13. Адмена прыгоннага права на Беларусі

Сялянская рэформа 1861 г. была абумоўлена крызісам усёй феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Узяцца за рэформу кіруючыя колы прымусіў сам ход эканамічнага развіцця, які ўсё больш і больш штурхаў краіну на капіталістычны шлях развіцця. Ва ўмовах нарастання рэвалюцыйнай сітуацыі ўрад вырашыў пайсці на скасаванне прыгоннага права "зверху" - шляхам рэформаў, не чакаючы, калі яно будзе адменена "знізу" - рэвалюцыйным шляхам.

Царскі ўрад вырашыў распачаць падрыхтоўку сялянскай рэформы 1861 г. з Беларусі і Літвы, зыходзячы з таго, што тут яшчэ да гэтага многія мясцовыя памешчыкі выказваліся за беззямельнае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Такая пазіцыя памешчыкаў тлумачылася тым, што іх гаспадаркі былі ўжо даволі шырока ўцягнуты ў сферу таварна-грашовых адносін. Таму, на думку царскага ўрада, памешчыкі беларуска-літоўскіх губерняў былі значна лепей падрыхтаваны да скасавання прыгоннага права. Царызм таксама баяўся выкарыстання апазіцыйным польскім дваранствам сялянскіх выступленняў у сваіх нацыянальных інтарэсах.

Падрыхтоўка сялянскай рэформы пачалася ў тайне ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт "для абмеркавання мер па ўладкаванні быту памешчыцкіх сялян". 19 лютага 1861 г. Аляксандр II зацвердзіў заканадаўчыя акты (усяго іх было 17), якія тычыліся адмены прыгоннага права, і звярнуўся да народа з "Маніфестам". Усе гэтыя дакументы можна падзяліць на тры групы: Агульныя палажэнні, Мясцовыя палажэнні, Дадатковыя правілы. У адпаведнасці з "Маніфестам" селянін адразу атрымліваў асабістую свабоду і шэраг грамадзянскіх правоў: заключать грамадзянскія і маёмасныя пагадненні, адчыняць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, пераходзіць у іншыя саслоўі.

На Беларусі рэформа ажыццяўлялася на падставе Агульнага і двух Мясцовых палажэнняў. У Магілёўскай і Віцебскай губернях, дзе захавалася абшчыннае землекарыстанне, устанаўліваліся вышэйшыя (4 - 5 дзесяцін) і ніжэйшыя (1 - 2 дзесяціны) памеры сялянскіх надзелаў. Калі да рэформы ў селяніна зямлі было больш вышэйшай нормы, то памешчык меў права адрэзаць лішак на сваю карысць. У Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губернях існавала падворнае землекарыстанне. Тут сялянам пакідаўся іх дарэформенны надзел. Да правядзення выкупной аперацыі сяляне лічыліся часова абавязанымі і за карыстанне атрыманай зямлёй павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку аброк.

Свой палявы надзел зямлі сяляне павінны былі выкупіць ва ўласнасць. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавыя для ўсёй Расіі. Выкупная сума вызначалася шляхам капіталізацыі пераведзенага на грошы аброку з дзесяціны ў разліку 6 % гадавых. Напрыклад, калі аброк з сялянскага надзела складаў 6 руб. у год, то агульная сума, якую селяніну трэба было заплаціць, складала 100 руб. (6 руб. - 6 %, 100 % - 100 руб.). 20 % гэтай сумы сяляне плацілі непасрэдна памешчыку, а астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер, якія можна было прадаць ці закласці. У выніку такой аперацыі сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і на працягу 49 гадоў павінны былі выплачваць выкупныя плацяжы. Такім чынам, агульная сума, якую сяляне вымушаны былі заплаціць за зямлю, значна перавышала рыначны кошт гэтай зямлі (на Беларусі - у 3 - 4 разы). Атрымлівалася, што сяляне выкупалі не толькі зямлю, але і кампенсавалі памешчыку страту ўласнасці над асобай селяніна.

Сялянская рэформа 1861 г. паклала пачатак новаму, капіталістычнаму ладу. У выніку рэформы ў краіне склаліся спрыяльныя ўмовы для развіцця буржуазных формаў гаспадарання. Разам з тым рэформа мела і адмоўныя бакі. Яна была праведзена з максімальнымі выгодамі для памешчыкаў. Наяўнасць шматлікіх перажыткаў прыгонніцтва (выкупныя плацяжы, адрэзкі, цераспалосіца, палітычная нераўнапраўнасць і інш.) стрымлівалі развіццё капіталізму.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.