36. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1965 - 1985 гг.

Ва ўмовах захавання ў краіне таталітарнага рэжыму грамадска-палітычнае жыццё ў рэспубліцы вызначалася гэтым рэжымам. Пасля XX з'езда партыі (1956), які асудзіў культ асобы Сталіна, наступіла хрушчоўская "адліга", спыніліся арышты, людзі сталі больш свабодна выказваць свае думкі. Але далей некаторага паслаблення кантролю "зверху" справа не пайшла. Таталітарная сутнасць заставалася непахіснай.

Пасля 1964 г., калі да ўлады прыйшоў Л. Брэжнеў, "адліга" скончылася. Узмацніліся ганенні па палітычных матывах. Партыя імкнулася захаваць ўладу, атрыманую з рук Сталіна, і ўступаць яе нікому не збіралася.

Адбывалася трансфармацыя партыі ў напрамку яе поўнага пераўтварэння ў дзяржаўную арганізацыю. Галіновыя аддзелы партыі непасрэдна займаліся пытаннямі народнай гаспадаркі. Хоць афіцыйна гаварылася аб узмацненні ролі партыйных арганізацый, на справе ішло ўзмацненне пазіцый партапаратнай улады, якая рабіла спробы пераходу да прамога кіраўніцтва эканомікай і іншымі сферамі жыцця грамадства. Адбор на ўсе кіруючыя пасады ажыццяўляўся вузкім колам асоб па прынцыпе "зверху ўніз". Існавалі і выбары, але яны праводзіліся такім чынам, што толькі фіксавалі тое, што прадвызначалася зверху, аб альтэрнатыўнасці выбараў не магло быць і размовы. Існаваў строгі прынцып рэгулявання саставу Саветаў па полу, партыйнасці, узросту, сацыяльнай прыналежнасці. Выбаршчыкі не мелі ніякага дачынення да рэальнага выбару дэпутатаў, а толькі механічна апускалі выбарчыя бюлетэні ў скрыню для галасавання. Саветы, прафсаюзы, камсамол толькі на словах абаранялі інтарэсы народа. Для кожнага ўзроўню, ад райкама да ЦК, існаваў свой пералік (наменклатура) кіруючых пасад, якія праходзілі зацвярджэнне на гэтым узроўні. Сюды ўключалася ўсё кіраўніцтва дзяржавай, грамадскімі арганізацыямі, культурай, навукай. Наменклатура - гэта сацыяльная праслойка, якая была сфарміравана партыйнымі органамі і пастаўлена па сутнасці над грамадствам. Наменклатурны прынцып фарміравання кіруючых органаў існаваў і раней, але зараз ён атрымаў усеагульны характар і стаў нормай жыцця (у пачатку 80-х гг. у маштабах краіны наменклатурная эліта дасягнула 18 млн чалавек). У гэтым і заключалася асаблівасць савецкага таталітарызму пасляваеннага часу, які рэалізоўваўся не праз дыктатуру асабістай улады, а праз адзяржаўленую партыю, што пашырала сацыяльную базу таталітарызму.

У 1965 - 1980 гг. Кампартыю Беларусі узначальваў П. М. Машэраў. Ён нямала зрабіў для развіцця гаспадаркі, навукі і культуры рэспублікі. Высокія маральныя якасці, працавітасць, дэмакратычнасць Пятра Машэрава здабылі яму аўтарытэт і павагу ў народзе. Але і на яго аказвалі ўплыў абставіны, у якіх ён працаваў. Негатыўныя з'явы нарасталі у дзейнасці партыйна-дзяржаўных структур Беларусі.

Існаваў таталітарны кантроль за сродкамі інфармацыі, друкам, культурным жыццём. Але людзі знаходзілі іншыя шляхі для абмену думкамі і ідэямі. Напрыклад, выпуск самавыдавецкай літаратуры, распаўсюджванне інфармацыйных лістоў, асабістыя кантакты, сустрэчы. Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) разам з партыйнымі арганізацыямі рабіў усё, каб выкарчаваць з грамадска-палітычнага жыцця "іншадумнасць".

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.