28. Грамадска-палітычнае i культурнае жыццё ў БССР у 30-я гг.

Прыход Сталіна да ўлады суправаджаўся спыненнем НЭПа і замацаваннем адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання грамадствам. Умацоўваецца рэжым асабістай улады, ці культу асобы. (Культ асобы - узвялічванне ролі аднаго чалавека, прыпісванне яму вызначальнага ўплыву на ход гістарычных падзей.) Пастановы вышэйстаячых органаў падлягалі абавязковаму выкананню ніжэйстаячымі. Дэмакратычная сістэма кіравання была поўнасцю выключана з жыцця грамадства. Бюракратычны апарат узвысіўся над грамадствам і фактычна ператварыўся ў самастойны клас, які кіраваўся толькі сваімі інтарэсамі. Грамадскія арганізацыі арыентаваліся на выкананне распараджэнняў партыйных органаў. Саветы стваралі бачнасць улады народных мас. Вялікі ўрон панеслі прафсаюзы: іх тэрытарыяльныя Саветы былі скасаваны. У той жа час павялічвалася роля Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС), які стаў выкарыстоўвацца для распраў з тымі, чыя пазіцыя супрацьстаяла сталінскай. У рэспубліцы ўсталяваўся таталітарны рэжым. (Таталітарны рэжым - форма дзяржаўнай улады, пры якой ажыццяўляецца поўны кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства, забаронены дэмакратычныя арганізацыі і ліквідаваны канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян.)

У 1936 г. была прынята Канстытуцыя СССР і па яе ўзоры ў 1937 г. Канстытуцыя БССР, у якіх абвяшчалася пашырэнне дэмакратычных свабод. Аднак канстытуцыйныя нормы мелі чыста дэкларатыўны характар, не ўздзейнічалі на паўсядзённае жыццё. Закон абвясціў роўныя палітычныя правы для ўсіх грамадзян, у тым ліку права выбіраць і быць абраным. Але выбары ў Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове.

Магутны ідэалагічны апарат, што ахапіў сваім уздзеяннем практычна ўсё грамадства, аказаў значны ўплыў на людзей, многія з якіх шчыра верылі ў правільнасць такога шляху развіцця. Але ні адзін з таталітарных рэжымаў не можа мець у сваёй аснове толькі веру. Асаблівае значэнне набылі тэрор, рэпрэсіі. Жорсткасць стала нормай жыцця савецкага грамадства. Рэпрэсіі былі патрэбны кіруючаму колу па шматлікіх прычынах. Яны дазвалялі спісваць на "ворагаў народа" пралікі ў эканоміцы і сацыяльнай палітыцы, давалі мільёны бясплатных рабочых, стваралі атмасферу страху, што заглушала спробы супраціўлення, знішчалі палітычных праціўнікаў.

Беларусь стала адной з першых ахвяр рэпрэсій, якія разгарнуліся ў рэспубліцы ўжо ў 20-я гг. і не спыняліся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а затым працягваліся і ў пасляваенныя гады.

Рэжым асабістай улады не мог ужыцца з самастойнасцю рэспублікі ні у эканамічнай, ні ў культурнай галінах, з вылучэннем і актыўнай дзейнасцю мясцовых кадраў. Таму ў перыяд "штурмаў" індустрыялізацыі і калектывізацыі разам з націскам на сялянства адбыўся ўдар па нацыянальнай інтэлігенцыі, якая была абвінавачана ў "правым ухіле". На беларускую інтэлігенцыю быў павешаны ярлык "нацыянал-демакратызму". Пад "нацыянал-дэмакратызмам" разумелі варожую ідэалогію і практыку ў многіх установах, якая мела сваёй мэтай "рэстаўрацыю капіталізму" ў рэспубліцы. Вяршыняй сфальсіфікаванай кампаніі супраць "нацдэмаў" стала сфабрыкаваная справа Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). У 1931 г. за прыналежнасць да СВБ было асуджана 90 чалавек, сярод якіх З. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, А. Баліцкі, Д. Прышчэпаў і інш. Роля кіраўніка СВБ адводзілася народнаму пісьменніку Янку Купалу. Але паэт не даў магчымасці справакаваць сябе і, вярнуўшыся дахаты пасля чарговага допыту ў лістападзе 1930 г., зрабіў спробу самагубства.

У 1937 г. была сфабрыкавана справа аб аб'яднаным антысавецкім падполлі на Беларусі на чале з кіраўнікамі рэспублікі М. Гікала (сакратар ЦК КП(б)Б), А. Чарвяковым (старшыня ЦВК БССР), М. Галадзедам (старшыня СНК БССР). У выніку чыстак і рэпрэсій колькасць партарганізацый рэспублікі скарацілася амаль напалову.

У 1939 г., у час знаходжання на пасадзе кіраўніка НКУС БССР Л. Цанавы, арыштоўвалася ў дзень амаль па 900 чалавек. Паводле падлікаў вучоных, у 30 - 40-я гг. было рэпрэсіравана каля 600 тыс. чалавек.

Беларусізацыя была спынена, пачалася "контрбеларусізацыя". Пастановай СНК БССР быў зменены беларускі правапіс, адбылося набліжэнне беларускай мовы да рускай.

Мерапрыемствы, якія праводзіліся ў перыяд "контрбеларусізацыі".

  • Скарачэнне колькасці беларускамоўных школ, чытальняў.
  • Змяншэнне выдання беларускіх кніг, газет.
  • Перавод справаводства розных устаноў на рускую мову.
  • Змена кіраўнікоў беларускага паходжання ў партыйна-дзяржаўным апараце.

Але і ў гэтых умовах культура працягвала развівацца. У рэспубліцы былі прыняты меры па ліквідацыі непісьменнасці. У выніку на пачатак 1939 г. доля пісьменных на Беларусі склала 80,8 %. У 30-я гг. было ўведзена ўсеагульнае абавязковае пачатковае, а затым і сямігадовае навучанне. У гэты час функцыяніравала 153 спецыяльныя навучальныя ўстановы, з якіх 26 - вышэйшыя. Пашыралася дзейнасць АН БССР, яна стала цэнтрам навуковага жыцця рэспублікі, хоць і была абмежавана жорсткімі ідэалагічнымі рамкамі.

У 1928 Г. адкрылася кінастудыя мастацкіх фільмаў "Савецкая Беларусь" у Ленінградзе (уласная кінематаграфічная база адсутнічала), у 1932 г. - Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, у 1933 г. - Беларускі тэатр оперы і балета, у 1937 г. - Беларуская дзяржаўная філармонія.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.