40. Станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

На стыку 80-х - 90-х гг. ў СССР назіраўся выбух нацыянальных рухаў. У кола шматлікіх спрэчак, дыскусій, палітычных рэформаў папалі праблемы забеспячэння сапраўднага дзяржаўнага суверэнітэту. Аднак у разуменне суверэнітэту ў розных рэспубліках укладваўся розны сэнс. Усё залежала ад таго, якія сілы атрымалі большасць на выбарах і прыйшлі да ўлады. Народныя рухі ў Прыбалтыцы выступалі пад лозунгам поўнага дзяржаўнага самавызначэння, абвяшчэння незалежнасці, выхаду са складу СССР.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў "Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР". Адпаведна Дэкларацыі Беларусь - суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршынства народа ў вызначэнні свайго лёсу. Абвяшчэнне суверэнітэту Беларусі, як і суверэнітэту іншых рэспублік СССР, было пошукам новых формаў сувязей паміж імі, спробай пераўтварэння нацыянальна-дзяржаўных адносін. Неабходнасць захавання сувязей была пацверджана ў ходзе рэферэндуму аб лёсе Саюза ССР у сакавіку 1991 г. У БССР за захаванне Саюза ССР прагаласавала 82,7 % насельніцтва.

25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пакет рашэнняў аб незалежнасці, палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларусі.

19 верасня 1991г. на сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі былі зацверджаны назва "Рэспубліка Беларусь", герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг. Пры зацвярджэнні дзяржаўнага герба і дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь органы ўлады зыходзілі з традыцыі некалькіх стагоддзяў нацыянальнай сімволікі. Герб "Пагоня" - сімвал усеагульнай барацьбы з іншаземнымі захопнікамі, за выгнанне іх са сваёй зямлі. Бела-чырвона-белы сцяг з'яўляўся вайсковым сцягам беларускіх воінаў у сярэднявеччы. Вясной 1995 г. быў праведзены рэферэндум, на якім большасць насельніцтва прагаласавала за другую сімволіку. Адной з прычын называлася тое, што ў час вайны нацыяналісты скампраметавалі нацыянальную сімволіку супрацоўніцтвам з немцамі. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў гэта пагадненне і прыняў рашэнне аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 г.

15 сакавіка 1994 г. быў прыняты новы, пяты па ліку, Асноўны Закон. (Канстытуцыі ў Беларусі прымаліся ў 1919, 1927, 1937, 1978 гг.). Новая Канстытуцыя карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдніх. Адпаведна Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь - унітарная дэмакратычная сацыяльна-прававая дзяржава.

Характэрнымі рысамі новага Асноўнага Закона Беларусі з' яўляюцца:

  • дэідэалагізаваны характар (без апоры на ідэалогію);
  • замацаванне ў якасці эканамічнай асновы разнастайных формаў уласнасці;
  • устанаўленне роўнасці дзяржавы і грамадзяніна, іх узаемных абавязкаў;
  • гарантыі правоў і свабод;
  • падзел і ўзаемадзеянне ўлад;
  • прамы характар дзеяння нормаў Канстытуцыі.

У гэтым дакуменце чалавек абвешчаны вышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Ідэалогія палітычных партый, рэлігій або іншых грамадскіх аб'яднанняў не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Канстытуцыя замацоўвае асноўныя прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады ў рэспубліцы. Дзяржава засноўваецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Падзел улад на самастойныя галіны, якія дзейнічаюць у рамках Канстытуцыі, стрымліваючы і ўраўнаважваючы адна другую, - неабходная ўмова дэмакратычнай прававой дзяржавы. Кіраўніком дзяржавы з'яўляецца прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 10 ліпеня 1994 г. першым прэзідэнтам быў выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Парламент - Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з'яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь. Парламент складаецца з дзвюх палат - Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Склад Палаты прадстаўнікоў - 110 дэпутатаў. Іх выбранне ажыццяўляецца на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Савет Рэспублікі з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.

Выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляе ўрад - Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь - цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання. Судовая ўлада ў рэспубліцы належыць судам.

24 лістапада 1996 г. адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Большасць людзей прагаласавала за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі Прэзідэнтам А. Р. Лукашэнкам; за перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь з 27 ліпеня на 3 ліпеня - дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне; супраць свабоднага, без абмежавання продажу зямлі і адмены смяротнага пакарання.

19 - 20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся першы Усебеларускі народны сход, які зацвердзіў "Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996 - 2000 гады". Галоўная мэта, якая вызначаецца ў гэтым дакуменце, - пераадоленне крызісных з'яў у эканоміцы.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.