09. Сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове XVII — XVIII ст.

У другой палове XVII ст. Рэч Паспалітая, у тым ліку і Беларусь, якая ўваходзіла ў яе склад, знаходзілася ў стане глыбокага эканамічнага заняпаду і палітычнага крызісу. З сярэдзіны XVII ст. гэта дзяржава ўступіла ў паласу разбуральных войнаў і ўнутраных міжусобіц. Напрыклад, 1648 -1651 гг. - казацка-сялянская вайна, якая насіла адначасова антыфеадальны і вызваленчы (асабліва на тэрыторыі Украіны) характар; 1654 - 1667 гг. - вайна паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, выкліканая імкненнем цара Аляксея Міхайлавіча далучыць да сваіх уладанняў Беларусь і Украіну. Яна пачалася ў сувязі з уваходжаннем Украіны ў склад Рускай дзяржавы паводле дамоўленасці паміж Б. Хмяльніцкім і маскоўскім баярствам (Пераяслаўская Рада 1654 г.). Для развіцця грамадства яна была самай трагічнай у гісторыі феадальнай Беларусі, паскорыла працэсы паланізацыі і амаль цалкам пазбавіла беларусаў іх арыстакратыі і мяшчанства.

Голад, эпідэміі прычынілі велізарныя бедствы, а месцамі прывялі да поўнага разарэння сялян, цяжка адбіліся на панскай гаспадарцы. Былі разбураны гарады, колькасць насельніцтва зменшылася больш чым у два разы. Руйнаванні населеных пунктаў, салдацкія пастоі і рабаванні садзейнічалі таму, што сельскае насельніцтва пакідала наседжаныя месцы, натоўпы галодных і бяздомных сялян блукалі ў пошуках хлеба і прытулку. "Крывавым патопам" называлі сучаснікі падзеі 1654 -1667 гг. (загінула 1,5 млн чалавек з 2,9 млн жыхароў Рэчы Паспалітай). Канец вайне паклала заключэнне Андрусаўскага перамір'я (1667 г.). Наступныя 30 гадоў былі перыядам адносна мірнага развіцця, але ўжо ў пачатку XVIII ст. аднаўленне гаспадаркі было спынена Паўночнай вайной, якую вялі Расія, Данія, Саксонія, Рэч Паспалітая супраць Швецыі. Карл XII намерваўся ўмацаваць пазіцыі ў Еўропе, Пётр I жадаў "прарубіць акно" ў тую ж Еўропу. Да Палтаўскай бітвы Беларусь зноў была галоўнай арэнай баявых дзеянняў. Хоць межы Рэчы Паспалітай пасля Паўночнай вайны (1700 - 1721 гг.) засталіся некранутымі, але рэальны суверэнітэт дзяржавы быў згублены.

Цяжкія вынікі войнаў ускладняліся захаваннем і ўмацаваннем фальваркава-паншчыннай сістэмы гаспадаркі, феадальнай анархіяй і міжусобіцамі. Для вядзення войнаў урад Рэчы Паспалітай пазычыў буйныя грашовыя сумы ў магнатаў. Не маючы сродкаў для іх пакрыцця, ён раздаваў рэшткі дзяржаўных зямель. У выніку на Беларусі ўтварыліся велізарныя латыфундыі - буйныя зямельныя ўладанні, якімі валодалі Радзівілы, Вішнявецкія, Глябовічы, Сяняўскія, Яблонскія і інш. Пастаянная міжусобная барацьба магнацкіх груповак, якая даходзіла да ўзброеных сутыкненняў, прычыняла вялікія спусташэнні. Ні мясцовыя, ні цэнтральныя ўлады не маглі не толькі спыніць, але нават абмежаваць свавольствы ў краіне.

За сялянскі кошт жылі і карміліся дзяржава, шляхта, войска, царква. На іх карысць прыгонныя адпрацоўвалі шматлікія павіннасці. Галоўныя з іх, як і раней, - паншчына (дармавая праца сялян з уласным інвентаром у гаспадарцы феадала), чынш (грашовы падатак) і дзякла (натуральная даніна, якая складалася з прадуктаў сельскай гаспадаркі і прыродных дароў). Акрамя штотыднёвай паншчыны сяляне выконвалі адработачныя павіннасці - гвалты, талокі, згоны - работы, звязаныя са жнівом, сенакосам, узворваннем зямлі феадала. За XVII - XVIII стст. нормы паншчыны, грашовыя падаткі павялічыліся.

Узмацненне феадальнага прыгнёту выклікала далейшае абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей на Беларусі. Найбольш пашыранымі формамі супраціўлення з'яўляліся падача скаргаў на злоўжыванні з боку феадальнай адміністрацыі, арандатараў, адмова выконваць павіннасці, уцёкі сялян ад сваіх уладальнікаў за межы Рэчы Паспалітай. Вышэйшай формай барацьбы сялян і гараджан былі ўзброеныя выступленні. Адным з найбольш буйных выступленняў сялян на Беларусі было Крычаўскае паўстанне 1740 - 1744 гг., якое ўзначаліў Васгль Вашчыла. Паўстанцы ўстанавілі ў старостве ўладу, выгнаўшы ненавісных арандатараў. Да Крычава падышло вялікае войска з гарматамі, якое ўзначаліў уладальнік староства I. Радзівіл. Расправа над паўстанцамі была жахлівай.

Выступленні сялян мелі абмежаваны, стыхійны, разрознены і лакальны характар, а таму лёгка падаўляліся.

Пасля разбуральных войнаў жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак пачалі расчышчаць пажарышчы і адбудоўваць свае сядзібы. Але вярнуць былую веліч і прыгажосць людным, багатым гарадам Беларусі ім так і не ўдалося. Напрыклад, 18 гарадоў і мястэчак Наваградскага ваяводства страцілі больш чым 40 % свайго насельніцтва. Гарады Беларусі па-ранейшаму карысталіся магдэбургскім правам, паводле якога гараджане вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ім гарантавалася свабода занятку рамяством, гандлем, земляробствам і дазвалялася выбіраць свае органы ўлады - магістрат, суд", ствараць рамесныя аб'яднанні - цэхі. У пачатку XVIII ст. на Беларусі з'яўляюцца першыя мануфактуры - Налібоцкая і Урэцкая шкляныя. Еўрапейскую вядомасць мела мануфактура ў радзівілаўскім мястэчку Урэчча - першае прадпрыемства па вырабе люстэркаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Шырокую вядомасць атрымалі Слуцкая і Нясвіжская мануфактуры шаўковых паясоў. Слуцкія паясы маюць сусветную славу. Пры іх вырабе выкарыстоўваліся беларускія народныя узоры, нацыянальны арнамент. Даўжыня такога пояса складала 2 - 4, 5 м.

Такім чынам у другой палове XVII - першай палове XVIII ст. беларускія вёска і горад перажывалі заняпад, звязаны з ваенным ліхалеццем. Але ў другой палове XVIII ст. пачалося аднаўленне гаспадаркі.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.