12. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове XIX ст. Крызіс феадальна-прыгонніцкага ладу

Першая палова XIX ст. адзначана працэсам разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы гаспадарання на Беларусі, для якой былі уласцівы наступныя асаблівасці:

1. Манапольнымі ўласнікамі капіталаў на Беларусі заставаліся памешчыкі. Імкненне да павышэння даходаў штурхала іх да арганізацыі ў сваіх маёнтках розных прамысловых прадпрыемстваў. Вотчынная прамысловасць выкарыстоўвала практычна бясплатную сыравіну і дармавую рабочую сілу прыгонных сялян і ў гэтых адносінах мела велізарныя перавагі над прамысловымі прадпрыемствамі, што належалі купцам і мяшчанам.

2. Панавала буйное дваранскае землеўладанне (3,6 % буйных памешчыкаў валодалі 50 % прыгонных сялян). Буйным памешчыцкім гаспадаркам было значна лягчэй прыстасоўвацца да патрэб рынку. Яны будавалі прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны - суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя.

3. Асновай сялянскай гаспадаркі з'яўлялася земляробства, ад якога памешчыкі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. У сувязі з ростам попыту на збожжа ў Заходняй Еўропе плошча ворных зямель павялічылася ў 3 - 4 разы. Вырошчваліся жыта, авёс, ячмень. Увядзенне ў севазварот бульбы садзейнічала пераходу з трохполля на чатырохполле.

4. На тэрыторыі Беларусі існавала спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. Вылучаліся рэгіёны, якія займаліся вытворчасцю льну, бульбы, цукровых буракоў, танкаруннай авечкагадоўляй.

5. Для павелічэння сваёй вытворчасці памешчыкі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольныя севазвароты, паляпшалі пароды жывёлы.

Асновай гаспадаркі селяніна з'яўляўся зямельны надзел, які ён атрымліваў у карыстанне ад землеўладальніка-памешчыка або дзяржавы пры ўмове адбывання на іх карысць пэўных павіннасцей. У сувязі з гэтым сяляне дзяліліся на дзве асноўныя катэгорыі - памешчыцкіх і дзяржаўных (казённых). Памешчыцкія сяляне складалі больш за 3/4 усіх сялян, дзяржаўныя - 1/5 частку сялянскага люду, колькасць сялян, што адносіліся да вольных людзей, была нязначнай.

Сялянскія павіннасці падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Галоўныя - паншчына, чынш, згоны (талокі, гвалты), дадатковыя - удзел у будаўніцтве гаспадарчых пабудоў у панскіх дварах, рамонт і будоўля дарог, мастоў, перавозка грузаў. З пачатку XIX ст. ішоў працэс пераводу сялян з чыншу на паншчыну, амаль усе памешчыцкія сяляне Беларусі (97 %) знаходзіліся на паншчыне. Норма паншчыны павялічылася ўдвая. З-за работы на панскай гаспадарцы амаль не заставалася часу на апрацоўку сваіх надзелаў. Ураджайнасць была вельмі нізкай. Існавалі таксама катэгорыі найбольш збяднелага сялянства - агароднікі, бабылі, халупнікі, каморнікі, якія мелі мала ці наогул не мелі зямлі. Становішча сялян даходзіла да крытычнага ў гады неўраджаяў, якія паўтараліся даволі часта. Асабліва страшным быў неўраджай 1844 - 1846 гг., які ахапіў усю Беларусь.

Крызіс феадальна-прыгонной сістэмы, які пачаўся ў 40-я гг. XIX ст., праявіўся ў: 1) скарачэнні прыросту сельскага насельніцтва; 2) рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, немагчымасці спагнання з іх дзяржаўных падаткаў; 3) абеззямельванні і збядненні сялянства; 4) росце канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.

Усё гэта прымусіла царскі ўрад прыняць меры для выхаду з крызісу. Ініцыятарам рэформаў выступіў граф Пётр Кісялёў - міністр дзяржаўных маёмасцей. У 1839 - 1845 гг. ён здзейсніў рэформу кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Мэтай рэформы з'яўлялася павышэнне дзяржаўных даходаў. Рэформы Кісялёва істотна палепшылі становішча дзяржаўных сялян на Беларусі. У дзяржаўных маёнтках былі ліквідаваны фальваркі і паншчына, зямельныя надзелы павялічыліся, зменшылася грашовая рэнта. Перавод на чынш (грашовая рэнта) садзейнічаў узмацненню сувязяў сялянскай гаспадаркі з рынкам, развіццю хатніх і адыходных промыслаў дзяржаўных сялян. Такім чынам, крызіс феадальна-прыгонніцкіх адносін у казённай вёсцы на Беларусі быў часова пераадолены, але вырашыць гэтыя праблемы ў памешчыцкай вёсцы не ўдалося.

Эканамічны патэнцыял беларускіх гарадоў быў слабым. Гарадская прамысловасць у першай палове XIX ст. знаходзілася на стадыі дробнатаварнай рамеснай вытворчасці. Па звестках, у 1828 г. на Беларусі было ўсяго 104 мануфактуры. Пачатак фабрычнай вытворчасці быў пакладзены ўсталяваннем у 1825 - 1827 гг. паравых рухавікоў на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава Слонімскага і Хомск Кобрынскага паветаў.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.