24. Вынікі грамадзянскай вайны на Беларусі. Другое абвяшчэнне БССР

У ходзе савецка-польскай вайны, пасля вызвалення Мінскай губерні ад польскіх акупантаў 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя аб незалежнасці БССР. На вызваленай тэрыторыі аднаўлялася Савецкая ўлада.

16 жніўня 1920 г. польскія войскі перайшлі ў наступленне і занялі значную частку тэрыторыі Беларусі. Савецкі ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы аб міры, бо асцерагаўся далейшага развіцця гэтага наступлення. 12 кастрычніка 1920 г. былі заключаны папярэднія ўмовы міру, а 18 сакавіка 1921 г. Рыжскі мірны дагавор замацаваў падзел Беларусі паміж РСФСР і Польшчай. Польшчы адыходзіла значная частка тэрыторыі з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек. За БССР захавалася толькі шэсць паветаў Мінскай губерні. Віцебская і Гомельская губерні, заходнія паветы Смаленшчыны знаходзіліся ў складзе РСФСР.

Фарміраванне тэрыторыі БССР
Фарміраванне тэрыторыі БССР

Рыжскі мірны дагавор выклікаў незадавальненне ў беларускага насельніцтва. Ён стаў адной з прычын паўстанцкага руху на Беларусі. Гэта былі выступленні супраць улады бальшавікоў. Восенню 1920 г. адбылося выступленне С. Булак-Балаховіча. Узброеныя фарміраванні "беларускага войска" генерала С. Булак-Балаховіча з войскаў Юдзеніча паспрабавалі скінуць Савецкую ўладу ў Беларусі. Яны падтрымлівалі Раду БНР і хацелі стварыць беларускі ўрад. Атрады Булак-Балаховіча захапілі Мазыр, Пінск і іншыя населеныя пункты. Але хутка атрады былі разгромлены чырвонаармейскімі часцямі, астатнія вымушаны былі адступіць на акупіраваную палякамі тэрыторыю, дзе былі раззброены.

Найбольш моцнае ўзброенае выступленне, накіраванае супраць Савецкай улады, - Слуцкае паўстанне. У 1919- 1920 гг. на Случчыне існаваў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) Случчыны. Ён абапіраўся на выбраныя камітэты самакіравання, якія дзейнічалі як органы ўлады. У ліпені 1920 г. БНК Случчыны быў распушчаны бальшавікамі, але пры адступленні Чырвонай Арміі ён выйшаў з падполля. Была сфарміравана Слуцкая паўстанцкая дывізія, якая налічвала 10 тыс. чалавек. Цэлы месяц - снежань 1920 г. - паўстанцы ўтрымлівалі ўладу ў 15 валасцях.

Прычыны паўстання:

  1. вялікія для сялян памеры харчразвёрсткі;
  2. барацьба за аднаўленне ўлады БНР.

Войскі Чырвонай Арміі вымусілі паўстанцаў перайсці польска-савецкую лінію, пасля чаго яны былі раззброены.

Грамадзянская вайна - гэта трагедыя для народа. Хто ж вінаваты ў яе развязванні? Абодва бакі падкідвалі дровы ў агонь братазабойства, пры гэтым кожны лічыў сябе абсалютна правым. Белыя прэтэндавалі на ролю прадстаўнікоў агульна-нацыянальнай справы, ваявалі і паміралі за Вялікую Расію і яе інтарэсы як яны іх разумелі. Бальшавікі былі перакананы, што з'яўляюцца выразнікамі і заступнікамі інтарэсаў усіх працоўных, барацьбітамі супраць прыгнёту і эксплуатацыі, за хуткае сацыяльнае вызваленне не толькі свайго народа, але і ўсяго свету. Сіла белагвардзейскіх рэжымаў асноўвалася на дыктатуры ўлады, а ў пачатку вайны - на перавазе ваеннай арганізацыі і падтрымцы замежных інтэрвентаў. Іх слабасцю была вузкасць сацыяльнай базы і неадольныя супярэчнасці ўнутры ўласнага лагера. Белым так і не ўдалося аб'яднаць усіх праціўнікаў Савецкай улады.

Бальшавікі таксама не кіраваліся прынцыпамі міласэрнасці і гуманізму. Іх удары былі нярэдка празмернымі і бесчалавечнымі. Стаўка на рэвалюцыйнае насілле як метад далучэння мільёнаў людзей да новага ладу давала адваротны вынік. Бальшавікамі былі дапушчаны вялікія памылкі, якія паслужылі адной з асноўных прычын зацягвання грамадзянскай вайны. А галоўнай яе ахвярай стаў расколаты на два варожыя лагеры народ.

Пераход ад вайны да міру быў вельмі цяжкі для Беларусі. Яе тэрыторыя на працягу больш чым шасці гадоў з'яўлялася арэнай ваенных дзеянняў. Прамысловая вытворчасць у параўнанні з даваеннай скарацілася ў сем разоў. Панавала транспартная разруха. Рабочы клас быў ахоплены беспрацоўем. Ад голаду і холаду гараджане ўцякалі ў навакольныя вёскі, дзе былі згодны ствараць сельскагаспадарчыя камуны ці наймацца на працу, каб толькі выжыць у той цяжкі час.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.