01. Першыя пасяленні чалавека на тэрыторыі Беларусі. Жыццё ва ўмовах першабытнага ладу.

Чалавек вылучыўся з жывёльнага свету звыш двух мільёнаў гадоў назад. Першымі людзьмі на тэрыторыі Беларусі, рэшткі культуры якіх выяўлены каля вёсак Свяцілавічы Веткаўскага, Абідавічы Быхаўскага і Падлужжа Чачэрскага раёнаў, былі неандэртальцы. Яны жылі тут у перыяд паміж 100 і 40 тыс. гадоў назад. Поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося прыкладна 10 тыс. гадоў назад. Прыродныя ўмовы на працягу тысячагоддзяў не аднойчы істотна мяняліся: ледніковы перыяд не раз перапыняўся адноснымі пацяпленнямі.

Самая старажытная стаянка чалавека каменнага веку знаходзіцца каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна, дзе знойдзены рэшткі вогнішча, крамянёвыя прылады працы, а таксама рэчы, вырабленыя з біўня маманта. Узрост стаянкі налічвае 26 тыс. гадоў. Другім старажытным паселішчам чалавека на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца Бердыж Чачэрскага раёна. Тут выяўлены рэшткі чатырох паўзямлянак і пяці гаспадарчых ям, прылады працы. Узрост гэтага паселішча 23 тыс. гадоў. У аснове жыллёвых пабудоў Бердыжскай і Юравіцкай стаянак ляжалі косці, а ў падмуркі закладаліся чарапы мамантаў. Гэта пацвярджае меркаванне, што ў той час маманты з'яўляліся адным з асноўных аб'ектаў палявання старажытнага чалавека.

Па характары прылад працы у гісторыі першабытнага ладу вылучаюць наступныя перыяды:

Каменны век (100 т. гадоў да н.э.- III тысячагоддзе да н.э.):

палеаліт (100 - 11 тыс. гадоў да н.э.), ці старажытны каменны век, у час якога на тэрыторыі Беларусі з'явіліся першыя людзі. У гэты час чалавек пачаў вырабляць прылады працы з крэменю (ручное рубіла, востраканечнік, нож, скрабок). Асноўнымі заняткамі ў гэты час былі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства.

мезаліт (10 - 6 тыс. гадоў да н.э.), ці сярэдні каменны век. У гэты час удасканальваліся прылады працы, атрымаў распаўсюджванне новы і вельмі эфектыўны від зброі - лук і стрэлы.


Першыя пасяленні чалавека на тэрыторыі Беларусі

неаліт (5 - 3 тыс. гадоў да н.э.), ці новы каменны век. Людзі навучыліся шліфаваць, пілаваць і свідраваць камяні. Асаблівае значэнне набыло рыбалоўства. Большасць неалітных стаянак размяшчалася ўздоўж невялікіх рэк, па берагах азёр. Да гарпуноў і астрог прыбавіліся рыбалоўныя кручкі, зробленыя з косці. Людзі навучыліся плясці сеткі. З'яўляецца гліняны посуд, а ў якасці прылад працы - сякера, матыка, серп. З развіццём земляробства узнікла патрэба ў вялікай колькасці сякер для высечкі лясоў. Яны вырабляліся з крэменю, які залягаў у зямной тоўшчы. Такі крэмень пачалі здабываць шахтавым спосабам. Крэмнездабываючыя шахты на Беларусі вядомыя каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна (V т. да н.э.). Шахты ўяўлялі сабой вертыкальныя калодзежы глыбінёй 2 - 3 м. Блізка размешчаныя выпрацоўкі злучаліся праходамі. Капанне шахтаў і здабыча крамянёвай сыравіны адбываліся з дапамогай розных прыстасаванняў - драўляных і касцяных лапат, кошыкаў і мяхоў, лесвіц. Здабытая сыравіна апрацоўвалася ў размешчаных побач майстэрнях.

Бронзавы век (II - пачатак I тысячагоддзя да н.э.) характарызаваўся з'яўленнем медных і бронзавых вырабаў. На Беларусь медзь і бронза паступалі з Каўказа, Прыкарпацця і са Скандынавіі. Шырока распаўсюдзілася земляробства і жывёлагадоўля. Чалавек спазнаў тэхніку ткацтва: пляцёныя вырабы былі з валокан крапівы ці лёну, са стужак скуры, кары, тонкіх лазовых дубцоў.

Жалезны век (пачатак I тысячагоддзя да н.э. - V ст. н.э.) - час, калі плямёны, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, навучыліся здабываць і апрацоўваць жалеза. Жалеза выплаўлялі з балотнай руды ў пячах-домніцах. У выніку атрымлівалі не зусім якаснае "крычнае жалеза" (ад слова крыца - порыстая жалезная маса, якая атрымоўвалася ў домніцах).

Агульнагістарычная перыядызацыя першабытнага ладу ў асноўным адпавядае археалагічнай.

Агульнагістарычная перыядызацыя Археалагічная перыядызацыя
  • Праабшчына
  • Мацярынская родавая абшчына
  • Патрыярхальная родавая абшчына
  • Патрыярхальная родавая абшчына (роды аб'ядноўваюцца ў плямёны)
  • Суседская абшчына
  • Каменны век
  •  
  • Бронзавы век
  • Жалезны век

Здаўна першабытны чалавек жыў супольна, але толькі ў познім палеаліце фарміруецца родавае грамадства. Некалькі родаў складалі абшчыну. Гэтых людзей аб'ядноўвала не толькі сумесная барацьба з сіламі прыроды і гаспадарчая дзейнасць, але ў першую чаргу адно паходжанне, радство. Спачатку гэта радство вызначалася па мацярынскай лініі - існаваў матрыярхат. Пасля з'яўлення бронзавых і жалезных прылад працы земляробства і жывёлагадоўля выходзяць на першае месца, а гэта праца мужчын, адсюль на змену мацярынскаму роду прыходзіць бацькоўскі (патрыярхат). Менавіта з бацькоўскага роду бярэ пачатак маёмасная няроўнасць людзей. Вылучаюцца сем'і, якія не звязаны паміж сабою сваяцкімі адносінамі, утвараецца суседская абшчына.

На тэрыторыі Беларусі вызначыліся некалькі вялікіх груп плямён, якія адрозніваліся прыкметамі матэрыяльнай культуры, рытуаламі пахавання нябожчыкаў. Гісторыкі прыйшлі да высновы, што на тэрыторыі Беларусі жылі балтамоўныя плямёны. На рубяжы VI - VII стст. н.э. адбылося засяленне Беларусі славянскімі плямёнамі. Яны рассяліліся сярод балтаў, што выклікала пачатак працэсу асіміляцыі (перамешвання) славян і балтаў. У VIII - IX стст. склаліся блізкія паміж сабой супольнасці ўсходнеславянскага насельніцтва: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне, севяране. На іх аснове ўтварыўся старабеларускі этнас. З гэтага часу на Беларусі распачынаецца новы перыяд гістарычнага развіцця - сярэднявечча.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.