02. Полацкае княства – першая дзяржава на тэрыторыі Беларусі

Самым магутным і значным княствам з усіх, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў X XIII стст., з'яўлялася Полацкае княства, гістарычным ядром якога было племянное княжанне крывічоў-палачан больш ранніх часоў.

Полацк упершыню ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых часоў" пад 862 г. Ён тады не падпарадкоўваўся Кіеву. Полацкая зямля размяшчалася ў паўночнай Беларусі, уключаючы Віцебскую вобласць і паўночную частку Мінскай. На паўночным захадзе ўладанні полацкіх князёў распасціраліся па ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны, дзе знаходзіліся гарады Кукенойс і Герцыке, да Рыжскага заліва.

Кіеў і Ноўгарад сапернічалі паміж сабой за аб'яднанне ўсходнеславянскіх зямель, прычым Полацку надавалася важнае значэнне.

У 60 - 70-я гг. X ст. у Полацку правіў, незалежна ад Кіева і Ноўгарада, князь Рагвалод. У 980 г. наўгародскаму князю Уладзіміру Святаслававічу ўдалося захапіць Полацк. Рагвалод і два яго сыны былі забіты, дачка Рагнеда прымусова была выдадзена замуж за Уладзіміра, які забірае яе і ідзе на Кіеў, дзе падманам забівае свайго брата Яраполка і захоплівае горад. Так Уладзімір становіцца кіеўскім князем. Аднойчы ноччу княгіня робіць замах на жыццё Уладзіміра, але няўдалы: князь раптоўна прачнуўся і перахапіў руку з занесеным кінжалам. У гневе Уладзімір гатовы быў уласнымі рукамі забіць Рагнеду, але на яго дарозе паўстае малалетні сын Ізяслаў з мячом, гатовы бараніць маці. Уражаны паводзінамі сына, Уладзімір, параіўшыся з баярамі, высылае Рагнеду ў вечнае выгнанне у Полацкую зямлю, дзе для яе быў заснаваны новы горад Ізяслаўль, названы так у гонар сына Ізяслава (сучаснае Заслаўе). У канцы жыцця Рагнеда пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Памерла у 1000 г. Ізяслаў быў запрошаны палачанамі княжыць у Полацк. У 1001 г. Ізяслаў памёр, і з 1003 па 1044 г. князем Полацка быў сын Ізяслава Брачыслаў, а з 1044 па 1101 г. - Усяслаў Брачыслававіч. Вакол асобы гэтага князя складалі легенды і паданні не толькі пры жыцці, але і пасля смерці. Летапісцы апавядаюць, быццам князь нарадзіўся ад чараўніцтва і таму стаў удалым воінам. Звыш 50 гадоў узначальваў князь полацкія дружыны. Поспехі Усяслава Полацкага, яго рашучасць і спрытнасць сучаснікі лічылі чараўніцтвам. Поўнае подзвігаў і прыгод жыццё Усяслава натхняла складальнікаў былін. Таму і празвалі гэтага князя Чарадзеем.

Полацкае княства ў X - XII ст.
Полацкае княства ў X - XII ст.

Усяслаў імкнуўся захапіць землі і гарады, якія знаходзіліся па-за межамі Полацкага княства. Ён напаў на Пскоў, але не здолеў узяць яго. Тады полацкі князь пайшоў на Ноўгарад. Усяславу ўдалося захапіць горад і абрабаваць яго. У адказ на гэта тры сыны кіеўскага князя Яраслава Мудрага зімой 1067 г. з вялікім войскам з'явіліся пад Менскам - горадам Полацкай зямлі. Жыхары зачыніліся у дзядзінцы. На дапамогу ім спяшаўся з дружынай Усяслаў. Але ён спазніўся. Менск ужо быў разбураны. Бой пачаўся на рацэ Нямізе (цяпер вуліца ў Мінску). Аўтар "Слова аб палку Ігаравым" піша: "На Нямізе снапы сцелюць з галоў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела". З рэшткамі сваёй дружыны Усяслаў адышоў да Дняпра.

Але Полацкі князь канчаткова не быў пераможаны. Кіеўскія князі запрасілі яго на перагаворы. Усяслаў паверыў іх клятве, што яму не зробяць ніякага зла. Але калі ён пераправіўся цераз Днепр каля Оршы і ўвайшоў у вялікакняжацкі шацёр, яго захапілі ў палон, павезлі ў Кіеў і пасадзілі ў турму. Зняволены князь карыстаўся павагай сярод кіяўлян. Праз год ён быў вызвалены паўстаўшымі гараджанамі з цямніцы і абвешчаны вялікім князем кіеўскім. Быў ён на троне ў Кіеве сем месяцаў, потым вярнуўся ў родны Полацк.

Феадальныя сутыкненні працягваліся. Кіеўскія князі не пакідалі намеру перамагчы Усяслава і падпарадкаваць сабе Полацк, але гэтага ім не ўдалося зрабіць. Як сімвал незалежнасці дзяржавы у Полацку была пабудавана царква -Сафійскі сабор (трэці ва усходніх славян, чацвёрты ў свеце). У перыяд княжання Усяслава Полацкае княства дасягнула свайго найвышэйшага ўздыму.

Пасля смерці Усяслава Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў: Полацкае, Менскае, Віцебскае, Друцкае, Лагойскае і інш. У шасці з іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі між сабой міжусобную барацьбу. Менскі князь Глеб праводзіў палітыку ўзвышэння Менска, але полацкі прастол лічыўся галоўным і гэты горад заставаўся важнейшым палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам. У палітычным жыцці горада пэўнае значэнне мела веча - агульны сход гараджан, якое запрашала князёў на трон у Полацк. Князь ажыццяўляў кіраванне падуладнай тэрыторыяй праз сваю дружыну. Высокае грамадскае становішча ў Полацку займаў епіскап.

У пачатку XIII ст. Полацкаму княству пачалі пагражаць крыжакі. Беларускі дзяржаўны цэнтр перамясціўся ў Наваградак. У 1307 г. Полацкае княства ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ).

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.