39. Асноўныя дасягненні ў развіцці беларускай культуры ў 1965 - 1985 гг.

Пераход ад рэфарматарска-ліберальнага курсу кіраўніцтва краінай першага паслясталінскага дзесяцігоддзя да кансерватыўна-неасталінскага ў другой палавіне 60-х - першай палавіне 80-х гг. асабліва адчувальна выявіўся ў культуры. У рэспубліцы клопатамі партыі на першае месца была пастаўлена марксісцка-ленінская адукацыя, якая павінна была забяспечыць выхаванне новага чалавека з яго камуністычным светапоглядам. Партыя аб'явіла непрымірымую барацьбу з рэлігійнай ідэалогіяй, яшчэ больш узмацніла так званую антырэлігійную прапаганду. Рэспубліканскі друк, телебачанне, радыё пад кіраўніцтвам партыі вялі настойлівую работу па камуністычным выхаванні працоўных. Народная адукацыя развівалася пад непасрэдным уплывам тых працэсаў, якія характарызавалі ўнутрыпалітычнае жыццё краіны. Безумоўна, былі ў народнай адукацыі і поспехі. Галоўным дасягненнем з'явіўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, які адбыўся ў рэспубліцы ў другой палове 70-х гг. Праграмы, вучэбныя планы і падручнікі прыводзіліся ў адпаведнасць з дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Прафесійна-тэхнічныя вучылішчы сталі пераходзіць на сярэднюю адукацыю. Павялічылася колькасць вышэйшых навучальных устаноў (у 1960 г. - 24, у 1985 г. - 33).

Развіццё навукі ў Беларусі ішло вельмі супярэчліва.

Беларуская літаратура перажывала складаны час свайго развіцця. Зноў на першае месца вылучалася ідэйная накіраванасць твораў, іх адпаведнасць устаноўкам партыі. Але насуперак устаноўкам партыйнага кіраўніцтва нараджаліся і сапраўды праўдзівыя творы. Хоць дэсідэнтаў, якія аказаліся ахвярамі рэпрэсій, сярод беларускіх пісьменнікаў у гэтыя гады і не было, але не было і ўсеагульнай пакорнасці. Алесь Адамовіч, напрыклад, быў вымушаны пакінуць рэспубліку. У. Караткевіч заўчасна памёр і тым пазбег ужо падрыхтаванага абвінавачвання ў нацыяналізме. Не меў пашаны ў кіраўніцтва і В.Быкаў, які не падабаўся дэмакратызмам і абаронай у сваіх творах агульначалавечых каштоўнасцей.

У гэтыя гады былі напісаны творы на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Лепшыя з іх - дакументальная аповесць "Зона маўчання" С. Грахоўскага, раманы "Кар'ер", "Знак бяды" В.Быкава, "Дарогі спазнаныя і неспазнаныя" А. Кулакоўскага і інш. Пісьменнікі працягвалі раскрываць гісторыю свайго народа. Гэта раман I. Мележа "Завеі, снежань...", У. Караткевіча "Чорны замак Альшанскі" і інш. У гэты час тварылі наступныя паэты: П. Панчанка, М. Танк, В. Вітка, С. Грахоўскі, Н. Гілевіч, А. Лойка, Р.Барадулін і інш. Аднак з пункту гледжання сацыяльнай значнасці ўплыў літаратуры на грамадскае жыццё оыў невялікім.

Сярод твораў беларускай драматургіі атрымалі вядомасць спектаклі "Начное дзяжурства" А. Дзялендзіка, "Таблетку пад язык", "Святая прастата" А. Макаёнка, "Брама неўміручасці" К. Крапівы, "Званы Віцебска" У. Караткевіча і інш.

Музыкальнай творчасцю ў гэты час займаліся наступныя беларускія кампазітары: Г. Вагнер, А. Мдывані, Э. Зарыцкі, Д. Смольскі і інш. Ю. Семяняка стварыў оперы "Зорка Венера", "Ф.Скарына", Я. Глебаў - балет "Альпійская балада" і інш.

Мастакамі М. Савіцкім, Г. Вашчанкам, В. Сумаравым, Б. Аракчэевым ствараліся палотны, якія адпавядалі гэтаму часу. Прызнанне арыгінальнасці і таленту некаторых мастакоў прабівала сабе дарогу праз замежжа. Такім быў шлях мастака з Рэчыцы А. Ісачова, карціны якога пачалі з'яўляцца на выставах толькі пасля прызнання яго таленту за мяжой. За 32 гады свайго жыцця А. Ісачоў стварыў каля 500 карцін.

Асабісты лёс М. Шагала не быў такі трагічны, як А. Ісачова, ён пражыў доўгае жыццё, у асноўным у Францыі, куды паехаў, пакінуўшы Віцебск, у першыя гады пасля рэвалюцыі і памёр у 1985 г. Але прызнанне ў сябе на радзіме атрымаў толькі ў апошнія гады.

У ліку твораў 70-х гг. ў галіне манументальнай скульптуры асабліва вылучаюцца помнікі Я.Купалу (скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі); Я. Коласу (скульптар З. Азгур) у Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку (скульптар А. Глебаў), мемарыяльны комплекс "Прарыў" у г.п.Ушачы (скульптар А. Анікейчык).

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.