Працяг і завяршэнне Інфлянцкай вайны

Хісткасць перамір'я 1570-1573 гг.

Дагавор 1570 г. аб трохгадовым перамір'і ні ў Вільні, ні ў Маскве не лічыўся трывалым. У Вялікім Княстве баяліся, што цар у кожны момант можа яго парушыць, а сам Іван IV спяшаўся выкарыстаць перадышку для пошуку саюзнікаў і вайны са шведамі ў Эстоніі. Вясной 1571 г. ён накіраваў пасла ў Стамбул, каб заключыць пагадненне з асманскай Портай. Саюз з Турцыяй гарантаваў бы яму межы з неспакойным Крымскім ханствам, небяспеку ўварванняў якога прадэманстраваў паход Даўлет-Гірэя: разбіўшы пад Тулай апрычнае войска, той спаліў пасады Масквы і вывеў у Крым вялікі палон[1]. У лістападзе 1571 г. Іван IV пачаў паход супраць шведаў з Ноўгарада Вялікага, але праз месяц нечакана спыніў дзеянні і прапанаваў мір пры ўмове, што Швецыя верне яму Рэвель (Талін) і ўсе інфлянцкія землі[2].

Жыгімонт Аўгуст не парушаў перамір'я і нават адмовіўся ад прапановы крымскіх татар у 1572 г. разам з імі ўдарыць па Маскве[3]. Ён спадзяваўся вярнуць Полацк мірным шляхам, у абмен на саступкі ў Інфлянтах. Выглядала, што маскоўскі цар папярэдне пагаджаўся на такі варыянт. Для перагавораў рыхтавалася пасольства ў Маскву, але 21 чэрвеня 1572 г. кароль і вялікі князь памер, так іне ажыццявіўшы сваіх намераў. У Рэчы Паспалітай пачаўся перыяд першага бескаралеўя (1572-1573), і адносіны з Масквой адразу набылі іншы характар.

Карыстаючыся момантам, пакуль Рэч Паспалітая была занята ўнутранымі клопатамі, Іван IV намагаўся выціснуць шведаў з Прыбалтыкі. У верасні 1572 г. ён прывёў вялікае войска ў Эстонію, і 1 студзеня 1573 г. яго ратнікам удалося захапіць Пайду[4]. З іншага боку, не спыняючы вайны ў Інфлянтах, цар разам з аўстрыйскім эрцгерцагам Эрнестам, шведскім каралём Юханам III і французскім прынцам Генрыхам стаў прэтэндаваць на вакантны каралеўскі пасад.

Бескаралеўе і праект падзелу Рэчы Паспалітай.

Хоць магнаты ВКЛ былі супраць маскоўскага тырана, кандыдатура цара карысталася пэўнай папулярнасцю ў шляхты, таму зімой і вясной 1573 г. з Іванам IV вяліся перагаворы аб магчымасцях яго абрання. Калі ж выявілася, што пазіцыі цара і прыхільнікаў яго кандыдатуры ў Рэчы Паспалітай узаемавыключальныя, у Івана IV не засталося ніякіх шансаў. Перамога на першай свабоднай элекцыі ў маі 1573 г. Генрыха Валуа, за якім стаяла Порта, зблізіла Маскву з Венай, гатовых любым шляхам перашкодзіць французскаму кандыдату атрымаць польскую карону[5]. Габсбургі прапанавалі цару разам выступіць супраць Рэчы Паспалітай, каб раздзяліць яе: Івану IV дасталося б ВКЛ, а Габсбургам - Польшча. Аднак пасля прыезду Генрыха Валуа ў Рэч Паспалітую ні Вена, ні Масква ўсё ж не пачалі вайны, а ўжо ў чэрвені 1574 г. новаабраны кароль уцёк у Францыю, каб пасля смерці брата пераняць французскую карону.

Падчас другога бескаралеўя (1574-1575) цар Іван IV разам з сынам Фёдарам зноў уключыўся ў выбарчую кампанію ў Рэчы Паспалітай. Каб перашкодзіць абранню сямігародскага князя Стэфана Баторыя, Масква ўзгадняла сваю палітыку з Венай[6]. Імператарскае пасольства на чале з Гансам Кобенцлам схіліла цара да падтрымкі аўстрыйскага эрцгерцага Эрнеста, пасля перамогі якога Іван IV атрымаў бы ВКЛ. У выпадку правалу як маскоўскай, так і венскай кандыдатуры цар збіраўся “с братом своим Максимилияном Цесарем промышляти и войною их кручинити и того себе государства (Рэч Паспалітую. - Г.С.) доступати”[7].

Калі ў 1575 г. на Варшаўскім сейме сенатары прагаласавалі за Максіміліяна II, але большасцю шляхты каралём быў абраны Стэфан Баторый, імператар не мог атрымаць польскую карону[8]. Тады маскоўскія паслы прывезлі ў Рэгенсбург праект падзелу Рэчы Паспалітай паміж царом іГабсбургамі[9]. Згодна з ім Масква павінна была завалодаць ВКЛ і Інфлянтамі, а імператар атрымаў бы Польшчу і Прусію. Толькі смерць імператара ў кастрычніку 1576 г. спісала гэты небяспечны план у архіў[10].

Стэфан Баторый і ўзнаўленне вайны.

Пасля абрання каралём польскімі вялікім князем літоўскім Стэфана Баторыя, які адразу сутыкнуўся з цяжкасцямі (Гданьск паўстаў і адмовіўся прызнаваць новага караля), цар Іван IV распачаў маштабныя ваенныя дзеянні ў Інфлянтах, каб паспець канчаткова падпарадкаваць іх. У 1576 г. маскоўская армія тройчы брала ў аблогу Рэвель, але цярпела няўдачы. Тым не менш пакуль Стэфан Баторый быў заняты падпарадкаваннем Гданьска, маскоўскія ваяводы за 1577 г. занялі ў Інфлянтах большасць земляў і гарадоў, якія належалі Рэчы Паспалітай[11]. Нязначныя сілы ВКЛ, якія дзейнічалі там, немаглі іх стрымаць, хоць нярэдка дамагаліся поспеху. Так, калі восенню 1578 г. царская армія пачала штурм Вендэна (Цэсіса), то войска ВКЛ з палякамі, да якога ўпершыню далучыліся шведы, 21 кастрычніка нанесла ёй цяжкае паражэнне[12]. Пазней Крыштафу Радзівілу ўдалося спаліць Дэрпт і знішчыць некаторыя іншыя крэпасці.

Стафан Баторый (Стэфан Баторы, Stefan Batory)
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый

Перагаворы паслоў Стэфана Баторыя з Іванам IV аб умовах магчымага міру выявілі ўзаемавыключальныя пазіцыі: цар патрабаваў, каб яны адмовіліся ад Полацка і занятых ім Інфлянтаў, а пасольства Рэчы Паспалітай ставіла галоўнай умовай вяртанне ўсіх заваяваных зямель ВКЛ і Інфлянтаў. Вайна была непазбежнай. Стэфан Баторый думаў пра паход на Полацк і Смаленск яшчэ ў 1577 г.[13]Іяк толькі яму ўдалося супакоіць Гданьск, а ў 1578 г. канчаткова ўрэгуляваць адносіны з Крымам, пачалася падрыхтоўка да наступальных дзеянняў.

Антымаскоўскую праграму новаабранага манарха асабліва падтрымалі магнаты і шляхта ВКЛ. Варшаўскі сейм у сакавіку 1578 г. ухваліў рашэнне аб пачатку вайны супраць Масквы і вызначыў праграму падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў. Для паходу вялікай арміі збіраліся транспартныя сродкі, запасы харчавання, фуражу і інш. Закуп зброі і боезапасаў праводзіўся як за мяжой, так і ў гарадах Беларусі і Літвы. Ручная агнястрэльная зброя партыямі куплялася ў майстроў Вільні, Пінска, Мядзеля, Браслава, а таксама ў збраяроў Польшчы. Гарматы адліваліся ў Вільні (па малюнках самога Баторыя), перавозіліся з Мальбарка і Гданьска[14]. Калі Стэфан Баторый прыехаў у Вялікае Княства, то тут яго ў патрыятычным парыве віталі магнаты і шляхта, якія даўно чакалі рэваншу ў вайне з Масквой і вяртання сваіх зямель[15]. У Гародні манарх абмеркаваў план вайны і звярнуўся да ўсіх станаў ВКЛ з адозвай, каб тыя “з міласці сваёй, а не з жаднай павіннасці" выставілі паспалітае рушэнне[16]. Тыя адгукнуліся на заклік, і земскае войска склала аснову дзеючай арміі.

Каля мястэчка Свір, на мяжы беларуска-літоўскай дзяржавы з маскоўскімі ўладаннямі, у траўні 1579 г. сабраліся аб'яднаныя сілы ВКЛ і Кароны. Пры агульнай мабілізацыі 56 тыс. (30 500 чалавек у ВКЛ і 25 500 - у Кароне) агульная колькасць войска, выкарыстанага на тэатры ваенных дзеянняў, склала 41 тыс., сярод якіх было 30 тыс. конніцы. Большасць гэтай арміі ўтваралі харугвы Вялікага Княства - 23 тыс., з якіх 10 тыс. налічвалі магнацкія почты, 9 тыс. - паспалітае рушэнне і 4 тыс. - найманыя жаўнеры[17].

Крыніцы:

  • [1] Горсей Дж. Записки о России. XVI - начало XVII в. М.., 1990. С. 56-57; Скрынников Р.Г. Царство террора. С. 421-427.
  • [2] Зимин А. Опричнина Ивана Грозного. М., 1964. С. 466-468.
  • [3] CynarskiS.Zygmunt August. Wrocław etc., 1988. S. 187.
  • [4] Зимин А. Опричнина Ивана Грозного. С. 466-468.
  • [5] Королюк B.Л. Ливонская война. Из истории внешней политики Русского централизованного государства во второй половине XVI в. М., 1954. С. 103-104.
  • [6] Флоря Б.Н. Иван Грозный - претендент на польскую корону // Исторический архив. Вып. 1. М., 1992. С. 173-182.
  • [7] Памятники дипломатических сношений древней России с державами иностранными. Т. 1. СПб., 1851. Ст. 567.
  • [8] Падрабязней гл.: Augustynowicz Ch.Die Kandidaten und Interessen des Hauses Habsburg in Polen-Litauen wahrend des zweiten Interregnum 1674-1576. Wien, 2001. S. 127-129.
  • [9] Bączkowski К.Projekty rozbiorów państw suwerennych w późnym średniowieczu i u początku doby nowożytnej. Kraków, 2001. S. 12-13.
  • [10] Uebersberger H. Ósterreich und Russland seit dem Ende des 15. Jahrhundert. Bd. 1. 1488-1605. Wien; Leipzig, 1906. S. 85-120.
  • [11] Королюк ВД. Ливонская война. С. 96.
  • [12] Newe Zeitung. Von der herrlichen victori und Sieg, welchen die Polnischen, Schwedischen und Deutshen krięgsleut fiir der Stadt Wenden in Lyfflandt in diesem 1678. Jar wieder den schrecklichen Feind und Ertztyrannen den Moscowiter erhalten. Danzig, 1578.
  • [13] Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитой (1570- 1582). СПб., 1904. С. 65.
  • [14] Kotarski Н.Wojsko polsko-litewskie podczas wojny inflanckiej 1576-1582 // Studia i materiały do historii wojskowości. Т. XVII. Cz. 1. Warszawa, 1971. S. 79.
  • [15] Stryjkowski M. Kronika polska... T. 2. S. 428; Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Т.1. СПб., 1901. С. 178.
  • [16] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория. С. 179.
  • [17] Kotarski Н.Wojsko polsko-litewskie... S. 104.