21. Кастрычніцкія падзеі 1917 г. на Беларусі. Устанаўленне савецкай улады

Восенню 1917 г. яшчэ больш пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча краіны. Набалеўшым было пытанне аб міры. Насельніцтва пакутавала ад цяжару ўтрымання больш як двухмільённай арміі Заходняга фронту. Значна знізіўся агульнажыццёвы ўзровень. У народзе ўзраслі антыўрадавыя настроі Усё гэта спрыяла бальшавікам ажыццяўляць курс VI з'езда РСДРП(б) на ўзброенае паўстанне. Яны пачалі актыўна праводзіць сваіх прадстаўнікоў у Саветы і ў верасні 1917 г. дабіліся значнага поспеху, але толькі ў буйных прамысловых цэнтрах краіны (на Беларусі Мінск і Гомель). Слабыя пазіцыі ў Саветах бальшавікі імкнуліся кампенсаваць узмоцненай агітацыяй сярод салдат Заходняга фронту, якія, будучы змучанымі вайной, ахвотна паддаваліся гэтай агітацыі. Бальшавіцкія арганізацыі на Беларусі на 95 % складаліся з салдат. Гэта давала бальшавікам магчымасць разгарнуць падрыхтоўку ўзброеных фарміраванняў (Чырвонай гвардыі) для захопу ўлады.

25 кастрычніка 1917 г. рабочыя і па-бальшавіцку настроеныя салдаты пад кіраўніцтвам ЦК РСДРП(б) зверглі Часовы ўрад. 26 кастрычніка II Ўсерасійскі з'езд Саветаў абвясціў Савецкую ўладу ў цэнтры і на месцах.

Апоўдні 25 кастрычніка бальшавікі Мінска па вайсковым радыё атрымалі паведамленне аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе. Мінскі Савет, дзе пераважалі бальшавікі, абвясціў сябе ўладай. З турмаў былі вызвалены салдаты, арыштаваныя за антыўрадавыя выступленні. З іх быў арганізаваны Першы рэвалюцыйны полк. Пад ахову былі ўзяты чыгуначны вузел, урадавыя і ваенныя ўстановы, пошта, тэлеграф, вайсковыя радыёстанцыі. Былі створаны ваенна-рэвалюцыйныя камітэты (ВРК), якія абапіраліся на салдацкія масы. Супраціўленне бальшавікам аказаў Камітэт выратавання рэвалюцыі на чале з Т. Калатухіным. Камітэт увёў у Мінск Каўказскую дывізію і прад'явіў Мінскаму Савету ўльтыматум з патрабаваннем перадачы яму ўсёй улады ў горадзе і на Заходнім фронце. Перавага сіл у гэты момант аказалася на баку Камітэта выратавання, і Мінскі Савет пайшоў на часовы кампраміс з ім. Неўзабаве ў Мінск прыйшоў браніраваны поезд з па-бальшавіцку настроенымі войскамі. Суадносіны сіл змяніліся. Камітэт выратавання не адважыўся пайсці на ўзброены канфлікт. Уладу ў Мінску і на Заходнім фронце ўзяў у свае рукі ВРК. Ён распусціў Камітэт выратавання, а Калатухін быў арыштаваны.

Пры дапамозе ВРК бальшавікі распускалі Саветы, у якіх не мелі пераважнай большасці, праводзілі іх перавыбары і такім чынам забяспечвалі ўсталяванне сваёй улады. У Магілёве знаходзілася Стаўка глаўкаверха, якая ўзначальвала барацьбу супраць бальшавікоў. Вакол яе гуртаваліся царскія генералы і афіцэры, цэнтральныя органы буржуазна-ліберальных і дэмакратычных партый.

Савецкі ўрад аб'явіў генерала М. Духоніна звергнутым з пасады Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміяй. У Магілёў былі накіраваны прабальшавіцкія ўзброеныя сілы. Стаўка была ліквідавана, а ўлада перайшла ў рукі ВРК. Вярхоўным галоўнакамандуючым быў назначаны прапаршчык М. Крыленка. Хутка і бяскроўна адбыўся пераход улады ў рукі Саветаў у арміях Заходняга фронту.

Пасля кастрычніка бальшавікі пачалі фарміраванне адзінай структуры органаў улады і кіравання. У кастрычніку 1917 г. былі скліканы з'езды рабочых і сялянскіх дэпутатаў, з'езды армій Заходняга фронту. Быў створаны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту - Аблвыканкамзах. Яго старшынёй стаў бальшавік М. Рагозінскі. Тады ж быў створаны і Савет народных камісараў (СНК) пад старшынствам К. Ландэра. Былі ліквідаваны існаваўшыя дагэтуль органы мясцовага самакіравання - гарадскія думы і ўправы, земскія ўстановы. Іх функцыі ўзялі на сябе Саветы - адзіныя паўнаўладныя органы, якія праводзілі палітыку толькі адной партыі - бальшавіцкай. Яна ўключала:

  1. устанаўленне рабочага кантролю за дзейнасцю прадпрыемстваў;
  2. нацыяналізацыю прадпрыемстваў;
  3. зямельную рэформу (павелічэнне надзелаў сялян, у вёсцы сталі пераважаць сераднякі. Значная колькасць былых маёнткаў пераўтворана ў саўгасы, камуны, арцелі);
  4. меры па паляпшэнні матэрыяльнага становішча рабочых: 8-гадзінны рабочы дзень, страхаванне рабочых, гарантаваная зарплата, адкрыццё біржаў працы, арганізацыя грамадскага харчавання, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне;
  5. ліквідацыю непісьменнасці дарослага насельніцтва;
  6. жорсткую барацьбу супраць царквы.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.