17. Сталыпінская аграрная рэформа на Беларусі

Прычыны аграрнай рэформы:

  1. рэформа 1861 г. не прывяла да вырашэння аграрнага пытання, што садзейнічала наспяванню і развіццю першай расійскай рэвалюцыі;
  2. гаспадарка сялян заставалася адсталай, паўпрыгонніцкай;
  3. унутраны рынак заставаўся абмежаваным.

Сталыпінская аграрная рэформа - буржуазная рэформа сялянскага надзельнага землеўладання ў Расіі ў 1906 - 1907 г. Рэформа атрымала імя тагачаснага міністра ўнутраных спраў, старшыні Савета Міністраў Пятра Сталыпіна, аднаго з яе аўтараў, ініцыятараў і кіраўнікоў. Рэвалюцыя 1905 - 1907 гг. не вырашыла аграрнага пытання, не знішчыла памешчыцкага землеўладання і іншых перажыткаў прыгонніцтва. Тым самым захоўваліся падставы для новай рэвалюцыі.

Мэты рэформы:

  1. забяспечыць умовы шпаркага развіцця эканомікі краіны;
  2. разбіць агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў, раскалоць вёску, паскорыць стварэнне класа сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, прыцягнуць яго на бок царскага ўрада і такім чынам паставіць перашкоду на шляху рэвалюцыйнага руху.

Сродкі дасягнення мэт рэформы:

  1. Разбурэнне сялянскай абшчыны і перадача зямлі ў асабістую сялянскую ўласнасць.
  2. Стварэнне хутароў і водрубаў (хутар - адасобленая сялянская сядзіба на зямельным участку індывідуальнага ўладання; водруб - зямельны участак, вылучаны з абшчыннай зямлі ў аднаасобную сялянскую маёмасць без пераноса сядзібы).
  3. Перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір і іншыя ўскраінныя раёны імперыі.

Усе гэтыя меры азначалі пераход ад прускай да амерыканскай мадэлі землекарыстання.

На Беларусі быў створаны спецыяльны фонд для рускіх перасяленцаў. Ім дазвалялася і дапамагалася купляць зямлю ў Беларусі. За 10 гадоў рэформы ў пяці заходніх губернях было створана 12,8 тыс.хутароў. Адначасова праводзілася перасяленчая палітыка. Так, за 1906 - 1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасялілася 368 тыс. чалавек, каля 11 % з іх вярнулася назад. Рэформа дапамагла росту сельскагаспадарчай вытворчасці. К 1913 г. Беларусь стала буйнейшым раёнам вырошчвання бульбы. Узраслі пасевы лёну, збожжавых культур. Памешчыцкія і кулацкія гаспадаркі ўцягваліся ў гандлёва-рыначныя адносіны. У заходніх губернях П. Сталыпін імкнуўся ўзняць палітычную ролю заможнага сялянства ў сістэме мясцовых органаў кіравання, для чаго былі створаны земствы, адчынены майстэрні, сельскагаспадарчыя гурткі. Дзейнасць земстваў была накіравана ў першую чаргу на задавальненне ўласніцкіх інтарэсаў заможнага сялянства і памешчыкаў.

На думку Сталыпіна рэформа на Беларусі павінна была аслабіць і выціснуць буйных землеўладальнікаў польскага паходжання. Для гэтага ён і выбары ў земства разлічваў праводзіць на курыяльнай аснове (па нацыянальнай прыкмеце) з розным падыходам да палякаў і рускіх. Класавая пазіцыя буйных землеўладальнікаў выявілася адразу: яны аб'ядналіся супраць Сталыпіна.

Сталыпінская рэформа была арганічна звязана з рэформай 1861 г. і з'яўлялася яе працягам, другім крокам на шляху пераўтварэння самадзяржаўнай Расіі ў буржуазную манархію. Яна ўзмацніла вясковую буржуазію, пашырыла магчымасці для развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, але так і не вырашыла аграрнага пытання, не змагла прадухіліць выспяванне новай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі. Сталыпінская аграрная рэформа была спынена першай сусветнай вайной і затым устанаўленнем савецкай улады.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.