15. Развіццё капіталістычных адносін на Беларусі ў другой палове XIX - пачатку XX ст.

Прамысловасць Беларусі развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці, асноўнай сярод якіх было распаўсюджванне дробнай вытворчасці і мануфактур, невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

Стадыі капіталістычнай вытворчасці ў прамысловасці
Рамяство (дробная вытворчасць) 34,5 % Дробныя рамесніцкія прадпрыемствы, заснаваныя на ручной працы. Гэта промыслы, якія выкарыстоўвалі мясцовую сыравіну: дрэва-сталярнае, гліна-ганчарнае, скура-кушнерскае (мехавое), шавецкае, шэрсця-і льна-ткацкае рамяство.
Мануфактуры 32,5 % Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці.
Фабрычна-заводская прамысловасць 33,0 % Рамяство і мануфактуру паступова выцясняе капіталістычная фабрыка. Пераход ад ручной да машыннай вытворчасці з'яўляўся сапраўднай рэвалюцыяй у прамысловасці. На Беларусі ён пачаўся ў 1825 г. (суконныя фабрыкі ў Косава і Хомску). Асаблівасцю прамысловай рэвалюцыі на Беларусі было тое, што яна, у адрозненне ад Расіі, разгортвалася не ў тэкстыльнай, а ў харчасмакавай і металаапрацоўчай галінах. Высокай удзельнай вагой вылучаліся вінакурныя, піваварныя, мукамольныя, тытунёвыя, запалкавыя, папярова-кардонныя фабрыкі.

Такім чынам, прамысловасць Беларусі спецыялізавалася на апрацоўцы прадукцыі мясцовай сельскай гаспадаркі, лясной і мінеральнай сыравіны. Беларусь адставала ад Расіі па ўзроЎні канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі на Беларусі 85,5 % усіх фабрык. Характэрнай з'явай для Беларусі было размяшчэнне большасці прамысловых прадпрыемстваў у сельскай мясцовасці, бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы. Найбольш буйнымі гарадамі на канец XIX ст., дзе развівалася прамысловая вытворчасць, былі Мінск, Віцебск, Гродна, Брэст, Магілёў, Гомель, Бабруйск.

Інтэнсіўнае будаўніцтва чыгунак на Беларусі была выклікана яе геапалітычным становішчам. Царскі ўрад кіраваўся ваенна-стратэгічнымі мэтамі і эканамічнымі інтарэсамі Расійскай імперыі. Забяспечвалася чыгуначная сувязь сталіц, важнейшыя індустрыяльныя і сельскагаспадарчыя рэгіёны звязваліся паміж сабой, з балтыйскімі і чарнаморскімі партамі, з краінамі Заходняй Еўропы. Беларусь знаходзілася на перакрыжаванні многіх з гэтых шляхоў. Пачатак чыгуначнай сетцы Беларусі паклала Пецярбургска-Варшаўская магістраль (1862 г.), якая прайшла праз Гродна (беларускі ўчастак склаў 53 км). У 1866 г. праз Беларусь прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка (участак Дзвінск - Полацк - Віцебск). У 70-я гг. былі пабудаваны яшчэ дзве магістральныя лініі - Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская, у 80-я пачалі дзейнічаць палескія чыгункі.

У пачатку XX ст. пачынаецца працэс канцэнтрацыі прамысловасці. Да буйных прадпрыемстваў адносіліся: льнопрадзільная фабрыка "Дзвіна" у Віцебску (каля 1000 рабочых), папяровая ў Добрушы, крыштальная "Нёман" у Лідскім павеце, тытунёвая ў Гродне, запалкавыя фабрыкі ў Пінску і Барысаве.

Вядучую ролю ў эканоміцы пачалі адыгрываць банкі. Акрамя аддзяленняў цэнтральных банкаў імперыі з'явіліся мясцовыя - Мінскі і Магілёўскі камерцыйныя банкі.

Манапалізацыя фабрычна-заводскай прамысловасці праяўлялася ва ўключэнні многіх заводчыкаў у агульнарасійскія і рэгіянальныя манапалістычныя аб'яднанні. Напрыклад, Заходняе дрожджава-вінакурнае акцыянернае таварыства ўваходзіла ў агульнарасійскі сіндыкат. Утвараліся аб'яднанні запалкавых фабрыкантаў і ўладальнікаў шкляных заводаў Беларусі і г.д.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.