38. Эканамічнае становішча БССР у другой палове 80-х — пачатку 90-х гг.

Пошукі шляхоў рэфарміравання эканомікі ў рэспубліцы перш за ўсё звязваліся з удасканаленнем планавага кіравання і павышэннем самастойнасці прадпрыемстваў (1986), з пераходам ад цэнтралізаванай, каманднай сістэмы да дэмакратычнай, заснаванай на эканамічных метадах, на аптымальным спалучэнні планавага цэнтралізаванага кіраўніцтва з самакіраваннем прадпрыемстваў (1987). Гэты прамежкавы шлях партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі ўбачыла для сябе ў пераводзе галін народнай гаспадаркі на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне, што азначала аслабленне дыктату цэнтра. У ліку першых на гаспадарчы разлік, самафінансаванне перайшлі ў 1987 г. беларуская чыгунка, 30 прадпрыемстваў саюзнага падпарадкавання і інш. Усе яны палепшылі вытворчыя паказчыкі, аднак рашаючых зрухаў не адбылося.

Становішча ў сацыяльнай сферы заўсёды знаходзіцца ў прамой залежнасці ад стану эканомікі і той палітыкі, якую праводзяць органы дзяржаўнай улады. На Беларусі ў другой палове 80-х гг. працягваўся рост эканомікі. Нацыянальны даход рэспублікі павялічыўся, павысіліся рэальныя даходы насельніцтва. Амаль 2 млн чалавек палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Галоўным дасягненнем гэтых гадоў з'яўляўся пачатак пераарыентацыі эканомікі на сацыяльную сферу. Упершыню за многія гады вытворчасць прадметаў спажывання (група "Б") пачала апярэджваць вытворчасць сродкаў вытворчасці (група"А"). Ствараліся рэальныя магчымасці падпарадкаваць вытворчасць інтарэсам і патрэбам працоўных.

Аднак ва ўмовах незакончанасці пераходу ад каманднага кіравання да эканамічнага, перапляцення старых і новых формаў кіраўніцтва карэннага пералому ў пераводзе эканомікі на якасна новы ўзровень, які адпавядаў бы дасягненням развітых краін свету, не адбылося.

Гэта абумоўлівалася:

  1. неканкрэтнасцю эканамічнай рэформы і шляхоў яе ажыццяўлення;
  2. цяжкасцямі, якія ўзніклі на шляху канверсіі ваеннага комплексу вытворчасці;
  3. інертнасцю мышлення людзей, якія былі заняты вытворчасцю;
  4. узмацненнем інфляцыйных працэсаў;
  5. неабходнасцю ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая нанесла рэспубліцы нязмерную шкоду. Яе эканамічны ўрон ацэньваецца ў дзесяць гадавых рэспубліканскіх бюджэтаў, а вынікі для здароў'я людзей наогул непрадказальныя. Радыёактыўнымі нуклідамі забруджана 1/5 частка тэрыторыі рэспублікі, на якой пражывае больш за 2 млн чалавек. Для перасялення жыхароў з зоны павышанай радыяцыі да сярэдзіны 1990 г. было пабудавана 173 пасёлкі. Тысячы кватэр перададзены перасяленцам у гарадах. Адселены з небяспечнай зоны дзесяткі тысяч людзей. На ўсё гэта патрабаваліся дзесяткі мільёнаў рублёў.

На сацыяльнае становішча грамадства непасрэдны ўплыў аказвае экалогія. З-за забруджвання атрутнамі рэчывамі атмасферы, водных крыніц і глебы эканамічнае становішча ў 80-я гг. ўсё больш абвастралася. Шкодныя выкіды ў атмасферу прамысловых прадпрыемстваў, транспарту склалі 3 млн тон у год. Узровень забруджвання рэк, вадаёмаў і глебы ў выніку сельскагаспадарчай дзейнасці, сцёкаў неачышчаных вод дасягнуў у рэспубліцы крытычнай мяжы. У 1989 г. была распрацавана праграма аздараўлення навакольнага асяроддзя. Аднак поспех гэтай праблемы залежыць перш за ўсё ад таго, як хутка эканоміка зможа выйсці з крызісу і наколькі кожны жыхар рэспублікі прасякнецца адказнасцю за захаванне навакольнага асяроддзя.

На рубяжы 80-х - 90-х гг. пачаўся спад вытворчасці, рост цэн, высокі ўзровень інфляцыі. Узровень жыцця большасці насельніцтва значна знізіўся, а многія наогул аказаліся за мяжой беднасці.

Такім чынам усе праграмы другой паловы 80-х гг. закончыліся правалам. Старыя формы кіраўніцтва аказаліся парушанымі, а новыя, якія адпавядалі б патрабаванням свабоднага развіцця эканомікі, не склаліся. Патрэбны быў рашучы паварот да рыначнай эканомікі. Але да канца 1990 г. рэспубліка не мела законаў, неабходных для правядзення рыначнай эканамічнай рэформы. У пачатку 90-х гг. Вярхоўны Савет прыняў шэраг законаў, накіраваных на пераўтварэнне эканомікі: "Аб арэндзе", "Аб уласнасці" ("Аб прыватызацыі"), "Аб фермерскай гаспадарцы" і інш. Рэформа з'явілася не прамой дарогай, а пошукамі, у якіх было шмат невядомага. I галоўнае - як спыніць абвальны спад вытворчасці і інфляцыю, якія непазбежны пры пераходзе да рынку. У 1991 г. была пынята праграма па стабілізацыі эканомікі, якая павінна была прадухіліць разбурэнне эканомікі рэспублікі. Аднак меры, якія намячаліся, ураду рэалізаваць не ўдалося. Крызісны стан паглыбляўся, а разам з гэтым ускладняліся ўмовы пераходу да рынку.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.