нямецкой крэпасці Баербург.

З 1345 па 1377 г. вялікім князем быў Альгерд (1345 - 1377). У 1362 г. на рацэ Сінія Воды (тэрыторыя сучаснай Украіны) войска на чале з Альгердам атрымала перамогу над татарамі. У выніку Падолле і Кіеўшчына былі вызвалены ад мангола-татарскага іга і далучаны да ВКЛ. Альгерд падтрымліваў барацьбу цвярскіх князёў супраць аб'яднаўчай палітыкі Дзмітрыя Данскога, зрабіў тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372), імкнуўся падпарадкаваць Пскоў і Ноўгарад. Акрамя таго, ён вёў барацьбу з Польшчай за Валынь і Падляшша, паспяхова змагаўся супраць нямецкай агрэсіі. За час яго кіравання тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая.

Уступленне на трон Ягайлы (1377 - 1392) суправаджалася абвастрэннем дынастычнай барацьбы ў княстве паміж Ягайлам, яго дзядзькам Кейстутам і братам Андрэем полацкім. У Альгерда было 12 сыноў, і, паміраючы, ён пакінуў пасад Ягайле - старэйшаму сыну не ад першага шлюбу з віцебскай княжной, а ад другога - з цвярской княжной, што выклікала незадавальненне Андрэя полацкага - старэйшага сына ад першага шлюбу. Князь Андрэй пакінуў Полацк, заключыў саюз з маскоўскім князем Дзмітрыем Іванавічам. У 1380 г. Андрэй полацкі ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве на баку Масквы, а Ягайла выступіў з войскам на дапамогу татарам, але не паспеў своечасова падысці. Праз некалькі гадоў службы ў маскоўскага князя А. Полацкі вярнуўся у ВКЛ і адваяваў сабе Полацк. Пазней ён перайшоў на службу да Вітаўта. У 1385 г. Ягайла заключыў Крэўскую ўнію з Польшчай, якая значна паўплывала на далейшае палітычнае жыццё ВКЛ. Ягайла перайшоў у каталіцтва, ажаніўся з каралевай Ядзвігай, стаў польскім каралём. У 1387 г. ён прыняў прывілей, паводле якога праваслаўная знаць, якая была ў асноўным беларуска-ўкраінскага паходжання, ставілася ў няроўнае эканамічнае становішча з феадаламі каталіцкага веравызнання. Гэта пастанова выклікала ў асяроддзі шматлікай арыстакратыі рэзкае незадавальненне, якое першым скарыстаў стрыечны брат Ягайлы Вітаўт (сын Кейстута). Пачалася міжусобная вайна паміж Ягайлам і Вітаўтам, якая скончылася Востраўскім пагадненнем 1392 г., паводле якога Вітаўт стаў вялікім князем (1392 - 1430). ВКЛ гарантавалася самастойнасць у союзе з Польшчай. У 1409 г. пачалася Вялікая вайна (1409 - 1411) паміж ВКЛ і Польшчай, з аднаго боку, і Тэўтонскім Ордэнам - з другога. У час Грунвальдскай бітвы 1410 г. крыжакі былі разбіты, дзякуючы чаму і быў пакладзены канец іх набегам на ВКЛ. Пры Вітаўце ВКЛ распасцёрлася "ад мора да мора" і дасягнула найбольшай магутнасці.

Гарадзельская унія. Вітаўт працягваў дабівацца незалежнасці Вялікага княства Літоўскага, імкнуўся парваць васальныя адносіны з польскім каралём. Ягайла быў вымушаны пачаць перагаворы пра аднаўленне ўніі. З гэтай мэтай ў 1413 г. у замку Гародлі (на Заходнім Бугу) адбыўся з'езд феадалаў Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага. Кароль і польскія феадалы вырашылі абапірацца на літоўскіх і беларускіх феадалаў каталіцкага веравызнання. Той частцы феадалаў, што згадзілася прыняць каталіцтва і польскія гербы, дараваліся новыя прывілеі. Ягайла і Вітаўт абавязаліся назначаць іх на дзяржаўныя пасады. Крэўская і Гарадзельская уніі з'яўляліся мерамі па замацаванні ўлады Ягайлы з апорай на палякаў, а потым на феадалаў-католікаў.

Вайна паміж феадаламі ў ВКЛ (1432 - 1436). Пасля смерці Вітаўта вялікім князем быў абраны малодшы брат Ягайлы - Свідрыгайла. Новы князь выступіў супраць уніі. Галоўнай апорай Свідрыгайлы былі беларускія і ўкраінскія феадалы. Ё праводзіў незалежную ад Полыдчы палітыку. Польскі бок прапанаваў на пасаду вялікага князя ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіча (1432 - 1440). Пачалася феадальная грамадзянская вайна, у якой перамог Жыгімонт. Ён стаў вялікім князем ВКЛ.

Пасля смерці Жыгімонта (ён быў забіты ў выніку змовы вялікім князем быў абраны Казімір Ягелончык (1440 - 1492) які канчаткова ліквідаваў унію з Польшчай. Адначасова былі пашыраны правы праваслаўнай царквы ў ВКЛ: у 1458 г. яна канчаткова вызвалілася ад маскоўскай мітраполіі і падпарадкавалася канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Казіміра вялікім князем ста ў яго сын Аляксандр (1492 - 1506) Пры Аляксандры пачалася серыя войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Войны, якія пачаліся ад Маскоўскім княствам у канцы XV ст., працягваліся аж да канца XVIII ст., праўда, з перапынкамі.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.