37. Развіццё народнай гаспадаркі ў БССР у 1965 - 1985 гг.

Цэнтралізаваная планавая эканоміка скоўвала тэхнічны прагрэс, не спрыяла росту творчай актыўнасці, параджала масавае ўтрыманства. У сувязі з гэтым была зроблена адна з самых рашучых у пасляваенныя гады спроб радыкальных змен у эканоміцы на аснове рэформы 1965 г.

Задачы рэформы: ліквідаваць недахопы сацыялістычнай эканомікі, уключыць у дзеянне гаспадарча-разліковыя і таварна-грашовыя механізмы, пашырыць гаспадарчую самастойнасць прадпрыемстваў.

Сутнасць рэформы заключалася ў наступным:

  • скарачэнне планавых паказчыкаў, што даводзіліся да прадпрыемства;
  • стварэнне на прадпрыемствах фондаў матэрыяльнага стымулявання;
  • увядзенне трывалай платы за выкарыстоўваемыя прадпрыемствамі вытворчыя фонды;
  • фінансаванне прамысловага будаўніцтва праз крэдыт, а не шляхам выдачы незваротных датацый;
  • абавязковае ўзгадненне з прадпрыемствамі змяненняў у планах і г.д.

Распрацоўка і правядзенне ў жыццё рэформы ажыццяўлялася зверху, таму ніякіх мясцовых асаблівасцей яна не прадугледжвала.

Прычыны няўдачы рэформы:

  1. захаванне камандна-адміністрацыйнага метада кіраўніцтва;
  2. звужэнне працэсаў дэмакратызацыі ў палітычнай сферы;
  3. у ходзе ажыццяўлення рэформы пачалася яе карэкціроўка, выпраўленні, дапаўненні, у выніку якіх у 70-я гг. яе сутнасць настолькі была зменена, што яна фактычна перастала дзейнічаць.

Вынікі рэформы:

  1. Уздым прамысловай вытворчасці ў другой палове 60-х - пачатку 70-х гг.
  2. Будаўніцтва 140 буйных прадпрыемстваў (Гродзенскі і Гомельскі хімкамбінаты, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Бабруйскі шынны камбінат, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і інш.).
  3. Выпуск новых прамысловых вырабаў: электронна-вылічальных машын, асабліва дакладных станкоў, прыбораў.

Нягледзячы на высокія паказчыкі колькаснага росту прамысловай вытворчасці, паралельна ішлі і ўзмацняліся негатыўныя з'явы, якія сведчылі, што эканамічная рэформа 1965 г. не дала жаданых вынікаў. Працягвалася адставанне тэмпаў навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. Гэта стрымлівала пераход прамысловасці на шлях інтэнсіўнага развіцця. Адбывалася падзенне якаснага ўзроўню многіх вырабаў, павялічвалася іх адставанне ад сусветных стандартаў, трацілася канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку. Рабіліся спробы дабіцца павышэння эфектыўнасці вытворчасці і якасці выпускаемай прадукцыі, аднак ужо не ў рамках эканамічнай рэформы, а на аснове ўзмацнення адміністрацыйна-партыйнага ўздзеяння на эканоміку. Як і раней, упор рабіўся на забеспячэнне росту вытворчасці за кошт увядзення ў строй новых прадпрыемстваў, тады як праблемы тэхнічнай рэканструкцыі дзеючых вырашаліся ў вельмі абмежаваных маштабах. З 1965 па 1985 г. у рэспубліцы было пабудавана і ўведзена ў дзеянне 240 буйных прамысловых прадпрыемстваў.

У 70-я гг. пашырылася выкарыстанне станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, станкоў-аўтаматаў. Прынцыпова новым напрамкам у аўтаматызацыі вытворчасці з'явілася робататэхніка. У сярэдзіне 80-х гг. прамысловыя робаты выкарыстоўваліся на Мінскім трактарным заводзе, заводзе "Тэрмапласт" і інш.

Галоўным вынікам развіцця прамысловасці з'явілася стварэнне ў Беларусі буйнога тэрытарыяльна-галіновага прамысловага комплексу, у якім у 1985 г. налічвалася 1490 прадпрыемстваў. Індустрыяльны воблік рэспублікі пачалі вызначаць магутная энергетыка, машына- і прыборабудаванне, хімічная і нафтахімічная прамысловасць, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў, сінтэтычных валокнаў. Паказчыкам эфектыўнасці тэхнічнага прагрэсу быў рост прадукцыйнасці працы. Ён нарастаў аж да сярэдзіны 70-х гг., аднак у наступныя гады тэмпы яго затармазіліся, якасць вырабаў перастала адпавядаць сусветным стандартам.

Прычынамі гэтага з'яўляюцца:

  1. абвастрэнне супярэчнасцей паміж патрабаваннем свабоднага развіцця эканомікі на базе рыначных адносін і панаваннем дзяржаўнага цэнтралізаванага кіраўніцтва ёю;
  2. апераджальныя тэмпы развіцця групы "А" (сродкі вытворчасці) у параўнанні з групай "Б” (прадметы спажывання), у сувязі з чым першая расла даволі хуткімі тэмпамі, а патрабаванні ў спажывецкіх таварах задавальняліся ўсё горш;
  3. прамысловае будаўніцтва ў рэспубліцы ажыццяўлялася ў адпаведнасці з планамі, якія распрацоўваліся ў Маскве. У іх не ўлічваліся патрэбнасці фарміравання рэгіянальнага прамысловага комплексу ў рамках асобных рэспублік. Таму, калі Беларусь набыла дзяржаўны суверэнітэт, яна атрымала не сваю самастойную прамысловасць, а механічна адрэзаны кусок саюзнай.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.