32. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Восенню 1943 г., пасля разгрома фашысцкіх войскаў пад Курскам, пачалося выгнанне ворага з акупіраванай тэрыторыі Беларусі. 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР Камарын. Асенне-зімовае наступленне прынесла вызваленне 36 раёнам і двум абласным цэнтрам - Гомелю і Мазыру, быў фарсіраваны Днепр у раёне Лоева. У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны - поўнае выгнанне акупантаў з савецкай зямлі. Значную ролю ў рашэнні задач на гэтым этапе адыграла Беларуская наступальная аперацыя, вядомая пад кодавай назвай "Баграціён".

Лінія фронту ў Беларусі ўяўляла сабой выступ. Гэты выступ атрымаў назву "Беларускі балкон". Утрыманню гэтага выступу гітлераўскае камандаванне надавала асаблівае значэнне, бо ён прыкрываў галоўныя напрамкі - усходне-прускі і варшава-берлінскі. Па берагах рэк - Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны, Нёмана - былі падрыхтаваны і абарончыя рубяжы, гарады Віцебск, Магілёў, Полацк, Мінск, Орша, Бабруйск, Барысаў аб'яўлены крэпасцямі, якія не належаць здачы. Лінію абароны назвалі "Фатэрлянд" ("Айчына"), чым падкрэслівалася, што нямецкая армія абараняе тут рубяжы самой Германіі. У Беларусі была сканцэнтравана магутная групоўка фашысцкіх войскаў.

Вызваленне Беларусі
Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Для ажыццяўлення плана аперацыі "Баграціён" прыцягваліся войскі 1-га Беларускага (камандуючы генерал арміі К. Ракасоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы генерал-палкоўнік Г. Захараў), 3-га Беларускага (камандуючы генерал-лейтэнант I. Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы генерал арміі I. Баграмян) франтоў.

У наступленні ўдзельнічалі Дняпроўская флатылія, першы асобны французскі добраахвотніцкі авіяполк "Нармандыя-Нёман". Дзеянні франтоў каардынавалі маршалы Г. Жукаў і А. Васілеўскі.

Савецкія войскі пераўзышлі праціўніка ў два рады па жывой сіле, гарматах і мінамётах, у чатыры - па танках, у тры - па баявых самалётах.

Задума камандавання заключалася ў наступным: франты адначасова пераходзяць у наступленне і магутнымі ўдарамі разбураюць стратэгічны фронт абароны праціўніка, акружаюць і знішчаюць яго групоўку ў раёнах Віцебска і Бабруйска, а затым наносяць удары па сыходзячыхся напрамках на Мінск з мэтай акружэння асноўных сіл групы армій "Цэнтр".

23 чэрвеня 1944 г. - пачатак наступлення. 24 чэрвеня лінія абароны праціўніка была прарвана. На трэці дзень баёў савецкія войскі акружылі віцебскую групоўку і вызвалілі Віцебск, у канцы чэрвеня - бабруйскую групоўку і вызвалілі Бабруйск.

Баі за Мінск пачаліся на досвітку 3 ліпеня і завяршыліся ў канцы таго ж дня. 2-і Тацынскі танкавы корпус генерала А. Бурдзейнага вёў баі на ўсходняй ускраіне Мінска, на паўночную ўскраіну выйшлі танкісты П. Ротмістрава. Першым уварваўся ў Мінск танк Д. Фролікава. Ён прамчаўся па Савецкай вуліцы (цяпер праспект Ф. Скарыны), знішчыўшы гармату і некалькі дзесяткаў гітлераўцаў. У баях на вуліцах горада вызначыўся камандзір танкавага ўзвода М. Колычаў. Яму ўдалося захапіць мост праз Свіслач, па якім танкі бесперашкодна прайшлі ў цэнтр горада.

Было завершана акружэнне 100-тысячнай групоўкі праціўніка (так званы "Мінскі кацёл"). Сем дзён "кіпеў" гэты кацёл, фашысцкім войскам так і не ўдалося вырвацца з яго (70 тыс. забіта, 35 тыс. узята ў палон).

Партызаны і падпольшчыкі захоплівалі масты, стваралі плацдармы і ўтрымлівалі іх да прыходу савецкіх войскаў. Самастойна вызвалялі раённыя цэнтры. Падпольшчыкам Мінска ўдалося раздабыць план размяшчэння ў горадзе ўмацаваных і замініраваных аб'ектаў. Спецгрупа Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, атрымаўшы гэты план, ажыццявіла меры па выратаванні ад знішчэння будынкаў Дома ўрада, Акруговага дома афіцэраў і інш. К канцу ліпеня вораг быў поўнасцю выгнаны з беларускай зямлі.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.