29. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (20 - 30-я гг.). Уз'яднанне з БССР

У 1921 г. на Рыжскіх мірных перагаворах Польшчы пры дапамозе Антанты ўдалося далучыць да сваёй дзяржавы заходнюю частку Беларусі (Гродзенскую, усходнія паветы Віленскай і заходнія паветы Мінскай губерняў). У Заходняй Беларусі пражывала 4,6 млн чалавек, з іх 85 % - у вёсцы і 15 % - у горадзе. Кіруючыя колы Польшчы разглядалі Заходнюю Беларусь толькі як крыніцу таннай сыравіны, рабочай сілы і рынак збыту для польскай прамысловасці. Акрамя таго, ў планах Польшчы ёй прызначалася роля ваеннага плацдарма ў выпадку вайны з СССР.

Новыя фабрыкі і заводы ў Заходняй Беларусі не будаваліся. Большасць прамысловых прадпрыемстваў - дробныя фабрыкі і заводы - займаліся перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі і некаторых відаў мясцовай сыравіны. Пераважалі харчовая і дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці. Рабочыя працавалі па 12 - 14 гадзін, а атрымлівалі зарплату ў 1,5 - 2 разы меншую, чым у цэнтральных раёнах Польшчы. Па-драпежніцку знішчаліся прыродныя багацці Заходняй Беларусі, плошча лясоў змяншалася, асабліва бязлітасна знішчалася Белавежская пушча. Больш за 80 % насельніцтва Заходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Але ў сялян было мала зямлі, і таму ў пачатку 20-х гг. польскі ўрад правёў зямельныя рэформы, якія ўключалі: продаж праз Зямельны банк часткі памешчыцкай зямлі дробнымі надзеламі - парцэлямі, камасацыю - звядзенне ў адзін надзел дробных сялянскіх палосак з адначасовым высяленнем на хутар. Польскі ўрад пачаў засяляць беларускія землі ваеннымі каланістамі-асаднікамі, большасць якіх складалі польскія афіцэры і ўнтэр-афіцэры. Яны атрымлівалі бясплатна або за невялікую цану зямельныя ўчасткі па 15 - 45 га. Памешчыкі, кулакі і асаднікі жорстка эксплуатавалі сялян, якія бяднелі і масава разараліся. Многія з сялян выязджалі ў пошуках лепшай долі ў краіны Заходняй Еўропы, ЗША, Канаду.

Працоўныя Заходняй Беларусі цярпелі жорсткі нацыянальны прыгнёт і поўнае палітычнае бяспраўе. Беларусаў не жадалі лічыць нацыяй. Ажыццяўлялася гвалтоўная паланізацыя беларускага насельніцтва: закрываліся існаваўшыя дагэтуль беларускія школы, настаўніцкія семінарыі, якія з'яўляліся базай падрыхтоўкі педагогаў для гэтых школ, спыняліся выданні беларускіх газет, забаранялася ўжыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах. Да гэтага дабаўлялася релігійная нецярпімасць польскіх улад да праваслаўнай большасці беларускага насельніцтва. З 500 існаваўшых у Заходняй Беларусі праваслаўных цэркваў больш за 300 былі ператвораны ў каталіцкія касцёлы.

Працоўныя Заходняй Беларусі не мірыліся са сваім цяжкім становішчам, вялі барацьбу супраць прыгнятальнікаў. У першыя гады польскага панавання барацьба набыла партызанскі характар. Партызаны спальвалі маёнткі памешчыкаў, сядзібы асаднікаў, рабілі налёты на паліцэйскія ўчасткі. У нацыянальна-вызваленчым руху існавалі два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны. Рэвалюцыйна-вызваленчы напрамак узначальвала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), створаная ў 1923 г. Кіраўніцтва КПЗБ вяло лінію на далейшае разгортванне партызанскага руху і давядзенне яго да змены палітычнай улады ў Заходняй Беларусі. Арганізатарамі рэвалюцыйнага руху былі: I. Лагіновіч, С. Прытыцкі, В. Царук, В. Харужая і інш. Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ у 1926 г. аформілася масавая палітычная арганізацыя - Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) на чале з вядомым беларускім вучоным, грамадскім дзеячам Б. Тарашкевічам. Яе праграма ўключала наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадача зямлі сялянам без выкупу. Урад Пілсудскага разграміў Грамаду, кінуўшы ў турму некалькі соцень актывістаў.

Летам 1935 г. пачалося буйное выступленне нарачанскіх сялян-рыбакоў, у якім удзельнічала каля 5 тыс. чалавек. Прычынай паслужылі спробы ўлад пазбавіць сялян права лавіць рыбу. Кіравала барацьбой рыбакоў КПЗБ. Барацьба нарачанскіх рыбакоў вялася аж да 1939 г.

У канцы 30-х гг. пачаўся спад рабочага і сялянскага руху. Гэтаму садзейнічаў неабгрунтаваны роспуск у 1938 г. Выканкамам Камінтэрна КПЗБ. Роспуску КПЗБ папярэднічалі сталінскія рэпрэсіі ў 1936 - 1937 гг. яе кіруючых работнікаў. У ліку арыштаваных былі члены ЦК КПЗБ I. Лагіновіч, А. Славінскі, А. Альшэўскі, В.Харужая, дзесяткі актыўных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху.

Сваёй упартай барацьбой працоўныя Заходняй Беларусі засведчылі імкненне да ўз'яднання з Савецкай Беларуссю, кансалідацыі ў адзінай дзяржаве.

Лёс Польшчы вырашыла заключэнне 23 жніўня 1939 г. пакта аб ненападзе паміж СССР і Германіяй, які быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі, па якіх тэрыторыя Польшчы падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нарэў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнаваліся сферай інтарэсаў СССР. Пратаколы, як і заключаны 28 верасня 1939 г. дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, з'яўляліся грубым парушэннем правоў польскага народа на самавызначэнне, новым падзелам Польшчы, хоць аб'ектыўна аднаўлялі нацыянальныя правы беларускага і ўкраінскага народаў, парушаныя ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 г. 17 верасня 1939 г. савецкія войскі ўступілі ў Заходнюю Беларусь і к канцу месяца поўнасцю занялі яе. Пачаліся палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.