31. Масавая барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў

На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі "новы парадак" - дзяржаўную сістэму мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага ладу, эксплуатацыю нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, прыгнечанне і знішчэнне людзей. Беларусь была падзелена на часткі. Намеснікам Гітлера на Беларусі стаў гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, а пасля яго забойства падпольшчыкамі - фон Готберг. Пры фарміраванні акупацыйнай адміністрацыі і паліцэйскіх падраздзяленняў немцы дазвалялі прыхільнікам беларускага нацыянальнага руху ўжываць нацыянальную сімволіку, ствараць беларускія школы, асветніцкія ўстановы, выдаваць газеты. Пазней акупанты пайшлі нават на арганізацыю органаў кіравання, у тым ліку Беларускай цэнтральнай рады, Беларускай краёвай абароны. Ва ўмовах акупацыйнага рэжыму і пад уплывам некаторых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху невялікая колькасць жыхароў рэспублікі перайшла да супрацоўніцтва з нямецкімі адміністрацыйнымі структурамі.

Эканоміка на акупіраванай тэрыторыі Беларусі насіла каланіяльны характар. Быў створаны спецыяльны эканамічны апарат з атрадамі для збору сродкаў вытворчасці і сыравіны, дзейнічала 60 прадпрыемстваў.

Гітлераўцы гвалтоўна вывозілі людзей на катаржныя работы ў Германію. Тых, хто ўхіляўся ад адпраўкі, расстрэльвалі. Было вывезена 380 тыс.чалавек, вярнулася дамоў каля 120 тыс. У межах рэспублікі было арганізавана 260 лагераў смерці, больш 100 гета, у якія гітлераўцы сагналі сотні тысяч яўрэяў і утрымлівалі іх за калючым дротам. За гады акупацыі разам з жыхарамі было спалена 628 беларускіх вёсак. Усяго за гады вайны ў рэспубліцы было знішчана больш за 2 млн 200 тыс. чалавек.

Вораг не змог зламаць волю беларускага народа да вызвалення. На тэрыторыі Беларусі разгарнулася масавая барацьба супраць захопнікаў. Арганізатарамі яе ў пачатковы перыяд вайны былі не толькі партыйныя органы, кіруючыя партыйныя работнікі, але і радавыя грамадзяне. У першыя дні вайны былі сфарміраваны і ўступілі ў барацьбу з ворагам Пінскі партызанскі атрад, якім кіраваў В. Корж, партызанскі атрад "Чырвоны Кастрычнік" у Палескай вобласці, які ўзначалілі Т. Бумажкоў і Д. Паўлоўскі. Рабочыя кардоннай фабрыкі у пасёлку Пудаць Суражскага раёна стварылі атрад, які ўзначаліў дырэктар фабрыкі М. Шмыроў.

На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Яркая старонка гэтай барацьбы - Мінскае падполле, арганізатарамі якога былі I. Казінец, I. Кавалёў, У. Амельянюк, I. Матусевіч і інш. З першых дзён акупацыі горада падпольшчыкі ўчынялі дыверсіі на прадпрыемствах, у фашысцкіх установах, перадавалі ў партызанскія атрады зброю, медыкаменты, звесткі аб руху ваенных эшалонаў, планы размяшчэння ваенных аб'ектаў.

Шэрагі народных мсціўцаў пасля перамогі Чырвонай Арміі ў бітве пад Масквой значна ўзраслі, што дало магчымасць стварыць на базе асобных атрадаў буйныя партызанскія фарміраванні - брыгады і злучэнні. Першая беларуская партызанская брыгада на чале з Бацькам Мінаем (М. Шмыровым) уступіла ў непасрэднае ўзаемадзеянне з войскамі Чырвонай Арміі. Для кіраўніцтва ўсімі партызанскімі сіламі краіны у маі 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка. Пазней быў арганізаваны Беларускі штаб. Гэта прыдавала барацьбе арганізаваны характар.

Цэнтральным штабам партызанскага руху была спланавана акцыя партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак. Партызанскі рух на Беларусі стаў сапраўды ўсенародным. Дзейнічалі 1255 партызанскіх атрадаў, аб'яднаных у 213 брыгад, якія налічвалі 370 тыс. чалавек, у падполлі дзейнічала 70 тыс. чалавек. Галоўныя ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, у асноўным па чыгуначных магістралях. Гэтыя акцыі атрымалі назву "рэйкавая вайна", першы этап якой пачаўся ў час контрнаступлення савецкіх войскаў пад Курскам і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г. Другі этап ахоплівае час, калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, трэці праводзіўся напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі. Ён меў важнае аператыўна-стратэгічнае значэнне, таму што партызаны кантралявалі многія дарогі, грамілі штабы і гарнізоны.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.