16. Важнейшыя падзеі рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. на Беларусі

У пачатку XX ст. інтэнсіўны прамысловы ўздым змяніўся сусветным эканамічным крызісам. Беларуская сельская гаспадарка была адной з перадавых сярод еўрапейскіх губерняў Расійскай імперыі. Разам з тым развіццё капіталістычных адносін стрымлівалася феадальнымі перажыткамі. У 1905 г. каля 50 % сялянскіх гаспадарак мелі надзел да 10 дзесяцін зямлі (каб забяспечыць пражытачны мінімум, патрэбна 15 дзесяцін),

Сацыяльная напружанасць у гарадах і вёсках стварыла спрыяльныя ўмовы для радыкалізацыі рабочага і сялянскага руху, стварэння палітычных партый. Аднымі з першых палітычных партый на тэрыторыі Беларусі былі: Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (1896), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд, 1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП, 1898), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (1900), Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (1902), Партыя польскіх сацыялістаў на Літве (ППС, 1902). Як бачым, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі агульнарасійскія, польскія і яўрэйскія партыі.

Станаўленне беларускіх палітычных партый стрымлівалася слабай нацыянальнай самасвядомасцю беларусаў. Аднак у канцы 1902 г. на базе гурткоў, якія дзейнічалі ў Вільні, Мінску, Пецярбургу, была створана Беларуская рэвалюцыйная грамада, якая ў 1903 г. прыняла назву Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1903 - 1904 гг. на Беларусі былі створаны Палескі і Паўночна-Заходні камітэты РСДРП.

Развіццё класавых супярэчнасцей набліжала рэвалюцыйную сітуацыю ў краіне. Да таго ж руска-японская вайна паскорыла працэс палітызацыі вёскі. Пачаткам першай расійскай рэвалюцыі з'явіліся падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу, калі была расстраляна 140-тысячная дэманстрацыя на чале з папом Гапонам. Загінула 1200 чалавек, было паранена 5 тыс. Гэтая падзея атрымала назву "Крывавая нядзеля". Вера ў добрага цара была развеяна. Пратэст супраць гэтай акцыі выказалі і працоўныя Беларусі. У Мінску, Гродне, Гомелі, Полоцку, Смаргоні праходзілі дэманстрацыі. Рабочыя 30 гарадоў і мястэчак удзельнічалі ў гэтай барацьбе. З палітычных партый найбольш актыўна дзейнічалі Бунд, РСДРП і эсэры.

Працяг палітычных выступленняў рабочых быў звязаны са святкаваннем 1 Мая і правядзеннем мітынгаў салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы. Летам 1905 г. узмацніўся сялянскі рух. 6 жніўня 1905 г. Мікалай II падпісаў Маніфест аб увядзенні ў Расіі парламента - законадарадчай Дзяржаўнай думы, праект якой быў распрацаваны міністрам унутраных спраў Булыгіным. У кастрычніку 1905 г. чыгуначнікі спынілі рух на асноўных чыгуначных магістралях, пачалася ўсерасійская палітычная стачка.

17 кастрычніка 1905 г. Мікалай II падпісаў Маніфест аб абвяшчэнні дэмакратычных свабод, скліканні Дзяржаўнай думы з заканадаўчымі паўнамоцтвамі. Буржуазна-ліберальны лагер быў задаволены. Узнікаюць буржуазныя партыі кадэтаў і акцябрыстаў. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя сілы працягвалі барацьбу, у якую былі ўцягнуты працоўныя 53 гарадоў і мястэчак Беларусі. 18 кастрычніка на вакзальнай плошчы ў Мінску па загаду губернатара Курлава былі расстраляны ўдзельнікі мітынгу, загінула каля 100 чалавек, 300 было паранена (так званы Курлоўскі расстрэл). У канцы 1905 г. у рэвалюцыйны рух усё больш уцягваецца армія. Салдацкія хваляванні адбыліся ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Бабруйску, Брэсце.

З 9 па 18 снежня 1905 г. ў Маскве адбылося ўзброенае выступленне, якое мела водгук у Мінску, Гомелі, Баранавічах, Пінску, але ў паўстанне гэтыя падзеі не перараслі.

У студзені 1906 г. адбыўся II з'езд першай беларускай нацыянальнай палітычнай партыі - БСГ, на якім была канчаткова вызначана праграма яе дзейнасці. БСГ выступала за звяржэнне самадзяржаўя, замену капіталістычнага ладу сацыялістычным, утваренне Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі са свабодным самавызначэннем і культурна-нацыянальнай аўтаноміяй народнасцей. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясцовым сеймам у Вільні.

Выбары ў I Дзяржаўную думу, дазвол на стварэнне прафсаюзаў і іншыя меры царызму некалькі аслабілі канфрантацыю ў грамадстве. Ад беларускіх губерняў у I Думу было выбрана 36 дэпутатаў (большасць - кадэты). Дзейнасць I Думы (з красавіка па ліпень 1906 г.) насіла апазіцыйны цару характар. Галоўным пытаннем было аграрнае, але Дума не прыняла дзяржаўнага праекта па гэтым пытанні і была распушчана ўрадам. 9 лістапада 1906 г. быў выдадзены царскі указ аб выхадзе сялян з абшчыны, з якога пачалося правядзенне сталыпінскай* аграрнай рэформы.

Былі прызначаны выбары ў II Дзяржаўную Думу. На выбарах у беларускіх губернях перамаглі правыя групоўкі. У цэлым II Дзяржаўная Дума (з лютага па чэрвень 1907 г.) была больш радыкальная, чым I. Галоўным зноў стала аграрнае пытанне. Паколькі II Дзяржаўная дума выходзіла з-пад кантролю ўрада, 3 чэрвеня 1907 г. яна па сфабрыкаванай справе па загаду цара і Сталыпіна была распушчана. Выбарчы закон, прыняты ў адпаведнасці з Маніфестам 17 кастрычніка, быў зменены. Урад прыступіў да рэпрэсій супраць сваіх праціўнікаў. Першая рэвалюцыя ў Расіі скончылася.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.