42. Навука i Культура Беларусі на сучасным этапе

Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці рэспублікі, а таксама эканамічны крызіс вызначылі кірунак развіцця культуры Беларусі. У змяніўшыхся ўмовах выразна праявіліся яе новыя рысы: паступовае пераадоленне ідэалагічнага і дзяржаўнага кантролю ў культуры, здзяйсненне пэўных крокаў на шляху да нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі, вяртанне айчыннай гістарычнай спадчыны і інш.

Сярэднія школы рэспублікі перайшлі на новыя праграмы навучання, на падручнікі, складзеныя беларускімі аўтарамі. Адчыніліся ліцэі, гімназіі, каледжы (у 1991/92 навучальным годзе ўжо працавала 33 гімназіі, 12 ліцэяў, 2 каледжы).

Падмуркам навукі па-ранейшаму застаецца АН Беларусі, дзе дзейнічае больш за 20 навукова-даследчых інстытутаў. Інстытут фізікі акадэміі распрацаваў тэхналогію вырошчвання штучных алмазаў. У філалогіі адбыліся значныя змены, упершыню свет убачыў трохтомны слоўнік беларускай мовы.

У 1990 г. у свеце шырока адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння беларускага асветніка і першадрукара Ф.Скарыны. Гэтаму юбілею была прысвечана святочная цырымонія ў Парыжы ў штаб-кватэры ЮНЕСКА. Вяртанню гістарычнай памяці народа садзейнічае выданне часопісаў "Спадчына", "Беларускі гістарычны часопіс", "Беларуская мінуўшчына" і інш. Выйшлі ў свет і перавыдадзены дзесяткі даследаванняў па гісторыі і культуры Беларусі. Сярод іх працы А. Мальдзіса, М. Ермаловіча, А. Лойкі, М. Біча і інш. Вялікая праца праводзіцца па перавыданні твораў рэпрэсіраваных навукоўцаў. Адноўлены ў памяці народа імёны выдатных беларускіх вучоных гісторыкаў У. Ігнатоўскага, пяру якога належыць "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі", В. Ластоўскага, які яшчэ ў 1910 г. надрукаваў упершыню на беларускай мове "Кароткую гісторыю Беларусі", М. Доўнар-Запольскага і інш.

Усё больш моцны ўплыў на свядомасць беларускага народа аказваюць пісьменнікі. Высокай грамадзянскай пазіцыяй вылучаюцца творы В. Быкава, Н. Гілевіча. Гістарычная тэматыка пераважае ў творчасці У.Арлова ("Таямніцы полацкай гісторыі), Л. Дайнекі (раманы "Меч князя Вячкі", "След ваўкалака"), К.Тарасава ("Памяць пра легенды. Постаці беларускай мінуўшчыны"), В.Чаропкі ("Імя ў летапісе").

У 1993 г. у рэспубліцы налічвалася 23 тэатры. У ліпні 1989 г. упершыню пад адкрытым небам у двары Траецкага прадмесця ў Мінску была пастаўлена опера У. Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха". Падзеяй у тэатральным жыцці рэспублікі стаў спектакль "Тутэйшыя" Я. Купалы (1990), прасякнуты ідэяй адраджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. У 1994 г. пастаўлена п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія". У фарміраванне творчага аблічча тэатра вялікі ўклад зрабілі акцёры Г. Глебаў, Л. Рахленка, З. Стома, С. Станюта і інш.

Традыцыйным стала правядзенне музычных фестываляў "Мінская вясна", "Славянскі базар", "Віцебская восень", "Беларуская сакавіца" і інш.

У сучасным выяўленчым мастацтве Беларусі выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі "Арттворчасць", "Вітанова", "Жыльбея", "Верхні горад" і інш. З'явіліся неафіцыйныя творчыя аб'яднанні. Традыцыйна высокім прафесіяналізмам вызначаецца беларуская школа графікі. Яе найбольш таленавітыя прадстаўнікі - В. Шаранговіч, М. Купава, А. Кашкурэвіч і інш.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.